Аўдыя & Відэа

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

Кастрычніцкія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць вядучы “Радыё “Мінск” Сяргей БАНДАРЭНКА (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/770/16633/Love_opt.jpegГурт Love Machine, альбом Mind Control

А.: Каб зразумець, што з сябе ўяўляюць чарговыя пошукі і знаходкі Пятра, дастаткова паслухаць гэты запіс хвіліны паўтары — далей усё будзе тое ж самае — тэхна, тэхна і яшчэ раз тэхна. Не музыка і не песні — тэхна, у чацвёрты раз паўтараю. Асацыятыўна, я чамусьці прадставіў сабе працу нейкага мастака-партрэтыста, які задумаў Карціну, а на палатне апынуліся “точка, точка, запятая — вышла рожица кривая. Ручки, ножки, огуречик — получился человечек”. У Клюева з партнёрамі чалавечак і атрымаўся, а не чалавек.

B.: Пётр Клюеў, вядома, галава, але вось гэтая яго іпастась мяне пакінула абсалютна абыякавым. Халоднае англамоўнае тэхна, восем трэкаў, зміксаваных у адну даўжэзную дарожку, сумны, малафантазійны біт. Як вынік — туга смяротная. Не, калі вам, ужо прабачце, прыспічыла “наесціся ў муку” ў якім-небудзь начным клубе, дык, напэўна, будзе ў кайф пакалбасіцца пару хвілін на танцпляцоўцы, пасля чаго спакойна адключыцца да таго часу, пакуль ахова не папросіць вас паспрабаваць выйсці назусім з установы ў іншы партал. Але асабіста я за здаровы лад жыцця, у меру, праўда. І за здаровую музыку, а ад прапанаванай усе мае ўяўныя цялесныя мурашкі ў спячку запалі.

/i/content/pi/cult/770/16633/Reli_opt.jpegГурт Relikt, альбом “Дрэва жыцця”

A.: Малайцы музыканты, усё зроблена вельмі крута, з выдатным густам і прадумана да дробязяў! Па-мойму, гэта Уладзімір Георгіевіч Мулявін казаў, што калі артыст звяртаецца да фальклору, то яму трэба быць вельмі асцярожным. Гурту, на мой погляд, удалося перадаць той нерв, які, мабыць, першапачаткова быў закладзены ў выбраных ім для перапрацоўкі твораў. Атрымалася прачуць чужыя тэксты. Ва ўсякім выпадку, я захапіўся тымі гісторыямі — з далёкай даўніны, што калектыў, прапусціўшы іх скрозь прызму свайго сённяшняга ўспрымання, прапанаваў мне як слухачу. Зараз амаль не выпускаецца канцэптульных альбомаў, Relikt — безумоўна, шчаслівае выключэнне. Тыя, хто ўпершыню пазнаёміцца з камандай праз рэліз “Дрэва жыцця”, думаю, не пашкадуюць аб такой сустрэчы. А хтосьці, можа быць, дзякуючы ёй адкрые для сябе і беларускі рок, і беларускія гісторыю, культуру і мову.

B.: У адного з лепшых сучасных айчынных рок-гуртоў дзве навіны: адна паменш — калектыў замяніў у сваёй назве лічбу 1 на літару l, другая пабольш — каманда выпусціла чарговы поўнафарматны альбом, яго і слухаем. Зноў, як і ў апошнія гады, “рэлікты” пераспявалі старадаўнія беларускія песні, абнавіўшы іх аранжыроўкі і выкарыстоўваючы пры запісе мноства розных інструментаў. Выйшаў, можа быць, самы “кіслотны” па настроі рэліз ансамбля з усёй ягонай дыскаграфіі. Кудысьці зусім углыб сталі капаць музыканты, ну а там — самыя існасць, карані і, значыць, псіхадэл. Бэнд працягвае расці з неймавернай сілай. Магчыма, для яго прыйшоў час паспрабаваць сябе ў канцэптуальным аўтарскім этна-спектаклі са скразным сюжэтам, альбо ж проста паставіць на сцэне якой-небудзь абрад. Не атрымаецца — нічога страшнага, такая “паўза” пойдзе толькі на карысць, як мне здаецца. Страшна, калі пад грузам той творчай моцы, якую гурт здабыў, ён можа даць слабіну.

/i/content/pi/cult/770/16633/Shuma_opt.jpegГурт Shuma, альбом Me, Mother

A.: Я не прыхільнік дадзенай музыкі, таму, напэўна, на палове альбома і задрамаў — зацягвае ён у сон канкрэтна. Не мая гэтая музыка, калі аддзяляць яе ад галасоў. А яны — вельмі і вельмі прыгожыя. Пра тое дуэт дзяўчат, вядома, ведае, і выкарыстоўвае свае вакальныя магчымасці на ўсе сто з лішнім працэнтаў. Атмасферны рэліз, улагоджвае, уганяе ў рэлакс. Песні, мелодыі і тэксты, гукі, якія ўплываюць на настрой.

B.: Я не занадта вітаю ўсе гэтыя сімбіёзы аўтэнтыкі з электронікай. Таму і да гэтага праекта заўсёды ставіўся з ладнай доляй скепсісу. Але новы альбом калектыву мяне “прабіў”, шыкоўным ён атрымаўся! Аднак, у першую чаргу рэспект выказаць хачу таму, хто яго запісваў, зводзіў, майстраваў і гэтак далей. Гук жа выйшаў па праўдзе пазаземным і містычным, хоць глыбінная ідэя работы вельмі зямная — як сцвярджаецца ва ўсіх прэс-рэлізах, спадарожных ёй: праз увесь яе кантэнт перадаць розныя станы мацярынства. Кантэнтам паслужылі старажытныя песні і дыялекты, характэрныя для паганскай Беларусі. Стылістычна ж рэліз быў вырашаны ў эмбіенце. Я за такую дзіджытал архаіку, як калісьці абазвалі свой кірунак удзельнікі ансамбля, што прабірае да самых канчаткаў нервовых канчаткаў. А трэк “Дарога” — проста забойны!

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/770/16633/2_opt.jpegГурт “Палац”, кліп на песню “Коцiк-бомж”

А.: Алег Хаменка з калегамі выклікаюць у мяне ў любой сваёй работе толькі найглыбокую павагу. “Палац” — гэта глыба, упэўнены, ніхто не адважыцца са мной спрачацца…

Добрая, душэўная песня, праўда, з трагічным фіналам. Пра беспрытульнага коціка, якому, як аказалася, так мала трэба для шчасця — усяго пары метраў на падаконніку. Аднак бытавуха заела і мілае чацвераногае — мужчына, што прытуліў яго, піў, а заадно і біў. Але — памёр дэспат, а потым, на жаль, надышла чарга жывёліны. Магчыма, ён па-свойму любіў катавальніка, і не змог перанесці расстанне з ім.

Камп’ютарны кліп мне не занадта спадабаўся сваёй прымітыўнасцю, напрошваецца іншае ўвасабленне гэтай песні, нешта накшталт “Вожыка ў тумане” Нарштэйна. Але пацешыла, што ў роліку ёсць некалькі вядомых аб’ектаў Мінска. А коціка шкада…

B.: Мультыплікацыйная гісторыя пра бяздомнага ката-летуценніка, якому, быццам бы, пашанцавала, калі яго ўзяў да сябе хай і не занадта прыкладны мужчына. Аднак, шчаслівага завяршэння казка не атрымала — яе абодва героі паміраюць... І не ведаю цяпер, ці параіць маленькім дзяўчынкам і хлапчукам глядзець гэтае мілае, кранальнае відэа і слухаць трэк, дзе гучыць “Палац” раздольны, а яго лідар Алег Хаменка не толькі спявае, але і начытвае тэкст. Хіба ў кампаніі дарослых, якія растлумачылі б дзецям, што такое добра і што такое дрэнна ў нашым з вамі жыцці?..