Як жыве сёння жаночае мастацтва?

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

Нататкі з віцебскай паездкі
Аб гэтым я разважала, выпраўляючыся ў Віцебск, на закрыццё міжнароднай выставы “Дастаткова” ў Музеі Марка Шагала. Было вельмі цікава паглядзець праект і паразмаўляць з яго куратарам Вікторыяй Крупскай, тым больш, назіраючы ў апошнія гады “ўсплёск” жаночых выстаў у мінскім асяродку. Ці ёсць у нас агульная мова? Ды ўвогуле: наколькі “Дастаткова” ўпісаны ў міжнародны кантэкст? Ці ёсць, насамрэч, сучаснае жаночае мастацтва і якое яно? Ды як яго ўспрымае Віцебск?

“Спачатку мы злёгку паспрачаліся”

Жаночы праект Вікторыі Крупскай працягваецца больш за дзевяць гадоў: чатыры выставы адбыліся ў 2011, 2012, 2014 і 2019 гадах. Калісьці, у кампаніі мастакоў, прагучала меркаванне мастакоў-мужчын, маўляў, жанчыны не вельмі пераканаўчыя ў мастацтве і схільныя да таго, што называецца “казяльцы-кветачкі”. Зараз назвала б гэта абясцэньваннем, але тады, на побытавым узроўні, скепсіс быў спакаваны ў жарт. А Вікторыя задумалася: можна паказаць грамадству мастацтва паўнавартаснае, насычанае разважаннямі, сучаснае па форме. І жанчыны будуць яго аўтарамі.

/i/content/pi/cult/783/16888/14_1.jpg

Два праекты з Мінска і Віцебска трансфармаваліся

Кожны новы выпуск праекта віцяблянкi пачыналіся з канцэпцыі: у 2011 годзе Вікторыя прапанавала падумаць пра відавочную дыскрэдытацыю фразы “I love you”. Далей — “Пустэча” (2012) прыцягнула яе ўвагу, і нарэшце, “Тэрыторыя сонца” (2014). Папрацаваць з неадназначнымі паняццямі куратар запрашала мастачак, якіх ведала — асабіста або аддалена, па працах, рэкамендацыях. Пошук, нагледжанасць і толькі асабістае рашэнне, без усялякіх open call: гэтая класічная куратарская стратэгія рэдка дае збоі. “Я павінна быць упэўненая, што мастачка можа раскрыць тэму, і мне цікава, што яна думае, як менавіта яна гэта зробіць. Усе, што паказана ў праекце, зроблена спецыяльна для яго”, — кажа Вікторыя. У 2019 годзе пра тое, што ёсць для жанчыны планка “Дастаткова”, прапанавалі 22 мастачкі — найбольшая колькасць, у параўнанні з мінулымі гадамі.

Віцяблянак прадставілі Алена Толабава і Анастасія Ганчарова.

У гэты ж час у Мінску Ілона Касабука, Таццяна Кандраценка, Зоя Луцэвіч, Таццяна Радзівілка, Галіна Раманава, Кацярына Сумарава, Алена Шлегель, Жана Капустнікава, Вольга Сазыкіна і Марта Шматава працавалі ў “жаночым кірунку” з неменшым поспехам. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва ў 2014 і 2017 гадах прымаў “Штучнае асвятленне. Клара і Роза” і “Чысціню і гігіену” (абедзве — пры куратарстве Марты Шматавай). Ідэі, як вядома, віруюць у паветры, і знаходзяць адчувальных да сябе людзей.

У гэтым годзе мастачкі з двух гарадоў аб’ядналіся: з Мінску прыбылі працы Ілоны, Зоі, Таццяны, Кацярыны і Марты. Плюс, як заўсёды гэта было ў Віцебску, міжнародны склад. Ён таксама пашырыўся: Ганна Каран (Чэхія), Дыяна Рудакене (Літва), Габрыэла Шафарцік (Германія), Антра Івдра, Юлія Ярэська, Інга Юрава, Ліга Юкша, Элга Грынвалдэ, Рыта Пранча, Дыта Лусе, Ірэна Лусе, Сандра Крастыня, Вольга Шылава і Ілзэ Смілзіна (Латвія).

Куратар адзначае ўдзел латвійскіх мастачак: “яны добра вядомыя ў сябе на радзіме, але праявілі цікавасць да нашага жаночага праекта, хоць мы маглі паказаць толькі па адной працы”. Вікторыя вельмі спадзяецца, што трансфармацыя праекта разгорнецца і ў бок еўрапейскіх краін: Літву, Латвію, Чэхію. Тут трэба сказаць аб неабходнай дапамозе і кааперацыі: праект заўсёды падтрымлівалі Музей Марка Шагала, консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску, а ў 2014 годзе мінская галерэя “Арт Плац” (Ганна Трафімовіч) аказала фінансавую дапамогу для выдання календара з працамі мастачак.

Метафары: дастаткова, досыць, хопіць

Назва праекта прапануе цалкам нейтральную фармулёўку “дастаткова”, пакідаючы аўтарам магчымасць рознапланавых рашэнняў: “калі і дзе мы можам сказаць “дастаткова”? Тэма новага жаночага міжнароднага праекта паспрабуе раскрыць гэтыя сюжэты. Тэма пра меры, пра межы, пра прасторы. Што значыць для вас “дастаткова” ў жыцці? Ці ёсць розніца паміж “знешнім” і “ўнутраным” “дастаткова”? Мы так шмат можам мець сёння! Але колькі трэба кожнаму з нас? І дзе гэтая мяжа або мера, каб мы былі шчаслівыя і свабодныя?” (З канцэпцыі В. Крупскай)

Мастачкі выкарыстоўвалі для сваіх выказванняў самыя розныя медыя: жывапіс, графіку, скульптуру, аб’екты, інсталяцыі. Вікторыя падкрэслівае, што ў гэтым годзе па яе просьбе яны напісалі невялікія эсэ: не апісанні прац, а свайго роду дапаўненні, думкі ўслых. Дзякуючы гэтаму, глядач знаёміцца з абсалютна рознымі “дастаткова”: гэта і філасофскія разважанні, і асабістыя гісторыі, нечаканыя, драматычныя і кранальныя ўспаміны. З вобразамі і формамі выказванняў неабавязкова згаджацца, але ўяўны дыялог з мастаком заўсёды магчымы.

Не страціць імёны жанчын у мастацтве

У праекта “Дастаткова” няма выразнай феміністычнай накіраванасці. Але ва ўсіх калектыўных жаночых практыках, і ў стратэгіях фемінісцкага мастацтва таксама, ёсць гэты пасыл: не страціць жаночыя імёны ў гісторыі, не разгубіць тых, хто апынаецца ў ценю незаслужана або працуе без права на творчую рэалізацыю. Здавалася б, гэтыя праблемы ўжо ў мінулым, але яны з’яўляюцца зноў і зноў, у новых абставінах і з важнымі сэнсавымі кантэкстамі.

Сёння, на пытанне аб тым, што ёсць жаночае мастацтва, Вікторыя адказвае так: “Я прыйшла да высновы, што ёсць моцнае мастацтва: і мужчынскае, і жаночае... Падзяліць іх немагчыма. Але калі з’явілася такое клішэ як “жаночае мастацтва”, яго зручна выкарыстоўваць. У нашым праекце ўсе працы жанчын — на высокім узроўні, яны думаюць на высокім узроўні як мастачкі. Спадзяюся, жанчыны не вернуцца да салону, да рамяства. Я буду марыць, каб гэты рух  — сучаснае мастацтва жанчын — працягвалася”.

Калектыўны праект, сапраўды, дапамагае жаночым імёнам не згубіцца ў гісторыі мастацтва: гэта кожны раз новыя знаёмствы, творчыя зносіны, кантакты з галерэямі, гледачамі. І праца над новымі тэмамі, якія аб’ядноўваюць.

Ружовыя акуляры як права выбару

Калі ў сусветным фемінісцкім мастацтве стратэгіі і тактыкі вывучаюцца з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, то ў Беларусі я б адзначыла “дыфузны”, калі можна так казаць, характар жаночых выстаў. У нас няма сацыяльнай крытыкі ў жорсткіх актывісцкіх формах, але ёсць узаемны ўплыў канцэптуальных арт-практык і мастацкіх, дакументальных, архіўных і гэтак далей.

У Віцебскім праекце на гэтых гранях знаходзяцца “Драпіна” Таццяны Радзівілкі, “Яна” Ганны Каран, “Сляпая зона” Ілоны Касабука, “Адзін адзіны” Сандры Крастыне, “Ватэрлінія” Вікторыі Крупскай. Ганна Каран кладзе сукенку на крэсла і робіць з яго скульптурны сярэбраны аб’ект з кветкамі — жаночая рэч прымае іншую форму і калі працягваць, вынік непрадказальны: мы нічога не ведаем пра жанчын, а бачым толькі аблічча. Слайт-бокс Таццяны Радзівілка цалкам цёмны і толькі адна “падпаленая” драпіна як замочная адтуліна дае магчымасць убачыць краёчак фатаграфіі. Мы зноў нічога не ведаем пра жанчын. Зрэшты, гэта толькі мае інтэрпрэтацыі: сама Таццяна піша пра драпіну ў тым сэнсе, што часам досыць невялікага намагання, каб адкрыць для сябе новыя веды ці досвед. Нарэшце, “Сляпая зона” Ілоны Касабука з ружовымі акулярамі — сімвал ілюзій, мы ж самі іх выбіраем, і ці толькі жанчыны? Увогуле, гледачам ёсць, пра што паразважаць.

Музей не вінен станавіцца помнікам

Алена Ге, старшы навуковы супрацоўнік Музея Марка Шагала, працуе ў экспазіцыі непасрэдна з гледачамі:

— Наведвальнікаў на выставе шмат. І калі часам гледачы прыходзяць у музей як у рэстаран — у тым сэнсе, што іх павінны абслугоўваць, забаўляць, то тут такога, сапраўды, няма. З першых жа крокаў выстава прымушае задумацца, людзі задаюць пытанні. Нашы “дастаткова”, “хопіць” ці “досыць” у рашэннях мастачак выглядаюць і трывожна, і залагоджана, з асабістымі ўспамінамі, клопатамі. Вельмі дапамагаюць тэксты: ад візуальнага ўражання чалавек пераходзіць да думак мастачкі, затрымліваецца, а затым вяртаецца да аб’екта. Гэта новы для нашага гледача досвед. Ён не падрыхтаваны да сучаснага мастацтва, у яго няма ні адпаведнай адукацыі, ні звычкі глядзець на такія рэчы. Таму тэксты дапамагаюць убачыць усё гэта іншымі вачыма, а не проста атрымліваць асалоду ад пейзажаў, як гэта заўсёды адбываецца на выставах.

Актыўна адгукаюцца на хэштэг #сумарава, удзельнічаюць у апытанках мастачкі, пераходзяць па спасылках. Усур’ёз чытаюць “інструкцыю да ўжывання” да аб’екта “Мера Вагаў” Анастасіі Ганчаровай: аўтар прапануе апрануць хамут (15 кг “роднай зямлі” з лісцем, каменьчыкамі), выпрастацца, адчуць вагу, пачакаць, пацярпець, успомніць беларускія прымаўкі, песні і г.д. Усё гэта яны робяць. А нашы гледачы звычайна вельмі закрытыя.

Дадам, што такую ж сцэну бачыла і я — узгадала ў гэты момант перформанс Марыны Абрамавіч, дзе глядач застаецца сам-насам з мастаком, падоўгу глядзіць яму ў вочы (“У прысутнасці мастака”, МоМА, 2010). Што тады, цікава, адчувае чалавек? У нашым выпадку, адчуваючы вагу зямлі, успамінаючы беларускія словы, мастаком становіцца глядач — ён фізічна прымае на сябе аўтарства, і за ім ужо назірае публіка ў зале, яна таксама далучаецца да працэсу.

Алена вельмі ўдала назвала гэту місію музея, а магчыма, і салідарнага жаночага мастацтва: развіваць культуру ўдзелу.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст