Падзеі ў Вялікім

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

Брутальнасць і 11 спектакляў за вечар
Калядны оперны форум, замежныя гастролі аркестра і балетнай трупы, традыцыйны баль на Стары новы год, іншыя цікавосткі для гледача, якія патрабуюць напружанай працы артыстаў. Пасля ўсяго гэтага Вялікі тэатр, здавалася б, мог крыху “супакоіцца”. І зладзіць сабе гэткі “напаўантракт”, сціпла пракручваючы напрацаваны рэпертуар. Ажно не — тут зноў падзея за падзеяй.

/i/content/pi/cult/784/16903/8_1.jpgБылі падведзены вынікі двух конкурсаў сярод гледачоў — тэатральнай цацкі і артыкула пра спектаклі форуму. У першым можна было ўдзельнічаць сем’ямі, перамог Аляксей Каляснікаў, стварыўшы фантазійна-філасофскага “Захавальніка часу”. У другім — спаборнічалі студэнты і нядаўнія выпускнікі творчых ВНУ, перамагла трэццякурсніца Акадэміі музыкі Кацярына Сакалова (лепшыя артыкулы змешчаны на сайце тэатра).

Да Дня выратавальніка Беларусі быў выпушчаны незвычайны каляндар, прэзентацыя якога (зразумела, разам з выбітным па праграме канцэртам) адбылася ў тэатры. На кожным фота — вытанчаныя салісткі балета, бы летуценныя німфы, пазіруюць з брутальнымі хлопцамі. Ідэя адлюстраваць “мастацтва ў надзейных руках” сыходзіла ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, тэатр яе падтрымаў — і конкурс прыгажосці выйгралі ўсе.

А я прыгадала адзін з “працоўных” момантаў сувязяў тэатра і, на пачатак 1990-х, пажарна-выратавальнай службы. У 1992 годзе паставілі оперу Яўгена Глебава “Майстар і Маргарыта”. Сцэнаграфія ўяўляла з сябе люстэркавы куб, абкладзены з усіх бакоў саломай. Пажаранебяспечна! І на кожным такім спектаклі ў тэатры дзяжурылі выратавальнікі, сумяшчаючы вахту з “культпаходам”, ды яшчэ ў закуліссе. Артысты радаваліся дадатковым гледачам, якія сачылі за дзеяннем “ва ўсе вочы”, а выратавальнікі — сцэнічнаму відовішчу. Крэатыўны метад папулярызацыі нацыянальнай класікі!

Дарэчы, разнастайных прыдумак на гэты конт тэатру не займаць. Да Міжнароднага дня роднай мовы тут ужо не ўпершыню будзе зладжана акцыя #Чытаемразам. Амаль за гадзіну да пачатку оперы Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле Уладзіміра Караткевіча зоркі тэатраў, кіно, телебачання і, вядома, паэты будуць чытаць радкі беларускіх твораў. А потым — абяцаны спектакль.

Люты ўвогуле пачаўся грандыёзнай з’явай — сольнікам сусветнай прымадонны Марыі Гулегінай. Па запрашэнні цяпер ужо былога генеральнага дырэктара Уладзіміра Грыдзюшкі яна прыехала выступіць у свой родны тэатр, дзе пачалася яе творчая кар’ера. На першым плане ў гэты вечар аказаліся зусім не канцэртныя строі, як гэта здараецца з некаторымі спевакамі. На першым плане быў нават не голас, хаця яго насычанымі, амаль кантральтавымі ніжнімі нотамі, бліскучым верхам і роўнасцю ўсяго дыяпазону (ва ўзросце 60 гадоў!), спалучэннем магутных, насычаных і празрыста-ціхіх гучанняў можна было толькі захапляцца. Наперадзе ўсяго гэтага быў сэнс выконваемых твораў. Большую палову складалі не асобныя арыі, а разгорнутыя сцэны з опер, дзе Гулегінай дапамагалі трое нашых спевакоў. У адпаведнасці са зместам, артыстка не баялася быць “непрыгожай”, са зведзеным болем і роспаччу тварам. У кожным нумары — яскравы характар гераіні. Прычым не застылы, а ў дзеянні. Яна спявала настолькі выразна, на такім запале эмоцый, са змястоўнымі жэстамі, што фантазія без праблем “дамалёўвала” ўсе 11 спектакляў цалкам — пры вельмі і вельмі ашчадным выкарыстанні відэа на задніку. Неверагодна!

А якой моцнай і адначасова гуллівай паўстала яе Разіна з “Севільскага цырульніка” — сам Расіні быў бы рады. І гэта, разам з яшчэ трыма нумарамі, не ў асноўнай праграме, а на біс. Завяршала бісы “Купалінка” Уладзіміра Тэраўскага на словы Міхася Чарота, якую многія лічаць народнай. Без аркестра, але разам з залай, якая пачала падпяваць. І на вачах у многіх блішчэлі слёзы, што з’явіліся ў час выканання Ave Maria.

Аркестр гучаў ідэальна. І справа не толькі ў дырыжоры Альберта Веранезі, але і ў адказнасці музыкантаў. Спявачка правяла тры аркестравыя рэпетыцыі. Напярэдадні канцэрта адпачывала, аркестр “даводзіў” праграму без салісткі. А па заканчэнні рэпетыцыі музыканты сабраліся па групах, каб яшчэ раз прайсці ўсе складаныя моманты.

Ды ўся праграма будавалася нязвыкла! Оперныя ўверцюры і іншыя інструментальныя нумары, якія заўжды пускаюць “на разагрэў”, аказаліся ўнутры канцэрта, адасабляючы сольныя фрагменты. Змянілася стаўленне слухачоў да іх: замест атмасферы чакання-прадчування сапраўднага свята ўзніклі паўнавартасныя адкрыцці музычных таямніц. Інтэрмеца з “Паяцаў” Р.Леанкавала выявіла амаль імпрэсіянісцкія фарбы. Ва ўверцюры да “Сілы лёсу” Дж.Вердзі слых раптам выхапіў “цытату” нашай “Бульбы” — абсалютна дакладнае інтанаванне асноўнага матыва гэтай беларускай народнай песні. Чым не маленькая загадка, годная вывучэння этнамузыколагамі?

А Інтэрмеца з оперы “Вілісы” Дж.Пучыні стала своеасаблівай прэамбулай да самога спектакля, прэм’ера якога адбудзецца ў красавіку: пад назвай “Фатум” гэты твор паставіць наша зорная салістка Аксана Волкава. Яна зноў заканчвае Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі — як рэжысёр, гэта будзе яе дыпломная праца.

Акурат сёння пачаліся рэпетыцыі балета “Пер Гюнт”, чэрвеньскай прэм’ерай якога ўжо вядомы наш балетмайстар Сяргей Мікель завершыць магістратуру пад кіраўніцтвам прафесара Валянціна Елізар’ева. Адкрыю сакрэт: галоўных герояў у маладосці і сталасці будуць увасабляць розныя артысты. У партыі Сольвейг мы зможам убачыць Інэсу Душкевіч, Вольгу Лапо, Таццяну Шэметавец, якія з тэатральнай сцэны апошнім часам узняліся на прыступку педагогікі.

А бліжэйшы сюрпрыз — расійская дзіцячая опера “Коткін дом”. У адпаведнасці з казкай Самуіла Маршака, ён “пагарыць” 14 сакавіка — каб адбудавацца нанова.

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

На фота: Марыя Гулегіна на сцэне Вялікага тэатра.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"