Імпрэзы ў гонар малой радзімы

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Мінулы тыдзень, як вядома, прайшоў пад знакам святкавання Дня работнікаў культуры. Але гэта, натуральна, не значыць, што супрацоўнікі клубаў, бібліятэк, музеяў ці школ мастацтваў па ўсёй Беларусі адпачывалі ад паўсядзённых клопатаў. Звычка сумяшчаць працоўныя дні і святочныя імпрэзы ў людзей, адданых сваёй дзейнасці на ніве культурнага жыцця горада, раёна ці вобласці, ужо сталася іхняй “другой” натурай. Таму і гэты, святочны і радасны для работнікаў культуры, тыдзень, быў напоўнены самымі рознымі адметнымі імпрэзамі ды цікавымі мерапрыемствамі.

/i/content/pi/cult/767/16573/014.JPGСвяты ці будні?

Але ж пачну менавіта са святочных імпрэз. Так, супрацоўнікі сферы культуры Лідскага раёна сваё прафесійнае свята адзначылі ні дзе-небудзь, а ў сценах старажытнага Лідскага замка. І гэта цалкам зразумела, бо менавіта старадаўнія муры гэтай сівой ад даўніны крэпасці з’яўляюцца сёння сапраўднай візітоўкай матэрыяльна-культурнай спадчыны не толькі раёна ці Гродзенскай вобласці, але і ўсёй Беларусі.

Тэатралізаванае адкрыццё імпрэзы ў Лідзе запомнілася ўсім гасцям: запрошаныя культработнікі ўбачылі саміх сябе з боку, бо на сцэне быў паказаны працоўны працэс і штодзённая праца любога работніка культуры — сцэнарыі, святы, рэпетыцыі, выступленні... Пасля ўручаліся ганаровыя граматы і былі прынятыя ў творчую сям’ю работнікаў культуры Лідчыны маладыя спецыялісты.

Пра ўрачыстасці з нагоды свайго прафесійнага свята напісалі і супрацоўнікі сферы культуры Ашмянскага раёна. На сцэне Ашмянскага РЦК, як піша нам Кацярына Рудзік, было зладжана тэатралізаванае прадстаўленне, а ў зале прысутнічалі кіраўнікі і работнікі ўстаноў культуры, ветэраны і маладыя спецыялісты. Віншаванні чаргаваліся з канцэртнымі нумарамі і ўзнагароджаннем лепшых работнікаў сферы, а таксама кіраўнікоў творчых калектываў Ашмяншчыны.

А ў Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэцы-цэнтры турызму і краязнаўства, што ў Гродзенскім раёне, да Дня работнікаў культуры была зладжана традыцыйная бібліяноч. Сёлета яна называлася “Восеньская вечарына ў Сапоцкіне” і была багатая на гульні, конкурсы, чытанні вершаў удзельнікамі аматарскага аб’яднання “Натхненне” ды многае іншае.

Праект за праектам

Яшчэ 5 кастрычніка Навагрудак, адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, адсвяткаваў 975-годдзе з часу першай летапіснай згадкі. Натуральна, не засталіся ў баку ад свята і мясцовыя бібліятэкары. Так, супрацоўнікі Навагрудскай раённай бібліятэкі зладзілі літаратурную пляцоўку “Вялікі рэспект малой радзіме”. На ёй можна было пагартаць мастацкія творы, дзеянне якіх адбываецца на Навагрудчыне, а таксама навукова-папулярныя і гістарычныя кнігі пра Навагрудак, паглядзець карціны навагрудскіх краявідаў, скласці пазл-рэканструкцыю “Навагрудскі замак” па аднайменнай карціне Віктара Сташчанюка, паўдзельнічаць у гісторыка-літаратурнай экспедыцыі “Навагрудчане на карце свету”.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Як пішуць супрацоўнікі Навагрудскай раённай бібліятэкі Іна Шаўчук і Святлана Чубрык, на пляцоўцы можна было пазнаёміцца з аўтарам гістарычных раманаў Юрыем Татарынавым, пабываць у фотазоне “Застылая гісторыя”, дзе кожны ахвотны мог прымерыць на сябе вобраз Князя ці Князёўны. А бібліякафэ “Гістарычная кніга” прапаноўвала сваім наведвальнікам духмяную гарбату з пачастункамі і цікавыя літаратурныя крыніцы пра горад. Так што бібліятэчныя цікавосткі і крэатыўныя знаходкі мясцовых бібліятэкараў прыйшліся даспадобы не толькі маленькім наведвальнікам, але і іхнім бацькам.

Цікавая навіна прыйшла з Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Аказваецца, з 1 кастрычніка ў Мастах і польскім горадзе Астраленке пачалася рэалізацыя маштабнага праекта “Стварэнне цэнтраў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і адукацыі ў Астраленке і Мастах”. Фінансавыя сродкі на стварэнне двух сучасных адукацыйных высокатэхналагічных мультыцэнтраў у гарадах-пабрацімах выдаткаваны Еўрапейскім Саюзам па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў рамках Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна 2014 — 2020”.

Як піша нам метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун, за час рэалізацыі праекта, — а ён будзе цягнуцца два гады, — на базе раённай “кніжніцы” будзе створаны мультыцэнтр, у якім друкаваныя выданні і інтэрактыўныя адукацыйныя праграмы дапоўняць адно аднаго.

— Мультыцэнтр будзе даступны дзецям, моладзі, дарослым і нават пенсіянерам, — піша аўтарка ліста. — Ён дазволіць удасканальваць свае веды і развіваць інтэлектуальныя і творчыя здольнасці. У бібліятэцы ў выніку размесцяцца дзевяць лабараторый: для заняткаў мастацтвам, музыкай, замежнымі мовамі, навукай, тэхнікай і робататэхнікай, па вывучэнні навакольнага асяроддзя, а таксама лабараторыі Лега, эксперыментаў ды дзіцячая лабараторыя.

Такім чынам, з дапамогай камп’ютараў і найноўшага праграмнага забеспячэння наведвальнікі змогуць сабраць робата ці надрукаваць мадэль на 3D-прынтары, самастойна напісаць музыку ці сыграць на інтэрактыўных музычных інструментах, а таксама зрабіць яшчэ дзясяткі цікавых спраў…

Што ж, пачакаем завяршэння праекта і абавязкова пабываем у Мастах, каб пабачыць усе пералічаныя цікавосткі, як кажуць, на свае вочы. А яшчэ абавязкова папросім мясцовых бібліятэкараў падзяліцца сваім крэатыўным вопытам з калегамі. Бо, натуральна, хацелася б, каб падобныя мультыцэнтры паўставалі не як адзінкавыя прыклады, а сталіся завядзёнкай у многіх раённых цэнтрах Беларусі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"