Цэнтр, які заўжды ў цэнтры падзей

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга АНТОНЕНКА распавядае “К” пра таямніцы аўсянага кіселя і пра тое, што беларусы — ніяк не рахманыя…

/i/content/pi/cult/781/16840/6_1.jpgЗгаданы цэнтр адзначыў у снежні 25-годдзе. З 2016-га ім кіруе Вольга Антоненка, колішні начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама. Менавіта пры Вользе Вітальеўне цэнтр пашырыў свае паўнамоцтвы і стаў каардынаваць не толькі працу з нацыянальна-культурнымі суполкамі нашай краіны, з беларусамі замежжа, але і заняўся метадычным забеспячэннем клубных устаноў Беларусі. Гаворка ў інтэрв’ю пра гэтыя і іншыя змены ў дзейнасці ўнікальнай установы.


— У суседніх краінах ёсць аналагі нашаму цэнтру?

— Ёсць. У Расіі, да прыкладу, існуюць дамы ці цэнтры нацыянальных культур. Летась адзін з кіраўнікоў такой установы ў Казані распавёў, што месціцца яна ў асобным будынку з цудоўнай канцэртнай залай. Своеасаблівы дом сяброўства для ўсіх нацыянальных аб’яднанняў.

— У вас пакуль такога будынка няма.

— Плошчы арандуем. 25 гадоў таму цэнтр увогуле меў адно памяшканне ў Палацы культуры ветэранаў. Потым установа перабралася на вуліцу Фрунзе. Там ужо два кабінеты было. Цяпер мы маем частку памяшканняў (12 кабінетаў) і актавую залу (180 месцаў) на Чычэрына, 19. Зрабілі якасны рамонт. З 2016 года пастаянна займаемся пашырэннем нашых плошчаў, бо ахвотных нас наведваць вельмі шмат. Добрае сяброўства ў нас з саветам ветэранаў, з таварыствамі інвалідаў, з Беларускім цэнтрам духоўнага адраджэння Храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Натуральна, асноўныя наведвальнікі — прадстаўнікі нашых нацыянальных дыяспар.

— Што прапаноўваеце гэтым ахвотным?

— Моўныя курсы, заняткі па харэаграфіі, вакалу, па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Канцэрты, літаратурныя вечары і чытанні, абрадавыя дзеі (малдаўскі “Марцішор”, “Сабантуй” у татараў і башкіраў), усё — бясплатна. Кіраўнікі нашых мастацкіх калектываў маюць асноўную працу, але і ў нас атрымліваюць заробак па сумяшчальніцтве. Як інакш, бо многім гуртам цэнтра больш чым па дваццаць гадоў. Час мінае, склад мяняецца, а ансамбль застаецца. У такой пераемнасці — вялікая карысць. Армянскі фальклорны калектыў ужо адзначыў гэты юбілей, а карэйскі — толькі збіраецца. Для вялікіх канцэртаў арандуем вялікія залы. 25-годдзе цэнтра адзначалі, напрыклад, у канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе хапіла месца і для мастацкай выставы… Самае галоўнае, па вялікім рахунку, што ўсе мы — разам. У Беларусі пражывае 141 нацыянальнасць. Не ўсе яны маюць сваё грамадскае аб’яднанне. Але мы рады кожнаму і гатовы разглядаць любую творчую прапанову. Ёсць у Беларусі таварыства “Сябры Паўночнай Карэі”. Яны таксама нашы наведвальнікі. Пазалетась малдаўская дыяспара сустракалася ў нас з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Ён вельмі ўважліва выслухаў усе пытанні і пажаданні. Нядаўна быў віцэ-прэм’ер Татарстана Равіль Зарыпаў. Любяць наведваць цэнтр кітайцы…

— Пры вас, Вольга Вітальеўна, цэнтр заняўся выдавецкай справай. “К” пісала ў свой час пра цудоўную манаграфію/i/content/pi/cult/781/16840/6_2.jpg“Творчыя калектывы беларусаў замежжа”. Падчас юбілейных святкаванняў установы прэзентавалася кніга “Наш цэнтр. Наша гісторыя. Наша будучыня”, прысвечаная 80-годдзю абласных метадычных цэнтраў. Выйшлі нотныя зборнікі для танцораў і спевакоў. Аўтар аднаго з іх — Міхась Дрынеўскі. Некалькі слоў пра гэтую дзейнасць.

— Мы гатовы выдаваць беларускіх аўтараў. Але будучае выданне павінна прайсці конкурсны адбор. Навукова-метадычная рада разглядае матэрыял і дае прафесійную ацэнку, у адпаведнасці з якой і выносіцца вердыкт на рэдактуру і падрыхтоўку да друку.

— Наколькі ведаю, да 2016 года цэнтр такія дапаможнікі не выпускаў…

— Так.

— Згадаем Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне. Таксама ваша парафія. І якраз яна на постсавецкай прасторы не мае аналагаў па маштабах.

— Сапраўды, гэта глабальнае мерапрыемства з адборачнымі турамі па ўсёй краіне і з вельмі сур’ёзнай падрыхтоўкай… Не, у іншых краінах ёсць святы нацыянальных культур. Але яны аднадзённыя. Нашы калектывы бываюць на такіх фэстах у Літве, Польшчы, Расіі. Штосьці падобнае мы ладзім разам з Мінскім гарвыканкамам у Верхнім горадзе. Фестываль у Гродне дае нацыянальную панараму не аднаго горада, а ўсёй рэспублікі, ён доўжыцца не адзін дзень, а два (а ў 2018 годзе — увогуле — тры дні), колькасць нацыянальных падворкаў уражвае і кожны раз прыцягвае ўсё больш замежных турыстаў. Натуральна, дапамагае тут і бязвізавы рэжым. Штогод разам з работнікамі культуры Гродна стараемся ўнесці ў фэст штосьці новае. Выдадзена кніга фестывальнай хронікі з моманту зараджэння мерапрыемства. Цяпер рыхтуецца зборнік, што распавядзе пра кожную з нашых дыяспар… Безумоўна, ёсць нюансы, звязаныя з фінансаваннем. Тысячу ўдзельнікаў трэба і прытуліць, і накарміць. Вельмі шмат ахвотных прыехаць на гэты фэст з ліку беларусаў замежжа. Прыняць іх усіх, зразумела, не маем магчымасці. Яны могуць завітаць у Гродна толькі ў якасці турыстаў. Урэшце, мы для беларусаў замежжа робім асобны фестываль. З гэтай нагоды цэнтр займаецца ўсімі канцэптуальнымі, арганізацыйнымі пытаннямі. Міністэрства культуры нас фінансуе.

— Сёлета вы рыхтуецеся да правядзення двух фэстаў: нацыянальных культур у Гродне і фестываль мастацтваў беларусаў свету ў Мінску, ці не так?

— Так, год у нас надзвычай напружаны — фестывальны. У 2017-м мы ладзілі ў сталіцы трэці па ліку фэст беларусаў замежжа. Былі прадстаўнікі 19 краін. Я тады прапанавала выезд у рэгіёны. У кожную вобласць скіраваўся аўтобус з суайчыннікамі. Гучала беларуская мова, усё было шчыра і шчымліва… Арыенціровачна фэст пройдзе ў бягучым годзе ў другой палове верасня.

— Падчас беларусізацыі 20-х гадоў спецыяльныя камісіі з БССР цікавіліся, як жывуць нашы суайчыннікі ў Расіі, як працуюць беларускія школкі. Сёння ў вас ёсць магчымасць наведаць беларусаў замежжа?

— Ёсць спецыяльны артыкул фінансавання. Замежныя беларускія суполкі пастаянна запрашаюць нашы калектывы на канцэрты, святы, канферэнцыі. Не заўжды атрымліваецца, але практычна можна наведаць любы куточак свету, дзе жывуць выхадцы з Беларусі.

— У замежных суполак ёсць праблемы з фінансаваннем?

— Амаль няма. Як правіла, актыўная суполка, калі ў гэтым ёсць патрэба, закідвае мясцовае кіраўніцтва, Міністэрства культуры, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, нашы пасольствы лістамі з просьбамі, тэлефануе. Словам, усяляк даводзіць сваю патрэбнасць.

/i/content/pi/cult/781/16840/6_3.jpg— Так што беларусы — не рахманыя?

— Не. У Аргенціне існуе калектыў, які мы яшчэ ў 2016-м віншавалі з 75-годдзем. Цудоўны калектыў! Па просьбе пасольства Беларусі ў гэтай краіне ў красавіку мы будзем накіроўваць туды двух харэографаў (мужчыну і жанчыну), спецыялістаў па беларускіх танцах. Замежнікі вельмі сур’ёзна паставіліся да пытання: мужчына будзе працаваць з мужчынамі-танцорамі, жанчына — з жанчынамі. Запатрабаваныя і тыя стажыроўкі, што ладзяцца ў цэнтры. Мы адмовіліся ад дапамогі Інстытута культуры Беларусі, бо ўсё (у тым ліку і стажыроўкі) павінна знаходзіцца ў адных руках. Такім чынам пачалі арганізоўваюць не адну, а дзве стажыроўкі ў год. Прыцягнулі да справы Універсітэт культуры, Акадэмію навук, Музей архітэктуры і побыту. З майстрамі працуе Яўген Сахута. Выезды ў глыбінку — абавязковыя. Інакш як яшчэ ім патлумачыць на справе, як варыцца аўсяны кісель ці гатуецца дранік. Замежнікі з вясковымі бабулькамі, з мясцовымі калектывамі і танцуюць, і спяваюць. Вялікая карысць ад такіх стасункаў у натуральных умовах. А ў матулінай мове нашы госці проста з галавой патанаюць. Да слёз даходзіць. Вось такая раскоша беларускіх зносін. Зрэшты, такое ж стаўленне да сваіх каранёў і ў прадстаўнікоў нацыянальных арганізацый Беларусі. Займаешся іх пытаннямі і на палову дня становішся, умоўна кажучы, ромам ці эстонцам.

— Па-мойму, такім чынам і павінен мацавацца імідж Беларусі ў свеце.

— А беларусаў вельмі любяць. За адкрытасць, дабрыню, за гатоўнасць прыйсці на дапамогу.

— Два маштабныя фестывалі, стажыроўкі і праца з нацыянальна-культурнымі аб’яднаннямі… Ужо гэтага было б дастаткова для функцыянальных абавязкаў цэнтра. Але ж вы займаецеся яшчэ і методыкай клубнай дзейнасці. Ці сталі вы рэспубліканскім метадычным цэнтрам?

— Думаю, што так. Прынамсі, адмаўляцца ад гэтага кірунку працы не сталі, бо нам дадалі адзінак, і прыйшлі людзі прафесійна апантаныя. Створаны два аддзелы: метадычнага забеспячэння і народнай творчасці. І шмат зроблена за апошнія гады. Пра нашы выданні гаворка ўжо была. Але мы яшчэ паспелі правесці пяць рэспубліканскіх семінараў для клубных работнікаў з выездам у вобласці. Пры гэтым можна і штосьці новае ўбачыць, і штосьці абмеркаваць і пра штосьці паспрачацца. Таму семінары такія запатрабаваныя.

— Я ў гэтым на ўласным вопыце пераконваюся. Усё так імкліва развіваецца ў раёнах, што адсачыць не паспяваеш. Калі б не семінары, шмат бы чаго не пабачыў. У першую чаргу, маю на ўвазе музейны падворак і хату ў вёсцы Чабатовічы Буда-Кашалёўскага раёна… Як вы ўзаемадзейнічаеце з Рэспубліканскім саветам дырэктараў абласных метадычных цэнтраў, якім кіруе Алег Хмялькоў?

— Савет — актыўны ўдзельнік згаданых семінараў. І менавіта ў Магілёўскім абласным метадцэнтры мы ладзілі пазалетась семінар па дзейнасці аматарскіх тэатральных калектываў… Нам дзяліць няма чаго. Раімся, дапамагаем адзін аднаму. Але аналітыку збіраем мы. І нашы рэкамендацыі былі прыняты пасля пасяджэння калегіі Міністэрства культуры па развіцці Аршанскага раёна. Абласны метадычны цэнтр павінен найперш займацца развіццём культуры сяла.

— Пытанне ў працяг тэмы. Хранічна не стае рэспубліканскіх конкурсаў для клубных работнікаў СДК і СК, кіраўнікоў аўтаклубаў. Што мяркуеце рабіць у дадзеным плане?

— Усё правільна: клубныя работнікі — на перадавой…

— А бібліятэкары, лічу, пачалі іх абыходзіць у выдумцы і арыгінальнасці…

— Ёсць такое. Але лепшыя клубныя ўстановы заўжды заахвочваюцца на ўзроўні вобласці, раёна. Стымул ёсць. Іншая справа, што ёсць ноч музеяў, ноч бібліятэкі, ночы клуба няма. А дакладней — усе выхадныя ноч клубаў.

— Яны проста не навучыліся сябе піярыць… Вольга Вітальеўна, калі ў далёкую перспектыву глядзець, ці ж не патрэбны вам асобны будынак, дзе і зала была б шыкоўная, і, мабыць, музей народнага мастацтва, пра які даўно марыць Яўген Сахута, знаходзіўся? Вы ж умацаваннем іміджу краіны займаецеся, народнай культурнай палітыкай, у тым ліку і за мяжой. Вам і выдавецтва сваё не пашкодзіла б.

— Канешне, такая перспектыва — вельмі жаданая. Але пакуль абыходзімся тым, што ёсць. Чакаем, да пракладу, калі вызваліцца чарговае памяшканне. Мяркуем стварыць там мастацкую галерэю. Дарэчы, у нас вельмі шмат міжнародных праектаў. Цыганская дыяспара і адзін з нямецкіх фондаў збіраюцца рэалізаваць адзін з іх пад назовам “Генацыд ромаў у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Экспазіцыю мяркуем адкрыць у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

— Еўрасаюз дапамагае грашыма?

— Ды не. Я ўжо казала, што дыяспары больш працуюць з пасольствамі. Напрыклад, пасольства ФРГ вельмі дапамагае. Пры яго ўдзеле пазалетась быў адкрыты памятны знак на месцы нямецкай кірхі ў Лютаранскім скверы на сталічнай вуліцы Карла Лібкнехта. У рамках Дзяржаўнай праграмы ідзе фінансаванне, мы яго да капейчыны асвойваем, у тым ліку — і на пашыў нацыянальных касцюмаў, і на выданне метадычных дапаможнікаў.

На фота: Вольга Антоненка (у цэнтры) з моладдзю ў касцюмах беларускай шляхты, метадычныя дапаможнікі цэнтра.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"