Прэстыж адкрытай кнігі

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

На сёлетнюю XXVIІ Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш я патрапіў абсалютна незвычайным шляхам: на бясплатным “паэтычным” аўтобусе, які курсіраваў у гэтыя дні ад Палаца спорту да павільёна БелЭкспа ды ў зваротным кірунку. У салоне паэты чыталі вершы, барды спявалі песні пад гітару, а пасажыры шматлюднага арыгінальнага аўтобуса здымалі ўсё гэта “дзейства” на свае смартфоны — і нават не заўважалі, як прыязджалі на апошні прыпынак маршруту.

У самім павільёне БелЭкспа таксама было шматлюдна. Дзіва што: на выставе свае навінкі дэманстравалі каля 400 экспанентаў з 30 краін блізкага і далёкага замежжа, тут ладзіліся сотні мерапрыемстваў з удзелам літаратараў і дзеячаў культуры, а саміх мінчан ды гасцей сталіцы актыўна зазывалі наведваць стэнды самі ўдзельнікі міжнароднай выставы. Ды і слоган сёлетняга форуму “Беларусь — адкрытая кніга” быў цалкам дарэчы, бо на праспекце Пераможцаў, 14 можна было пачуць не толькі беларускую і рускую, але і англійскую, нямецкую, польскую ды іншыя мовы свету.

/i/content/pi/cult/784/16890/1_3.jpg

Ганаровым госцем кніжнай выстаўкі, нагадаю, выступіла Расійская Федэрацыя, а цэнтральным экспанентам былі запрошаныя Злучаныя Штаты Амерыкі. Прычым, мерапрыемствы форуму былі запланаваны арганізатарамі і на іншых пляцоўках горада: напрыклад, у кнігарнях, Нацыянальным гістарычным музеі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і іншых бібліятэках горада, у тым ліку вышэйшых навучальных устаноў, у прыватнасці, у бібліятэцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

/i/content/pi/cult/784/16890/1_1.jpg

Алесь Суша прадстаўляе праекты галоўнай бібліятэкі краіны

У дзень адкрыцця форуму, 5 лютага, прайшлі прэзентацыі міжнародных выдавецкіх праектаў, сустрэчы з аўтарамі, аўтограф-сесіі. Да слова, у гэты ж дзень адбылася прэзентацыя выдавецкіх праектаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаных галоўнай кнізе 2019 года — Брэсцкай Бібліі. Так, на стэндзе Нацыяналкі можна было пабачыць навуковую манаграфію намесніка дырэктара галоўнай бібліятэкі краіны Алеся Сушы “Асэнсаванне шэдэўра: Берасцейская Біблія”. Манаграфія, як распавёў мне сам аўтар, прыадкрывае шэраг невядомых і малавядомых старонак у гісторыі знакамітай кнігі. Таксама тут жа на стэндзе дэманстраваўся камплект рэпрадукцый найбольш прыгожых і прадстаўнічых старонак названай Бібліі, якія выкананы ў арыгінальным памеры і перадаюць усю значнасць рарытэта XVI стагоддзя.

/i/content/pi/cult/784/16890/1_2.jpg

6 лютага на выставе прайшоў дзень аўтараў “Думкі ўслых”, а таксама Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час: літаратура як частка культурнага дыялогу”, на які прыехалі больш за 50 пісьменнікаў з 23 краін свету. Таксама прайшлі прэзентацыі кніг Уладзіміра Караткевіча ў гонар 90-годдзя пісьменніка.

У пятніцу адбылося падвядзенне вынікаў 59-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, а сёння, у суботу, на выставе запланаваны “дзіцячы дзень”, калі адбудуцца шматлікія мерапрыемствы і прэзентацыі дзіцячай літаратуры. У гэты дзень, як адзначаюць арганізатары форуму, пройдуць тэатралізаваныя пастаноўкі па кнігах розных дзіцячых аўтараў, інтэрактыўныя чытанні, літаратурныя квэсты, майстар-класы, адбудзецца дыскусія з дэманстрацыяй новых фарматаў кніг, а таксама ўзнагароджванне пераможцаў літаратурнага конкурсу “Першацвет”. Будуць таксама падведзены вынікі акцыі “Пішам кнігу разам. Якой мы хочам бачыць Беларусь праз 10 гадоў”, арганізатарамі якой з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі нашай краіны.

Так што калі вы яшчэ не пабывалі на выставе, раім гэта зрабіць абавязкова. Тым больш, што паэтычны аўтобус будзе курсіраваць ад Палаца спорту да павільёна БелЭкспа і сёння, і заўтра, у нядзелю, у апошні дзень працы прадстаўнічага кніжнага форуму.

Фота аўтара

Фота Юрыя КАРПЕНКІ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"