Высокае неба Пятра Данэліі

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

23 студзеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння выдатнага пейзажыста Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Пятра Данэліі. Пры жыцці я называў яго, вядома ж, з імем па бацьку — Пётр Аляксеевіч, хаця мы сябравалі шмат гадоў. Дыстанцыю адчуваў заўсёды. І прычынай таму была не толькі значная розніца ва ўзросце: проста, ён быў выдатны мастак, прычым сапраўдны, і належыў да пакалення тых “апошніх з магікан”, хто стаяў ля вытокаў пасляваеннага беларускага пейзажнага жывапісу.

/i/content/pi/cult/782/16867/13_1.jpgНароджаны ў Дагестане, даваенны вучань Маскоўскага мастацкага вучылішча Памяці 1905 года, ён адразу пасля заканчэння вайны, у 45-м, апынуўся ў Брэсце, і з гэтага часу і да апошніх дзён жыцця (а ён пражыў 93 гады) — Беларусь стала для яго адзінай любоўю і асалодай. А да гэтага былі войны. Спачатку савецка-фінская, дзе ў гэтай “незнакамітай вайне” храбра змагаўся радавы Пётр Данэлія — стралок-аўтаматчык 212-га стралковага палка 49-й стралковай дывізіі 4-й арміі Заходняга фронту. Потым — Вялікая Айчынная, якую ён сустрэў у раёне гарадка Высокае, што на Брэстчыне. Але доўга паваяваць не давялося. Полк, як і сотні іншых савецкіх

/i/content/pi/cult/782/16867/13_2.jpg

 вайсковых часцей, у пачатку ліпеня 41-га трапіў у акружэнне пад Бабруйскам. І — разам з камандзірам дывізіі палкоўнікам Канстанцінам Васільевым — Пётр апынуўся ў фашысцкім палоне. Праўда, Васільеву тады ўдалося збегчы і выйсці да сваіх. А для салдата Данэліі няволя расцягнулася на цэлых тры з паловай гады…

Калі ж прыйшла Перамога, 25-гадовы Данэлія ўжо ведаў, што і якім чынам хоча распавесці людзям. І ўвасобіў мовай пэндзля сваю шчырую любоў да мірнай прыроды, да той блаславёнай беларускай зямлі, якая яго прытуліла як роднага сына і зрабіла нашым знакамітым мастаком.

Данэлія не быў падобны да пустэльніка, які працаваў адасобленна адсваіх творчых думак, — ён знаходзіўся ў авангардзе бурлівага і напружанага мастацкага жыцця. Яго заўсёды акружала шмат людзей — сяброў, калег і вучняў, ён быў прыроджаным лідарам, які шукаў новыя шляхі ў мастацтве ды грамадскай дзейнасці. Асабіста для мяне ён стаўся блізкім сэрцу чалавекам і творцам. І сёння, калі Пятра Аляксеевіча ўжо няма больш за сем гадоў, мастак застаецца ў памяці маёй жывым, вясёлым, запатрабаваным, самадастатковым і прынцыповым, калі гаворка ішла ўласна пра жывапіс…

/i/content/pi/cult/782/16867/13_3.jpg

Практычна ўсе ягоныя вобразы эпічных ды лірычных палотнаў звязаны з Брэстчынай. І, зразумела, не толькі сюжэтамі, тэмамі, але і ўсімі адценнямі душэўных, шчырых перажыванняў. Высокі прафесіяналізм, каларыстычная дасканаласць, мажорная колерамузыка, уменне бачыць Вечнасць у “бутоне кветкі” заўсёды вызначалі творы Пятра Аляксеевіча, чалавека з душой незамутнёнай, чыстай, бы тая беларуская наша прырода, якую ён так натхнёна любіў…

Словы “пейзажы Данэліі” не патрабуюць тлумачэнняў. Вядомасць яго асобная — поўная пачцівай павагі і прыхільнасці. На выставах яго творы заўсёды затрымлівалі — у прамым сэнсе слова. Яны здзіўлялі сваім жывапісам — важкім, сканцэнтраваным, музычна звонкім. Прайсці міма палатна Данэліі было немагчыма: замкнёны ва ўласных межах, гэты жывапіс мог папросту адпрэчыць ТВОРЫ, якія віселі побач. Будучы завершанай, карціна Данэліі здабывала поўную незалежнасць — яна пераймала якіясьці галоўныя, асноўныя ўласцівасці прыроды.

/i/content/pi/cult/782/16867/13_4.jpg

 Яна запрашала зазірнуць у раму, як у акно, за якім візуальна распасціраецца сапраўдны эпічны ці лірычны пейзаж. Яна рабілася светам у сабе.

І глядач, я бачыў тое не адзін раз, стаяў перад гэтым палатном, адчуваючы яго дзіўнае, магічнае, гіпнатычнае ўздзеянне. Мастак таленавіта пераадольваў драбнату рэальных матываў, ён прыводзіў іх мноства да адзінства і абагульнення, ён ператвараў жывую прастору прыроды ў моцную матэрыю жывапіснага пласта. Але нейкім чарадзейным чынам гэта абагульненне нараджала незвычайна вострае, калісьці намі выпрабаванае (можа, у цьмяных успамінах) адчуванне перадвечаровага сонца, лістоты з цяністай і цёплай глыбінёй альбо пранізлівай, марознай свежасці ярка асвечанага снегу. Глядач менш за ўсё пазнаваў уласна натуральную прыроду — ён пазнаваў спасціжэнне,перажыванне, успрыманне, якімі 

/i/content/pi/cult/782/16867/13_5.jpg

жыў мастак. Адносіны да свету, мінулы вопыт, значнасць свайго душэўнага складу, — усё гэта раскрывалася гледачу як яго хвалюючае асабістае перажыванне. Як перадаць гэты эффект? Карціна Данэліі дастаткова прасторавая, але яна так проста не пускала да сябе, не дазваляла гультаяватага блукання позірку па яе ілюзорнай глыбіні. І ўвесь час вяртала нас да шчымліва вострага адчування менавіта данэліеўскай рэальнасці — у гэтым яе магія, яе гіпноз.

Любімы герой у пейзажных карцінах мастака — неба, непаўторныя, дзівосныя аблокі. Гэтая ўлюбёнасць жывапісца невыпаДковая — яна дазваляла яму свабодна ўносіць у палотны эмацыянальную аснову задумы. Нязменная прысутнасць вобраза неба, тое значэнне, якое надаваў мастак яго стварэнню, выпрацавалі за доўгія гады свой жывапісна-пластычны почырк, склалі своеасаблівасць данэліеўскага пейзажу, данэліеўскіх аблокаў. Яго карціны пазнаеш без подпісу аўтара. Лепшым пейзажным палотнам — “Кастрычнік на Палессі”, “Румянец у срэбры”, “Дзень, які адыходзіць”, “Гераічны матыў”, “Восеньская звонкасць”, “Над цішынёй”, “У прасторы”, “Расставанне”, “Успамін”, “Любімая пара”, “Мажор восені”, “Пачуццё сустрэчы”, “Абуджэнне” — уласцівы моцнае эмацыянальнае ўспрыняцце прыроды, рамантычная ўзнёсласць, раздольная эпічнасць.

Творчы дыяпазон Пятра Аляксеевіча не абмяжоўваўся пейзажам. Мы ведаем яго і як тонкага партрэтыста і майстра фігуратыўнай карціны, як мастака-манументаліста, аўтара скульптурных твораў, вядомых медалёў у гонар 20-годдзя гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці і 950-годдзя горада Брэста. Дарэчы, ён быў адным з першых мастакоў Беларусі, хто намаляваў шмат натурных эцюдаў разбуранай смяротным агнём 41-га Брэсцкай крэпасці.

А колькі было выстаў, у якіх удзельнічаў Данэлія, не пералічыць — ад Брэста і Мінска да Расіі, Англіі, Германіі, Балгарыі, Польшчы, Румыніі, Чехіі, Швецыі, Узбекістана, Галандыі, Малдавіі, краін Прыбалтыкі... І з якой радасцю ён успамінаў сваіх вучняў па мастацкай студыі ў Брэсце, якія потым сталі выдатнымі мастакамі, у тым ліку Міколу Селешчука, Івана Рэя, Пятра Свентахоўскага, Льва Алімава! Таксама ўзгадваў і тыя, даўно мінулыя гады, калі ён, Пётр Аляксеевіч, арганізаваў з сябрамі Брэсцкае аддзяленне Саюза мастакоў БССР, калі быў галоўным мастаком горада, дэпутатам гарсавета, калі цягам амаль дзесяці гадоў паспяхова ўзначальваў мясцовы Саюз мастакоў… Так, ён быў ні да каго не падобны. Цэласны. Часам жорсткі, калі трэба было змагацца з несправядлівасцю.

Вось ужо, здавалася б, такі чалавек сто гадоў пражыве! І марыў пра гэта. На адкрыцці сваёй апошняй выстаўкі ў Брэсце — у гонар свайго 90-годдзя — ён сказаў: “Мне б яшчэ дзясятак гадоў, каб закончыць карціны: іх у мяне ў майстэрні, пачатых, шмат…” Але не дажыў тры з паловай месяцы да 93-годдзя…

Што тут сказаць? Адно суцяшэнне: мастак не памірае — ён застаецца жыць у сваіх палотнах, “аўтапартрэтах чалавечай душы”. Застаецца жыць для людзей. І — працягвае радаваць іх чыстым святлом чароўных фарбаў.

11 кастрычніка 2018 года ў Брэсце на доме па вуліцы Савецкай, 58, дзе з 1990 года жыў мастак, была ўрачыста адкрыта бронзавая дошка памяці Пятра Аляксеевіча Данэліі.

На здымках: Пётр Данэлія. 1980-я гады, “Гераічны матыў”, “На Брэстчыне”, “Абаронцы Айчыны”, “Сустрэча з памяццю”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"