Адкрываем сезон адкрыццяў

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

Міжнародны Дзень музыкі адзначаецца 1 кастрычніка. Адкрыццё канцэртнага сезона часцяком прымяркоўвалася акурат да гэтага свята. Але сёлета Беларуская дзяржаўная філармонія не стала чакаць так доўга, гасцінна адчыніўшы дзверы ў верасні. І кожны філарманічны калектыў падрыхтаваў да новага сезона свае сюрпрызы і творчыя адкрыцці.

Адкрываў сезон 12 верасня Дзяржаўны камерны аркестр пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова. Канцэрт прысвячаўся 100-годдзю з дня народзінаў Мечыслава Вайнберга, які, выратоўваючыся ад фашысцкай навалы ў канцы 1930-х гадоў, пэўны час быў непасрэдна звязаны з Беларуссю. На наступны дзень са сваім адкрыццём (не толькі сезона, але і новага твора “Капітан планет” нашай Вольгі Падгайскай) слухачоў чакаў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам нашай краіны Аляксандрам Анісімавым. Дарэчы, на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю філарманічнага сезона, маэстра быў урачыста ўганараваны граматай Беларускага саюза кампазітараў за плённую папулярызацыю музыкі айчынных творцаў.

Уласна кажучы,
падобнымі ўзнагародамі могуць быць адзначаны практычна ўсе філарманічныя калектывы і салісты, бо кожны імкнецца папаўняць рэпертуар музычнымі навінкамі і для гэтага наўпрост наладжвае не толькі творчыя, але і часта сяброўскія стасункі з сучаснымі кампазітарамі, са свайго боку таксама адкрытымі да прамога супрацоўніцтва.

Прыкладам — канцэрт “Даўніна і сучаснасць”, якім адкрывае сезон “Музычная гасцёўня” Таццяны Старчанкі. Побач з сусветнай класікай і музыкай сучасных замежных кампазітараў прагучаць беларускія творы розных стагоддзяў: Мацея Радзівіла, Галіны Гарэлавай, Дзмітрыя Лыбіна, Ларысы Сімаковіч. А колькі цудоўных старонак айчыннай музыкі заўжды прэзентуе слухачам Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча, якім кіруе народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец. Не стане выключэннем і гэты сезон, дзе адбудуцца вечарыны памяці Уладзіміра Мулявіна, Якава Навуменкі, іншыя цікавыя імпрэзы.

Што ні кажыце, філармонію можна наведваць амаль кожны вечар, а часцяком і зранку, калі там ідуць канцэрты і нават суцэльныя спектаклі, разлічаныя не толькі на дарослых, але і на юных прыхільнікаў мастацтва. Прыходзьце за сваімі ўласнымі адкрыццямі — вялікімі і маленькімі!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"