Залатая Горка — Калядныя вечары

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

2 студзеня ў Мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) пачаўся ХХ юбілейны фестываль “Калядныя вечары на Залатой Горцы”. Ён складаецца з сямі дабрачынных канцэртаў і працягнецца да пачатку лютага.

/i/content/pi/cult/779/16822/13_3.jpgСёння ўвечары тут адбудзецца папраўдзе інтэрнацыянальная вечарына: прагучаць калядныя спевы народаў свету. Выступяць Ансамбль украінскай песні і абраду “Ватра” на чале з Аляксандрам Валодчанкам і хор Concordia пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай.

Заўтра — яшчэ адны “Каляды ў фальклорным стылі”. Іх зладзіць знакаміты калектыў з Міханавічаў, што пад Мінскам: Узорны фальклорны ансамбль “Калыханка”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца нястомная Ларыса Рыжкова.

У адным з наступных канцэртаў прагучыць “Калядная араторыя” французскага кампазітара-класіка Каміля Сен-Санса — у выкананні ансамбля Te Deum і хору “Голас душы” нашага Чырвонага касцёла.

Вядома, адной са знакавых падзей гэтага фестывалю заўсёды з’яўляюцца арганныя канцэрты. Яны яднаюць прадстаўнікоў розных краін і розныя выканальніцкія склады. Тут і нашы маладыя музыканты — студэнты арганнага класа Уладзіміра Неўдаха, які выкладае гэты інструмент у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. І спалучэнні аргана з саксафонам, а таксама з габоем. І, нарэшце, заключны канцэрт арганнай і вакальнай музыкі, салістамі якога стануць спявак Ёсіпа Байнак з Харватыі і чэшскі арганіст Давід Хаўскнехт.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"