Батлейка ў “Нябёсах”

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

4 — 5 студзеня ў сталіцы прайшоў VI Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”, які сабраў удзельнікаў з розных куткоў краіны. Для ўдзелу ў конкурснай праграме, якую ацэньвала прафесійнае журы, былі адабраны 9 калектываў, у тым ліку з Брэста, Віцебска, Міра, Ракава. Яшчэ чатыры склалі гасцявую праграму.

Фестываль з’яўляецца часткай Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2018 — 2021 гады. І праводзіцца па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. У цэнтры свята — традыцыйны слоган “З лялькай да Бога” і, ужо трэці год запар, тэма малой радзімы.

/i/content/pi/cult/779/16821/13_1.jpg

Адной з галоўных сёлетных асаблівасцяў стаў акцэнт менавіта на беларускіх удзельніках: замежныя тэатры не запрашаліся. А сам фестываль пераехаў са Свята-Елісавецінскага манастыра ў Палац мастацтваў, дзе паралельна праходзіў грандыёзны кірмаш “Калядная радасць”. Пры гэтым усе паказы спектакляў (а батлеечныя пастаноўкі невялічкія, працягласцю ад 15 да 45 хвілін), як і заўжды, заставаліся дабрачыннымі. Да таго ж у рамках штогодняй дабрачыннай акцыі “Святло душы — дабрачыннасць” удзельнікі наведалі шпіталі, інтэрнаты, дамы састарэлых і шчодра дарылі сваё мастацтва тым, хто мае патрэбу ў сардэчнасці, спагадзе, чалавечым цяпле.

— У далейшым, — дзеліцца планамі мастацкі кіраўнік фестывалю, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Аляксандр Ждановіч, — мяркуем вярнуцца да ранейшага міжнароднага фармату. Але цяперашні расклад вельмі спрыяў калектывам-пачаткоўцам, іншым аматарскім тэатрам. Магчыма, некаторыя з іх не маглі б канкурыраваць з тымі ж расійскімі, украінскімі прафесіяналамі. А ў цяперашніх умовах змаглі паказаць свае працы на шырокую аўдыторыю, пачуць парады ад майстроў і членаў журы, упэўніцца ў правільнасці і запатрабаванасці абранага шляху. Усе такія калектывы трымаюцца найперш на вялікім энтузіязме, і падтрымка публікі, грамадства ім папросту неабходна.

Пры такім папраўдзе сяброўскім раскладзе журы вырашыла не шукаць магчымага ўладальніка Гран-пры, а адзначыць усе калектывы. І ў фармулёўцы дыпломаў вылучыць лепшыя рысы кожнага са спектакляў. Калі ж такіх адметнасцяў збіралася некалькі, адпаведна ўзрастала і колькасць атрыманых знакаў павагі да складанай, але такой патрэбнай працы: батлейкі, калісьці амаль цалкам знішчаныя, патроху аднаўляюцца, іх колькасць павялічваецца. І гэты працэс павінен ісці ўсё больш інтэнсіўна.

Таму форум, паводле добрай традыцыі, змясціў таксама шэраг майстар-класаў. Яны былі прысвечаны стварэнню разнастайных лялек — прынамсі, не толькі для батлейкі. Сёлета ў такіх творчых майстэрнях раскрылі сакрэты па вырабе лялек з футра, тэкстылю, уключаючы лялек Цільда, пальчыкавых, механічных лялек, анёлаў, герояў Каляднай гісторыі.

/i/content/pi/cult/779/16821/13_2.jpg

Працягам свята стаў ІV семінар-практыкум “Школа батлейкі”. Яго правядзенне скіравана на далейшае развіццё і ўдасканаленне аматарскіх батлеечных тэатраў, якія працягваюць традыцыі нашай нацыянальнай духоўнай спадчыны і перадаюць іх дзецям і моладзі, заахвочваючы тых да творчай самарэалізацыі.

— Змена фармату надала фестывалю “Нябёсы” яшчэ большы, чым калісьці, асветніцкі характар, — падвяла вынік старшыня журы, мастак-рэстаўратар, эксперт культурных праектаў Ганна Выгонная. Яна ўдзельнічала ў адраджэнні батлейкі яшчэ з канца 1980-х: разам з Галінай Жаровінай прымала ўдзел у арганізацыі тэатра-студыі, а потым аматарскага тэатра “Мірская батлейка” (пры тамтэйшым ПТВ, якое пазней ператварылася ў Мірскі мастацкі каледж).

— Палац мастацтваў, дзе ў гэты час праходзіў кірмаш “Калядная радасць”, сам па сабе цэнтр горада, — працягвае Ганна Альбертаўна, — забяспечылі батлейцы масавую ўвагу. Але такая шырокая папулярызацыя мае і сваю небяспеку: многім пачынае здавацца, што зрабіць і сыграць батлейку — вельмі проста. Насамрэч, гэта не так: ва ўсім патрэбны ўдумлівы падыход, вывучэнне і разуменне гэтага старажытнага жанра народнага тэатра. На вялікай сцэне батлейка цмянее. Гэты тэатр ніколі не быў кірмашовым, ён камерны: з чароўнай скрыняй — макетам Віфлеема — калядоўшчыкі прыходзілі ў хату. Ці ж можна стварыць адпаведную атмасферу ў неабсяжнай прасторы Палаца мастацтва? Але арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб справіцца з амаль невырашальнай задачай. З дапамогай драпіроўкі і асвятлення яны надалі абранаму кутку вялікай залы адчуванне “пячоры”. І гэта пайшло спектаклям на карысць. Але ўсё ж такі для развіцця батлеечнага жанру вельмі патрэбны міжнародны фестываль такога масштабу — дарэчы, адзіны ў краіне. І ў такі прыдатны час! Таму ў далейшым было б мэтазгодна вярнуцца да былога фармату. Ці хаця б чаргаваць нацыянальны конкурс з міжнародным, у абодвух выпадках пакідаючы гасцявую праграму з удзелам лепшых калектываў з розных краін.

Фота Юліі ЛАЎРАНКОВАЙ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"