Архіпелаг натхнення

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Пайшоў з жыцця вядомы кампазітар Алег Молчан. А літаральна праз гадзіну, як да нас дайшла гэта звестка, на Рэспубліканскім конкурсе эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд” у Жодзіна гучала адна з яго песень — “Астравы шчасця” на словы Аляксандра Лягчылава, якога таксама няма ўжо з намі, прычым больш за дзесяцігоддзе.

/i/content/pi/cult/769/16612/014.JPGТворцам наканаваны такі лёс — жыць пасля смерці ў сваіх дзецішчах. Але ж як хочацца, каб і іх жыццёвы шлях быў як мага больш працяглым — у тым ліку, дзеля таго, каб яны паспелі стварыць яшчэ многа добрага і цікавага ў розных жанрах.

Кажу так яшчэ і таму, што пры ўсім бурлівым характары Алега, імклівасці з’яўлення ў яго ўсё новых ідэй і вялізным жаданні іх увасабляць, у яго засталося многа неўвасобленага — як і ў кожнага, пэўна, творцы, хто сышоў надта рана. Памятаю, як яшчэ даўным-даўно, на мяжы 1980 — 1990-х, ён з запалам дзяліўся думкамі пра будучую фольк-оперу. Нават напяваў фрагменты! Праз некаторы час я пацікавілася, як ідзе праца. Аказалася, яе давялося адкласці. Але ідэі ўсё так жа пульсавалі ў ягонай галаве, з’яўляліся ўсё новыя прыдумкі. І штосьці то так, то гэтак перашкаджала вярнуцца да пачатага, засесці за нотныя лісты і разгарнуць працу напоўніцу, не адцягваючы ўвагу ні на што іншае.

Але тым “іншым” былі і плённая праца ў “Песнярах”, і шматлікія песні, суцэльныя цыклы. Канешне, заўжды хочацца сумясціць, але на гэта таксама патрэбны час.

Алег ужо некалькі гадоў ведаў пра сваю цяжкую хваробу. Ды стараўся не абмяркоўваць гэту тэму, не “рэкламаваць” свае нягоды — наадварот, заставаўся ўсё такім жа аптымістам. Змагаўся за сваё выздараўленне. І сапраўды: пасля паспяховага лячэння хвароба на доўгі час адступіла. Але потым раптоўна “прачнулася” і ўжо не выпусціла з сваіх кіпцюроў.

А перад смерцю аддаў свае нотныя матэрыялы старшыні Беларускага саюза кампазітараў Алене Атрашкевіч па яе просьбе для выдання зборніка. З Алегам быў менавіта той выпадак, калі ў галаве заўжды віравала куды больш, чым трапляла на паперу ці якія іншыя, як сёння прынята гаварыць, інфармацыйныя “носьбіты”. Сапраўды, творцы, якімі рухаюць усё новыя памкненні, фантазіі, якія лётаюць у сваім творчым паднябессі, не схільны станавіцца архіварыусамі.

Побач з кампазітарам была яго жонка — вядомая спявачка, аўтар многіх песенных тэкстаў Ірына Відава. Цудоўны тандэм, дзе кожны станавіўся для другога і мацнейшым рухавіком, і лекамі ад стрэсаў, якімі поўніцца сённяшні шоу-бізнес.

А што ж тая опера? Калі задумацца і крыху збочыць з творча-біяграфічнага гасцінцу на філасофскую сцяжынку, опера ўсё ж была напісана. Толькі не нотамі-літарамі на паперы, а жыццёвымі паваротамі ў творчым лёсе. Дый атрымалася яна не фолькавай, а шляхецкай. Пра каханне. Пра жыццё. Пра Беларусь з яе “астравамі шчасця”…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"