Гітарная рамантыка са стадыённай падачай

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

Магілёўскі гурт Nizkiz ужо можна смела назваць нумарам адзін з новага пакалення беларускай рок-музыкі. Выглядае так, што да стадыёнаў гэтаму калектыву, сапраўды, засталося пару крокаў. Аншлагі, армія прыхільнікаў, удзел у знакавых фестывалях, тры альбомы, хіты, якасныя кліпы, выхад на міжнародную арэну. Між іншым, і прызнанне з боку прафесіяналаў і крытыкаў. Да гэтага Nizkiz ішоў не адзін дзень, і папулярнасць не звалілася аднекуль раптоўна — усё заслужана працай, а не толькі талентам. Апошні год гурт пастаянна быў на слыху — то сольны канцэрт у прэстыжнай зале, то адметны кліп, то выступленне з сусветнымі зоркамі… А яшчэ фестываль за фестывалем і колькасць прыхільнікаў, што імкліва павялічваецца. З вакалістам Nizkiz Аляксандрам Ільіным гутарым і пра нядаўнія падзеі, і пра гісторыю калектыву, і нават пра мары, вартыя сапраўднага музыканта.

/i/content/pi/cult/763/16503/017.JPG— Скончылася фестывальнае лета. Якім яно было для Nizkiz?

— У нас было многа фестываляў, сярод іх некалькі ў Расіі, некалькі ва Украіне — другі раз выступілі на Atlas Weekend, самым буйным фэсце ва Усходняй Еўропе: шэсць дзён, 600 тысяч чалавек, 250 выканаўцаў, сусветныя зоркі. Летась мы выйгралі адбор на гэты фэст ад Беларусі, а сёлета арганізатары запрасілі ўжо самі — і вельмі прыемна, што гледачоў прыйшло разоў у дзесяць болей, чым летась. Дарэчы, хэдлайнерамі гэтага кіеўскага оўпэн-эйра была наша беларуская каманда “ЛСП”, нароўні з Майклам Ківанука і Ліамам Галахерам. У Беларусі з самых масштабных мы выступілі на A-fest у Лошыцкім парку ў Мінску, сабралі на свой сэт тысяч дзесяць слухачоў, ці нават болей. А вось ад некаторых іншых буйных беларускіх оўпэн-эйраў гэтым летам адмовіліся, бо нам не вельмі падыйшлі прапанаваныя ўмовы.

— Вы ўжо можаце сабе дазволіць і адмовіцца ад салідных фестываляў?

— Проста ведаем, чаго вартыя. Навошта нам выступаць за нейкі няўцямны ганарар днём у нязручны час, калі праз год, скажам, мы зможам быць там сярод хэдлайнераў?

Па шляху да Мінск-арэны

— Мне здаецца, вы ўжо даказалі сваё права быць хэдлайнерамі. Хаця б пасля бліскучага сольнага канцэрта ў мінскім Prime Hall, на які вы замахнуліся ўпершыню. Разлічвалі на такі поспех?

— Да гэтага канцэрта мы рыхтаваліся па ўсіх франтах — гук, святло, відэаінсталяцыі. Да солд-аута ў 2000 чалавек не хапіла толькі 200 квіткоў. Канешне, мы ўсё пралічвалі — бо Prime Hall пляцоўка дарагая, і выдаткі на канцэрт былі вялізныя — таму спадзяваліся, што людзі прыдуць. Але ўсё роўна быў момант прыемнага здзіўлення, калі публіка адгукнулася з такім імпэтам. Прычым амаль усе ведалі нашы песні напамяць. Ці вялікае гэта дасягненне? Думаю, проста чарговы этап. На прэзентацыю новага альбома 15 лютага мы будзем збіраць пляцоўку ў два разы большую — арэну Falcon Club.

— Я так разумею, ад Prime Hall праз масток да Falcon, і далей рушыце па праспекце Пераможцаў у бок “Мінск-арэны” на дзесяць тысяч чалавек. Вас увогуле радуе, што беларускія выканаўцы ўжо і Мінск-арэну могуць сабраць, і нават стадыён “Дынама” як Макс Корж?

— Надзвычай радуе. Увогуле, калі выступаеш на тых жа фестывалях за межамі Беларусі, то чуеш размовы арганізатараў, артыстаў — усе кажуць, што зараз ідзе моцная музычная экспансія з Беларусі, што пайшла беларуская хваля, да якой, здараецца, ужо і нас далучаюць — Корж, “ЛСП”, IOWA, той жа Ціма Беларускіх і іншыя.

— Але ва ўсім гэтым руху, дый увогуле сярод новай музыкі, Nizkiz арыгінальны тым, што іграе рок, які зараз быццам і нямодны.

— Як я кажу, мы цярпліва чакалі свайго часу, пакуль мэйнстрымам станавіўся рэп. Але я ўпэўнены, што справа не ў стылі, а ў таленце. Можа быць і рок, і рэп, і што заўгодна — гэта проста спосаб выказвання таго, што ў цябе ўнутры, проста форма, якая больш за ўсё табе пасуе. Вось актуальны ж зараз рок-гурт Imagine Dragons? Яшчэ як. І ён вельмі цікавыя тэмы ўздымае ў сваіх песнях. Гэта сапраўдныя прафесіяналы. Я, на жаль, дагэтуль так і не трапіў на іх канцэрт, а мне было б вельмі цікава паглядзець, як там усё працуе.

— А можна сказаць, што Nizkiz “уздымае” нейкія тэмы? Ці больш пра каханне?

— Пра экалогію, рэлігію ці палітыку я дакладна не спяваю. Яшчэ ёсць такі момант, што вясёлыя і пазітыўныя песні ў мяне не атрымліваюцца. Хаця ў жыцці мяне лічаць вельмі вясёлым чалавекам, падчас нават называюць “душой кампаніі”.

На адной сцэне з Джарэдам Лета

— Улетку вы выступілі ў якасці так званага “разогрева” на канцэрце славутай амерыканскай групы Thirty Seconds to Mars з Джарэдам Лета на “Чыжоўка-арэне”. Таксама знакавая падзея ў кар’еры?

 — Ізноў жа не хачу казаць пра дасягненні — проста яшчэ адзін этап. Канешне, было вельмі радасна, што абралі менавіта Nizkiz, бо гэта нашы падлеткавыя куміры. Але я ў такіх сітуацыях у першую чаргу імкнуся падысці паглядзець, як там усё працуе з тэхнічнага пункта гледжання, як арганізавана выступленне, а толькі потым ужо атрымліваю задавальненне чыста ад музыкі. Мы паглядзелі і зрабілі для сябе выснову, што наш гурт не горшы, толькі што ў амерыканцаў усё даражэй недзе на мільён долараў. Як аднойчы мы ўжо казалі: многім больш паспяховым на гэты момант калектывам Nizkiz саступае толькі ў адным — у пазнавальнасці. Пакуль саступае.

Бо па вялікім рахунку я не магу сказаць, што нават у Беларусі ўсе нас ведаюць — хоць мы і па тэлевізары паказваемся, і армію прыхільнікаў маем, і адносна іншых гуртоў збіраем у абласных цэнтрах многа гледачоў на канцэрты, прычым без падключэння прафсаюзаў для распаўсюджвання білетаў. У нас іншая праблема — мы падчас думаем, як дапамагчы тым, каму іх не хапіла. Вось зусім нядаўна ў Гомелі, калі білеты даўно скончыліся і не было куды ўціснуцца, я асабіста правёў трох дзяўчын, якія прыехалі на канцэрт з нейкага маленькага гарадка. А самы першы раз у гэтым горадзе мы ігралі для пяцёх чалавек. Так і паўсюль — на першым канцэрце пяць слухачоў, на другім 50, на трэцім 500. Усё лагічна. Як нядаўна ў Варонежы на фестывалі я пытаюся са сцэны: “Падыміце рукі, хто сёння нас чуе ўпершыню!” — Тысячы тры чалавек уздымаюць. — “А хто прыйдзе на наш сольны канцэрт?” — Таксама ўсе ўздымаюць.

Галоўная мера — канцэрт

— Я так разумею, вы ўсё мераеце канцэртамі. Насамрэч не так ужо і хутка вы дабраліся да шматтысячных залаў…

— У вікіпедыі, дый шмат дзе, напісана, што Nizkiz утварыўся ў 2008-м. Насамрэч гэта не так. Проста мы падавалі заяўку на фестываль “Нашествие” — у тыя часы, калі гэта было яшчэ нясорамна і самалёты там не ляталі. І вось каб выдаць сябе за такіх мацёрых музыкантаў, вырашылі напісаць, што нам ўжо чатыры гады — кшталту, вопытная каманда. Але сапраўдны адлік можна пачынаць толькі з 2012-га года. Так што мы ідзем з правільнай хуткасцю і толькі ўверх.

— У наш час зоркі з’яўляюцца быццам ніадкуль. Учора яшчэ і імя ніхто не чуў, а сёння — суперпапулярны артыст. Гэтак жа можна сказаць і пра тых беларускіх музыкантаў, якіх мы згадвалі раней. Ціма Беларускіх — адна песня, і імгненны поспех. У вас іншая гісторыя.

— У гэтым сэнсе я сур’ёзна перажываў на самым пачатку нашай дзейнасці. Сем гадоў таму выйшаў першы альбом з аднайменнай назвай Nizkiz, і што? Ніякага ажыятажу, на балкон выйдзеш — не стаяць фанаты з транспарантамі, дзяўчаты не вішчаць ад шчасця. А сёння я разумею, што так і павінна было быць. Бо калі б стрэльнуў першы ж альбом, то потым давялося б трымаць марку, несці цяжар адказнасці, спраўляцца з усім гэтым. І невядома, ці справіліся б. Мы ўжо не такія юныя, каб марыць пра нейкі імгненны і шалёны поспех — усё ідзе належным чынам, паступова і крок за крокам.

— Акрамя ўсяго, за вамі не стаіць ніякай кампаніі, ніякага лэйбла ці нечага падобнага “як ва ўсіх” — самі сабе начальнікі.

— Так і ёсць, усё рабілі і робім самі. Доўгі час у музычную дзейнасць мы ўкладалі большую частку таго, што зараблялі на сваіх працах: куплялі абсталяванне, інструменты, ездзілі за свой кошт, выступалі бясплатна і нават у мінус — кожны канцэрт быў за шчасце, тады мы былі радыя і раз на месяц выступіць. Рэальна працэнтаў 70 заробку аддавалі! А цяпер у нас, прынамсі ўлетку, на тыдзень па два — тры канцэрты, а то і па два ў адзін дзень.

“Гучна і зычна”

— Наколькі я ведаю, калісьці вы саромеліся свайго голасу, а зараз гэта адзін з галоўных момантаў, што вабіць да песень Nizkiz.

— Да арміі я, здаралася, спяваў пад гітару ў сяброўскім коле, мог нават спарадзіраваць нейкіх артыстаў. А ў арміі мяне паставілі запявалай і далі заданне “гучна і зычна”. Тут я ўжо не мог, канешне, спяваць голасам Аляксандра Васільева са “Сплина” ці Ільі Лагуценкі (смех). Давялося навучыцца. Хадзіў паціху ў так званы “ленінскі пакой” і распяваўся там. Але сапраўды, свайго голасу трохі саромеўся. Мне здавалася, што ў мяне нейкі не такі тэмбр, ці яшчэ што. З цягам часу, мабыць, не голас змяніўся, а проста я навучыўся спяваць. Усё ж калі адпрацуеш канцэртаў 70 сольных, то і майстэрства прыходзіць. Падчас працы над першым альбомам я звяртаўся да педагога па вакале, даведаўся пра правільнае дыханне, пра тое, як разаграваць звязкі, яшчэ пра некаторыя рэчы. Зараз жа акрамя рэпетыцый сам па некалькі гадзінаў хаджу займацца вакалам у залу.

— Вы ж яшчэ і спартзалу пачалі актыўна наведваць. Я так разумею, як працуеце над мелодыяй, гукам і вакалам, гэтак жа вырашылі ўзяцца і за знешні выгляд, каб падабацца фанаткам?

— Мы ўсе пайшлі ў спартзалу, я асабіста ўжо 15 кілаграмаў скінуў, бас-гітарыст Сяргей Кульша дык увогуле 23. Але справа не ў фанатках: каб іграць такія канцэрты як у нас, трэба мець вельмі добрую фізічную форму. На сцэне горача, бывае задуха… Канешне, і выглядаць прыстойна я не супраць. Неяк паглядзеў відэа з канцэрта — мякка скажам, не спадабаўся сабе ў нейкіх момантах. Але ж галоўнае, што трэба быць трэніраваным, моцным фізічна. Я дзіўлюся нашым поп-выканаўцам, якія часта выходзяць на сцэну з адной песняй, і тую не могуць праспяваць не пад фанеру, быццам учора яны на стадыёне сольнік адыгралі. А пры гэтым проста ходзяць па сцэне туды-сюды. Калі паглядзіш канцэрт Беёнсэ ці Фёргі, то і разумееш, хто мае права называцца артыстам. Я бачыў, як Фёргі трымала адну ноту, нават зрабіўшы з мікрафонам кульбіт праз руку. І гэтая нота ў яе не здрыганулася. А як тая ж Беёнсэ працавала, каб стаць зоркай — па 12 гадзін у дзень з рэпетыцыямі і трэніроўкамі, у жорсткім рытме да слёз і адчаю. Я ўвогуле цікаўлюся, як сусветныя артысты працуюць, як яны ідуць да сваёй мэты, як дасягаюць майстэрства, як з тэхнічнага боку ў іх арганізавана…

— Вы ўсё гасіце мае парывы дадаць у наш расповед фанфар, нейкай зорнай мішуры…

— Я кажу, што мы зараз толькі на пачатковым этапе развіцця і станаўлення. Мая асабістая мара — выступіць на славутым фестывалі Glastonbury у Англіі, але каб абавязкова ўвечары, на галоўнай сцэне, з шыкоўнымі святлом і гукам і сотнямі тысяч слухачоў. Калі такое здарыцца, можа, у маіх расповедах з’явяцца і фанфары (смех). А бліжэйшая мэта — стабільна збіраць вялікія залы ў любой кропцы калі не свету, то хаця б Беларусі і іншых постсавецкіх краін. І каб гэтыя залы былі поўныя, каб усе любілі нашы песні, каб мы радавалі людзей і адчувалі іх эмоцыі.