Калі ёсць адчуванне неабходнасці…

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

Як нараджаюцца тэатры? З моцнага творчага парыву, з жадання зрабіць тое, чаго не дазваляюць у жорстка структурыраваным сталым калектыве. У 2004-м годзе памкненні театральнай моладзі, якая толькі ўлілася ў дзяржаўныя трупы, але амаль не выходзіла далей традыцыйнай масоўкі, супалі з прагай тэатральнага прадзюсара Уладзіміра УШАКОВА стварыць пляцоўку, дзе будуць адкрывацца новыя беларускія імёны. У выніку ў 2004-м годзе адкрыўся Сучасны мастацкі тэатр — прастора, якая сваімі першымі спектаклямі перацягнула ўвагу сталічнай публікі і крытыкаў на сябе. Аглядальнік “К” прапанавала заснавальніку і мастацкаму кіраўніку СМТ успомніць, як усё пачыналася 15 гадоў таму, і распавесці, да якіх мэтаў пасля юбілейнага святкавання збіраецца рушыць тэатр.

/i/content/pi/cult/761/16459/8-S.jpg

Уладзімір Ушакоў.

У пошуках галоўрэжа

— Ідэя стварыць тэатр лётала ў паветры каля года. Да гэтага ў мяне ўжо быў досвед кіраўніцтва тэатральным цэнтрам: на той момант дзейнічалі “Віртуозы сцэны”. Мы бачылі цікавасць публікі да вядомых айчынных акцёраў, таму “Віртуозы” задзейнічалі ў сваіх спектаклях мэтраў узроўню Уладзіміра Гасцюхіна ці Расціслава Янкоўскага.

Хутка захацелася не толькі працаваць з легендамі, але і самім адкрываць новыя імёны. Напачатку нулявых было шмат акцёраў-пачаткоўцаў, гатовых перавярнуць сусвет, рэжысёраў, жадаючых эксперыментаваць, да ідэй якіх у дзяржаўных тэатрах ставіліся са скепсісам. Мы аб’ядналі памкненні ўсіх пад шыльдай СМТ. Адкрываліся “Мяшчанскім вяселлем” ад рэжысёра Міхаіла Лашыцкага. Пасля ў нас ставілі вядомыя сёння Кацярына Агароднікава, Кацярына Аверкава, Віталь Краўчанка. Рэжысёры, без якіх зараз нельга ўявіць айчынную тэатральную прастору.

У першых спектаклях гралі Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч, Ганна Хітрык (на гэтай сцэне да таго нарадзіўся іх музычны гурт “Дзецідзяцей”), Міхаіл Есьман, Васіль Казлоў, Павел Харланчук — усе тыя, хто сёння стаў вядучымі акцёрамі сваіх тэатраў. Да слова, з Пашам Харланчуком я пачаў супрацоўнічаць задоўга да СМТ: калі я працаваў яшчэ ў Гомелі, ён прыходзіў да мяне на заняткі ў дзіцячы тэатр.

Я заўсёды адкрыты творчаму чалавеку, які прапануе сваю ідэю. Мы працягваем традыцыю супрацоўніцтва з вядучымі маладымі пастаноўшчыкамі: сёлета ў нас павінны ставіць добра вядомыя публіцы Ігар Казакоў, Дзімітрый Багаслаўскі, Дзмітрый Цішко. Спадзяюся, юбілейны год стане наступнай прыступкай у развіцці тэатра. У 15-ць гадоў мы, быццам той падлетак, ужо гатовы фарміравацца, каб ісці ў творчым плане далей. Таму плануем увесці пасаду галоўнага рэжысёра. Зараз ідуць перамовы, да канца верасня павінны вызначыцца з кандыдатурай.

Навошта прыватнаму тэатру галоўрэж? Увесь гэты час мы даказвалі атачэнню, што займаемся менавіта драматычным тэатрам. Так, як любы тэатр незалежна ад формы ўласнасці, мы вымушаны зарабляць якімісьці больш забаўляльнымі рэчамі, аднак пакідаем месца для сур’ёзнай працы і творчага эксперыменту. На мой погляд, трупа зараз знаходзіцца ў добрым стане. Таму нам вельмі патрэбны чалавек, як зможа даць тэатру новы імпульс, накіраваць нашы памкненні ў новае рэчышча. СМТ павінен застацца цікавым, арыгінальным, нечаканым, непрадказальным — тым тэатрам, якім і быў першапачаткова.

Тры пляцоўкі і адна мара

Напачатку нулявых у Мінску мелася багата пляцовак, дзе можна было граць спектаклі, аднак нам хацелася чагосьці новага, нечаканага. Вось тады канцэртная зала “Мінск” прапанавала нам прыгледзецца да малой залы. Як вядома, той будынак за савецкім часам выконваў функцыі Дома палітасветы, таму памяшканні былі аздоблены пад лекцыі, пленарныя пасяджэнні. Мы распачалі рэканструкцыю, аб’ядналі сцэну з залай, прыбралі рампу, зрабілі сцэну пад першы шэраг. Усё для таго, каб атрымалася атмасфера хатняга тэатра.

15 гадоў таму нам трэба было “раскруціць” новую кропку на тэатральнай карце сталіцы. Зараз гледачу не трэба тлумачыць, дзе мы знаходзімся. Аднак папулярнасць месца не пайшла нам на карысць: уладальнікі пляцоўкі на гэтае ўжо вядомае гараджанам месца заклікаюць іншых арэндатараў. Даводзіцца падстройваць свой расклад пад іншых, перакройваць сваю афішу. У нашым рэпертуары шмат спектакляў, аднак мы не паспявалі рэалізоўваць свае спектаклі, таму пачалі шукаць выйсце. Зараз у нас тры пляцоўкі ў цэнтры горада.

Гэтым ліпенем у нас з’явіўся Летні палац: пачалі выступаць у Dipservice Hall. Калі ўпершыню прыйшоў туды, было адчуванне, быццам трапіў у міні-оперу. Аднак гэта і цікава: сучасным спектаклем разбіць пафасную атмасферу, якую задае прэтэнцыёзны інтэр’ер, перайначыць для гледача ўспрыманне класічных п’ес. Пляцоўка мае шыкоўнае светлавое і гукавое абсталяванне і па сваім насычэнні можа даць фору некаторым модным сёння тэатральным прасторам. Налета хочам задзейнічаць сад, у які можна трапіць з залы праз раскошную тэрасу. Увогуле, тут шмат незвычайных пакояў, якія можна абыграць. Мы нават упершыню задумаліся над магчымасцю паставіць імерсійны спектакль — будынак дазваляе рэалізаваць любы мудрагелісты праект.

Шчыра прызнаюся, што мы даўно марым пра ўласнае памяшканне. Тэма неаднаразова ўздымалася, аднойчы мы нават пачалі рыхтавацца да пераезду: нам прапанавалі разгледзіць закінуты Палац культуры на вуліцы Матусевіча. Існаваў нават план рэканструкцыі, аднак у арганізацыі не хапіла фінансавання… Таму працягваем існаваць у прапанаваных абставінах.

Святкаваць юбілей будзем у Dipservice Hall. У холе паставім сцэну так, каб гледачы маглі размесціцца адразу ў двух памяшканнях паабапал яе. Зараз Таццяна Мартынава піша сцэнарый мерапрыемства. Мы хочам нестандартны варыянт свята, каб гледачы змаглі разам з калектывам пабалавацца і павесяліцца. Мяркуецца шмат імправізацыі, сумесных імпрэз, спеваў на сцэне. А ў фінале зладзім дэфіле, у якім прымуць удзел не толькі акцёры, але ўсе супрацоўнікі тэатра.

Хвіліна слабасці

— Тры гады таму СМТ прырос тэатральнай школай. А вось па эканамічным паказчыкам яшчэ трэба глядзець. Нельга, каб школа лягла фінансавым цяжарам на тэатр. Летась было пару месяцаў, калі яе можна было назваць нерэнтабельнай. Аднак запыт ёсць і неблагі. Зараз працуюць два філіялы, хутка адкрыецца трэці. Мы хацелі аб’яднаць пад крылом тэатра розныя пакаленні, выхаваць калі не будучага акцёра, то як мінімум уважлівага дасведчанага гледача. Хтосьці з выхаванцаў выходзіць у нашых спектаклях, напрыклад, граюць Рамэа і Джульету ў дзяцінстве. Ды школа выпускае па 1 — 2 дзіцячыя пастаноўкі на год. Курыруе вучобу вельмі моцны дырэктар — пераможца мноства фестываляў у якасці рэжысёра аматарскага калектыву Алена Барысава. Творчым вынікам я вельмі ўсцешаны. У Мінску многа тэатральных школ, аднак мы не імкнёмся з кімсьці канкурыраваць. Для нас галоўнае, каб школа была якаснай, а якой мы будзем па нумары — ці не ўсё адно?

Гэтак жа для мяне важны ўзровень акцёраў, што выходзяць на нашу сцэну. Да мяне пасля спектакляў часта падыходзяць артысты іншых тэатраў, запытваюць, як трапіць у СМТ. Адразу папярэджваю навічкоў, што мы — не антрэпрыза, высокіх ганарараў прапанаваць не можам, бо не займаемся адно забаўленнем людзей. Канешне, разавая стаўка ў нас вышэйшая, чым ў дзяржаўных калектывах. Вось і зараз да юбілею ўздымем гэтую лічбу на дзесяць працэнтаў. І ўсё ж тэатр — гэта не бізнес, тут не круцяцца шалёныя грошы. Усё, што атрымліваем, ідзе на выплату падаткаў, арэнды, камунальных паслуг, падрыхтоўку новых спектакляў, заробак калектыву.

Артысты жвава адгукаюцца на незвычайную прапанову. Напрыклад, Уладзімір Варанкоў і не думаў, што зможа сыграць Рамэа ў сваім далёка не 14-гадовым узросце. А бывае, што нехта прыходзіць сам. Калісьці Ягор Хрусталёў, Ларыса Грыбалёва і Уладзімір Максімкаў прапанавалі зрабіць на нашай сцэне спектакль “Сублімацыя кахання”. Той эксперымент не меў доўгага жыцця, але СМТ стаў цікавым для медыйных персон. Да нас пацягнуліся тэлевізіёншчыкі, якім хацелася сябе рэалізаваць. Прызнаюся, быў у мяне момант слабасці, павёўся. Пасля хутка зразумеў, што не трэба было. Усё ж публічным людзям патрэбны рэжысёр-педагог, які будзе не толькі спектакль ставіць, але і зоймецца з імі асновамі прафесіі, сцэнічнай мовай.

Хтосьці з тых застаўся, многія адпалі. Аднак сярод аматараў бываюць сапраўдныя знаходкі. Ведаю, што многія крытыкі на наш спектакль “Дракон” ішлі са скепсісам, маўляў, ды што можа паказаць Дзяніс Дудзінскі. Аднак шоумэн і знакаміты тэлевядучы — дастаткова якасна працуе ў прафесійнай камандзе, я прыкмячаю яго рост. Калі ён будзе займацца, то зможа сапраўды стаць добрым акцёрам.

Прастора хвалюецца раз…

— Шчаслівы, што за 15 гадоў у нас склалася кола сваіх гледачоў, якія перагледзелі амаль увесь рэпертуар і абавязкова прыходзяць на новыя назвы. Дзякуючы разыходзячымся білетам, мы можам дазволіць сабе рабіць чатыры — пяць прэм’ер на год.

Усё ж тых, хто марыць адкрыць прыватны тэатр, хачу папярэдзіць: беларусы не разглядаюць спектакль у якасці задавальнення, на якое можна выдаткаваць вялікія грошы. Беларусь, як і многія невялікія дзяржавы, не можа ўздымаць цэны да ўзроўню сусветных. Паглядзіце на тую ж Літву: Вільнюс — горад тэатральны, аднак асноўная маса білетаў мае кошт у дыяпазоне ад 10 да 30 еўра.

Не чакайце вялікага прыбытку з гэтай справы. І рыхтуйцеся да перамен у заканадаўстве, якія раз-пораз хвалююць тэатральную прастору. Былі розныя часы і розныя падыходы да недзяржаўнага тэатра. То ўводзілі для айчынных прыватных тэатраў абавязковае ліцэнзаванне, то на ўзроўні міністэрстваў успрымалі нас, бы бізнесменаў. Самае страшнае заключалася ў тым, што правілы гульні мяняліся досыць часта: толькі зразумееш, чаго ад цябе хочуць, як праз паўгады — год узнікалі чарговыя заканадаўчыя сюрпрызы і новаўвядзенні.

Я сутыкаўся з розным стаўленнем да недзяржаўнага тэатра як з боку пазатэатральных людзей, так і непасрэдна ад калег. Радуюся, што нарэшце прыватныя калектывы пачалі ўспрымаць на роўных. Бачу, як актывізавалася справа: сёння паралельна з намі існуе шмат калектываў, праектаў, культурных хабаў, пляцовак для рэалізацыі любых сцэнічных задум.

Мне падаецца, пачынаць трэба не з мрояў пра фінансавыя поспехі, а з разумення, навошта ты гэта робіш, што ты хочаш сказаць сваім праектам артыстам і людзям. Калі ёсць адчуванне неабходнасці, тады сапраўды тэатр можа атрымацца.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"