Каларыт незвычайных праектаў

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

За значны ўклад у развіццё народнай творчасці і рэалізацыю праекта “Іўеўскі каларыт” прэміяй адзначаны калектыў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, якім кіруе Святлана Ракець. За мінулы год ва ўстанове наладжана амаль тры з паловай тысячы мерапрыемстваў. У 98 клубных фармаваннях працуюць 1268 дарослых і дзяцей. Спецпрэмію можна было ўжо даваць за тое, што цягам 11 гадоў установа рэалізуе культурна-турыстычны праект “Сядзіба дзеда Зімніка і бабы Завірухі”. Сядзібу наведала 52 тысячы турыстаў. Але ў творчай скарбонцы цэнтра і апрача гэтага ёсць яшчэ сёе-тое. Пра “сёе-тое” — і размова.

/i/content/pi/cult/779/16808/5_4.jpg

Найперш — пра “Іўеўскі каларыт”. Праекту ўжо — тры гады. За гэты час зладжана 25 фэстаў і акцый. Сярод іх — брэндавыя святы: юшкі, тэатра, народнай творчасці, кветак, нацыянальнай кухні, памідораў, працаўнікоў сяла. А таксама — шляхецкі фэст, конкурс касцоў, фестывалі вясковай культуры, грыбоў, баль у Барбары Радзівіл, калядныя святкі. Гэтыя мерапрыемствы наведала каля 20 тысяч чалавек./i/content/pi/cult/779/16808/5_3.jpg

Карысць праекта не толькі ў тым, што ён уздымае на шчыт рэгіянальную культуру і папулярызуе мясцовыя традыцыі, развівае рамесніцтва і турызм. Справа ў тым, што “Іўеўскі каларыт” аб’яднаў усе буйныя населеныя пункты раёна. Яны сталі прывабнымі для турыстаў, якія займелі магчымасць палавіць рыбу, пакасіць, пакаштаваць мясцовыя стравы, набыць сувеніры і патанчыць. Такім чынам, аграгарадок Морына стаў сталіцай юшкі, а ў Дайлідах напрадвесні знаёмяць з фальклорнай спадчынай. На шляхецкі фэст запрашае аграгарадок Жэмыслаўль, знакаміты палацам Умястоўскіх і старасвецкім паркам, што ажывае падчас тэатралізацыі. Ліпнішкі здавён славіліся не толькі багатым разнатраўем, але і ўмелымі касцамі. Кветкамі ды кветкаводамі ж багаты аграгарадок Лаздуны. А з народнай песняй вас пазнаёмяць з вялікай ахвотай у Бакштах. Іўе даўно зарэкамендавала сябе як памідорная сталіца. Юрацішкі славяцца грыбамі і ягадамі. Баль-прыём у Барбары Радзівіл адбываецца ў Геранёнах, дзе вас навучаць не толькі паланэзам, але і ўменню вырабляць вееры і маскарадныя маскі… Вось такі ён, Іўеўскі каларыт.

На фота: Складнік “Іўеўскага каларыта” — конкурс касцоў,

Мясцовыя стравы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"