Прывітанне ад Астапа Бэндэра, або “Адзінокая кніга жадае пазнаёміцца”

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

Ужо і Дзень бібліятэк прайшоў, і па ТБ сюжэт з Магілёва пра гэта паказалі, але розгалас пра падзею не сціхае. Відаць, мерапрыемства, сапраўды, дайшло да чытацкага сэрца. Насамрэч, як можна забыцца на жыццярадаснага Астапа Бэндэра з сімпатычнай Элачкай-Людаедкай? Парачка нетаропка шпацыравала па магілёўскіх вуліцах. А побач нязмушана прагульваліся Аляксандр Пушкін ды Наталля Ганчарова. І не проста прагульваліся, але і з ахвотай уступалі з мінакамі ў дыялогі пра жыццё і літаратуру. Я з задавальненнем пагутарыў бы з Ганчаровай пра каханне і рэўнасць са здрадай.

/i/content/pi/cult/765/16534/016.JPGАле ўсё ж не па гэтай прычыне я паставіў магілёўскую інфармацыю на першае месца. Справа вось у чым. Аўтар допісу — загадчык бібліятэкі-філіяла № 4 імя Міхаіла Лермантава Вікторыя Падчапіла адкрыла, як мне падаецца, пэўныя сакрэты загадзя паспяховай бібліятэчнай акцыі. Перадаю іх тэзісна. Спачатку ў бібліятэцы прайшоў Дзень непрачытаных кніг: вынікам стала выстава самых запатрабаваных у бібліятэцы выданняў. Лепшыя навінкі прэзентаваліся на кніжным кірмашы. А як вам дэвіз абмену: “Адзінокая кніга жадае пазнаёміцца”?! А ў Дзень бібліятэк супрацоўнікі ўстановы выйшлі на вуліцы Магілёва…

Наша сталая аўтарка Ала Драган, супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, піша пра ўшанаванне памяці знакамітай ураджэнкі Бярозаўскай зямлі Ніны Мацяш. Вершы пішуць многія, а паэтаў — адзінкі. Ніна Язэпаўна — паэт. У філіяле музея, галерэі мастацтваў, дзейнічае выстава “Вытокі літаратурнага майстэрства”. Тут жа адбылася сустрэча чытачоў з беларускімі пісьменнікамі. Вось пра што піша пранікнёна спадарыня Ала: “Ніна Мацяш пайшла ад нас у 2008 годзе, але яе вершаваны радок “Мы сустрэнемся, хоць нас ужо не будзе…” ажыў сёння з дапамогай фотаздымкаў, кніг і асабістых рэчаў пісьменніцы”. Паэт Міхась Скобла зазначыў, прыкаваная да інваліднага крэсла Ніна Мацяш, — прыклад мужнасці і жыццялюбства. Дзверы яе кватэры былі заўсёды адчынены для сяброў, паэтаў і проста добрых людзей. Усіх уражвала моц яе духу”. Калі на душы невыносна цяжка, я заўжды згадваю Ніну Язэпаўну, і праблемы мае драбнеюць і адступаюць.

20 верасня 1929 года слонімскі калекцыянер, гісторык і археолаг Язэп Стаброўскі ахвяраваў сваю калекцыю рарытэтаў роднаму Слоніму. Так узнік Слонімскі раённы краязнаўчы музей, які носіць імя Язэпа Стаброўскага. Установа — адзін са старэйшых музеяў вобласці. Да яго 90-годдзя было прымеркавана пасяджэнне краязнаўцаў Гродзеншчыны. Юбілей быў адзначаны ў мясцовым драматычным тэатры. Пра гэта напісала дырэктар музея Алена Сухарукава. А Сяргей Чыгрын распавёў пра тое, што мастак Уладзімір Сайко падараваў установе партрэт Язэпа Стаброўскага.

Работнікі культуры аграгарадка Князева (Зэльвеншчына) правялі штогадовае свята “Бульбяны разгуляй”. Святлана Якута сцвярджае, што фантазія арганізатараў была бязмежнай: бульбе былі прысвечаны і канцэртныя нумары і шматлікія стравы. У канцэрце бралі ўдзел і самадзейныя артысты са Свіслацкага раёна.

А ў Мазалаве, мяркуючы па пісьме Андрэя Струнчанкі, з не меншым імпэтам адзначылі Багач. Імпрэза дала магчымасць убачыць элементы старажытнага абраду, прысвечанага заканчэнню зернеўборкі.

27 верасня ў вёсцы Брусы Мядзельскага раёна, дзе размешчаны помнік ахвярам фашызму, прайшоў мітынг-рэквіем. У 1943 годзе карнікі акружылі вёску, жыхароў выгналі на вуліцу, частку адправілі ў Германію, астатніх спалілі ў хляву. На Мядзельшчыне за гады Вялікай Айчыннай фашысты спалілі 68 вёсак, у агні загінула 183 жыхары.

Як заўжды, нізка навін паступіла з Ашмяншчыны. Аддзел метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры паведамляе: “У аграгарадку Навасёлкі прайшоў яблычны фэст. Мерапрыемства арганізавалі Навасёлкаўскі аддзел культуры і вольнага часу, навучальна-педагагічны комплекс, сельвыканкам і сельгаспрадпрыемства “Ашмянскі світанак”. У госці да навасёлкаўцаў прыехаў жаночы вакальны гурт “Спадчына” з аграгарадка Лаздуны Іўеўскага раёна”.

Алена Сальмановіч з аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК распавядае, што ў аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Граўжышкі адбылася арт-сустрэча з мясцовымі паэтамі. Вечарына называлася “Не гасне творчасці святло”. Гучалі вершы, байкі, балады.

У Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча працуе фотавыстава “Імя тваё — жанчына”. Праект прысвечаны жанчынам Ашмянскага раёна і Гродзенскай вобласці. Здымкі — каляровыя і чорна-белыя, жанравыя, рэпартажныя і пастановачныя. Напісала пра гэта Кацярына Рудзік.

Канцэрт, прымеркаваны да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці, прайшоў у Ашмянах. А ў сельскім клубе аграгарадка Станцыя Ашмяны наладзілі свята для дзяцей у пірацкім стылі. Справа капітана Джэка-Вераб’я жыве і перамагае. Пірацкі “карпаратыў” у названым аграгарадку быў прымеркаваны да дня нараджэння дзяўчынкі Нікі. Усё правільна: дзень народзінаў вобласці — гэта дзень народзінаў канкрэтных людзей.

На чарзе — навіны з Дзятлаўскага раёна. Дзіцячы гурток народных традыцый “Вытокі” Казлоўшчынскага Дома культуры паспрабаваў рэканструяваць абрад Багач. Мясцовыя работнікі культуры падрыхтавалі канцэртна-гульнявую праграму.

Пра нестандартную форму правядзення Дня прадпрыемстваў раёна паведамілі з Дзятлаўскага цэнтра культуры. Для акцыі быў абраны фармат раённага конкурсу творчасці “Зорныя старты”. Пасля адборачнага туру адбыўся гала-канцэрт. Пераможцы дэманстравалі свае здольнасці ў вакальнай творчасці, мастацкім чытанні, дэкаратыўна-прыкладным і фотамастацтве.

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Алена Вялічка паведамляе пра выставу “Гродзенская вобласць. Позірк праз гады”. У экспазіцыі — выданні розных гадоў, што знаёмяць з гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчынай Гродзенскага Панямоння.

Удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў “Сустрэча” інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра і “Натхненне” Сапоцкінскай горпасялковай бібліятэкі — цэнтра турызму і краязнаўства адправіліся ў круіз памяці страчаных вёсак “Тут жылі мае продкі”. Вандроўка пачалася з сустрэчы з Вандай Гедроіць, былой жыхаркай колішняй вёскі Астравок. А потым скіраваліся на гэты хутар, доўга шукалі месца, дзе знаходзілася хата Ванды Браніславаўны, усталявалі тут памятную шыльду. Далей маршрут пралёг да былой вёскі Царэва…

Малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Наталля Білімава піша: “21 верасня ў парку культуры і адпачынку горада Баранавічы ў рамках традыцыйнага штогадовага Свята бульбы прайшоў першы адкрыты фестываль традыцыйных беларускіх рамёстваў “Дрэва жыцця”. Удзел у фэсце прыняла наш народны майстар Рэспублікі Беларусь, ткачыха Ніна Казак разам з дачкой Наталляй Рабцэвіч і ўнучкай Аляксандрай. Саша ўзнагароджана дыпломам першай ступені ў намінацыі “Правядзенне майстар-класу па ткацтве”. Дыпломамі трэцяй ступені ў намінацыях “Афармленне выставачнага павільёна” і “Візітоўка” ўзнагароджаны ўсе трое: Ніна Казак, Наталля і Аляксандра Рабцэвіч.”

Метадысты з Ваўкавыска распавядаюць пра раённы фэст-конкурс творчасці людзей сталага веку “Узрост. Майстэрства. Талент”. Дзея адбывалася на сцэне Субацкага Дома культуры. Пераможцы былі вызначаны сярод вакалістаў, танцораў, прыхільнікаў мастацкай літаратуры і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Астравецкая раённая бібліятэка арганізавала сустрэчу чытачоў з паэтам Станіславам Валодзькам. Прэзентаваліся новыя кнігі вершаў і казак для дзяцей.

Бібліятэкар Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі Тэрэза Івашка піша: “Мы правялі квэст “Мой Прынёманскі край пад бусліным крылом”. Дзеці дакрануліся да сваіх вытокаў, прадэманстравалі веды пра славутасці вобласці, пра буйныя прадпрыемствы і іх прадукцыю, згадалі аўтараў літаратурных твораў, пра непаўторную маляўнічасць Прынёманскага краю”.

Пішыце і здзіўляйце. Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"