Васіль Быкаў. Дома

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

На доме, у якім жыў пісьменнік, усталююць мемарыяльную дошку. Пра запланаванае з’яўленне памятнага знака, прысвечанага беларускаму класіку, распавёў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў. Гэта адбылося падчас адкрыцця літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Васіль Быкаў: доўгая дарога дадому”, якая пачала сваю работу ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

— Дагэтуль у Мінску не было мемарыяльных дошак, прысвечаных Васілю Быкаву, — адзначае Міхаіл Рыбакоў. — Таму радасна, што атрыманы дазвол Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама на ўсталяванне мемарыяльнай дошкі на доме, у якім жыў Васіль Быкаў. Памятны знак з’явіцца на вуліцы Максіма Танка, 10. У тым доме і па сёння жыве ўдава пісьменніка. Бліжэйшым часам будзе абвешчаны конкурс на найлепшы эскіз — і абраны адзін з прапанаваных твораў. Дарэчы, фундуюць з’яўленне дошкі беларусы замежжа, курыруе праект Аляксандр Сапега. Калі ўсё будзе ісці сваёй чаргой, то мемарыяльны знак мы зможам убачыць ужо ў лютым. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пры падтрымцы Мінгарвыканкама і ўдзеле Саюза пісьменнікаў Беларусі выступае прадстаўніком беларусаў замежжа ў гэтым праекце на тэрыторыі нашай краіны.

/i/content/pi/cult/779/16825/14_3.jpg

Супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — дырэктар Міхаіл Рыбакоў, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Вольга Гулева і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Настасся Кальцова падчас адкрыцця новай экспазіцыі

Адным з тых, хто асабіста ведаў Васіля Быкава пры жыцці, з’яўляецца доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша. Ён прыгадаў свае ўражанні ад знаёмства з пісьменнікам:

— З Васілём Уладзіміравічам мы сустракаліся не аднойчы. Але не з-за сяброўскіх стасункаў (ён быў зусім ішнага веку) — час ад часу бачыліся ў Саюзе пісьменнікаў на розных вечарынах і сходах. Мы сябравалі з Уладзімірам Караткевічам, і вось на ягоным юбілеі, калі яму далі ордэн Дружбы народаў, Васіль Быкаў вёў урачыстасць, а пасля завітаў і на другую частку ў кавярню. Што датычыцца асобы Васіля Быкава, дык ён быў праўдзістам, чалавекам праўды: ад ісціны ні ўлева, ні ўправа не адхіляўся. Ён заставаўся сціплым, нічым не ганарыўся, хаця ў 1970-х уваходзіў у дзясятку самых перакладаемых пісьменнікаў свету. Творы гэтага аўтара выдадзены на больш як 50 мовах.

/i/content/pi/cult/779/16825/14_2.jpg

Вячаслаў Рагойша прыгадаў таксама, што завітваў да пісьменніка — у той самы дом на вуліцы Максіма Танка:

— Калі мы з перакладчыцай Таццянай Кабржыцкай зацікавіліся перастварэннем аднаго з яго твораў на ўкраінскай мове, Васіль Уладзіміравіч запрасіў нас да сябе ў новую кватэру. Але там ужо стаялі паліцы з кнігамі, меліся партрэты Караткевіча, Барадуліна. Нічога шыкоўнага не было, можа быць, з’явілася хіба пазней…

Даследчык дадае, што пры жыцці не ўсе творы пісьменніка друкаваліся лёгка, не ўсе праходзілі праз вушка тагачаснай цэнзуры. Складаны лёс напаткаў твор “Мёртвым не баліць” — два дзясяткі гадоў ён не мог выйсці да шырокага чытача, але нарэшце быў апублікаваны ў 1989 годзе.

Яшчэ адзін цікавы факт з жыцця класіка беларускай літаратуры — гэта тое, што ён даволі шмат маляваў.

— У экспазіцыі “Васіль Быкаў: доўгая дарога дадому” можна ўбачыць не толькі кнігі, фотаздымкі, але і змешчаныя на банерах мастацкія выявы — гэта графіка Васіля Быкава, — распавяла загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева. — Ён не завяршыў вучобу ў мастацкай вучэльні — так склаліся абставіны. Але маляваў усё сваё жыццё. Цяпер у яго ўдавы Ірыны Міхайлаўны знаходзяцца дзясяткі нататнікаў — ён маляваў многія гады, быццам ствараў дзённікі.

У экспазіцыі, што разгарнулася ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, можна ўбачыць фотаздымкі пісьменніка розных гадоў, у тым ліку з сябрамі-калегамі — з Максімам Танкам, Іванам Чыгрынавым, Піменам Панчанкам. Прадстаўлены і фотаздымкі з кінастужак, знятых на “Беларусьфільме” па творах Васіля Быкава. Гэта “Трэцяя ракета”, “Знак бяды”, “Альпійская балада”, “Воўчая зграя” і іншыя.

— Напачатку ён не вельмі ахвотна ўспрыняў ідэю паставіць балет па “Альпійскай баладзе”, — дадае Вольга Гулева. — Пакуль Раіса Чарахоўская (аўтар лібрэта) асабіста не прыехала да яго і не ўгаварыла. Пазней Быкаў быў вельмі задаволены балетам, а кампазітар Яўген Глебаў стаў адным з яго сяброў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара