Забыты конкурс

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

80 гадоў таму для нашага краю была адноўлена гістарычная справядлівасць. Заходнебеларускія землі ўз’ядналіся з Беларуссю, саюзнай рэспублікай СССР. Рэспубліка Беларусь ні да каго не мае тэрытарыяльных прэтэнзій і прымае сучасныя межы як палітычную рэальнасць, не засяроджваючыся на гістарычных акалічнасцях.

/i/content/pi/cult/765/16530/PP 123055_opt.jpegАле ў любым выпадку Беларусь у 1939 годзе набыла тую крытычную масу, якая дазволіла нам выстаяць у віхуры сусветнай вайны, пазбегнуць асіміляцыі па заходнім ці якім іншым сцэнарыі — не стаць ні ваяводствам, ні губерняй, захаваць сваю тоеснасць і зрэшты — заваяваць Незалежнасць.

У гонар вялікіх, лёсавызначальных падзей прынята ствараць мемарыялы. На жаль, Уз’яднанне дагэтуль не ўшанавана помнікамі ні ў сталіцы, ні ў гарадах, што тады вярнуліся на землі радзімы.

А ў 1939 годзе намер стварыць такі мемарыял быў. Больш за тое, названая ідэя пачала рэалізоўвацца. Адразу пасля вераснёўскіх падзей быў абвешчаны конкурс на помнік для горада Беластока (нагадаю: менавіта ў Беластоку адбыўся памятны Народны сход, які заканадаўча замацаваў факт Уз’яднання). Акрамя беларускіх мастакоў у ім бралі ўдзел творцы з Масквы і Ленінграда. Прадставілі свае праекты такія значныя майстры тае пары як Манізер, Лангбард, Грубе. Стылістыка твораў адлюстроўвала эстэтыку пераходнага часу ад канструктывізму да кампіляцыйнага класіцызму, потым названага сталінскім ампірам. Пераможцам конкурсу стаў Георгій Заборскі (ягоны праект — на ілюстрацыі). Помнік Уз’яднанню нагадваў архітэктуру Савецкага павільёна на Парыжскай сусветнай выставе 1937 года. У ніжняй частцы размяшчаліся сюжэтныя кампазіцыі, распавядаючыя пра сустрэчу грамадою воінаў Чырвонай Арміі, а вянчаў манумент велізарны герб БССР. Давесці праект да ладу і ўсталяваць помнік не паспелі, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна. А пасля вайны Польшча стала часткай Савецкага блока і ў гэтай сітуацыі згадваць падзеі 1939 года не выпадала. Самае большае, што нам тады было дазволена — называць вуліцы заходнебеларускіх гарадоў у гонар 17 верасня.

Сёння Беларусь суверэнная дзяржава і, адпаведна, мае магчымасць трактаваць уласную гісторыю з уласнага гледзішча, не азіраючыся ні на каго. Так што надышоў час завяршыць справу, распачатую яшчэ 80 гадоў таму і нарэшце ўсталяваць помнік падзеям 17 верасня 1939 года. Канешне ж не ў той стылістыцы, што існавала 80 гадоў таму, і не з тымі ідэалагічнымі акцэнтамі. Паводле ўсіх чыннікаў помнік мусіць быць сучасным.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"