На “Анімаёўцы”

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

124 карціны з 29 краін — сёння ў Магілёве працягвае працу Міжнародны кінафестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”. Разнапланавыя кінапраграмы, майстар-класы рэжысёраў-аніматараў — Таццяны Кубліцкай, Сяргея Струсоўскага, Настассі Клачковай, сустрэча са слынным расійскім кампазітарам Генадзем Гладковым, выставы, прэзентацыі — насычаюць дні кінафоруму, што распачаўся 24 кастрычніка.

/i/content/pi/cult/768/16582/01.JPG/i/content/pi/cult/768/16582/02.JPGБеларуская анімацыя ў конкурсе прадстаўлена сямю стужкамі. Адна з іх — “Як мядзведзь сяброў шукаў” Ігара Волчака — толькі на гэтым тыдні была прэзентавана на кінастудыі “Беларусьфільм”. Фільм, зроблены ў пластылінавай тэхніцы, з сімпатычнымі музычнымі нумарамі, распавядае пра пошукі Мішуткі, што жыве ў лесе, “аднаго вялікага сябра”. Стужка поўная колераў, радасці, дабрыні і шчырага вясёлага імпэту, што робіць яе надзвычай абаяльнай. Над карцінай працавалі мастак-пастаноўшчык Святлана Катлярова, аніматары — Ганна Тумеля і Стас Спіранскі. Мастакі — Паліна Міцкевіч, Паўла Платонава і Юлія Кароткая.

Ці атрымае “…Мядзведзь” “Вялікі Крыштальны аловак” — галоўны прыз “Анімаёўкі” — даведаемся ўжо заўтра. Падчас прэзентацыі новай карціны на студыі былі паказаныя і дзве папярэднія работы Ігара Волчака — “Акіяны” і “Цуды ў дзень народзінаў”, зроблены амаль з той жа камандай мастакоў. Кадры адтуль — і ўпрыгожваюць нашу першую паласу.