Моцных вам крылаў!

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

Дзесьці напрыканцы 1970-х нас, студэнтаў, накіравалі ўвесну на сельгасработы. Не на звыклую восеньскую бульбу, а на нарыхтоўкі яловага лапніку на корм жывёлы, якая выйшла з зімы напаўгалоднай. Вось замест вучобы і матляліся з месяц па лясах Гомельшчыны. Не ведаю, наколькі эфектыўнай была тая “барацьба”. Уразіла іншае. Неяк у абед прыехала да нас агітбрыгада з бліжэйшага вясковага клуба. Не памятаю, пра што спявалі і як танчылі дзяўчаты, а вось тое, што сярод перадавікоў корманарыхтовак назвалі яны і маё прозвішча, узрушыла тады надзвычайна. Ёсць парода крылатых людзей, побач з якімі ў цябе таксама пачынаюць вырастаць крылы.

Для мяне з таго часу ўсе, хто жыве шчыра, — крылатыя. Іншая справа, што заставацца шчырым вельмі не проста. Пра такіх сёння — і гаворка.

/i/content/pi/cult/783/16884/10_1.jpg

23 студзеня ў гасцёўні Мастоўскай раённай бібліятэкі ладзілася краязнаўчая вандроўка, прысвечаная ўраджэнцам мастоўскай зямлі “Людзі, якія праславілі наш край” і Году малой радзімы. Бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірына Кавалеўская піша, што ў адпаведнасці з календаром знамянальных і памятных дат сёлета спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Данілы Валковіча з вёскі Занёманск — беларускага рэвалюцыйнага дзеяча і старшыні СНК Беларусі; 110 гадоў — Яну Мяйштовічу з Вялікай Рагозніцы — польскаму дыпламату, публіцысту і перакладчыку; 95 гадоў — Івану Шчаснаму з вёскі Чарлёна — аднаму з кіраўнікоў скідзельскай антыфашысцкай маладзёжнай арганізацыі; 90 гадоў — Генадзю Калабуку з Глядавічаў — работніку прамысловай вытворчасці і Яўгену Петрашэвічу з Падабранаў — педагогу і кампазітару; 85 гадоў — Рыгору Касьяновічу з вёскі Крывулькі — вучонаму-эканамісту і Расціславу Лагондзе з Ляткаў — музыканту; 80 гадоў — Яраславу Клімуцю з Вострава — крытыку, літаратуразнаўцу і Станіславу Балтрукевічу з Мастоў — вучонаму ў галіне траўматалогіі, артапедыі і хірургіі; 70 гадоў — Анатолю Вераб’ю з Вайнілавічаў — крытыку, літаратуразнаўцу, выкладчыку БДУ і Святлане Ганчаровай-Грабоўскай — літаратуразнаўцы, доктару філалагічных навук; 65 гадоў — Паўлу Урбановічу з вёскі Тоўсцікі — вучонаму ў галіне радыёэлектронікі, і 50 гадоў Віктару Копачу з Капачоў — беларускаму скульптару. “Увесь гэты матэрыял, — піша Ірына Здзіславаўна, — сабраны і сканцэнтраваны ў электроннай прэзентацыі “Юбілейныя даты. 2020. Нашы землякі”. Працавала і кніжная выстава “Шануем нашых землякоў”. Праца зроблена, сапраўды, вялікая. І не ў маштабах справа, а ў тым, што веданне выбітных землякоў — аснова шчырай любові да роднага краю.

“Вось прайшло Хрышчэнне — свята ачышчэння” — так назвалі гадзіну духоўнасці ў Алекшыцкай сельскай бібліятэцы, што ў Бераставіцкім раёне. Загадчык Вольга Барысевіч распавядае, што ўдзел у мерапрыемстве бралі сябры аматарскага аб’яднання для людзей сярэдняга веку “Сустрэча” і пацыенты аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў аграгарадка Алекшыцы. На пасяджэнні прысутнічаў, паведамляе аўтар допісу, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы іерэй Сергій Гмір. Працавала кніжная выстава. Акцыя прайшла ў рамках мэтавай праграмы “Бібліятэка — старэйшаму пакаленню”.

Падборку з трох навін даслала дырэктар Смаргонскага раённага цэнтра культуры Галіна Крацянок. У аграгарадку Сінькі прайшоў фальклорны вечар. У Доме культуры гучалі песні, народны гумар, згадкі пра мясцовыя традыцыі… Народны тэатр лялек “Батлейка” для выхаванцаў яслей-сада і школьнікаў арганізаваў святочнае прадстаўленне… Удзельнікі аматарскага аб’яднання “У святле прыгожага і карыснага” сабраліся ў ДК на чарговае пасяджэнне. У цэнтры ўвагі таксама быў мясцовы фальклор.

/i/content/pi/cult/783/16884/10_3.jpg

Агеньчык для маладых спецыялістаў зладзілі на Дзятлаўшчыне. Такое мерапрыемства для раёна — традыцыйнае. Менавіта з яго і пачынаецца старт у прафесію. І зноў слова “шчыра” — ключавое. Бо толькі ў цёплай сямейнай атмасферы малады чалавек адчуе патрэбу працаваць актыўна ды творча. Менавіта па гэтай прычыне агеньчык быў багаты не толькі на конкурсы, але і на музычныя віншаванні.

Андрэй Струнчанка не стамляецца пісаць пра “падшэфны” аграгарадок Мазалава, што ў Віцебскім раёне. “25 студзеня, — паведамляе гэтым разам аўтар, — прайшоў справаздачны канцэрт калектываў мастацкай творчасці. Мерапрыемства прысвячалася Году малой радзімы. А пачалося ўсё з літаратурна-музычнай кампазіцыі “Жытняя і васільковая радзіма мая”, падчас якой мясцовыя паэткі Ала Дружкова, Таццяна Кастэнка, Святлана Тузікава, Аляксандра Сіманава чыталі свае вершы. Выступілі таксама народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка”, харэаграфічныя калектывы “Калінкі” і “Dance”, вучні ды настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў, удзельніцы народнага жаночага клуба “Залаты ўзрост”.

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы гоіць чытацкія душы незабыўнымі класічнымі радкамі (яшчэ адзін дзейсны сродак гадавання крылаў за спінай). Загадчык аддзела маркетынгу Дар’я Марцінкевіч распавядае, што 23 студзеня тут адбыўся бібліямарафон “Няхай жыве класіка!” Такім чынам установа ладзіць месячнік класічнай літаратуры. Турнір знаўцаў, пераконвае аўтар допісу, паказаў, што моладзь няблага ведае беларускіх і замежных класікаў XIX і XX стагоддзяў. Быў вызначаны самы актыўны чытач мінулага года. Прызёрам названа Лідзія Ліцкевіч. Удзельнікамі першага бібліямарафону сталі навучэнцы Лідскага каледжа. У далейшым бібліятэкары плануюць практыкаваць правядзенне падобных акцый для розных мэтавых аўдыторый.

Людміла Зарэцкая, загадчык гарадской бібліятэкі Ашмянаў піша: “24студзеня ў нас адбылася сустрэча з Дабрачынным цэркваў Ашмянскай акругі, протаірэем, настаяцелем храма Уваскрэсення Хрыстовага Пятром Пятлёхай. Гаворка ішла пра жыровіцкую святыню беларускага народа. Мерапрыемства прымеркавана да 500-годдзя заснавання Жыровіцкага манастыра і 550-годдзя Жыровіцкага абраза Божай Маці. У любой праваслаўнай краіне ёсць сімвалы і святыні, якія вызначаюць сутнасць яе праваслаўнага жыцця. Такім месцам для беларусаў з’яўляюцца, безумоўна, Жыровічы. Бібліятэкары пазнаёмілі прысутных з цікавымі гістарычнымі звесткамі, датычнымі манастыра, і далі слова святару. Сустрэча мела выхаваўчы характар, бо айцец Пётр даваў шчырыя парады падрастаючаму пакаленню”. Усё так, без веры крылы не растуць.

/i/content/pi/cult/783/16884/10_2.jpg

Жыровіцкую тэму дапоўніла метадыст Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Святлана Бушчык. Супрацоўнікі Жыровіцкага цэнтра культуры, паведамляе яна, рэгулярна наведваюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі: інвалідаў, ветэранаў вайны і хворых мясцовай амбулаторыі. “Днямі, — піша Святлана Бушчык, — загадчык Жыровіцкага цэнтра культуры Зінаіда Алешчык арганізавала для пацыентаў і медперсаналу амбулаторыі выступленне гурта народных спеваў “Крыніца” (мастацкі кіраўнік — Галіна Кавальчук). А літаральна праз дзень “Крыніца” разам з хорам Мінскай духоўнай семінарыі і з Дабрачынным Слонімскай акругі айцом Вадзімам Пятліцкім наведала аддаленыя і маланаселеныя Залессе, Заверша, Загор’е, Сценявічы, Русакова… Такія сумесныя выезды сталі традыцыйнымі”.

Трэці год запар навучэнцы Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў становяцца стыпендыятамі Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міра. Гэты год — не выключэнне. 17 студзеня больш паўсотні юнакоў і дзяўчат з вобласці атрымалі такія стыпендыі. У іх ліку — вучаніца 2 класа балалайкі Іна Зышчык. Намеснік дырэктара школы Таццяна Печкур паведамляе, што таленавітая дзяўчынка, настаўнікам якой з’яўляецца Вольга Паўловіч, неаднаразова станавілася лаўрэатам міжнародных фэстаў. А 25 студзеня, працягвае Таццяна Печкур, чацвёрты адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс “Вясёлыя ноткі” сабраў выхаванцаў сельскіх школ, музычных класаў і філіялаў на сяле. Паспяхова выступілі не толькі юныя інструменталісты з Ашмян. Ушанаваны былі выхаванцы Залескай і Астравецкай ДШМ.

Моцных вам крылаў натхнення! Сустрэнемся праз тыдзень.

Нам здымках: ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка” з Мазалава, у Лідзе чытаюць класіку, “Вясёлыя ноткі”: выканаўцы з Ашмяншчыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"