“Белазаўскі акорд”: рэбрэндынг

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

ХVІІІ Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”, што днямі прайшоў у Жодзіна, адсвяткаваў сваё “паўналецце” дадатковым вітком крэатыву: знайшоў новых сяброў, змяніў знешні “прыкід” — і зрабіў усё гэта весела, быццам на “хі-хі, ха-ха”, але з папраўдзе дарослымі сэнсамі. Як такое ўдалося?

/i/content/pi/cult/769/16622/027.JPGПачнём з таго, што “Белазаўскі акорд” — конкурс незвычайны. Найбуйнейшае ў краіне прадпрыемства ўжо колькі гадоў запар ладзіць не чарговае карпаратыўнае спаборніцтва, а пошук і падтрымку эстрадных спеўных талентаў па ўсёй краіне. Сёлета “БелАЗ” пачаў рабіць гэта не толькі ўласнымі сіламі і з дапамогай прафсаюзаў, а ў поўным сэнсе калегіяльна, знайшоўшы паразуменне з гарадскімі ўладамі, прыцягнуўшы шматлікіх спонсараў. Партнёрамі выступілі некалькі нашых прадпрыемстваў і ўстаноў. Генеральным партнёрам — увогуле стала адна з буйных расійскіх кампаній, а яе прадстаўнік прыехаў на сам конкурс, зацікаўлены сімбіёзам мастацтва з эканомікай.

Член журы, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч неаднаразова адзначала такую жодзінскую рысу, як шчодрасць і гасціннасць. Сапраўды, у свеце развіваецца суцэльная конкурсная індустрыя ў сферы эстрады. Падобныя конкурсы, асабліва ў замежжы, суправаджаюцца немалымі ўступнымі ўзносамі на старце і выдачай папяровых дыпломаў на фінішы. Дый падчас спаборніцтваў канкурсанты самі аплочваюць сваё жытло і харчаванне. А “Белазаўскі акорд” не патрабуе ад канкурсантаў нічога, акрамя мастацкіх вынікаў, забяспечвае для гэтага ўсе ўмовы. І ўзнагароджвае пераможцаў зусім не сціплымі каштоўнымі прызамі — тут і “наварочаныя” смартфоны, і нэтбукі, тэлевізары, іншая электроніка.

Пры гэтым праводзіцца добры папярэдні адбор — не па геаграфічным прынцыпе, каб ад кожнага рэгіёна была аднолькавая колькасць прадстаўнікоў, а па ўласна мастацкіх перавагах, дзе ўлічваецца не адно голас, але і рэпертуар.

/i/content/pi/cult/769/16622/028.JPGКонкурс прыцягвае ўвагу да беларускіх песень, прычым не да вузкага іх кола, што вандруе з аднаго паказу на другі, а да ўсё новых найменняў і імёнаў аўтараў. І штогод па выніках складання конкурсных праграм выдае кампакт-дыск з запісамі менавіта беларускамоўнай часткі конкурсу, бо другая песня ў выкананні канкурсанта можа быць якой заўгодна — па ўласным выбары.

Да таго ж, беларускія песні выконваюцца ў суправаджэнні аркестра. Некалькі разоў запрашалі Прэзідэнцкі аркестр Беларусі, апошнія ж два гады на сцэне Палаца культуры “БелАЗ” валадарыць Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Беларусі на чале з мастацкім кіраўніком Яўгенам Доўжыкам. Таму, лічыце, гэта яшчэ і ўдвая патрыятычнае выхаванне. Што ж да ўласна музычнага складніка, дык гэты калектыў вельмі адказна паставіўся да працы з канкурсантамі. Аранжыроўкі былі зроблены, як выказаўся адзін з членаў журы, вельмі карэктныя (дададзім: тактоўныя, ашчадныя для маладых галасоў). Дый падчас выступлення трэба было бачыць, з якой амаль бацькоўскай цеплынёй дырыжор ставіўся да кожнага саліста, падтрымліваў эмацыйна і ўласна музычна, нават калі хтосьці “праміргаў” свой уступ.

Як белазаўскія самазвалы нарошчваюць сваю грузапад’ёмнасць (да 450 тон давялі), так і конкурс дадае сабе вагі ў музычным свеце. Адзін толькі склад журы чаго каштуе! Бо ёсць там і тэарэтыкі, і практыкі — усе тыя, хто можа даць карысныя парады, правесці майстар-клас, дапамагчы ў далейшым развіцці: Віктар Бабарыкін (старшыня), Алег Елісеенкаў, Леанід Шырын, Алег Хаменка, рэжысёр Уладзіслава Арцюкоўская, якая кіруе Маладзёжным тэатрам эстрады (дарэчы, там літаральна напярэдадні праводзіўся ўласны кастынг).

Пры ўсёй такой сур’ёзнасці намераў сёлета конкурс набыў небывалы запал, відовішчнасць, смела рушыў у бок прыцягальнага для шырокай публікі шоу, не перайшоўшы мяжы добрага густу і асаблівай інтэлігентнасці. Гэтыя дзве сферы — сапраўднага мастацтва і забаўляльных шоу — часцяком знаходзяцца на розных палюсах. А тут яны з’ядналіся, утварыўшы, так бы мовіць, “разумнае шоу”.

На чатырох святлодыёдных экранах з’яўляліся не толькі дасланыя канкурсантамі візітоўкі і буйныя планы выступленняў, але і выкшталцоны відэакантэнт, створаны да той ці іншай песні і адбудаваны ў адпаведнасці з яе драматургіяй, зместам, сэнсавымі адценнямі (мастак — Алена Штурма). Ну проста суцэльныя кліпы! Шкада, што ўсё гэта не здымаецца тэлебачаннем і не ідзе ў эфір. Калісьці, памятаю, гэта тлумачылі адсутнасцю добрай “карцінкі”. Але цяпер конкурс стаў папраўдзе відовішчным! Заключны канцэрт, як ніколі, напоўніўся гульнёвымі момантамі, імправізацыяй, нечаканымі сюрпрызамі, жывым музыцыраваннем членаў журы і арганізатараў. Вось дзе было сапраўднае свята музыкі!

Сваё духавое мінулае ўзгадаў дырэктар Палаца культуры “БелАЗ”, кіраўнік пастаноўчай групы конкурсу Генадзь Смольскі. Love story ў яго выкананні на трубе атрымалася не сцішана-рамантычнай, а пераможнай, нават упэўнена чаканнай. Узяўшы з яго прыклад, старшыня журы таксама ўхапіў у аркестрантаў трамбон і правёў на ім мудрагелістае сола, а потым пераключыўся на дырыжыраванне. Невыпадкова вядучая Ларыса Грыбалёва і назвала гэта ў добрым сэнсе слова музычнай вакханаліяй.

А што ж канкурсанты? Іх агульны ўзровень быў сёлета высокім, але цалкам гатовых артыстаў, на жаль, не аказалася: у кожнага наперадзе — шмат работы па далейшым удасканаленні. Гран-пры заваявала студэнтка БДУКіМа Ангеліна Васілеўская з адметнай джазавай манерай. Ды на заключным канцэрце ў яе выкананні раптам з’явілася некаторая развязанасць — магчыма, ад хвалявання. Прыгожы акадэмічны бас з некаторым адценнем барытона, уласцівы выпускніку Мінскага каледжа мастацтваў, першакурсніку нашай Акадэміі музыкі Антону Карчэўскаму, прыцягнуў не толькі журы, але і шырокую публіку. У выніку хлопец стаў уладальнікам першай прэміі і прыза глядацкіх сімпатый. Другую прэмію атрымала Апалінарыя Каваленка з Магілёва, трэцюю і вялізны букет ад спонсараў (ну проста “мільён чырвоных ружаў”) — Карына Ромыш з Жодзіна. Гэта спявачка была ледзь не адзінай, ад каго літаральна выпраменьвалася пазітыўная энергетыка, бо дзяўчына не “змагалася” з апошніх сіл, а шчыра дарыла слухачам сваю любоў — да іх і да музыкі. Спецыяльнымі прызамі былі ўзнагароджаны Вольга Крамлёва з Табольска, якая вучыцца ў Мінскім каледжы мастацтваў, Міла Старарусава з Оршы, Ніколь Фургал з Віцебска, Мікіта Адамчук з Баранавічаў.

Я наўмысна не называю тут намінацыі, бо яны не заўсёды былі слушнымі. Журы неаднойчы аказвалася ў сітуацыі, калі хацелася адзначыць кагосьці з удзельнікаў за нейкую выканальніцкую рысу — а дыпломы загадзя “прапісаны” іншымі фармулёўкамі: “За сцэнічнае абаянне”, “За любоў да роднай песні” і гэтак далей. Пэўна, надалей арганізатарам лепей пазбягаць такой канкрэтыкі, вызначаючы толькі саму колькасць прызоў: іх назвы журы прыдумае самастойна, сыходзячы з творчых індывідуальнасцей канкурсантаў.

Пераможцам слухацкага галасавання, што паводле традыцыі ішло напярэдадні жодзінскага спаборніцтва на радыёстанцыі “Мінская хваля”, стаў мінчук Дзмітрый Чыжык, назбіраўшы 1759 галасоў. Дыпломам “За лепшую песню конкурсу” быў адзначаны таксама народны артыст Беларусі, знаны кампазітар Валерый Іваноў.

Усяго два балы не хапіла другакурсніцы згаданага сталічнага каледжа Ліліяне Камоцкай, каб патрапіць у спіс адзначаных. На заключным канцэрце яна ператварыла сваю “Відзьму” (“Вядзьмарку”) літаральна ў сцэну з мюзікла-трылера, выклікаўшы авацыі. А ў час конкурсных паслухоўванняў — проста пракрычала, дый толькі.

Сёлетні “Белазаўскі акорд” даў падставу разважаць не толькі пра ўзровень удзельнікаў, але і пра ролю гэтага конкурсу ў развіцці агульнай музычнай культуры горада. Пра прынесены конкурсам плён сведчыў добры густ слухачоў, схільных, як высветлілася, да опернага вакалу. А яшчэ — выдатная спеўная падрыхтоўка тых жодзінцаў, якія выходзілі на сцэну. Маю на ўвазе не толькі згаданую лаўрэатку Карыну Ромыш, але і ансамбль “Новы дзень” Палаца культуры “БелАЗ”. За некалькі гадоў, як я ўпершыню пачула гэты калектыў, ён вельмі вырас.

У горадзе — усяго адна Дзіцячая музычная школа мастацтваў. Няма ні адпаведных каледжаў, дзе рыхтаваліся б мясцовыя кадры, ні шырока развітай мастацкай інфраструктуры, уласцівай тым жа абласным цэнтрам. Але горад літаральна дыхае эстэтыкай прыгажосці і душэўнай утульнасці. І немалая роля ў гэтым належыць, у тым ліку, конкурсу, які акумулюе вакол сябе адметную мастацкую аўру.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"