Падарунак пад Стары Новы год

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Ганаровы Консул Рэспублікі Беларусь ў горадзе Кальяры (Консульская акруга Аўтаномны рэгіён Сардзінія — Італія) Джузэпе Карбоні паведамляе, што 12 студзеня ў Кальяры адбудзецца канцэрт брэсцкага гурта MAROU. Мерапрыемства прымеркавана да святкавання праваслаўных Каляд і Старога Новага года. Гэта падарунак не толькі для жыхароў Сардзініі, але і для шматлікіх прадстаўнікоў мясцовых постсавецкіх суполак.

Канцэрт пройдзе ў кансерваторскай зале на 840 месцаў. Мерапрыемства абяцае быць далёка не шараговым. Брэсцкія музыканты — дасведчаныя ў справе гастрольнай дзейнасці: паспяхова выступалі на леташнім джазавым фестывалі ў Паўднёвай Карэі, на польскім тэлешоу Mam talent.

Вакалістка Яна Буцкевіч, саксафаніст і кларнетыст Яўген Лукьянчык, барабаншчык Ілля Церашчук, бас-гітарст Васіль Рэчкін ды клавішнік Раман Марчук — лаўрэаты і фіналісты самых прэстыжных музычных конкурсаў.

Падчас канцэрта выступяць і італьянскія музыканты. Дэвіз мерапрыемства — “Музыка аб’яднае свет!”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"