Мастацкасць тэлеэкрана

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаная Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія — за рэалізацыю творчых праектаў, якія пазітыўна прадстаўляюць нацыянальную культуру ў Рэспубліцы Беларусь і за мяжой, а таксама за значны ўклад у выхаванне творчай моладзі.

/i/content/pi/cult/779/16803/4_1.jpgНавіну аб атрыманні спецыяльнай прэміі пракаментавала кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская: “На працягу многіх гадоў наша кампанія нязменна выступае адным з арганізатараў і з’яўляецца тэлевізійным вяшчальнікам такіх нацыянальных і міжнародных фестываляў і конкурсаў, як “Славянскі базар у Віцебску”, фестываль песні і паэзіі “Маладзечна”, Дзень беларускага пісьменства, шматлікіх рэгіянальных культурных форумаў, як дарослых, так і дзіцячых.

Белтэлерадыёкампанія была арганізатарам Дзіцячага “Еўрабачання-2018”, якое, у параўнанні з аналагічным дарослым міжнародным конкурсам, раней не лічылася такім прэстыжным. Але мы пастараліся ўсё зрабіць на вышэйшым узроўні, і Еўрапейскі Вяшчальны Саюз адзначыў, што Дзіцячае “Еўрабачанне” зараз ні ў чым не саступае даросламу. Мінск годна прыняў юных выканаўцаў з 20 краін — дарэчы, гэта рэкордная колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю дзіцячага конкурсу песні!

/i/content/pi/cult/779/16803/4_2.jpgЗ самымі яркімі прадстаўнікамі творчай моладзі ў нашай краіне знаёміць канал “Беларусь 3”. Ніводнае культурнае мерапрыемства не выпадае з поля зроку журналістаў сацыякультурнага тэлеканала медыяхолдынга. Акрамя гэтага, у эфіры “Беларусь 3” можна ўбачыць найлепшыя ўзоры айчыннага кінематографа, нацыянальныя спектаклі, канцэрты беларускіх артыстаў, фальклорныя абрады і выступленні народных ансамбляў.

Атрыманая ўзнагарода — гэта вялікая адказнасць перад нашай аўдыторыяй і выдатны стымул для таго, каб рухацца наперад і ствараць новыя цікавыя праекты і праграмы, якія будуць запатрабаваныя ў нашых тэлегледачоў. Сёння для гэтага ў нас ёсць усе ўмовы. Кампанія валодае вялікім творчым патэнцыялам, найноўшай тэхнічнай базай і сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем”.

Здымкі прадастаўлены прэс-службай Белтэлерадыёкампаніі