“Хошгелдзініз!”, а па-беларуску — “Мы рады вас бачыць!”

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

17 кастрычніка ў Мінску адбылося адкрыццё Дзён культуры Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь. Міністр культуры краіны Юрый Бондар і намеснік міністра культуры Туркменістана Нурсахет Шырымаў віталі ўдзельнікаў падзеі на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

/i/content/pi/cult/767/16561/05.JPG“Няма сумневаў у тым, што Дні культуры Туркменістана, якія адбываюцца зараз у краіне, стануць яшчэ адной яскравай старонкай у летапісе духоўнага ўзаемаўзбагачэння нацыянальных культур і нашым агульным унёскам ва ўмацаванне сяброўства паміж краінамі”, — падкрэсліў ролю культурных зносін паміж дзяржавамі ва ўступнай прамове Юрый Бондар.

У гала-канцэрце, што працягнуў праграму вечара, прагучалі песні ў выкананні вядомых артыстаў Туркменістана. На сцэне выступілі: Джамал Сапарава і фальклорная група “Дакмачылар”, Атаджан Бердыеў, Газель Авезава, Цяшлі Тулегенаў, Лейлі Акдзірава ды іншыя спевакі, любімыя на радзіме. Лейлі Акдзірава ў знак пашаны да Беларусі выканала знакамітую кампазіцыю Аляксандры Пахмутавай на словы Мікалая Дабранравава “Белавежская пушча”.

Пазнаёміцца з творамі дэкарытыўна-прыкладнога і ювелірнага мастацтва з Дзяржаўнага музея Дзяржаўнага культурнага цэнтра Туркемінстана і Туркменскай дзяржаўнай мастацкай школы можна было на выставе ў фае філармоніі. Нацыянальныя касцюмы, музычныя інструменты, цудоўныя дывановыя вырабы давалі магчымасць дазнацца больш пра адметнасць культурнай спадчыны краіны. Асабліва вабілі вока ў экспазіцыі ювелірныя ўпрыгожанні — гонар туркменскіх майстроў.

Дні культуры Туркемінстана ў Рэспубліцы Беларусь уключаліся і мерапрыемствы ў Магілёве 18 кастрычніка, у якіх прынялі ўдзел творчыя дзеячы дзвюх краін, работнікі культуры і мастацтва.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА