Беларускі сучасны тэатр: тое art?

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

ІХ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва TEART працягваецца, але частка яго праграмы — так званы Belarus Open, што складаецца з лепшых беларускіх праектаў, завершаны. 11 спектакляў за лічаныя дні, ажно да пяці паказаў на кожны з выхадных — сапраўдны “Канцэнтрат”: менавіта такі фестывальны слоган быў сёлета абраны. І хаця ў гэты сціслы лозунг укладаўся больш шырокі змест, канцэнтраванасць паказаў беларускага складніка — неабходнасць, разлічаная, у тым ліку, на больш як дваццаць запрошаных на форум замежных крытыкаў, прадзюсараў і іншых дзеячаў: іх меркаванні, запрашэнні “ў адказ” і ўвогуле “погляд з боку” дапамагаюць асэнсаванню і далейшаму прасоўванню нашага тэатральнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/765/16536/018.JPGЧым здзіўляць будзеце?

Такое ўлюбёнае журналістамі пытанне не раз і не два чулі арганізатары любых мерапрыемстваў. Яго “сінонім” — “раскажыце нашым чытачам пра сёлетнія асаблівасці”. Між тым, больш заўважнымі ўсялякія “фішкі” становяцца па завяршэнні, а не напярэдадні, бо да ўсяго запланаванага далучаецца тое, што магло ўзнікнуць быццам само па сабе.

Прэзентацыя праектаў “Тэатр сацыяльных даследаванняў” была вынесена нават у асобны раздзел, каб на яе звярнулі ўвагу. Падобныя спектаклі былі на форуме і раней, але сёлета іх стала болей. Не таму, што ўсе раптам кінуліся да пошукаў вострай праблематыкі, а таму, што такія спектаклі дадалі да сваёй публіцыстычнасці яшчэ і больш мастацкасці, каб не трэба было абіраць між праславутай дылемай “паэта” і “грамадзяніна”.

Другой сёлетняй асаблівасцю стала шырокае прадстаўніцтва рознага роду прыватных ініцыятыў. Сёлета іх стала ў праграме куды болей, чым дзяржаўных тэатраў: восем спектакляў і тры. Аб’ектыўна ў недзяржаўных аказаліся больш цікавыя работы — паводле праблематыкі і мастацка-выразных сродкаў.

Дададзім, што падобныя праекты не застаюцца нейкім элітарным “дзівацтвам”, а карыстаюцца глядацкім попытам, асабліва сярод моладзі. Дарэчы, яшчэ і таму, што нешта “альтэрнатыўнае” выглядае для яе больш прыцягальным. Дый залы для такіх спектакляў далёка не “стадыённыя”, сабраць у іх аншлаг куды прасцей. Часцяком увогуле адным з галоўных аб’ектаў увагі становіцца незвычайная пляцоўка — без аксаміту і пазалоты, сярод якіх няўтульна пачуваеш сябе ў джынсах.

Нарэшце, у якасці трэцяй асаблівасці можна вылучыць дастатковую колькасць сумесных праектаў, што яднаюць прадстаўнікоў розных краін. Два спектаклі — пастаўленыя Стасам Жырковым з Украіны: “Паляванне на сябе” ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і “ГЭТАМЫ” як незалежны праект, але з артыстамі той жа трупы. Яшчэ два — беларуска-англійскія. Рэжысёры Мікалай Халезін, Наталля Каляда, Уладзімір Шчэрбань некалькі гадоў таму з’ехалі ў Вялікабрытанію, дзе паспяхова працягваюць сваю творчую дзейнасць, дадатковым доказам чаму — цяперашнія паказы. Сучасныя магчымасці імгненнай відэасувязі дазваляюць не толькі кіраваць працэсам на аддаленасці, але і ставіць спектаклі, праводзіць прэс-канферэнцыі і да таго падобнае — па тым жа вайберы.

Спаборніцтва з самім сабой

Любы тэатр, любы спектакль, у адрозненне ад таго ж кіно, — жывыя істоты, якія могуць раптам “захварэць” ці, наадварот, не проста ачуняць, але і ўзяць новыя прыступкі на шляху да творчага Алімпа. Прыемна, што многія паказаныя ў час форуму спектаклі “ўзраслі” за той час, што мінуў пасля іх прэм’еры, узбагаціліся новымі фарбамі — нават дадатковымі рэжысёрскімі дэталямі і знаходкамі, якіх не было раней. Чым не прыклад адданасці сваёй справе?

Пабываўшы колькі часу таму на адным са спектакляў Лабараторыі сацыяльнага тэатра Eclab, я зрабіла для сябе выснову, што яго кіраўнік Валянціна Мароз робіць акцэнт на слове “сацыяльны”. А ўсё астатняе ў назве праекта, уласна яго “лабараторыя тэатра” застаюцца дзесьці за дужкамі. Што этыка з эстэтыкай вядуць няроўны паядынак, у якім першая перамагае яшчэ да яго пачатку. Але цяперашні спектакль “Родныя людзі?” пераканаў у зваротным. Надзвычай актуальная для любога грамадства тэма хатняга гвалту, насілля атрымала дасканалую па ўвасабленні форму. П’еса Лёхі Чыканаса, заснаваная на дакументальным матэрыяле — запіса размоў з пацярпелымі, склалася па форме і драматургіі. Задзейнічаныя непрафесійныя артысты скаралі шчырасцю, адсутнасцю акцёрскіх штампаў і той “наігранасці”, якая, здараецца, перашкаджае верыць убачанаму. За гэтай простай “будзённасцю” стрыманых сцэнічных паводзін хавалася сапраўдная трагедыя, што вымушала задумацца аб магчымым яе вырашэнні.

Разам з тым, абраная форма менавіта дакументальнага тэатра не дазволіла разгледзець праблему як мага больш рознабакова. Мы ўбачылі чатыры прыклады пацярпелых жанчын і адзін — пакутнага дзіця. “За дужкамі” засталіся мужчыны (а над імі, між тым, жанчыны часта ўчыняюць такі псіхалагічны ўціск, што разбурае асобу больш за фізічнае ўздзеянне). Не былі выслуханы і прадстаўнікі другога боку — і тыя, хто “рукі распускае”, і тыя, хто ўмудраецца гэтага не бачыць ды яшчэ і пасмейваецца. А ўсё таму, што названыя катэгорыі магчымых рэспандэнтаў ад інтэрв’ю адмовіліся — нават пры тым, што хтосьці дзяліўся патаемным у прыватнай размове, але з просьбай не выносіць гэта “на публіку”. Значыць, следам за такімі папраўдзе дакументальнымі аповедамі павінны з’явіцца і ўласна мастацкія, заснаваныя на тыпалагізацыі і абагульненнях. Бо цяперашняе “хаджэнне ў народ” — чарговая спроба наблізіць мастацтва да вострых жыццёвых рэалій, а не глянцава-напамажаных казак для дарослых.

Крокам наперад у параўнанні з ранейшымі пастаноўкамі Вольгі Лабоўкінай і тэатра танца Karakuli стала “Паветра”, прывабнае добра выказанай ідэяй (ад “пустога” інтэр’ера да палёту ў завоблачных вышынях) і пераходу з адной пляцоўкі на другую, што блізка тэатру-праменаду.

Ігар Казакоў, як вядома, з Магілёўскага тэатра лялек сышоў, але сваю нядаўнюю прэм’еру — “Кандыд, ці Аптымізм” не кінуў. Да паказу на TEARTе спектакль дадаткова рэпетаваўся, у ім з’явіліся новыя рысы. І захавалася галоўнае — атмасфера нязмушанай гульні (ва ўсіх сэнсах — акцёрскай, прадметамі, словамі, сэнсамі, часткамі цела), скрозь якую нам даносяць глыбокія думкі (і ад рэжысёра з такімі ж заўзятымі артыстамі, і ад аўтара выкшталцонай інсцэніроўкі Дзмітрыя Багаслаўскага), падштурхоўваюць да ўласных жыццёвых пошукаў і разваг.

Спаборніцтвам з самім сабой можна было назваць і “Дом № 5” Тэатральнай лабараторыі Fortinbras (Беларусь / Вялікабрытанія). Што гэта — спектакль пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі і з удзелам іх саміх? Не толькі. Бо атрымалася не звыклая слёзна-меладраматычная гісторыя пра зняважана-абражаных ды бяздольных, не гераічны плакат пра жыццё “насуперак лёсу”, а выбітнае сцэнічнае дзеянне з добрым тэмпарытмам, выкарыстаннем відэа, іншых сучасных прыёмаў, поўнае гумару, яркіх мастацкіх знаходак, у тым ліку пластычных. Прасякнутая дабрынёй, спагадай, скіраваная на паразуменне фантасмагорыя раптам прывяла да думкі, што “абмежаваныя магчымасці” тычацца насамрэч не фізічнага стану, а душэўнага і духоўнага. Дык хто тут душэўна-духоўны “інвалід”?

Іншага кшталту “спаборніцтвам з сабой” былі два спектаклі таленавітага Юры Дзівакова — нават тры, калі дадаць закрытае, без запрашэння айчынных крытыкаў і журналістаў адкрыццё форуму з заяўленай на ім “операй” ад гэтага рэжысёра. Што ж, пастаўленая ім “Песня песняў” у Цэнтры візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт Карпарэйшн” таксама крыху “опера”. Спевы былі і ў “Павятовым лекары” Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра. Але гэты спектакль успрымаўся чарговай “заявай пра сябе”. Франц Кафка, нягледзячы на максімальную насычанасць спектакля тэкстам (дарэчы, у перакладзе на беларускую, зразумець якую з-за дрэннага маўлення і гучных аўдыёэфектаў можна было хіба па англамоўных тытрах), кудысьці знік. Бо спектакль выпраменьваў не эстэтыку загадкавай прыгажосці і шматмерных асацыяцый з філасофскім падтэкстам, уласцівую аўтару, а шалёную агрэсію, ад якой хацелася адгарадзіцца. Пераасэнсаванне зыходнага матэрыялу — з’ява нармальная. Але навошта той жорсткі ўціск? Няўжо з-за боязі быць непачутым, адвергнутым? Шкада, што ў праграму не патрапіў яшчэ адзін спектакль таго ж рэжысёра — “Гогаль. FATUM”, пастаўлены ў іншым тэатры — Гомельскім абласным драматычным. А галоўнае, зусім у іншай манеры, але таксама скрозь “дзівакоўскай”: з безліччу тонкіх алюзій не адно на “Шыняля”, а на ўсю творчасць, на саму паэтыку класіка. Да таго ж, практычна без слоў, што магло б яшчэ больш зацікавіць арганізатараў замежных фестываляў, прагных да адкрыцця новых тэатральных імёнаў і пашырэння геаграфіі.

Масткі да мастацтва

TEART “запраграмаваны” на пошук усяго не проста лепшага, а яшчэ і новага, эксперыментальнага, што рушыць мастацтва наперад. Але дзе мяжа між творчым эксперыментам і ўласна мастацкасцю? Імкненне спалучыць гэтыя два складнікі кожны вырашае па-свойму — гэтак жа, як і спалучэнне актуальнай праблематыкі з нейкім новым узроўнем тэатральнай выразнасці.

Згаданыя “Кандыд”, “Паляванне на сябе” — класічныя ўзоры ўдалага сінтэзу, шмат у чым забяспечаныя ўжо класічнай літаратурнай асновай, хай і цалкам перапрацаванай. А што ж сучасныя драматургічныя крыніцы ці ўвогуле іх адсутнасць? Прыкладам сучаснай класікі могуць быць названы “Вартавыя Тадж-Махала” ад “Арт Карпарэйшн” і рэжысёра Аляксандра Янушкевіча.

Не абмежаваўся хвосткім абсурдысцкім тэкстам Алены Шпак і Андрэя Дзічэнкі спектакль Hunchtheatre “Левыя дысідэнты” (Беларусь / Вялікабрытанія), пастаўлены Уладзімірам Шчэрбанем. Спалучылася ўсё: выдатныя артысты, якія наўмысна працуюць на кантрасце тэхнік і манер, раяль “па прызначэнні” (цудоўнае музычнае суправаджэнне Андрэя Завалея) і ў якасці асноўнай “сцэнаграфіі” натуральная свіная пыса — у прамых і пераносных сэнсах, пародыя і асацыятыўнасць, дзе з хохмаў і ненарматыўнай лексікі (а якім можа быць турэмны лексікон?) узрастае сацыяльнае даследаванне — на ўзроўні “чалавек + чалавек”, дзе вынік не заўжды палюбоўны.

Асабняком у шчыльнай тэатральнай праграме стаяў праект Brest stories guide тэатра “Крылы халопа” з Брэста, паказаны ў выглядзе прэзентацыі і аўдыявізуальнай інсталяцыі. Прысвечаны Халакосту і заснаваны на архіўных матэрыялах, успамінах, фота і гэтак далей, у арыгінале ён цалкам прывязаны да мясцовасці і ўяўляе з сябе штосьці накшталт пешай экскурсіі па горадзе са смартфонам, куды спампаваны адпаведны дадатак, але можа існаваць і з жывым “экскурсаводам”. Гістарычнае даследаванне памножана на мастацтва публіцыстыкі і адкрывае новыя перспектывы найперш экскурсійнага руху.

Як бачым, праграма Belarus Open, дзякуючы намаганням яе складальніка — тэатральнага крытыка Людмілы Грамыка, атрымалася максімальна разнастайнай, пазбаўленай выпадковых “не фестывальных” праектаў. Літаральна праз некалькі дзён, калі завершыцца міжнародная праграма форуму, будзе магчымасць іх параўнаць. Бо заўсёды ж цікава, як успрымаецца “наша, беларускае” не толькі замежнікамі, але і на фоне лепшага замежнага.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"