Таямніцы роду Рэйтанаў

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

Частка ІІ. Менск — Парыж
У гэтай серыі нашай сямейнай сагі гаворка пойдзе найперш пра сям’ю малодшага брата Тадэвуша Рэйтана — Міхала. Менавіта дзякуючы яму род не толькі не прыпыніўся, але ўзбагаціў нашу гісторыю цэлым шэрагам выбітных асобаў. Зрэшты, пра ўсё — у храналагічным парадку. Хай і з частымі адступленнямі.

/i/content/pi/cult/768/16602/020.JPGЗавочны кум

Пасля шлюбу Дамінік і Тарэза Рэйтаны аселі ў Грушаўцы стала. Цешыў вока новы палац, які перад вяселлем пабудаваў Дамінік, і які быў годны, каб прымаць не толькі роўных па статусу шляхцюкоў, але і саміх князёў Радзівілаў. Яны не раз бывалі ў Грушаўцы, “у мілых Рэйтанаў”. І нават больш за тое — час ад часу выкарыстоўвалі палацык як штаб-кватэру, дзе вырашаліся лёсы ВКЛ! Пра гэта сведчаць, скажам, лісты Францішкі Уршулі Радзівіл да свайго мужа — Рыбанькі.

Таму малыя “рэйтаняты” маглі з дзяцінства назіраць некаранаваных каралёў сваёй зямлі. Бачыў іх вядома, і Тадэвуш, які, будучы галоўным нашчадкам бацькі, мусіў па ім пераняць рэй у “рэйтанаўскай партыі” пры нясвіжскім двары. І, безумоўна, асабліва цешыліся з такіх візітаў малыя Міхал і Барбара. І вось з якой нагоды.

“У год Гасподні 1743, 5 снежня, я, Бенедыкт Нарніцкі, ляхавіцкі пробашч, ахрысціў дзіця на імя Міхал Ксаверый, сына яснавяльможнага Дамініка, наваградскага стражніка, і вяльможнай пані Тэрэзы Валадковічаўны, законных сужэнцаў. Хроснымі былі: яго вялікасць пан Міхал Радзівіл, віленскі ваявода, і вяльможная пані Юстына Рдултоўская, наваградская суддзёвая. Сведкі: найяснейшы пан Юрый Сапега, мсціслаўскі ваявода, з яе вялікасцю Францішкай Радзівілавай, віленскай ваяводзінай. З двара Грушаўкі”.

Дарэчы, пра назоў маёнтка. У сотнях знойдзеных мною дакументаў на самых розных мовах ён пісаўся менавіта так — Hruszowka, Грушевка, Грушаўка. А не Грашоўка ці яшчэ неяк.

Як мы бачым з гэтай метрыкі, хросным бацькам (кумам) Міхала стаў ніхто іншы, як сябра і патрон Дамініка Рэйтана — князь Радзівіл. Але тут выяўляецца яшчэ адна акалічнасць: як сведчаць дакументы, у гэты момант князь адсутнічаў у краіне, таму кумам ён стаў завочна. А вось яго жонка, “заснавальніца беларускага тэатра” Уршуля Радзівіл, на хросце прысутнічала ў якасці асістэнткі. Кумой стала Юстына Рдултоўская, жонка наваградскага гродскага суддзі Антона Рдултоўскага. Цікава, што адзін з іх сыноў — Яўхім — згуляе ў нашай гісторыі выключна важную ролю. Але пра гэта пазней.

Што ж датычыцца Барбары, то на дапаўненні яе хросту (нарадзілася яна ў 1746 годзе) 29 траўня 1747 года, разам з кумой, якой стала Францішка Радзівіл, прысутнічалі ў якасці сведак яе дзеці. Быў сярод іх і яшчэ малы князь Караль Станіслаў, да якога пазней прылепіцца мянушка “Пане Каханку”!

Ды, нягледзячы на такіх выбітных “заступнікаў”, дзяўчынка неўзабаве памерла.

Сярод сыноў Дамініка Рэйтана Міхал быў самым шчаслівым. Ён атрымаў добрую адукацыю ў варшаўскім калегіуме тэатынаў, шчасліва пазбегнуў праз малыя гады ўдзелу ў палітычных закалотах Барскай канфедэрацыі, зрабіў выдатную грамадскую кар’еру, быў двойчы жанаты. Ад першай жонкі, Ганараты з Багдановічаў, з якой ён ажаніўся 28 кастрычніка 1777 года, меў чатырох сыноў — Казіміра (1778), Тадэвуша-Маўрыцыя (1780 — 1860), Станіслава-Карла (1781 — пасля 1765), Дамініка (1783 —1851) — і дачку Ганну (1782 ці 1785 — 1857, Парыж).

Пасля смерці Ганараты ў 1796 годзе Міхал ажаніўся з удавой свайго брата Язэпа — Людавіцы з Касінскіх, якая ўжо мела дзвюх дачок — Саламею (1792) і Элеанору (1796).

Выбітныя нашчадкі

Калі б Міхал Рэйтан не памёр у 1809 годзе, то ён бы вельмі цешыўся з таго, якімі годнымі людзьмі выраслі яго дзеці. Напрыклад, Тадэвуш, які нарадзіўся адразу пасля смерці свайго ўжо на той момант сусветнавядомага цёзкі і ў гонар якога атрымаў сваё імя.

Імя “Тадэвуша ІІ” згадаў наваградчанін Аляксандр Валіцкі — сябра кампазітара Станіслава Манюшкі, які адразу пасля смерці апошняга напісаў яго першую кнігу-біяграфію, што дасюль карыстаецца заслужанай увагай манюшказнаўцаў. Апісваючы нетрывіяльны для пачатку ХІХ стагоддзя грамадскі ўчынак Дамініка Манюшкі — які, насуперак волі сям’і і атачэння, фактычна скасаваў прыгон у сваім маёнтку, раздаў сялянам зямлю і пабудаваў дзве агранамічныя школы для мясцовай дзятвы, Валіцкі дадаў наступнае: “Амаль адначасова з Дамінікам Манюшкам, а нават на некалькі гадоў раней, быў у Літве сумленны грамадзянін, які адчуваў неабходнасць вызвалення і выхавання сялян, але яму на першым кроку заможная сям’я, з засцярогі змяншэння сямейнай маёмасці, паставіла такія непераадольныя перашкоды, што ніколі сваіх мараў ён не здолеў ажыццявіць. Гэта быў Тадэвуш Рэйтан (пляменнік слаўнага Тадэвуша). Я пазнаёміўся з ім каля 1850 года, у маёнтку Слаўкавічы (Бабруйскі павет) дзе неўзабаве і памёр ужо ў старым веку. Гісторыя гэтага неверагоднага чалавека з’яўляецца надзвычай цікавай і поўнай нават крымінальных таямніцаў, якія дагэтуль жывуць толькі ў вусных паданнях і якія, напэўна, ужо ніколі не пабачаць свету Божага”. (“Пераклад Камілы Янушкевіч” — зацверджана аўтарам).

Сапраўды, гісторыя жыцця слуцкага харужага Тадэвуша ІІ Рэйтана даволі цікавая. У выніку спробаў прымяніць на практыцы свае перадавыя погляды, ён быў абвешчаны “псіхічна хворым” і ўзяты пад апеку сваімі братамі. Магчыма, да гэтага дадалося і нешта крымінальнае, але праца па разблытванні гэтай таямніцы яшчэ не распачалася.

Таму пакуль што зазначу адно: цікава, што з такім самым непрыняццем шляхетных намераў сутыкнуліся не толькі Манюшка і Рэйтан, але і вядомы нам з урокаў беларускай літаратуры паэт Альгерд Абуховіч. Пра гэта піша вядомы даследчык Генадзь Кісялёў у сваёй кнізе “Пачынальнікі”.

Кірасір-пісьменнік

У свой час у публікацыі “Нобіль не ўзяты на аловак” я ўжо распавядаў пра Станіслава-Карла Рэйтана. Імя гэтага былога вайскоўца, урадніка і нарэшце, пісьменніка павінна ўпрыгожыць спіс выбітных беларускіх літаратараў сярэдзіны ХІХ стагоддзя. І па праве заняць месца паміж Адамам Міцкевічам, Генрыкам Равускім (Жавускім), Ігнатам Ходзькам, Ігнатам Яцкоўскім, чые жыццяпісы добра рапрацаваныя, а творы даўно перакладзеныя на беларускую мову. Зрэшты, частка праграмы па папулярызацыі гэтага аўтара ўжо выкананая. Нарыс ягонага жыцця прадстаўлены не толькі чытачам “К”, але і ў юбілейным, пятым, нумары альманаха “Тэксты”. Застаецца ж усяго нічога — перакласці на беларускую мову тры аповесці і расчытаць адзін рукапіс. Магу запэўніць, што чытво будзе годнае экранізацыі — асабліва “Пан Марцін Квеч”, дзеі якога адбываюцца ў Слуцку і наваколлі.

Напалеонаўскі маёр

Малодшы брат Станіслава Дамінік Рэйтан таксама абраў кар’еру вайскоўца. Але кар’ера ў іх развівалася па-рознаму. Станіслаў спярша паступіў на расійскую вайсковую службу, потым выйшаў у адстаўку, а ў 1812 годзе далучыўся да 20-га ўланскага палка новастворанага войска ВКЛ і разам з Напалеонам рушыў на Маскву. Дамінік пайшоў іншым шляхам. У 1807 годзе ён перайшоў праз Нёман у Польшчу і ўступіў у легіёны Генрыка Дамброўскага. Маладога і спрытнага вайскоўца заўважылі і ўзнагародзілі — пасля шматлікіх баёў, у якіх ён адзначыўся мужнасцю. Да вайны 1812-га ён падыйшоў ужо ў чыне капітана. А паколькі войска Напалеона тады з’яўлялася “мультыкультурным”, і гаварылі ў ім на самых розных мовах, то добрыя афіцэры-паліглоты там былі запатрабаваныя. Як выявілася, гэтаму патрабаванню (акрамя валодання нямецкай, на якой ён мог сказаць літаральна пару сказаў) цалкам адпавядаў Дамінік. Таму яго адкамандзіравалі ў Генеральны штаб Вялікай арміі.

Разам з будучым “польскім Мальерам” — драматургам Аляксандрам Фрэдрам — Дамінік Рэйтан прайшоў усю вайсковую кампанію 1812 — 1814 года. То-бок, да Масквы і назад, аж да Фантэнбло. Дзе, страціўшы веру ў перамогу, Напалеон вырашыў звесці рахункі з жыццём — але няўдала.

Гэта быў важны дзень і для Дамініка Рэйтана — аднак па другой прычыне. Дзякуючы кур’ёзнаму выпадку, адбылася яго сустрэча са сваім далёкім сваяком, імя якога на радзіме ўжо не грымела, але раз-пораз згадвалася цішком. Пра тое, у якіх варунках адбывалася гэтая сустрэча, напісалі ў сваіх успамінах саслужыўцы Дамініка Рэйтана.

Пакуль Напалеон перажываў экзістэнцыяльны крызіс, простыя вайсковыя фуражыры рабілі сваю справу: здабывалі па навакольных вёсках спажыву для коней. За абрабаваных сялян заступіўся нейкі стары мужчына з афіцэрскай выпраўкай. Як раптам высветлілася, ім аказаўся сам генерал Тадэвуш Касцюшка — дарэчы, траюрадны брат другога нашага героя Тадэвуша Рэйтана.

Неўзабаве Напалеон падпісаў капітуляцыю. Удзельнікі вайны атрымалі ад царскага ўраду Аляксандра І амністыю. Прайшло колькі часу — і ўжо падпалкоўнік Дамінік Рэйтан вярнуўся ў Грушаўку. Ажаніўся ён з Сафіяй, дачкой менскага віцэ-губернатара Людвіка Камінскага. Неверагодна, але факт: маці Сафіі паходзіла з вядомага англійскага роду банкіраў фон Тэпераў…

Таму жыццё ў правінцыі, якое крыху не дацягвала па ўзроўні насычанасці культурнымі падзеямі да губернскага Менска, а таксама больш выгодная партыя, прывяла да разрыву Сафіі з Дамінікам і яе паўторнага шлюбу з Рудольфам Пішчалам. Які выйграў падрад на будаўніцтва тыповай расійскай вязніцы і “ўзвёз” у цэнтры Менска знакамітую “Валадарку”. Але, паўторны шлюб так і не дапамог “разлучніку” Рудольфу абзавесціся нашчадкамі. І гэты стары род на ім завершыўся.

Да разрыву адносінаў з жонкай Дамінік стаў бацькам Барбары, Алены, Аляксандра (пражыў адзін год) і Стафана. З усіх шматлікіх Рэйтанаў толькі Стафану ўдалося працягнуць род па мячы, дый тое на адно “калена”. Ягоны сын Язэп Рэйтан беспатомным памёр у 1910 годзе ад сухотаў.

Але гэта будзе яшчэ далёка наперадзе. А пакуль Дамінік уваходзіць у склад слуцкага “Попечительского комитета о бедных”, а ў 1830 — 1835 гадах становіцца ледзь не галоўным фундатарам будаўніцтва новай камяніцы для легендарнай Слуцкай гімназіі (захавалася яна да нашых дзён). Вучыліся ў ёй такія асобы, як Эдвард Вайніловіч, Адам Плуг (Антон Пяткевіч), Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч).

Памёр Дамінік у паважных гадах, 1 лістапада 1851 года, і спачыў на родавым пахаванні Рэйтанаў на ляхавіцкіх могілках. Побач з бацькам Міхалам, дзядзькамі Язэпам і Станіславам. Тут жа ў 1863 годзе ляжа ў зямлю і ягоны сын Стафан, а праз некалькі месяцаў — і ягоная жонка Марыяна з Несялоўскіх. Дзеці іх будуць узятыя ў апеку баронамі Гартынгамі…

І завершым мы гэтую частку апавяданнем пра сястру Дамініка Ганну, якая ў 1810 годзе пабралася шлюбам з падпалкоўнікам 8-га пяхотнага палка польскіх войскаў Каралем Мікалаем Герычам. Іх адзіны сын Эдвард, які нарадзіўся ў 1811-м, будучы выхаваным у патрыятычным духу, у 1830 годзе далучыўся да паўстання і ў чыне падпаручніка ваяваў у складзе корпуса генерала Юзафа Двярніцкага. Пасля паразы паўстання ён апынуўся ў Галіцыі, адкуль эміграваў у Францыю. Услед за ім праз нейкі час рушыла і яго маці-ўдава, бо маёмасць іх была канфіскаваная. Апынуўшыся ў Францыі, Ганна Герыч пачала пісаць мемуары, якія для нас з’яўляюцца архі-каштоўнымі. Бо ў іх апісваецца жывая гісторыя Беларусі ХІХ стагоддзя, гісторыя роду Рэйтанаў ад першай асобы. Частка з іх перакладзена на беларускую мову і надрукавана. Але другая частка застаецца ў рукапісе — пакуль яшчэ нерасчытаным і неперакладзеным. Зрэшты, над ім цяпер працуе папулярызатарка асобы Ганны Герыч, беларускі гісторык Вольга Гарбачова.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар