Брэсцкая рэпетыцыя да галоўнага балю

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

Як паведаміла “К” Наталля Бернат, вядучы метадыст па інструментальным мастацтве Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, на 20 снежня запланавана правядзенне Навагодняга балю з губернатарам. Мяркуецца, што мерапрыемства адбудзецца ў харэаграфічнай школе абласнога цэнтра.

Па словах Наталлі Іванаўны, у балі будуць браць удзел паўсотні пар: школьнікі старэйшых класаў Брэстчыны і студэнты, якія за гады навучання дасягнулі важкіх творчых вынікаў. Наведаюць танцавальнае свята кіраўнікі вобласці і Брэста, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, вышэйшых навучальных устаноў.

З набыццём вячэрніх сукенак і фракаў — ажыятаж. Пачнецца баль, як гэта і было прынята колісь, паланэзам. А рэй будзе весці Яго Вялікасць Вальс.

Гэтымі днямі высвятляецца, які інструментальны калектыў стане акампаніятарам. Неаспрэчна адно: гук будзе жывым. Прадугледжаны і ўдзел прафесійных музыкантаў і танцораў.

Брэсцкі баль, натуральна, стане адной з рэпетыцыяй балю Прэзідэнцкага.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"