Ад заяўкі да канкрэтнай сумы
Дык што за падарунак атрымаў раён-юбіляр? Думаю, што пачаць тут варта здалёк. Кіраўніцтва літоўскага Варэнскага раёна і беларускага Шчучынскага прыйшло да высновы, што агульнай нявырашанай праблемай застаецца недастатковая ступень інтэграцыі ў грамадства дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і з праблемных сем’яў. Напэўна, варта адзначыць тут і адсутнасць безбар’ернага асяроддзя ва ўстановах эстэтычнага навучання, недастатковы ўзровень кампетэнтнасці педагогаў у справе эфектыўнага выкарыстання арт-тэрапіі, не надта эфектыўную сістэму ўзаемадзеяння настаўнікаў, сацыяльных работнікаў, бацькоў і грамадскіх арганізацый у кірунку інтэграцыі ў грамадства сацыяльна слабых дзяцей.
Сумесная заяўка Шчучынскага райвыканкама і адміністрацыі літоўскай Варэны была зацверджана і атрымала сафінансаванне з бюджэту Еўрасаюза. Агульная сума, патрэбная для рэалізацыі праекта, — 1,4 мільёна еўра. Да 90 працэнтаў выдаткаў кампенсуецца з бюджэту праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва. Для Шчучынскага раёна прадугледжана амаль 340 тысяч еўра. 33 тысячы з гэтай сумы — сафінансаванне з раённага бюджэту.
Дарэчы, да 80-годдзя раёна ў Шчучыне здадзена пасля капітальнага рамонту і сярэдняя школа. А таксама пачаў дзейнічаць перасоўны ФАП. Словам, падарункі да юбілею — больш чым істотныя.
Шчучынская ДШМ падчас урачыстай здачы пасля капітальнага рамонту
Пандус і пад’ёмнік…
Не ведаю як у Варэне, а школа мастацтваў у Шчучыне месціцца ў будынку, што быў узведзены ў 1958 годзе. Даглядаўся ён годна, але апошні рамонт тут правялі ў 80-х. Барацьба за безбар’ерны асяродак пачалася ў леташнім ліпені. Навучанне дзяцей вялося на іншых плошчах. У выніку капрамонту з частковай мадэрнізацыяй новы-стары будынак пашырыў уваходную групу, займеў пандус, прыбіральні для вазочнікаў, пад’ёмнік на другі паверх і адрамантаваныя класы.
Гэтым часам педагогі і бацькі авалодвалі новымі методыкамі работы з дзецьмі, разбіраліся ў таямніцах гаючай арт-тэрапіі. Натуральна, цягам гэтага часу беларускі бок ладзіў сустрэчы з варэнскімі партнёрамі, агульнымі намаганнямі аператыўна вырашаў пытанні, абменьваўся досведам, вызначаў асноўныя этапы рамонту, абмяркоўваў будучыя сумесныя творчыя мерапрыемствы. Вось такое прадметнае канструктыўнае сяброўства, пасля якога застаюцца не толькі станоўчыя эмоцыі, але і канкрэтныя матэрыяльныя рэчы.
Удзел — бясплатны
З 15 студзеня дзеці зноў займаюцца ў сваім будынку. Але праект працягвае рэалізоўвацца. Навучанне настаўнікаў мастацтваў будзе доўжыцца ў студзені — лютым. Распрацоўваецца адмысловая праграма па дадатковай адукацыі эстэтычнага выхавання. На май — чэрвень запланаваны творчыя летнікі для сацыяльна слабых дзяцей. Удзел у праекце для іх і іх бацькоў — бясплатны. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя.
Застаецца дадаць, што асноўнай мэтавай групай праекта сталі дзеці 6 — 19 гадоў з асаблівымі, так бы мовіць, адукацыйнымі патрэбамі: са слабаразвітымі разумовымі здольнасцямі; з парушэннямі зроку, слыху і здольнасці да навучання; з апорна-рухальнымі і неўралагічнымі, эмацыйнымі расстройствамі; з моўнымі парушэннямі; дзеці з небяспечных сем’яў і дзеці-ўцекачы.
Вы, напэўна, пераканаліся, што праект — унікальны, а тэма сацыяльнай інтэграцыі ў грамадства — актуальная. Таму “К” абяцае рэгулярна звяртацца да яе.
Фота з архіва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама.