Арыенціры лабірынта

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

Персанальная выстава скульптура Андрэя Асташова “Тайна Мінатаўра” праходзіла ў Галерэі Міхаіла Савіцкага. Тэматыка прадстаўленых у экспазіцыі твораў для сучаснага беларускага мастацтва не ўласцівая. Андрэя ў адрозненне ад большасці ягоных калег, якія шукаюць натхнення ў традыцыях і рэаліях Захаду, вабіць Усход. Мне могуць запярэчыць, што гэта зусім не арыгінальна. Маўляў, Кітай, а раней Японія, стала прапісаліся ў свядомасці нашай культурніцкай грамады і, адпаведна, нямала тых, хто працуе ва ўсходняй стылістыцы, адпавядаючай запытам мастацкага рынку. Але Андрэй пайшоў далей — ён “запаў” на Камбоджу. А там і Індыя побач.

/i/content/pi/cult/768/16597/011.JPGПершае ўражанне ад выставы: я патрапіў у экзатычны свет. Прычым гэты свет ніяк не стасуецца з вядомай мне рэчаіснасцю. Яно па-за межамі майго эстэтычнага досведу. У маёй памяці няма шуфляды, якой пасавала б пабачанае. Гэта насцярожвае і вабіць многіх. Нездарма ж Андрэя Асташова запрашаюць да ўдзелу ў знакамітых міжнародных пленэрах. Ды і наладзіць персанальную выставу ў Рускім музеі дадуць далёка не кожнаму.

/i/content/pi/cult/768/16597/012.JPGМне, аднак, падаецца, што сам Андрэй створаны ім вобразны шэраг экзатычным не лічыць. Калісьці мне на вочы трапіў аповед расійскага кінарэжысёра пра творчую камандзіроўку ў Калумбію. Дык вось пакуль ён тае Калумбіі не пабачыў, меркаваў, што Маркес — пісьменнік-фантаст, гэткі сюррэаліст ад літататуры. А на радзіме пісьменніка зразумеў: Маркес — бытапісец. Яны так жывуць… Вось і творчыя рэфлексіі Андрэя Асташова ў Паўднёва-Усходняй Азіі былі б успрыняты як амаль люстэркавы адбітак іхняй рэчаіснасці. Найперш, рэчаіснасці ментальнай.

Нязвыклую еўрапейскаму воку стылістыку ён пераносіць і на хрэстаматыйную міфалогію нашага кантынента. Той жа Мінатаўр — выдумка грэкаў, але паводле Асташова, лабірынтам для яго з’яўляецца ўвесь свет. І гэта вельмі слушная думка, адпавядаючая касмапалітычнаму мысленню чалавека нашых дзён. Скульптар мог бы працаваць у манументальнай пластыцы, але аддае перавагу станковай, разлічанай на камерную прастору. Адпаведна і публіка ягоная — людзі, здольныя засяроджвацца на дэталях і адчуваць нюансы. Але за нюансамі бачаць сутнаснае, за формай — змест.

Экспазіцыя зроблена якраз так, каб глядач мог засяродзіцца на творах, не адцягваючы ўвагу на прастору, у якой яны змешчаны. Кропкавае асветленне ў цёмным пакоі. Гэта вельмі эфектны прыём. Нешта падобнае я бачыў у Музеі Далі ў Фігерасе. Але спрацоўвае толькі тады, калі ёсць на што глядзець; калі аб’ект варты таго, каб на ім канцэнтраваць увагу. У дадзеным выпадку, гэта якраз тое, што трэба.

Гледзячы на творы Андрэя Асташова, не прыйдзе ў галаву, што ў свой час ён меў намер развітацца з творчасцю, бо ісці пратораным шляхам у акрэсленым папярэднікамі напрамку яму было нецікава, а свая дарога неяк не вымалёўвалася. Гэта як у Алеся Разанава: “Па-новаму не ўмею, а па-старому ўмею — не магу”. Але хто шукае, той знойдзе. Прычым, творчыя знаходкі мастака становяцца здабыткам грамады — той глядацкай аўдыторыі, што настройваецца на тыя ж арыенціры. І тады досвед мастака становіцца правадніком па лабірынце, які ў кожнага свой.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"