Гістарычныя карты яднаюць народы

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Як мы ўжо інфармавалі, 19 снежня ў Мірскім замку адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднай выставы гістарычных карт “Аб’ядноўваючы прастору і час: беларускія землі на картах XVI — XVIII стст.”, якая з’яўляецца сумесным праектам Музея “Замкавы комплекс “Мір”, Нацыянальнага музея гістарычных карт і кніг (Румынія), Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і калекцыянера Ігара Сурмачэўскага. Выстава праводзіцца ў рамках праекта па расшырэнні прафесійных кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і Еўрапейскага Саюза Most і пры падтрымцы пасольства Рэспублікі Беларусь у Румыніі.

З вітальным словам выступіў дырэктар “Замкавага комплекса “Мір” Аляксандр Лойка. Адмыслова для выставы быў набыты арыгінал карты Вялікага Княства Літоўскага 1631 года, які знаходзіўся ў калекцыі Ігара Сурмачэўскага. Карта была выкананая славутым картографам Томашам Макоўскім на замову Мікалая Радзівіла Сіроткі. Як адзначыла малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір” Вераніка Красоўская, агулам на выставе прадстаўлены тры дзясяткі гістарычных карт — як арыгіналаў, так і копій.

/i/content/pi/cult/779/16826/14_5.jpgНадзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі Андрэй Грынкевіч падкрэсліў, што гэтая выстава закладвае пачатак для многіх праектаў, якія дазволяць грамадзянам Румыніі і Беларусі даведацца больш пра агульныя старонкі гісторыі гэтых народаў.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віярэл Машану адзначыў, што Мірскі замак для яго з’яўляецца сімвалам еўрапейскасці і гістарычнай спадчыны Беларусі, і таму яму прыемна ўпершыню быць тут не проста госцем, а адкрываць выставу, якая з’яўляецца плёнам беларуска-румынскага супрацоўніцтва. Як паведаміў дыпламат, картаграфічная спадчына, між іншага, сведчыць, што Вялікае Княства Літоўскае пэўны час было суседам Румыніі, а значыць, між нашымі дзяржавамі адбывалася супрацоўніцтва і абмен, у тым ліку, і элітамі. У сувязі з гэтым Віярэл Машану падкрэсліў важнасць і сучаснага міжнароднага супрацоўніцтва нашых краін.

Вучоны сакратар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка/i/content/pi/cult/779/16826/14_4.jpg “Нясвіж” Уладзімір Каралёнак выказаў спадзеў, што Мірскі і Нясвіжскі замкі стануць важнымі месцамі, дзе беларуская культура і спадчына будуць шырока прадстаўленыя для турыстаў.

Дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Груша адзначыў, што, разглядаючы старыя карты, мы бачым не толькі рэальную карціну свету, але і знаёмімся са светапоглядам аўтараў старажытных карт, які розніўся ад сучаснага.

Падчас урачыстага адкрыцця выставы перад гасцямі выступілі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль старадаўняй музыкі “Пастараль” з горада Дзяржынск і мастачка санд-арту Аляксандра Канафальская.

На выставе прадстаўлены карты XVІ — XVIII стагоддзяў, а таксама іх копіі. Між іншага, тут можна пабачыць работы такіх вядомых майстроў, як Герард Меркатар, Лангенес Барэнт, Бертыус Петрус і іншых. Акрамя карт, наведвальнікі выставы могуць пабачыць прадметы, звязаныя з картаграфіяй — компасы, тэадаліты і іншыя падобныя прылады. Выстава працягнецца да 29 сакавіка 2020 года.

Фота аўтара

На фота: Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віярэл Машану, Удзельніцы ансамбля “Пастараль”

ля карты Томаша Макоўскага.