“І Алу мы забыць не дадзім…”

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

да 75-годдзя Вялікай перамогі
У № 4 “К” была змешчана інфармацыя “Ала — сястра Хатыні”. Гаворка ў ёй ішла пра стварэнне мемарыяла на месцы спаленай вёскі Ала Светлагорскага раёна. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі распавядаў пра жахлівы лёс насельнікаў Алы і аб праекце, што прадугледжвае правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ існуючага пахавання і стварэнне мемарыяльнай зоны. Рэдакцыя нашай газеты паабяцала чытачам расказаць пра развіццё падзей на месцы былой вёскі Ала. Сёння пра трагедыю і яе ўвекавечванне напісаў для “К” адзін з ініцыятараў стварэння мемарыяла краязнаўца і пісьменнік са Светлагорска Ізяслаў Катляроў.

/i/content/pi/cult/784/16895/4_1.jpgCловы з народнай песні, вынесеныя ў загаловак, нагадалі мне непаўналетнюю (на той час) сведку жудаснай трагедыі Таццяну Калейчык, з якой сустрэўся ў вёсцы Мольча… У Светлагорскім раёне будзе ўзведзены мемарыльны комплекс, прысвечаны вёсцы, у якой 14 студзеня 1944 года фашысты знішчылі 1758 мірных жыхароў, сярод якіх — 950 дзяцей. Гэта — 12 Хатыняў. Тады ў Але, якая налічвала ўсяго 34 хаты і 168 чалавек, сышліся вяскоўцы са Жлобінскага і Парыцкага раёнаў, а таксама многія з тых, што хаваліся ў навакольных лясах. Усе чакалі тут вызваленчай сустрэчы з наступаючай Савецкай Арміяй…

Прэзідэнт падтрымаў

І вось праз 76 гадоў у такі ж студзеньскі дзень 2020-га мы традыцыйна сабраліся на/i/content/pi/cult/784/16895/4_2.jpgжалобны мітынг ля брацкай магілы савецкіх воінаў, дзе знайшлі апошні прытулак 1020 вызваляльнікаў. На працягу многіх гадоў быў і я ўдзельнікам гэтых традыцыйных мітынгаў. Тады толькі шчырыя аптымісты гаварылі аб магчымым мемарыяле на месцы ці не самай трагічнай вёсачкі Беларусі. Гэта былі сябры раённага грамадскага аб’яднання абаронцаў памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, краязнаўцы, настаўнікі гісторыі, вернікі на чале з настаяцелем Баравікоўскай царквы Святой вялікапакутніцы Варвары архімандрытам Аляксеем… Цяпер прыхільнікаў ідэі значна паболела. Я выдатна разумею ўсіх. Напярэдадні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў падтрымаць стварэнне мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай і не адроджанай Алы. І папрасіў кіраўніцтва сваёй Адміністрацыі заняцца пытаннем, паглядзець яшчэ раз праект: “Можа, яго трэба дзесьці, пакуль яшчэ не стварылі, адшліфаваць. Я не кажу, што мы яго зменім (можна толькі палепшыць). Падумаем, як нават фінансава паўдзельнічаць у гэтым з боку дзяржавы…” Прэзідэнт падзякаваў за тое, што моладзь узнімае такія пытанні: “Гэта значыць, што ў нашай моладзі і краіны ў цэлым ёсць будучыня”.

Мемарыял не прадугледжаны?

/i/content/pi/cult/784/16895/4_3.jpgЦяпер, калі вызначаны заказчык будучага мемарыяла (упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомельскага аблвыканкама), калі ёсць распрацоўшчык усёй неабходнай дакументацыі (інстытут “Гомельграмадзянпраект”), неяк не хочацца прыгадваць тыя непаразуменні, якія не толькі марудзілі, але і перашкаджалі ажыццяўленню высакароднай ідэі. Справа ў тым, што тэрыторыя знішчанай вёсачкі апынулася ў рэспубліканскім заказніку “Выдрыца”. І вось прыродаахоўнае міністэрства на просьбу Светлагорскага райвыканкама адвесці зямлю пад будучы мемарыял адказвала, што дазваляецца ўзводзіць Дом паляўнічага, Дом аматараў рыбнай лоўлі, турыстычны цэнтр, аўтастаянку, а мемарыял не прадугледжаны… Давялося мне звяртацца па дапамогу да дэпутатаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і Палаты прадстаўнікоў, да былога старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка і цяперашняга — Генадзя Салаўя, да памочніка Прэзідэнта па Гомельскай вобласці Юрыя Шулейкі і аж да Прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, які ўзначальваў і арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі. Неаднойчы звяртаў увагу на гэтую недарэчнасць у сваіх артыкулах. Адзін з іх быў надрукаваны нават у часопісе “Государственный контроль”.

І зацікаўленая дапамога была аказана. Райвыканкам адкрыў дабрачынны рахунак пры Светлагорскім упраўленні капітальнагабудаўніцтва на ўзвядзенне і абслугоўванне мемарыяла. Радаваліся кожнаму пералічэнню, бо пачынаць вырашылі з правядзення рэспубліканскага пленэра скульптараў, прысвечанага трагічнаму лёсу вёскі Ала. Праўда, для гэтага спатрэбілася знайсці не менш дзесяці амаль двухмятровых прыродных камянёў. І не толькі знайсці, але прывезці іх у Светлагорск на пляцоўку санаторыя “Сярэбраныя крыніцы”. Між іншым, кожны такі валун важыць каля сямі або васьмі тон. Зусім не проста іх разгрузіць і паставіць у зручных для скульптараў ракурсах. Пад берагам Бярэзіны, каля Здудзіч, знайшлі два адпаведныя валуны. Астатнія — у Віцебскай і Мінскай абласцях. Я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто дапамог нам у гэтай справе.

Трагічныя сюжэты

Але калі з дазволу райвыканкама нарэшце запрасілі скульптараў, раптам высветлілася, што з дабрачыннага рахунку для гэтага не маем права зняць ні капейкі, бо ў ім не было пазначана слова “пленэр”. Даказаць, што менавіта з пленэра і пачынаецца ўзвядзенне мамарыяла, было немагчыма. А скульптары, запрошаныя мной, ужо натхнёна працавалі. Гэта мінчане Кацярына Зантарыя, Ігар Засімовіч, Валянцін Борзды, Сяргей Возісаў, Міхаіл Яршоў, Валерый Малахаў, а таксама магіляўчанін Карней Аляксееў і светлагорац Аляксандр Камардзін. Трэба было разлічыцца за іх пражыванне і харчаванне ў санаторыі, стварыць ім належныя ўмовы для творчай працы.

Давялося райвыканкаму адкрываць новы дабрачынны рахунак для фінансавання пленэра. А нам тэрмінова шукаць новыя народныя/i/content/pi/cult/784/16895/4_4.jpg ахвяраванні. Але галоўныя падзеі адбываліся ўсё ж на пленэрнай пляцоўцы пры зацікаўленай увазе сапраўдных энтузіястаў узвядзення мемарыяла.

А трагічных сюжэтаў для натхнёнай працы скульптарам хапала. Яшчэ ў лістападзе 2014 года газета “СБ Беларусь сегодня” надрукавала мой артыкул “Ола — это 12 Хатыней”, які заканчваўся такімі словамі: “Ала — самая трагічная вёска Беларусі. І спаленых лёсаў тут каля дзвюх тысяч. Пакуль безыменных. Але калі не ўсіх, то многіх яшчэ можна назваць і ўвекавечыць хаця б прыгадваннем. Мужна згарэла ў сваёй хаце Аксіння Курловіч, яна заслугоўвае асобнага помніка… Толькі нядаўна, нарэшце, дзякуючы энтузіязму Светлагорскага раённага выканкама і кіраўнікоў некаторых мясцовых прадпрыемстваў, пракладзена дарога (пакуль са шчэбеню) да памятнага каменя і паклоннага крыжа. Але хочацца верыць — і да будучага мемарыяла”.

Згарэлі ў полымі

/i/content/pi/cult/784/16895/4_7.jpgВерыць і набліжаць увасабленне гэтай веры давялося цягам больш чым пяці гадоў. Мне разам з паэтэсай Соф’яй Шах у свой час давялося рыхтаваць да друку рукапіс дакументальнай аповесці мясцовага краязнаўцы Усевалада Мігая, якая засталася ў яго творчай спадчыне. Так адбылося знаёмства з успамінамі тых, каму пашчасціла выжыць у знішчальным полымі той студзеньскай раніцы. Вёску з усіх бакоў акружыў атрад нямецкіх карнікаў. Пад папераджальныя стрэлы і брэх сабак усіх, нібыта для рэгістрацыі, сагналі ў калгасны хлеў. Тыя, што спрабавалі збегчы, падалі, скошаныя аўтаматнымі чэргамі. Тых, хто хаваўся ў зямлянках і ямах, знаходзілі сабакі. З хлява людзей забіралі асобнымі групамі, казалі, што будуць аўтамашынамі адвозіць у тыл, але адводзілі ў другі канец вёскі, заштурхоўвалі ў хаты, якія аблівалі гаручай вадкасцю і падпальвалі. Вяскоўцы гінулі ад агню і выбухаў гранат, што ляцелі ў дзверы і вокны. Старых і дзяцей жывымі кідалі ў вогнішчы, а тых, хто выбягаў з полымя, забівалі. Выратавацца не ўдалося амаль нікому. Сярод тых, каму пашчасціла, — Вольга Курловіч з малалетнім сынам, якая прыкінулася мёртвай сярод трупаў, і Арцём Усціменка, які за некалькі хвілін да расправы праз патаемны ход, што вёў з печы на столь, вылез на двор і дапоўз да лесу. Яго хата стаяла ля самага сасняку, і яму ўдалося выбрацца з вёскі. “У маёй памяці,— расказваў ён, — і цяпер стаіць жудасны плач жанчын і дзяцей, што загінулі ў полымі…” Арцём Усціменка быў запрошаны ў Бранск, дзе судзілі ваенных злачынцаў і за тое, што адбылося ў Але.

Яшчэ адзін сведка — Гаўрыіл Зыкун: “Так здарылася, што за дзве гадзіны да прыходу карнікаў я з маленькай дачкой пайшоў у лес. Вярнуліся праз некалькі дзён. Усе хаты былі спалены. На папялішчах — абгарэлыя косці, у дварах ды агародах, за вёскай — забітыя. Шмат трупаў каля калгаснага хлява. Перад тым, як пайсці са знішчанай вёскі, карнікі здзекваліся нават з мёртвых — кідалі іх у калодзежы, у ямы, аблівалі бензінам і палілі. Там-сям прысыпалі снегам”.

“Жахаліся не толькі людзі, а і звяры…”

/i/content/pi/cult/784/16895/4_5.jpgВось запіс успамінаў жыхара вёскі Кароткавічы Жлобінскага раёна Тараса Колеснева: “Мяне параніла ў галаву. Сцякаючы крывёй, нерухома ляжу ў снезе і бачу: вядуць чарговую групу маіх аднавяскоўцаў, чалавек сорак. Сярод іх пазнаю жонку і дзяцей. Яна з малодшым сынам ідзе ззаду, азіраецца, мяне, напэўна, шукае… У метрах дваццаці на кургане стаіць нізенькі тоўсты афіцэр. Ён зноў выкрыквае тое, што і ў мінулы раз, калі вялі мяне. Афіцэр размахваецца і кідае гранату ў самую гушчу людзей. Потым вялі наступную групу. Ад яе аддзялілася жанчына ў клятчатай хустцы. Падышла да афіцэра. Аўтаматчык ішоў за ёй. Я пачуў яе гучную просьбу. Жанчына прасіла дазволу згарэць у сваёй хаце. Гэта была Аксіння Курловіч, жонка калгаснага бухгалтара. Яе хату, насупраць якой стаяў афіцэр, ужо аблізвала полымя. Пад дружны рогат фашыстаў жанчына павярнулася і цвёрдым крокам пайшла да свайго жытла. “Бабуля Аляксандра, беражы дачушак і калі вернецца Саша, прытулі яго!”,— крыкнула яна старой суседцы Аляксандры Дзікун. Наіўна думала, што фашысты не крануць стогадовую старую і маленькіх дзяцей. За Аксінняй Цімафееўнай спяшаўся фашыст з балонам за спінай. На хаду ён апырскваў яе бензінам. На парозе сваёй хаты жанчына ўспыхнула, як факел, і схавалася за дзвярыма…”

Дадам толькі, што ў смяротным полымі разам з жонкай Тараса Колеснева загінулі пяцёра яго дзетак. Ён выжыў і пасля вайны пасяліўся ў Кароткавічах Жлобінскага раёна. Працаваў трактарыстам. У новай сям’і было таксама пяцёра дзяцей.

Пашанцавала мне запісаць успаміны прафесара кафедры вылічальнай матэматыкі БДУ, доктара фізіка-матэматычных навук Уладзіміра Бабкова. Ён — адзін з тых, каму лёс дазволіў выжыць, закончыць школу з сярэбраным медалём, затым — універсітэт, аспірантуру, абараніць доктарскую. Вось некалькі фрагментаў з яго ўспамінаў. “Мае бацькі родам з вёскі Мормаль Жлобінскага раёна. У 1943 годзе там і жылі. У час адной з бамбёжак мы пайшлі ў лес паблізу вёскі Ала. Там лясы, балоты, непраходныя для тэхнікі. Памятаю, зіма была не суворая. Немцы часта пасылалі атрады ў лес, магчыма, таму, што шукалі партызан. Яны былі на лыжах, рухаліся лёгка. Усіх, хто сустракаўся ў лесе, лічылі партызанамі. Былі аб’явы ўсякія, маўляў, вяртайцеся ў вёску, інакш расстрэл на месцы… Ежы ў нас не было. Нанач майстравалі буданы, але часта мянялі месца знаходжання. Жыць было цяжка. Таму аднойчы старэйшыя прынялі рашэнне пайсці ў вёску. Так мы апынуліся ў Але. Зайшлі ў некалькі хат, дзе знаходзіліся людзі, якія вярнуліся з лесу. Памятаю, усе ляжалі на падлозе. Вошы, тыф… Маці, пабачыўшы ўсё гэта, сказала сваякам, што заставацца тут не будзе, інакш дзеці захварэюць таксама. Трэба вяртацца ў лес. Прайшло, мабыць, не больш, чым паўгадзіны, як мы пайшлі. Бачым, што праехала машына з немцамі. Яны акружылі вёску і пачалі падпальваць. Самага жудаснага мы не бачылі. Адзінае магу сказаць, што з боку агню беглі касулі, наштурхоўваліся на нас там, дзе мы хаваліся. У паветры стаяў пах паленага чалавечага цела. Ён прыводзіў у жах не толькі людзей, але і звяроў. Вечарам бачылі вочы, якія свяціліся. Магчыма, гэта былі ваўкі. Мы паспяшаліся адысці далей…”

Дзіцячыя ўспаміны Уладзіміра Бабкова цікавыя яшчэ і тым, што ён запомніў тое, што тады расказалі сведкі трагедыі. “Мы сустрэлі маладога мужчыну, — працягваў ён, — той стагнаў, быў паранены ў руку. Аказалі яму дапамогу. Расказаў, што апынуўся ў ліку тых, каго загналі ў хлеў. Перад варотамі фашысты паставілі воз, а на ім — кулямёт. Кінулі некалькі гранат. Некаторыя спрабавалі ўцячы, але іх растрэльвалі. Многія хаваліся ў сена — хто як мог. Тады ён крыху прарыў саламяны дах і змог выбрацца. Але навокал стаялі ўзброеныя фашысты з аўчаркамі. Вычакаўшы патрэбны момант, вываліўся ў снег. Катаўся ад болю ў снезе, бо целагрэйка на ім тлела. Стала лягчэй. Ляжаў на спіне, чакаючы… Калі адзін з канваіраў падышоў да другога прыпаліць, хлопец кінуўся бегчы. За ім увязаўся сабака і, як ён зразумеў, нямецкі афіцэр. Сабака наганяў яго, але не нападаў. Відаць, быў не надта злы. Ён нагой адганяў яго і бег далей. Аднак сілы ўжо не было. І тады спыніўся, павярнуўся тварам да афіцэра. Той узняў пісталет, хлопец інстынктыўна закрыў твар рукой. І куля трапіла ў руку. Ён упаў, а афіцэр з сабакам пайшоў. Наш незнаёмец паляжаў крыху, а потым паглыбіўся ў лес, дзе і сустрэўся з намі…”

Прыгадаў Уладзімір Васільевіч і яшчэ адну сустрэчу са сведкай трагедыі. “Неяк мы ўбачылі жанчыну. Яна была ў вялікай каляровай хустцы, накшталт цыганскай. А калі жанчына падышла бліжэй, убачылі: вязаная хустка ўся ў плямах крыві, а не ў чырвоных кветках. Жанчына расказала аб тым, як выратавалася. Апынулася ў адной з хат, якую падпалілі карнікі. Фашысты далі па людзях аўтаматную чаргу, а ў жанчыны на руках было маленькае дзіця, дзяўчынка. Жанчына ўкрывала яе хусткай, каб не змерзла. Куля трапіла ў дзяўчынку, а маці не закранула. Жанчына ўпала і на яе пачалі падаць забітыя. Немцы падпалілі трупы і пайшлі для расправы ў наступную хату. Тады жанчына выбралася з-пад загінуўшых і збегла ў лес… Памятаю, што гаварыла яна перарывіста, з цяжкасцю… Відаць, яшчэ не зусім усведамляла тое, што з ёй здарылася.

Калі немцы пакінулі вёску, мама і яшчэ некалькі жанчын пайшлі ў Алу, каб знайсці хоць нешта з ежы. Спускаліся ў скляпы, дзе звычайна вяскоўцы хавалі бульбу. Але там нічога не было. У цемры знаходзілі тых, хто задыхнуўся ў агні і дыме. Іншы раз, праўда, шанцавала адшукаць некалькі прамерзлых бульбін. І гэта быў наш рацыён: на паўвядра ці вядро вады два—тры клубні. Варылі, расціралі і елі пахлёбку. Кару з дрэў здзіралі на ежу…”

“Чулі за сем кіламетраў”

Запомнілася мне і сустрэча з Таццянай Калейчык у вёсцы Мольча. “У лесе мы рабілі курані з яловых лапак, — расказвала яна. — У/i/content/pi/cult/784/16895/4_6.jpgсярэдзіне разводзілі вогнішча. Снег раставаў, а вакол агню збіраліся дзеці. Адзін курэнь рабілі на некалькі сем’яў, бо ў кожнай было па шэсць—сем дзяцей. А 14 студзеня ў шэсць гадзін раніцы да нашых куранёў, хоць і далекавата ад Алы, даносіліся крыкі, стрэлы, брэх сабак… Гэта было чутно нават за сем кіламетраў у Здудзічах. Я сама тады ў Але не была, а дзве стрыечныя сястры — Марыя Каханчык і Праскоўя Зыкун са Здудзіч згарэлі. Пайшлі хавацца і… Перад тым, як спалілі Алу, мы хаваліся дзе хто мог. Малыя былі. Нас неслі. І мяне нёс дзед Кандрат. Прозвішча яго — Зыкун. Быў і дзядзька Васіль з жонкай. Потым яны ў лесе дзесьці загінулі, калі была аблава пасля Алы. Дзядзька Коля на фронце ваяваў, а яго дзеткі таксама ў Але згарэлі. Сваякоў нашых было шмат. Ніхто не думаў, што паліць будуць. Калі б ведалі, хіба б пайшлі? Сядзелі б у лесе…” Аповед Таццяны Сямёнаўны патрабуе асобнай публікацыі. Між іншым, менавіта ад яе пачуў упершыню народную песню пра Алу. Папрасіў праспяваць. “Спець не спяю, а расказаць магу, — ахвотна адазвалася яна: “По военной дороге уходил по тревоге партизанский отряд боевой. Кони впряжены в санки, боевые тачанки, уезжали готовые в бой. Вот и лес, и опушка, а за ней деревушка. Слышны крики и стоны людей. Там фашисткие гады бьют и жгут без пощады беззащитных старух и детей. Пусть запомнят же гады, им не будет пощады. Мы за Родину-мать отомстим. И в лесу, и на поле мы запомним Заполье и Олу мы забыть не дадим. Пусть запомнят же фрицы: отомстим им сторицей за невинно пролитую кровь. С нами Сталин великий, наш отец и учитель, с нами счастье и наша любовь…”

Дзесяць выяў чакаюць

Сюжэтаў для ўдзельнікаў скульптурнага пленэра сапраўды хапала. Зараз дзесяць таленавіта ўвасобленых трагічных выяў чакаюць свайго месца ў будучым мемарыяльным комплексе. Яго распрацоўшчыкі з інстытута “Гомельграмадзянпраект” пакуль не раскрываюць усіх задум. Мабыць, памятаюць словы Прэзідэнта аб праекце: “Магчыма, яго трэба дзесьці, пакуль не стварылі, адшліфаваць. Я не гавару, што мы яго зменім. Можам толькі палепшыць!” Але ўжо цяпер вядома, што мемарыял вельмі натуральна аб’яднае і брацкую магілу савецкіх воінаў, і паклонны крыж, і скульптурныя выявы на камянях-глыбах, якія стагоддзямі ў нашай зямлі назапашвалі моц і памяць. З іх дапамогай Алу, як сцвярджае песня, мы забыць не дадзім. Зрэшты, будуць прыгаданы ў мемарыяле ўсе іншыя вёсачкі Гомельшчыны, якія спалены фашыстамі і не адрадзіліся. Мемарыяльная памяць ніколі не дазволіць апраўдаць або схаваць ганебную сутнасць фашызму.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск

Фота з архіва аўтара

На здымках: Аляксандр Камардзін. “Ала”, Кацярына Зантарыя. “Памяць пра апошні дзень”, Асвячэнне капсулы з зямлёй, узятай на месцы трагедыі, Валерый Малахаў. “Асуджанасць”, Паклонны крыж і памятны камень на месцы спаленай Алы, Уладзімір Бабкоў, Таццяна Калейчык.