У чым яно, шчасце?

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

На адной з атэстацый кіраўніцтва запытала ў мяне: “На раёнах цябе як журналіста паважаюць ці баяцца?” Шчыра кажучы, не памятаю, што адказаў. Але з таго моманту раз і назаўжды раздзяліў для сябе паняцці “паважаюць” і “баяцца”. Супрацьлеглыя яны. Павагі дабіцца складаней. Павага — значыць супрацоўніцтва. Прычым, у самым высокім сэнсе: супраца на духоўным узроўні — думаць пра адно і тое ж ды рабіць адно і тое ж. Вось, напэўна, маё журналісцкае шчасце. Але ўсё гэта лірыка, а вашы навіны — надзённая патрэба дня.

Непазбежнае рэха нядаўніх святаў. Спектаклем “Ноч перад Раством” адзначыў Каляды тэатральны калектыў “Вобраз” Мазалаўскага сельскага Дома культуры (Віцебскі раён). Кіраўнік “Вобраза” Андрэй Струнчанка піша: “Пастаноўка паводле знакамітай аповесці Мікалая Гогаля літаральна ззяла ўкраінскім каларытам. Гісторыю кахання Вакулы ды Аксаны ўвасобілі Аксана і Уладзімір Дрыгебкі, Аляксандра Байдакова, Наталля Лявонава, Вольга Гецман, Аляксандр Цішчанкаў, Вольга Жураўская, Наталля Бардзіна, Марына Маясеенка, Святлана Ліхавідава і Інга Арцёменка. Кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці Ала Антаненка стала сцэнографам спектакля”. Адразу захацелася “Вечары на хутары…” перачытаць.

Навагоднія мерапрыемствы для дзяцей правялі і ў Палацы мастацтваў Бабруйска. Метадыст Кацярына Крылова вылучае конкурс “Таленты”, падчас якога падлеткі змаглі прадэманстраваць свае творчыя прыхільнасці. Таленавітых у нас шмат, але далёка не заўжды гэтыя якасці праяўляюцца з максімальнай карысцю для ўсіх.

Думаюць пра гэта і ў Палацы культуры Ліды. Дабрачыннае свята тут было праведзена менавіта для адораных дзяцей: пераможцаў алімпіяд, канцэртных аглядаў, спартыўных спаборніцтваў.

/i/content/pi/cult/781/16845/10_3.jpgЗюзя падчас школьных вакацый атабарыўся ў Ганцавіцкім раённым Доме рамёстваў. Пра гэта паведаміла малодшы навуковы супрацоўнік установы Наталля Білімава.

Пра калядна-абрадавыя праграмы напісалі метадысты Ашмянскага раённага цэнтра культуры. У вёсцы Гродзі работнікі культуры наладзілі абрадавую тэатралізацыю “Ламанне аплаткі”. Аплатка — гэта хлябец, які з’яўляецца важным калядным атрыбутам. Гэты пачастунак, распавядаюць супрацоўнікі навукова-метадычнага цэнтра, выпякаецца ў Браславе, Баранавічах, Навагрудку.

Рэзідэнцыя Дзеда Мароза на Ашмяншчыне размясцілася ў/i/content/pi/cult/781/16845/10_1.jpgконна-спартыўным цэнтры “Гіпіка”. Дзеці былі неймаверна ўзрушаны, бо коней можна было пагладзіць!

Чарговая інфармацыя з Ашмянскага раёна. У святочнай канцэртнай праграме выступілі народны тэатр танца і песні “Імпульс”, народны тэатр РЦК. Цягам дзвюх гадзін яны дарылі наведвальнікам цэнтра культуры пазітыў.

На Каляды на сцэне Свіслацкага раённага цэнтра культуры і творчасці выступілі народны хор ветэранаў працы “Сузор’е” і ўзорны танцавальны ансамбль “Усмешка”.

Літаратуру для чытачоў Парэцкага сельсавета (Гродзенскі раён) прывезлі калядоўшчыкі. Акрамя кніг вяскоўцы атрымалі календары і салодкія падарункі. Натуральна, частавалі і калядоўшчыкаў-бібліятэкараў.

Ваўкавыскі раён, напісала загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры Ларыса Ланіна, таксама гасцінна сустрэў калядоўшчыкаў. Шчадравалі ў аграгарадках Рэпля, Рупейкі, у вёсцы Галынка…

У Ваверскім Доме культуры Лідскага раёна правялі старадаўні калядны абрад “Тры Каралі”. Завозна было і ў Лідскім замку, дзе/i/content/pi/cult/781/16845/10_4.jpgпрайшло свята “Замак-фэст, ці Цуды на Каляды”. Сюды прыходзілі сем’ямі. Папулярнасцю, як сцвярджаюць сведкі, карысталася Калядная хата, дзе былі прадстаўлены экспазіцыя калядных зорак, рэтра-выстава навагодніх цацак ды паштовак савецкай эпохі.

/i/content/pi/cult/781/16845/10_2.jpgКаляды ў Дзяржынску — падзея надзвычай яскравая. Рэдактар Дзяржынскага гарадскога Дома культуры Таццяна Шылак паведамляе, што на галоўнай плошчы горада выступілі юныя артысты студыі “Задорынка” Дзяржынскага ГДК і Станькаўскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама — выхаванцы нядзельнай школы Свята-Пакроўскай царквы. А калядоўшчыкамі сталі работнікі культуры Баравікоўскага і Томкавіцкага ДК. А дзяўчаты дзяржынскага ансамбля “Карагод” здзівілі не толькі песняй, а і казой з мядзведзем.

Канцэрт “Запалі свячу на Каляды” сабраў у Дзятлаўскім цэнтры культуры ці не ўсё насельніцтва райцэнтра.

Вядучы метадыст па рабоце ў сферы традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч працягвае распавядаць пра падзейна-культурны праект “Сход калядоўшчыкаў”. “Праект уключае, — піша аўтар, — этнавандроўкі ў глыбінку. Народны тэатр народнай песні Жытамлянскага дома фальклору пад кіраўніцтвам Тэрэсы Адамовіч адпраўляецца ў аграгарадок Парэчча, а народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці (кіраўнік Дзяніс Балабуеў) наведаў вёскі Абухава і Капцёўка. Час ад часу ўдзельнікі праекта ладзяць семінары па абагульненні каляднага, так бы мовіць, досведу.”

На гэтым калядная тэма закрываецца. Зялёнае святло — хіба што Вадохрышчу.

Напісала нам бібліятэкар аўтабібліятэкі Ірына Яцкевіч са Шчучына. Рэдкая справа! Інфармацыя, можна сказаць, з пярэдняга краю. Вось гэта я і называю шчыльнай творчай супрацай. Дык вось, спадарыня Ірына паведамляе: “Днямі наведвалі пасёлак Ражанка, вёскі Тапілішкі, Даўлюдаўшчыну. А літаральна ўчора адправіліся ў самыя дальнія нашы паселішчы: у вёскі Патока, Дзякаўцы, Падбобра. Хоць і маланаселеныя яны, аднак апрача пенсіянераў тут і дзеці жывуць. Але спачатку заехалі ў Мураванку, завезлі нашых будаўнікоў, бо мясцовая сельская бібліятэка рамантуецца”. Вельмі шчыры ліст. Пішыце, спадарыня Ірына, нам заўжды цікава, як выжываюць нашы невялічкія вёскі.

Інфармацыя з Бераставіцкага раёна. Загадчык Алекшыцкай сельскай бібліятэкі Вольга Барысевіч распавядае пра вечар адпачынку “Песні нашай маладосці”. Акцыя — вынік дзейнасці аматарскага аб’яднання для людзей сталага ўзросту “Сустрэча”.

Мы пісалі пра аб’яднанне аматараў лячэбнай гімнастыкі і бальных танцаў “Эпатажны блюз” з Наваяльнянскага Дома культуры (Дзятлаўшчына). Нядаўна аб’яднанне стала ініцыятарам балю “Пад музыку Вівальдзі…” Эксперымент прайшоў больш чым удала. А таму “блюзаўцы” вырашылі правесці сёлета ў Дзятлаве Радзівілаўскі баль. Супрацоўнікі цэнтра культуры Дзятлава пішуць: “Дамы — гатовыя. Застаецца ўгаварыць кавалераў — і раённы фурор забяспечаны”. Я за такі фурор — абедзвюма рукамі!

Сельская бібліятэка аграгарадка Каменны Лог, што ў Ашмянскім раёне, правяла экалагічнае мерапрыемства, на якое запрасіла выхаванцаў аздараўленчага школьнага лагера. Гаворка ішла пра лес, ягоных насельнікаў, пра дрэвы і расліны. Дзеці пазнаёміліся і з энцыклапедычнай літаратурай на гэтую тэматыку.

“У інтэграванай бібліятэцы аграгарадка Дэмбрава для дзяцей з прышкольнага лагера “Вясёлка” праведзены гісторыка-краязнаўчы конкурс “Мая вуліца, мая вёска, мая малая радзіма”, — паведамляе бібліятэкар са Шчучынскага раёна Святлана Медушэўская. — Дзеці пазнаёміліся з гістарычным мінулым Дэмбрава, здзейснілі віртуальную экскурсію па вулачках аграгарадка, даведаліся пра асноўныя славутасці — касцёл Святой Тройцы (XVII стагоддзе) і царкву Святога Іаана Багаслова (XIX стагоддзе). Згадалі мясцовага мастака Рамуальда Рыбака, мясцовую кадрылю, якая занесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”.

Пішыце пра цікавае. Сустрэнемся праз тыдзень!

На фота: Ганцавіцкі Зюзя сустракае сяброў, У конна-спартыўным цэнтры “Гіпіка” на Ашмяншчыне, Каляды ў Дзяржынску —

падзея надзвычай яскравая, у Лідскім замку.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"