Ад харавой асамблеі да карнавалу

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Калектыў Брэсцкага гарадскога цэнтра культуры адзначаны за важкія дасягненні ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, за правядзенне маштабных акцый з нагоды тысячагоддзя Брэста і за рэалізацыю праграмы “Брэст — культурная сталіца Садружнасці — 2019”.

/i/content/pi/cult/779/16809/5_5.jpgЗ адных толькі характарыстык самадзейных калектываў установы можа скласці ладную кнігу. І атрымаецца яна надзвычай цікавай ды карыснай для тых, хто займаецца нястомным удасканаленнем уласнага таленту. Толькі ў сапраўдным цэнтры самарэалізацыі можа дзейнічаць сорак клубных фармаванняў, у якіх займаецца больш за тысячу самадзейных артыстаў: вакалістаў, харавікоў, танцораў, інструменталістаў, акцёраў сцэны… 16 калектываў адказваюць за канцэртна-гастрольныя шчыраванні. 6 з іх — народныя, 4 — узорныя, адзін — заслужаны. Штогод яны “выдаюць” за 300 канцэртаў у нашай краіне і за яе межамі.

Наладжванне міжнародных стасункаў — адзін з генеральных кірункаў дзейнасці цэнтра. Кіраўнік установы Аляксандр Гарбузаў распавёў “К”, што шматгадовыя пагадненні падпісаны з установамі культуры прыгранічных польскіх гарадоў, са Славацкай Рэспублікай. Нашы самадзейныя калектывы дэманструюць сваё мастацтва на фэстах і конкурсах у Францыі, Бельгіі, Галандыі, Сербіі, Германіі…

Важнай падзеяй мінулага года стаў першы міжнародны фестываль хароў хлопчыкаў “Берасцейскія харавыя асамблеі”, які быў арганізаваны гарадскім цэнтрам культуры.

Зразумела, што цэнтр адказвае і за наладжванне ўсіх гарадскіх мерапрыемстваў. Паказальным у гэтым плане стала тысячагоддзе Брэста. Дзякуючы высілкам гарадскіх работнікаў культуры Брэст паўстаў для жыхароў і гасцей у самых розных іпастасях: гістарычнай, духоўнай, музычнай, спартыўнай, гандлёва-прамысловай. Да гэтага абавязвала і званне “Культурная сталіца СНД”, прысвоенае абласному цэнтру на цэлы год. Госці ўбачылі карнавал, гістарычныя тэатралізаваныя кампазіцыі, рыцарскія турніры. Галоўным рэжысёрам і пастаноўшчыкам святочнага канцэрта стаў кіраўнік Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь — ансамбля танца “Радасць” — народны артыст краіны Анатоль Вараб’ёў. Святкаванне тысячагоддзя расцягнулася аж на тры дні. У фінале прайшоў міжнародны фэст духавых аркестраў.

На фота: Адзін са шматлікіх калектываў Брэсцкага ГЦК: народны гурт “Рамонкі”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"