Батлейка з… капелюша

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Даруйце, але вялікую колькасць навін, датычных Калядаў, Шчодрыкаў і Старога Новага года, я, як і папярэджваў, праігнараваў. Усё добра ў пару. Месяц амаль заканчваецца. Вось Вадохрышча якраз бы да месца згадаць. Але навіны дасылаеце са спазненнем. Для большай аператыўнасці параю тэлефонам пакарыстацца, адшукаць Рагіна і перадаць фактуру “з пылу і жару”. А пакуль што пастараюся кампенсаваць нястачу ўласнымі ўспамінамі.

Дык вось, Вадохрышча. 1980-я, Ветка, ледзяное покрыва Сожа, пелька, ад свінцовай вады ідзе пара. У паветры — градусаў дваццаць з мінусам. Я, заматаны па нос, хукаю на “Зеніт”, каб не сканаў заўчасна. А ў пельку адзін за адным скокаюць санітарны ўрач, начальнік аддзела культуры, дырэктар музычнай школы, нейкія іншыя чыноўнікі-начальнікі. Фіксую момант, а нос цячэ. Паколькі рэлігійныя абрады пакуль не ў пашане, фотарэпартаж ідзе пад рубрыкай “Здаровы лад жыцця”. Кажуць, традыцыя “маржавання” ў родных аколіцах не захавалася. Шкада. Да здаровага ладу жыцця мы яшчэ вернемся. А пакуль — навіны, дзе гаворка пра асоб.

/i/content/pi/cult/782/16863/10_5.jpg

Намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка паведамляе: “У нашай выставачнай зале рэалізоўваецца арт-праект “Партрэт майстра”. Гэтым разам тут дзейнічае персанальная выстава спецыяліста па народных мастацкіх рамёствах Андрэя Рэцікава з Наваполацка. У экспазіцыі — дзесяць батлеек і больш за сотню лялек, якія Андрэй Міхайлавіч вырабіў у розных тэхніках. Асаблівае месца займае рэканструкцыя батлеечнай скрыні віцебскай батлейкі “Жлоб”… Андрэй Рэцікаў нарадзіўся ў Наваполацку. Шырока вядомы тым, што займаецца пастаноўкамі ў народным лялечным тэатры “КапялюШ”. Першая адбылася 24 гады таму. За гэты час майстар сабраў вялікі метадычны матэрыял па гісторыі беларускай батлейкі, пра аналагічныя тэатры Расіі, Украіны ды традыцыйныя тэатры Заходняй Еўропы. Вопыт Рэцікава пастаянна абагульняецца спецыялістамі абласнога метадычнага цэнтра. Летась Андрэй Міхайлавіч перамог у рэспубліканскім конкурсе “Чалавек года ў сферы культуры” (намінацыя “Народная творчасць”)”.

Імя паэта Івана Пехцерава шанавалі ў аднайменнай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Клімавіцкай

/i/content/pi/cult/782/16863/10_4.jpg

 бібліятэчнай сеткі Марына Шылава распавяла пра тое, што на сустрэчу прыйшлі літаратары, работнікі культуры. Пісьменнік Мікалай Мінчанка падзяліўся ўспамінамі пра свайго сябра. Іван Ягоравіч пісаў збольшага па-руску, але вельмі любіў родную Клімаўшчыну, пастаянна сюды прыязджаў. Пехцераў — аўтар 14 кніг паэзіі, на яго вершы напісана больш за сто песень. Імя паэта было прысвоена бібліятэцы ў 2014 годзе. Родныя Івана Ягоравіча перадалі ўстанове частку асабістых рэчаў пісьменніка: друкарскую машынку, фотаздымкі, аўтарскія выданні, публікацыі і рукапісы.

Творчыя калектывы бываюць розныя. Тыя, што складаюцца з асоб, з’яўляюцца максімальна выніковымі. Да прыкладу, дырэктар

 Гарадзішчанскай дзіцячай школы мастацтваў (Баранавіцкі раён) Віталь Купрык не можа стрымаць слоў задавальнення: “2020-ты пачаўся для нашай установы ўдала. Навучэнцы прынялі ўдзел у XIV Міжнародным калядным фестывалі-конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Мы разам”, што праходзіў у Брэсце. Ансамбль “Эксклюзіў Бэнд” (кіраўнік Андрэй Касач) стаў лаўрэатам 1 ступені, гурт цымбалістаў “Спадчына” (кіраўнік Таццяна Купрык) і вакаліст Мацвей Шынгель (настаўнік Марына Скурчык) — лаўрэатамі 2 ступені. Дыпломамі фестывалю ўзнагароджаны гітарыст Ягор Добыш (настаўнік Андрэй Косач) і вакаліст Сафія Шымко (настаўнік Марына Скурчык)”.

Вельмі ўразіўся тым, што ў Навадворскай сельскай бібліятэцы Шчучынскага раёна адно з мерапрыемстваў называюць “гадзінай паэтычнага настрою”. Як нам не стае іншым разам такога настрою! Дык вось, бібліятэкар Навадворскай бібліятэкі Марыя Бялоцкая піша пра такую гадзіну. Называлася яна “Ведалі б вы, як пішуцца вершы”. На сустрэчу з чытачамі прыйшла мясцовая паэтка /i/content/pi/cult/782/16863/10_1.jpgВалянціна Козіч. Пачытала свае вершы, адказала на пытанні. Да падзеі падрыхтавалі кніжную выставу “Родны край — крыніца натхнення”.

Чарговы ліст са Шчучыншчыны прыйшоў з Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі. Тут прайшло пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Клуб Неабыякавых Матуль” (вось яшчэ адна нешараговая назва!) пад найменнем “Свет у чаканні дзіваў”. Бібліятэкар Ганна Сцяпанчанка распавяла: “Гаворка ішла пра сумесны праект бібліятэкараў і валанцёраў. Дарэчы, ён прынёс ужо перамогу яшчэ ў

/i/content/pi/cult/782/16863/10_2.jpg

 адным праекце “Пашырэнне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў прыняцці рашэнняў па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі ў Беларусі”. Праект рэалізуецца Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа. “Неабыякавыя матулі” разам з валанцёрамі распачалі акцыю “Увайдзі ў кожны дом”, аддзячвалі людзям сталага веку. Потым заняліся прыёмнымі дзецьмі, якіх у пасёлку шмат”. Ганна Аляксандраўна, якая прыдумала назву аб’яднання, кажа, што яна нібыта састарэла, бо справай заняліся не толькі маці, але і таты ды бабулі з дзядулямі. Але гарпасялкоўцы супраць змены наймення. Маўляў, яно паспела стаць брэндавым. Ганна Аляксандраўна не супраць.

А вось у Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа зладзілі гістарычны экскурс “Кніжныя скарбы Слонімскай зямлі”,прымеркаваны да 80-годдзя ўтварэння раёна. У мерапрыемстве браў удзел гісторык, краязнаўца, журналіст і паэт Сяргей Чыгрын. Пра акцыю паведаміла бібліятэкар аддзела маркетынгу Наталля Струкава.

Прыйшлі допісы пра 80-годдзе Слонімскага і Ваўкавыскага раёнаў. З гэтай нагоды работнікі Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і Краснапольскага Дома культуры паказалі канцэртную праграму “Край, у якім я жыву!” А Слонімская дзіцячая райбібліятэка правяла са школьнікамі краязнаўчыя чытанні “Табою дыхаю, мой край, праменным сонейкам сатканы”. Загадчык установы Наталля Гурская дадае, што падчас мерапрыемства быў праведзены агляд краязнаўчай літаратуры.

Краязнаўца Іван Лапо паведамляе: “У Клімавіцкім краязнаўчым музеі па ініцыятыве яго дырэктара Дар’і Эверс прайшла навуковая краязнаўчая канферэнцыя “Усходняя Беларусь у 1920-я гады: да 95-годдзя Калінінскай акругі”. Цікава, што жыхары акругі карысталіся чатырма мовамі: беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай. Тэрыторыя Касцюковіцкага раёна таксама ўваходзіла ў Калінінскую акругу. Клімавічы былі яе цэнтрам”.

/i/content/pi/cult/782/16863/10_3.jpgНавіны адным радком. У Навагрудскім ЦКіНТ, піша дырэктар установы Наталля Кавальская,

 пачалі рэалізоўваць праект для сталых людзей, скіраваны на сацыяльна-культурную адаптацыю і падрыхтоўку валанцёраў.

У Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы (Бераставіцкі раён) правялі

 экалагічную экскурсію, прымеркаваную да Днязапаведнікаў і нацыянальных паркаў.

Аграгарадок Баруны Ашмянскага раёна стаў месцам традыцыйных чайна-песенных пасядзелак людзей сярэдняга веку.

Фальклорна-этнаграфічнаму аматарскаму калектыву, што нарадзіўся пры Белдзяржуніверсітэце, — сорак гадоў.

Як распавядае метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Палаца мастацтваў Бабруйска Кацярына Крылова, ва ўстанове праведзена тэатралізавана-гульнявая праграма “Жыццё без цыгарэт”.

А супрацоўнік Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Бычанок нагадвае, што цыгарэты вельмі часта становяцца прычынай пажараў. А змагаюцца з імі выратавальнікі, прафесійнае свята якіх было адзначана днямі ў рэспубліцы. Выратавальнікі робяць усё, каб не было тэхнагенных бедстваў і вынішчальных наступстваў стыхій. І сёння нумар 101 вядомы кожнаму, у тым ліку і работнікам культуры. Аўтар распавядае, што з 20 студзеня па 20 лютага ў сталіцы праходзіць рэспубліканская акцыя “Бяспеку — у кожны дом!” Трэба памятаць: штогод у Беларусі адбываецца больш за сем тысяч надзвычайных сітуацый. Гіне каля тысячы чалавек. Прычыны: паленне цыгарэт у нецвярозым стане, парушэнне правілаў бяспекі пры эксплуатацыі электраабсталявання, дзіцячае свавольства з агнём. І пра гэта неабходна памятаць.

Беражыце сябе! Сустрэнемся праз тыдзень.

На фота: сталыя людзі ў Навагрудку асвойваюць рамёствы, у Барунах песні чаем запіваюць, Ваўкавыскаму раёну — 80, Малабераставіцкая экалагічная “брыгада”,  неабыякавыя матулі са Шчучыншчыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"