Рашэнне аб стварэнні Бярэзінскага запаведніка было прынятае 30 студзеня 1925 года — ужо тады на яго тэрыторыі забаранілі паляванне, лоўлю рыбы, высяканне і сплаў лесу, распачалі навуковыя даследаванні флоры і фаўны. Але развіццё запаведніка перапыніла Вялікая Айчынная вайна, падчас якой Бярэзінскі запаведнік стаў адным з найважнейшых цэнтраў партызанскага руху ў Мінскай вобласці.
Вайна прынесла запаведніку велізарныя страты: былі згубленыя архівы і калекцыі, разбураны музей і іншыя будынкі, знішчаныя бабровая ферма і ласіны гадавальнік, першабытныя лясы падвергліся высечцы. Але цярпела ад ворага і ваенных разбурэнняў не толькі прырода.
Дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дзем’янюк адзначыў, што тэрыторыя запаведніка падчас акупацыі ў маі і чэрвені 1943 года трапіла ў зону нацысцкай карнай аперацыі “Котбус”, але пушчы і непраходныя балоты давалі надзейны прытулак партызанам і мірным жыхарам, што ўратавала нямала жыццяў.
У пасляваенныя гады навукоўцы, лесаводы і прыродаахоўныя службы мусілі прыкласці максімум намаганняў для таго, каб аднавіць разбуранае і стварыць умовы для далейшага развіцця запаведніка. Як вынікае з унікальных дакументаў, упершыню прадстаўленых на выставе, у 1951 годзе ў рамках рэарганізацыі ледзь не адбылося закрыццё запаведніка з перадачай яго тэрыторыі міністэрству сельскай гаспадаркі — як “не маючага навуковага значэння”. Было ліквідаванае і Галоўнае ўпраўленне па запаведніках пры Савеце Міністраў БССР.
Але, на шчасце, неабыякавым супрацоўнікам і даследчыкам удалося адстаяць гэтыя каштоўныя мясціны, і ў 1958 годзе Бярэзінскі запаведнік быў адноўлены ў ранейшых межах. На выставе прадстаўлены цікавы дакумент — ліст тагачаснага дырэктара запаведніка на імя кіраўніцтва БССР з просьбай выдзяліць для патрэб абслугоўвання запаведніка службовую машыну.
З 1979 года Бярэзінскі запаведнік уваходзіць у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў праграмы UNESCO “Чалавек і біясфера”, а таксама шматлікіх еўрапейскіх арганізацый, якія ахоўваюць прыродаахоўныя тэрыторыі.
Выстава дае магчымасць убачыць экспанаты, прадстаўленыя Бярэзінскім біясферным запаведнікам, фатаграфіі супрацоўніка запаведніка, вядомага фотамастака Дзяніса Іўковіча, а таксама дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія датычацца гісторыі запаведніка.
На выставе ўпершыню экспануюцца дакументы вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, прысвечаныя яго стварэнню і развіццю, лісты і справаздачы беларускіх навукоўцаў і практыкаў, якія праводзілі даследаванні ў запаведніку, а таксама акты пра шкоду, прычыненую яму нацысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Выстава працягнецца да канца лютага.
На фота: указальнік ля ўезда ў Бярэзінскі біясферны запаведнік, 1980-я гады/
Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў