З герба Ястрабец

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

Таямніцы радаслоўнай Драздовіча
15 верасня споўнілася 65 гадоў з дня спачыну выбітнага беларускага мастака, этнографа, пісьменніка, археолага і проста “фантастычнага” чалавека Язэпа Нарцызавіча Драздовіча. Клопатам рупліўцаў, ягонае імя даўно і трывала ўвайшло ў пантэон тых асобаў, якія з’яўляюцца гонарам беларускай нацыі. Здавён і моцна шануючы гэтую постаць, мы выправіліся ў ейныя родныя мясціны, каб запаліць зніч на магіле “Дзядзькі Язэпа”, каб наведаць Пунькі, дзе прыйшоў у свет “Вечны вандроўнік”, каб проста прайсціся “шляхам Драздовіча”.

/i/content/pi/cult/764/16523/019.JPG/i/content/pi/cult/764/16523/pol-coa-jastrzebiec-ni_opt.jpegЗнаходка Нарцыза

Але гэты візіт планаваўся задоўга да ўгодкаў — яшчэ ад таго моманту, калі падчас наведвання гістарычнага архіва ў Вільні мною быў знойдзены адзін цікавы дакумент, які стаў адпраўным пунктам для сённяшняй публікацыі. Гэта пасямейны спіс Драздовічаў, дзе згаданы і Нарцыз, якому на той момант споўніўся толькі адзін год.

Сярод шматлікіх Драздовічаў Дзісенскага павета ён, як вынікала са знаходак, быў адзіным носьбітам такога, скажам шчыра, не самага распаўсюджанага імя. Гэта навяло на думку, што я маю справу з будучым бацькам мастака. Зрабіўшы адпаведны выпіс, які адразу даў імёны дзеда мастака Стафана і прадзеда Яна ды іх жонак, я адклаў далейшыя расследаванні да лепшых часоў. І вось яны надышлі.

Каб пераканацца ў тым, што пра продкаў Драздовіча вядома вельмі мала (нават болей: бадай нічога), дастаткова зазірнуць у любую з дзясяткаў прысвечаных яму публікацый. Нават шыкоўны том “Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак”, які выйшаў у 2014 годзе ў “Мастацкай літаратуры”, не раскрывае гэтай таямніцы.

Толькі тое, што пісаў сам Драздовіч у сваіх дзённіках, трошкі пралівае святло на ягонае сваяцкае кола. Ёсць цікавыя звесткі і ў ягонай аўтабіяграфіі, створанай у 1938 годзе, якая захоўваецца ў фондах Навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. Гэты твор даволі шырока выкарыстоўваўся даследчыкамі, але цалкам апублікаваны ён, падобна, яшчэ не быў.

Таму ўсё, што вядома пра бацьку Язэпа — некалькі фактаў: быў збяднелым шляхціцам, які памёр, калі самому Язэпу было два гады. Пра маці мастака, якая адышла ў вечнасць у 1922 годзе, таксама пішуць небагата. Такім чынам, паміж Язэпам Драздовічам і ягонымі продкамі — непарыўнае палатно гісторыі роду, нібы рассечанае сякерай. Але надышоў час, каб яго паяднаць.

І на дапамогу нам прыйдуць не толькі ўспаміны самога Драздовіча ды мае сціплыя знаходкі, але і адно выданне 2018 года, якое выводзіць “драздовічазнаўства” на зусім іншы аператыўны прастор. Але ўсё па парадку.

Каляндарная блытаніна

У Пуньках, на краі пушчы, дзе ўжо і следу няма ад якіх-кольвечы пабудоваў, адносна нядаўна быў усталяваны памятны валун, і на табліцы змешчаны наступны надпіс: “1 (14) кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі нарадзіўся вядомы беларускі мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст Язэп Нарцызавіч Драздовіч”. Быццам бы, катэгарычна, манументальна, але… Ці не ва ўсіх энцыклапедыях напісана, што нарадзіўся Драздовіч 13 кастрычніка. І сапраўды, пытанне гэта блытанае.

У дзённіку за 14 кастрычніка (субота) 1933 года мастак запісаў: “Сягодня дзень Пакрова, па ст.(арому) ст(ылю) 1 акцябра. Дзень майго ўраджэння (у з(асценку) Пунька, на пушчы Цытавізна, 1/10 ст(арога) ст(ылю) 1888 г.). Рад быў бы памянуць гэты дзень, ды не маю з чым. І ці прыйдзецца мне калі хоць раз ды адзначыць па-людску — як дзень нараджэння, як дзень асабістага свята майго?.. Беднасць… Дастаткі не пазваляюць…”

Праз пяць гадоў з’явіўся яшчэ адзін запіс: “Год 1938 — І — Х — па старому стылю ў пятніцу. Паміж Мнютай і Аўтай спраўляю 50-я угодкі са дня нарадзін, у маленькай хатцы на Пушчавіках пляменніка Уладыслава Геранімавіча Драздовіча…”. Тое самае і ў аўтабіяграфіі, напісанай ў 1938 годзе: “Язэп Драздовіч. Радзіўся 1 кастрычня 1888 г. (у пятніцу, на Пакрова) на Пушчы Цатавізне-Галубіцкай у засценку Пунькі..”.

У поўнай згодзе з успамінамі Драздовіча знаходзіцца і метрыка хросту. Паводле яе, “1889 года января 11 дня в Глубокском р.-к. приходском костеле окрещен младенец по имени Осип кс. А.Якудовским настоятелем онаго костела с совершением всех обрядов таинств. Двор. Дзисенскаго уезда Нарцыза Степанова и Юзефы из Карчевских Дроздовичей зак. суп. сын родившийся 1 октября 1888 года в заст. Пуньках Глубокскаго прихода. Воспреемниками были Александр Янковский с Юлиею Дроздовичовною девицею”.

Як вядома, у час, калі нарадзіўся Драздовіч, Расійская імперыя адмаўлялася крочыць у нагу з усім светам і працягвала жыць па юліянскім календары. Толькі пастановай ад 26 студзеня 1918 года бальшавікі прымусілі РСФСР “падагнаць” стрэлкі гадзінніка на грыгарыянскі лад. Так 1 лютага адразу стала 14-м. Таму і святкаванне самім Язэпам Драздовічам свайго дня народзінаў пасунулася на 13 дзён наперад. Але варта зазначыць, што паводле разлікаў, у ХІХ стагоддзі (а наш герой, нагадаю, з’явіўся на свет у 1888 годзе) розніца паміж двума календарамі складала яшчэ не 13, а толькі 12 дзён. Таму калі слухаць не самога Язэпа Драздовіча, але навукоўцаў, то вынікае, што нарадзіўся ён 13 кастрычніка.

Фатальныя роды

10 мая 2018 года ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адбылася падзея, якая для “драздовічазнаўцаў” мусіла мець эфект выбуху бомбы. Гэта была прэзентацыя ўжо пятага тома “Гербоўніка беларускай шляхты” — на літару “Д”. Але з’яўленне на свет такой важнай крыніцы прайшло бадай незаўважным — магчыма таму, што папулярызацыяй асобы Драздовіча займаюцца пераважна не гісторыкі, а мастакі і літаратары. Сярод шматлікіх Драздовічаў Менскай губерні ў кнізе няцяжка адшукаць прамых продкаў нашага генія.

Гісторык Яўген Глінскі ў сваёй вельмі грунтоўнай публікацыі прывёў пакаленны роспіс продкаў Язэпа ад бацькі Нарцыза (дакладней, ад ягонага сына Станіслава) да шляхціца Полацкага ваяводства ВКЛ Юзафа Драздовіча, які амаль ўсё жыццё пражыў у XVII стагоддзі. Даводзіўся ён мастаку прапрапрапрадзедам! Прычым самі Драздовічы, як і ўся наша шляхта, намагаліся знайсці свае карані яшчэ глыбей, і таму спасылаліся на папулярны фальсіфікат — “попіс шляхты 1420 года”, у якім нібыта фігуравалі продкі роду — Дразды.

Але відавочна адно. Ад першых праўдзівых згадак пра Драздовічаў у 1670 — 1674 гадах, і да “касмічнага падарожніка”, які нарадзіўся ў 1888 годзе, жыццё роду было непарыўна знітавана з гісторыяй Полаччыны — калыскі беларускай дзяржаўнасці.

Што вядома пра гэты род? Пакуль, на жаль, небагата. Ужо згаданы Юзаф валодаў (ці арандаваў?) маёнткам Арэхаўна. Існуе гэтая вёска ва Ушацкім раёне і цяпер. Да Драздовіча, яшчэ ад 1551 года, маёнтак належаў полацкаму гараднічаму Івану Корсаку, а потым ягоным нашчадкам.

Ад Юзафа маёнтак перайшоў у спадчыну ягоным сынам (сярод якіх нам цікавы Ян (жонка — Марыяна Шыпіла), а потым і ўнуку Барталамею — прапрадзеду мастака. Яго сын Ян (памёр да 1832 года) быў жанаты на Ягане з Вількіцкіх, з якой меў прынамсі двух сыноў: Юзафа (нарадзіўся ў 1792 годзе, жыў у Барысаўскім павеце) і Стафана (нарадзіўся ў 1799 годзе). Апошні даводзіцца мастаку дзедам. Жанаты ён быў двойчы. Ад першага шлюбу — з Саламеяй з Шыпілаў — у яго, як піша Глінскі, былі дзве дачкі — Марыяна і Разалія. Гэтаму не пярэчыць знойдзены мной у віленскім архіве дакумент, дзе пад 1834 годам побач з аднагадовым Нарцызам згаданыя і дзве дзяўчыны.

Але ёсць тут і адна загадка. Ужо ў мінскім архіве мною былі выяўленыя дзве метрыкі — хросту трэцяй дачкі Ганны і смерці яе маці Саламеі з Шыпілаў. Згодна з дакументам, Ганна нарадзілася 15 лістапада 1832 года ў Свядах і была ахрышчаная 17 лістапада ў Празароцкім касцёле. Але з метрыкі яе маці, напісанай той жа рукой, вынікае, што Саламея памерла ва ўзросце 38 гадоў 12 лістапада пры нараджэнні сваёй дачкі і была пахаваная на вясковых могілках у Чашках.

Што гэта? Памылка? Недакладнасць? Мяркуючы па ўсім, так і ёсць. Пагатоў, выглядае на тое, што і дзяўчынка не пражыла доўга — бо, як памятаем, у сямейным спісе 1834 года яна ўжо не згадваецца.

Прайшло літаральна некалькі месяцаў, і Стафан ажаніўся другі раз. Маці Нарцыза, народжанага 26 кастрычніка 1833 года ў вёсцы Усвяды і ахрышчанага 29-га ў Празароцкім касцёле, стала Вікторыя з Шыманскіх.

Сам жа Нарцыз ажаніўся з Юзэфай з Карчэўскіх. Ад гэтага шлюбу і нарадзіўся будучы “беларускі Леанарда да Вінчы”. Быў ён наймалодшым з сям’і, якая мела пяць сыноў і дачку. Літаральна праз два гады, у 1890-м, у веку недзе 56 — 57 гадоў памёр ягоны бацька, пакінуўшы на руках удавы дзяцей-сірот. Што і прывяло да пачатку “вандровак” Язэпа Драздовіча, бо сям’і давялося мяняць месца жыхарства літаральна кожныя два — тры гады.

На вялікі жаль, цяжкі лёс не даў гэтаму вялікаму чалавеку ні магчымасці асесці на адным месцы, ні добрай жонкі, ні дзетак. Апошнія вандроўкі 1953 — 1954 гадоў канчаткова падарвалі слабое здароў’е Дзядзькі Язэпа. І 15 верасня 1954 года ён памёр у Падсвільскай лякарні ад рака страўніка.

Чытаючы пра страшэнную нястачу, у якой жыла да- і паваенная Беларусь, і пра яшчэ большую галечу Драздовіча, сёння немагчыма ўцяміць, як такое магло здарыцца з чалавекам, які цалкам прысвяціў сваё жыццё роднай краіне і столькі зрабіў для беларускай навукі і мастацтва. Як жа магло стацца, што яго пахавалі без труны, у адным прасцірадле?

…Хочацца верыць, што дзякуючы знаходкам гэтых звестак, а таксама добрай захаванасці дакументаў Полацкага ваяводства, з-пад пяра беларускага гісторыка калі-небудзь выйдзе новая грунтоўная кніга, прысвечаная Язэпу Драздовічу. Бо пакуль я тут выклаў толькі “голы касцяк” фактаў. А для годнага ўшанавання памяці Язэпа Драздовіча сур’ёзнай манаграфіяй гэтага яўна замала.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар