Наш адказ Ів Сен-Ларану

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

Этнастыль свабодалюбівых
Яна прыцягвае да сябе позіркі мінакоў. Пяшчотная, сціплая, мілая, з прыгожымі славянскімі рысамі твару. Такі дзявочы вобраз з лёгкасцю можна знайсці ў народных казках. Дзіяна Бранцэвіч — дызайнер-мадэльер. Не хачу ўжываць слова “будучы”. Хаця можна было б. Дзіяна пакуль не дыпламаваны спецыяліст. Тым не менш яе творчая думка працуе даволі эфектыўна. У гардэробе дзяўчыны нямала аўтарскіх рэчаў, у якіх няцяжка разгледзець элементы этнастылю.

/i/content/pi/cult/784/16908/11_2.jpg“Фішкі” юнага дызайнера

Дзіяна з’явілася на свет, калі людзі адзначалі Міленіум, - 1 студзеня 2000 года. Былі ўсе спасылкі на тое, што нарадзілася незвычайнае дзіця… З малых гадоў яна любіла маляваць дзяўчынак у прыгожых сукенках. Пасля пачала лялек апранаць у модныя рэчы, створаныя сваімі рукамі. Дзіцячае захапленне перарасло ў дарослае жаданне стаць дызайнерам-мадэльерам.

Пасля школы дзяўчына паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт “Дызайн адзення і тканіны”. І вось-вось адзначыць свой медыум ва ўніверсітэце. Дарэчы, у групе з дзесяці чалавек да трэцяга курса затрымаліся толькі шэсць. Самых улюбёных у будучую прафесію.

Нацыянальныя калекцыі сусветна вядомых куцюр’е Ів Сен-Ларана, Кензо Такада, Жана-Поля Гацье сталі “фішкай” іх творчасці. Лічыцца, што адзенню з элементамі этнічнага стылю аддаюць перавагу свабодалюбівыя, арыгінальныя асобы. Яно, гэтае адзенне, нясе непаўторныя, рэдкія і ўзвышаныя флюіды мінулага, у якіх увасабляюцца паданні, традыцыі, рытуалы беларускага народа.

“Мая мама цікавіцца традыцыйнымі народнымі танцамі, сама добра танцуе, часта бывае на этнафестывалях, — зазначае Дзіяна. — І

/i/content/pi/cult/784/16908/11_1.jpg

 мяне да гэтай справы далучыла. Разам мы сталі вывучаць гісторыю народнага касцюма. У выніку — мінулай восенню на абрадавае свята “Багач”, якое ладзілася ў Вязынцы, мы паехалі ў новым убранні. Прэзентавалі поўны вілейскі строй, які стварылі самі”.

Мікс аблавушкі і каптурка

Этнастыль прысутнічае і ў паўсядзённым жыцці Дзіяны. Спачатку яна пачала шыць торбы і аздабляць іх вышыўкай. Нядаўнадзяўчына даведалася пра маляваныя дываны, якія былі знойдзены на Смаргоншчыне, і стала пераносіць сюжэты карцін на свае торбы. У калекцыі Дзіяны пакуль тры сумкі з выявамі казачных паўлінаў і аленяў. Адна — аздоблена элементамі ткацтва, гэты від народнай творчасці дзяўчына асвойваць пачала зусім нядаўна.

“Для мамы я хачу зрабіць сукенку з такімі ж кветкамі, якія малявала мастачка Ніна Бохан на святочным настольніку. А сабе на канікулах буду шыць арыгінальны галаўны ўбор — своеасаблівы мікс шапкі вушанкі і каптура (народнага галаўнога ўбору) з вілейскага строю”, — дзеліцца бліжэйшымі творчымі планамі мая суразмоўца.

Практычна ўвесь гардэроб дзяўчыны складаецца з сукенак, спадніц, якія пашыла сама. Верхняе адзенне дагэтуль купляла ў магазіне, але на вясну плануе нешта эксклюзіўнае стварыць сваімі рукамі.

Пра што прыемна думаць

/i/content/pi/cult/784/16908/11_3.jpgПакуль жа аўтар гэтых радкоў у захапленні ад сарафана, на які малады дызайнер перанесла сюжэт з аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, і майкай з выявай герба Крыштофа Завішы.

“Маё дзявочае прозвішча Завіша, — удакладняе Эдзіта Бранцэвіч, маці Дзіяны. — З дзяцінства бабуля выхоўвала мяне як шляхцянку. Да пяці гадоў са мной гаварылі толькі па-польску. Бабуля часта ўспамінала магната, рыцара Завішу Чорнага. Ён — легенда Польшчы, ідэал для тамтэйшых скаўтаў. Крыштоф Завіша жыў у XVII стагоддзі. Пісар літоўскі, стараста мінскі і браслаўскі, вялікі маршалак надворны, кашталян віленскі. Валодаў маёнткамі ў заходняй, паўночнай і цэнтральнай Беларусі. Мы не можам дакладна сцвярджаць, што ён мае дачыненне да нашага радаводу. Але думаць пра гэта прыемна”.

/i/content/pi/cult/784/16908/11_4.jpg

Пакуль жа згаданая інфармацыя — падстава для далейшага глыбокага гістарычнага даследавання. Але ніхто не забараняевыкарыстоўваць геральдыку ў якасці аздаблення на майках.

Лепшы сябар дзяўчыны

Дарэчы, Дзіяна стварае не толькі адзенне і торбы, але і ўпрыгожванні ў стылі “этна”. Дзяўчына — уладальніца ўнікальных пацеркаў, якія гарманічна завяршаюць яе вобраз.

Хто сказаў, што лепшыя сябры дзяўчат — гэта брыльянты? Вельмі спрэчнае сцвярджэнне, на мой погляд. Каб выглядаць шыкоўна, не абавязкова насіць каштоўныя ўпрыгожванні. І Дзіяна яскрава гэта пацвярджае.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара і з архіва Дзіяны Бранцэвіч

На здымках: Дзіяна Бранцэвіч у вілейскім строі; сумка з выявамі інсітных аленяў; герб роду Крыштофа Завішы; “Дзікае паляванне караля Стаха” на спадніцы.