Проста “самы”

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

10-га верасня — 90 гадоў з дня нараджэння Яўгена Глебава
Ведаю, што ўжо напісаны і будуць яшчэ пісацца дысертацыі пра музыку і ўвогуле пра творчасць вялікага — мы ўжо гэта асэнсавалі — беларускага кампазітара Яўгена Глебава. Якім ён быў настаўнікам, раскажуць і, мо, напішуць, пакуль ад узросту не прытупілася памяць, былыя студэнты з класа № 104 у Акадэміі музыкі — яго вучні. Якім быў у жыцці, расказвае і ўжо напісала жонка — ахоўніца яго спакою — Ларыса (я ў 1965-м быў сведкам падчас іх роспісу ў ЗАГСе). Хачу да гэтага, так бы мовіць, калектыўна створанага віртуальнага партрэта дадаць некалькі рысаў: якім ён быў сябрам, — верагодна, я застаўся адзіны з нешматлікіх іх, бо астатнія ўжо там, з ім… Дарэчы, не я імкнуся ў ганаровы шэраг сяброў, а з гэтага прызнання ён пачаў, па сутнасці, апошні маналог перад кінакамерай падчас здымак майго фільма “Урыўкі з ненапісанага” (т/а “Тэлефільм” 1999 год) адразу пасля свайго 70-годдзя.

/i/content/pi/cult/761/16455/pages-2-3-copy-S.jpgЗбліжэнне

Толькі-толькі пазнаёміўшыся падчас працы ў Корш-Сабліна на фільме “Першыя выпрабаванні”, творчыя шляхі звялі нас у Тэатры юнага гледача — у ТЮГу, — дзе я праходзіў практыку ў якасці асістэнта рэжысёра.

Ідзе абмеркаванне музычнай эксплікацыі спектакля “Чырвоныя д’ябаляты”. Рэжысёр Барыс Дакутовіч безвынікова ўнушае кампазітару, што накцюрн у начной сцэне “Разведка” павінен гучаць “фортэ”. Глебаў ужо шмат гадоў стаіць за пультам зладжанага тэатральнага аркестра, які грае, у асноўным, яго музыку. Вопыт у маладога кампазітара і дырыжора дастатковы, каб супрацьстаяць масцітаму маскоўскаму майстру:

— Від музыкі “накцюрн”, так бы мовіць, начны твор, ён не можа быць гучным, — тлумачыць Глебаў.

— Але тут змяняецца месца дзеяння… і ва ўспрыманні нашых герояў…

— Я напішу пранізлівую неспакойную тэму, але яна не павінна грымець: усё ж ноч, разведка, засада…

— І ўсё ж я папрашу вас, Яўген Аляксандравіч, каб накцюрн быў гучным.

Спрэчка заходзіць у тупік.

І тут Глебаў уцяміў, намацаў прычыну настойлівасці рэжысёра: на эпізод засады змяняецца дэкарацыя, павінен крутануцца сцэнічнае кола. А пры тым ягоным руху чуецца заўсёды нейкі “падземны” гул, быццам пад тэатрам пракатваецца метро. Вось таму начному “накцюрну” й наканавана быць гучным: каб заглушыць той гул!

З тае пары ўсялякую “дапаможную” гучную музыку Жэня так са смехам і абазначаў:

— Ну, тут ясна: патрэбны “накцюрн на паварот кола”.

***

Ледзь аповесць Васіля Быкава “Альпійская балада” выйшла ў свет, як усхваляваны кампазітар зацікавіўся творам: стварыў балет.

А потым яны з Быкавым за тое сцэнічнае стварэнне сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі. Жэня з тае нагоды іранізаваў:

— Уяўляеш, упершыню ў жыцці ў ведамасці сума да налічэння і сума да выплаты — роўныя! Ні табе падаткаў, ні аліментаў, ні якіхсьці узносаў!

Балет той, змяніўшы, мо, пяць пакаленняў выканаўцаў, доўгія гады, як ніводны іншы сцэнічны твор, не сыходзіў з афішы Вялікага тэатра.

“Любімая”

Так называлася стужка Рычарда Віктарава. Рыжысёр-франтавік ужо зняў выдатны фільм паводле пісьменніка-франтавіка Быкава “Трэцяя ракета” з музыкай Глебава. І што цяпер пастаноўшчыка пацягнула да кволай драматургіі маскоўскага сцэнарыста?

Да фільма мы з Жэнем напісалі лірычную песню “На золаку”, якую пранікнёна пад аркестр Барыса Райскага запісала Тамара Раеўская. Але персанажы на экране не закрывалі рты — дыялогі, дыялогі… Месца для песні не было.

Тады на адным з “крызісных” абмеркаванняў Глебаў з уласцівым яму сарказмам прапанаваў дадаваць да кожнай копіі фільма касетку з запісам песні, ”круціць” яе ў фае перад пачаткам фільма, з аб’явай, што гэта, маўляў, “песня з кінафільма, які вы зараз пабачыце”.

Выратаваў нашу песню Юрый Марухін. Ён — першы з нашых аператараў! — зняў Мінск з верталёта, прывязаўшы сябе да яго корпуса рэменем. А потым раніцамі “лавіў” напаўасветлены стан горада — самадастатковыя рэжымныя планы (дарэчы, песня якраз называлася “На золаку”). Матэрыял выглядаў настолькі паэтычным, што “забоўтваць” яго пустымі тэкстамі было б відавочным глупствам. Скарацілі, выразалі частку размоў. Кампазітар завітваў да дзяўчат-мантажніц, раючы, які план на які радок песні падкласці. І як “лягла” наша нетаропкая лірычная песня на кадры Марухіна! Фільм забыўся, песня жыве.

***

У спрэчках падчас агучвання фільма “Любімая” Яўген праявіў сябе і як псіхолаг. Ён, Марухін, рэжысёр Віктараў у вялікай гукастудыі, спрачаючыся ля раяля, безупынна смалілі. Час ад часу заходзіў пажарнік і ўсё больш рашуча забараняў паленне. Напачатку ад яго папросту адмахваліся, жартавалі, але той урэшце выказаў пагрозу, што вырубіць святло.

І тады Віктараў, храмаваты інвалід вайны, моцна ляснуў палкай па прыраяльнай банкетцы і амаль істэрычна загарлаў:

— Я скончыў кансерваторыю! Я граю на раяле! Я скочыў ВГИК! Я пішу сцэнарыі і здымаю фільмы! У мяне няма іншага жыцця, акрамя кінастудыі! Я тут праводжу па васямнаццаць гадзін у суткі! І што: я не маю права…

Але спакойны пажарнік, як і належыць “ахоўніку рэжыму”, быў няўмольны: абясточу студыю — і ўсё.

Бачу: накаляецца, іграе мышцамі ўжо й Марухін-супермэн. Наспявае скандал.

І тут Глебаў спакойна гасіць цыгарэту ў жасцянай каробцы з-пад кінастужкі, поўную абкуркаў, і ціха супакойвае бунтаўніка-рэжысёра:

— Вось ты, Рычард, пералічыў шмат з таго, што ўмееш у жыцці. А вось гэты чалавек умее толькі адно: забараняць паленне. І ты хочаш пазбавіць яго магчымасці здзяйсняць гэта! А калі б табе забаранілі граць на раялі, пісаць сцэнарыі, здымаць фільмы, га?

Усе, акрамя пажарніка, рассмяяліся, напруга была знята, цыгарэты загасілі, — праўда, ненадоўга.

/i/content/pi/cult/761/16455/page-14-copy-2-S.jpgЭталонны запіс

Маскоўская фірма гуказапісу “Мелодыя” піша ў нас на радыё праграму беларускіх песень пра Мінск для вялікай грамплыты. Наша з Глебавым песня “Дом мой, сталіца” — дуэт Наталлі Гайды і Анатоля Падгайскага.

На запісе Барыс Райскі адвольна сыграў першыя сем нот на вібрафоне і, узяўшы дырыжорскую палачку, устаў перад аркестрам. Наталля Гайда неяк адразу злавіла інтанацыю песні-ўспаміна. Анатоль жа Падгайскі ўсё “давіў” фортэ. Глебаў так і гэтак спрабаваў яго сцішыць, прыводзіў у прыклад Фрэнка Сінатру, прасіў песню проста пераказаць яму, сам станавіўся побач — безвынікова! Барытон роў, тлумачэні Глебава не давалі выніка.

Анатоль нават абурыўся:

— Яўген Аляксандравіч, а дзе ж мне тут голас паказаць?!

А Глебаў яму:

— Анатоль, заўтра ў гэтай жа студыі, з гэтым жа аркестрам ды й яшчэ з вялікім хорам вы будзеце запісваць маю кантату “Камуністы вядуць”, вось там ужо ўвесь голас і выдайце. А цяпер тут субтонам, амаль шапатком, на вушка Наталлі Віктараўне… Наташа, станьце, калі ласка, да Анатоля Сяргеевіча бліжэй.

Песню спявалі і спяваюць дуэты па сёння ўжо 45 гадоў — і пасля сыходу рана вырванага з жыцця сакавітага барытона, і пасля адлёту ў невараць кампазітара, а ў той дзень для грамплыты быў зроблены эталонны запіс.

Асаблівасці асобы

А неяк за абедам удваіх заўважыў:

— Верыш, што ў гэтыя часы развіццё беларускай музыкі спынілася?

— Гэта чаму?

— Ну, лічы: у нашым Саюзе кампазітараў сёння 41 чалавек. — Зацягнуўся цыгарэткай. — З гэтых, прабач за выраз, “членаў” — не музыкантаў, не музыказнаўцаў, а толькі кампазітараў — 20. З іх увогуле тых, хто сёння піша музыку, — 10. Тых, хто піша хутка і пісьменна — недзе чатыры. А тых, хто піша хутка, прафесійна ды яшчэ й выдатна, — я адзін. А вось мы з табой сядзім цяпер, каньячок пацягваем, я не працую… Але, дарэчы, я табе зараз адну мелодыйку пакажу. Мо, дзіцячая песенька атрымаецца.

Сапраўды, у той вечар запісаў я “рыбу” будучай вясёлай песенькі “Хочу всё знать”, якая шмат гадоў гучала па радыё, выконваючы дзіцячыя заяўкі.

***

Але быў і самакрытычным: саромеўся за даўнішняе, былое.

— Пасля сканчэння кансерваторыі зазнаўся: як жа — кампазітар! Адаслаў у маскоўскае выдавецтва партытуру 1-й сімфоніі. Атрымліваю ліст. Пасля ветлівых сціплых ухваленняў фраза: “Патлумачце, што б тое азначала?” А далей: на сямі старонках ідзе разбор маіх хібаў: прафесійных пралікаў, памылак, недакладных штрыхоў, прэтэнцыёзных знакаў, якія ўскрывалі маю недастатковую музычную эрудыцыю… Такі сорам адчуў, што зразумеў на ўсё жыццё: трэба пастаянна вучыцца.

***

Часам адчуваў сорам за звычкі, набытыя ў нас — краіне татальных дэфіцытаў. Для першай яго замежнай паездкі ў братэрскую тады Балгарыю тэрмінова сачынілі песеньку “Здравствуй, град!”, маючы на ўвазе Сафію. Яе вельмі душэўна спяваў у Балгарыі, а потым запісаў тут на радыё Эдуард Міцуль. Пра светлыя замежныя ўражанні Жэня ахвотна і падрабязна расказваў, а потым прызнаўся:

— “Аблажаўся” (адчуў стыдобу ад няўдалага ўчынка) там у першы ж дзень. Уздымаем бакалы, а балгары мне: “Таварыш Глебаў, калі чокаецеся, не на келіх, а ў вочы глядзіце. Калі пральеце, не бядуйце, мы дальем!” Гэта ў нас іхняя “Пліска” дарагі дэфіцыт, а там яе — мора! Сорамна стала, павер.

***

Жэня не разумеў, што такое “адпачынак”: як гэта можна не працаваць 24 дні?!

Раздражнялі санаторскі рэжым, суседзі, сэрвіс і галоўнае — бяздзеянне.

Не любіў мора, хапіла адной паездкі ў Крым, каб асэнсаваць гэта па-свойму:

— Хвалі плесь — плесь, туды — сюды, накат — адкат… І гэтак мільёны гадоў! Бязглуздзіца нейкая.

***

Шмат разоў спрабаваў кінуць паленне. Аднойчы ўсур’ёз, з вечара.

— З раніцы ўтыркнуўся ў партытуру — і нічога зразумець не магу: на чым учора спыніўся? Што там флейта вядзе? А, думаю, гэта арганізм і псіхіка перабудоўваюцца. Пасасаў канфетак, схадзіў у тэатр на свой спектакль. Назаўтра — той жа тупік: гляджу ў ноты, як у чужыя. Пасасаў канфетак, схадзіў да сваіх студэнтаў. І на трэці дзень — тое ж… З адчаю зацягнуўся цыгарэткай — і тут жа ўсё стала ясна: і што флейта павінна весці, і ўвогуле натхненне нахлынула! Ёсць у мяне асобна сіла і асобна воля, а вось, каб разам…

Глебаўскі гумар

3-я сімфонія — чарговая захопленасць кампазітара новым музычным стылем: дадэкафоніяй — была пабудавана, як акрэсліў сам аўтар, спрэс на дысанансах. Але ў некаторым месцы гучала ціхае супакаенне, па партытуры — зусім просценькі мілагучны акорд.

— Элементарныя мі, соль-дыез, сі, — смеючыся ўзгадваў Жэня рэпетыцыю аркестра. — І гэта простае гарманічнае трохгучча прагучала самым фальшывым! Аркестр разгублена змоўк, навісла цяжкая цішыня. Дырыжор Віталь Катаеў вінавата развярнуўся да мяне ў пустой зале філармоніі... Правал!

Але Глебаў не быў бы самім сабой, калі б не заўважыў саркастычна:

— Наступную сімфонію я напішу ў просценькім до-мажоры, а ўжо дысанансамі вы яе аздобіце самі — вось і выйдзе дадэкафонія.

***

Трамбаністу ў аркестры ТЮГа ён рабіў заўвагу за фальшывую ноту: раіў крэйдай памеціць на кулісе трамбона: да якой пазіцыі яе высоўваць.

***

На маё пытанне ў якім жанры стварае незнаёмы мне кампазітар, Жэня хлёстка і вобразна адзначыў:

— Ён кампазітар размоўнага жанру.

***

Блізкага яму па інтэлекце і эрудыцыі Льва Абеліёвіча не стамляўся нявінна падколваць:

— Леў Майсеевіч, а чаму ваша сімфонія “Другая”? А дзе ж “Першая”?

— Згарэла, Жэнечка, у Варшаве, — прычмокваючы, тлумачыў той. — Згарэла ў верасні 39-га ў Варшаве.

— А ўзгадайце: мо, там яна згарэла не адна? Мо, “Другую” варта б назваць “Чацвёртай”?

І абодва пасля смяяліся.

***

Ён быў майстрам размоўнага, так бы мовіць, “фехтавання”: імгненна рэагаваў на ўсё, вартае ўвагі. Калі былы жэнін студэнт Эдуард Ханок канчаткова перайшоў у песенны жанр, пачаў дзякаваць настаўніку на сцэне філармоніі за навуку, Глебаў тут жа адхрысціўся:

— Далі Бог, усяму, што робіць цяпер Ханок, я гэтаму яго не вучыў!

Творца і ўлада

Бываў рэзкі, нецярпімы да бестактоўнасці. Рыхтаваліся “Дні культуры Азербайджана ў БССР”. Сабраліся ў міністра культуры прадстаўнікі абодвух бакоў. Сярод бакінцаў кампазітар Тофік Куліеў, кіраўнік эстраднага аркестра Рауф Гаджыеў — яны й завялі гаворку аб праграмме выступлення гэтага іх аркестра. Глебаў удакладніў, даў параду.

І тут наш міністр выразна зірнуў на Глебава і, быццам папярэджваючы, падняў палец. Яўген Аляксандравіч зрэагаваў імгненна:

— Не ўкліньвайцеся ў размовы прафесіяналаў на тэмы, у якіх вы не разбіраецеся. — І працягнуў абмеркаванне з бакінцамі.

***

Былі ўрадавыя “спецзаказы”, што шчодра аплачваліся: урачыстыя ўверцюры да шматлікіх афіцыйна-партыйных дат, з’ездаў. Ён і толькі ён і тут быў першым, патрэбным, незаменным.

— Палац спорту, шэсць тысяч гледачоў, весь урад у спецложы, перагаворваюцца ажыўлена, — смеючыся, узгадвае Жэня выкананне сваёй кантаты “Камуністы вядуць” на нейкім урачыстым мерапрыемстве. — А ў мяне ў партытуры дзевяць літаўр, два вялікіх барабаны, там-там, два хоры, два сімфанічных аркестры — і ўсе разам я-а-ак грымнулі! У ложы спалохана сцішыліся, а Машэраў пытае: “Яўген Аляксандравіч, а чаму так аглушальна?” А я яму: “Гэта сказаўся мой вопыт працы ў ТЮГу: калі вось так гучна ўступае аркестр, дзеці адразу ж перастаюць галдзець”.

***

У яго Трэцяй сімфоніі — яна ж трагічная! — у адной з частак рытм такі, быццам цвікі ў труну закалочваюць. Васіль Шаура — цэкоўскі ідэолаг — пытаецца пасля выканання: “Чаму ў той частцы такі рытм змрочны?” А Глебаў яму тлумачыць: “А гэта партызаны ў пушчы рушаць, крадучыся”. — “А-а, — супакоіўся ідэолаг, — тады віншую”.

***

Цікава ў Глебава складваліся адносіны з Машэравым. “Загарэўшыся” раманам Шарля Кастэра “Ціль Уленшпігель”, яму аніяк не ўдавалася пераканаць міністэрскае чынавенства ў неабходнасці стварэння балета на падставе менавіта гэтага твора. А не пісаць ужо не мог: музыка літаральна перапаўняла. Праца ішла плённа, але дагавор Міністэрства не заключала, а трэба ж было на нешта існаваць. У адчаі Глебаў звярнуўся наўпрост да Машэрава, і на пытанне таго, чаму ж дагавор не заключаюць, кампазітар растлумачыў:

— Ды ўсё патрабуюць абгрунтаванняў: чаму менавіта ў Беларусі — і раптам фламандскі “Ціль”?

Машэраў спачувальна пасміхнуўся, але потым, бы спахапіўшыся, усё ж запытаў:

— А сапраўды: чаму менавіта “Ціль”?

— Ну вось, і вы пра тое ж! — Але тут у Глебава быў назапашаны палымяны маналог пра сусветную літаратуру, якая толькі й павінна быць падставай для спектакляў, фільмаў, балетаў. А ці ёсць сёння ў Беларусі пісьменнік і твор, роўныя “Цілю” Кастэра?

Машэраў згадзіўся, што няма. Дагавор адразу ж падпісалі. І неўзабаве спектакль вялікага майстра Валянціна Елізар’ева на музыку Глебава стаўся вехай у гісторыі нашага балета, ды й увогуле ў сучасным мастацтве Беларусі. Праз колькі гадоў, ужо пасля адыходу кампазітара, Елізар’еў узнавіў, мо, лепшае са сваіх арыгінальных стварэнняў.

***

Глебаў аніяк не мог зразумець: чаму, нягледзячы на хадайніцтвы, шматгадоваму кіраўніку аркестра Дзяржтэлерадыё Барысу Іпалітавічу Райскаму, якому ўжо пераваліла за шэсцьдзясят, усё ніяк не дадуць хаця б якога першага ганаровага звання? Урэшце, у ЦК кампазітару патлумачылі, маўляў, Райскі ўсюды прапіхвае сваю дачку: і на запісах, і на канцэртах, і на гастролях, і па радыё — усюды яна ды яна!

— Я адразу зразумеў, у чым тут справа і спакойна ім тлумачу, — расказвае ён пра дыялог у ЦК. — “Дачка Райскага — інжынер па імені Валянціна. А спявае з аркестрам асноўная салістка радыё Тамара Раеўская. Адчуваеце розніцу: інжынер Валянціна Райская і вакалістка Тамара Раеўская?” Тут мой субяседнік разгубіўся, не ведаючы, што сказаць. Ну, я ўжо не ўтрымаўся і дабіў яго: “Калі тут, кажу, у такім вашым высокім доме ўся інфармацыя такога ж узроўню даставернасці, то…”

Добра ведаючы Жэнін востры язык, упэўнены, што словы партыйнаму чыноўніку былі сказаны менавіта такія. Неўзабаве Райскаму далі “заслужанага”, хаця па ўзроўню прафесіяналізму і ўнёску ў прапаганду беларускай музыкі ён быў вышэй за якіх заўгодна мітуслівых адзнак.

***

Нейкі час замест хворага Райскага аркестрам кіраваў Глебаў. Якраз падчас гэтага “замяшчэння” прыехала з Масквы брыгада фірмы “Мелодыя” запісваць грамплыту беларускай эстраднай музыкі. Глебаў разважаў:

— Калі я запішу хаця б адзін свой твор, скажуць: скарыстаўся службовым становішчам. Дык я вазьму і скарыстаюся ім напоўна: запішу праграму толькі са сваіх твораў — усё роўна будуць папікаць!

Так і паступіў. Найлепшай эстраднай музыкі хапала ў яго ўжо не на адну грамплыту. А ўзгадаем, хто з калег мог тады пахваліцца падобным? Ды ніхто. Ды й цяпер — ніхто.

***

Аднойчы ў задуменні спытаў раптам мяне:

— А ці ведаеш ты, пры якім каралі жыў Бетховен?

Я аб тым ніколі не задумваўся, а сапраўды: жыў жа геній пры нейкім каралі! І Мальер, і Джота, і Мусаргскі тварылі ж пры нейкіх уладарах…

— Не ведаю… А ты?

— Ну, я-та ведаю, зазірнуў у энцыклапедыю. Дык вось: гэтага яны нам, творцам, дараваць не могуць!

Даравалі яму ўлады і рэзказць, і ўпартасць, і свавольства, і адчуваючы талент, “дабрадзейнічалі”: Народны артыст, лаўрэат Дзяржпрэміі, ардэнаносец, прафесар, нават дарадчык ЦК па пытаннях культуры. Хаця, з іншага боку, а каго яшчэ з творцаў было ўладам аблашчваць? Самы таленавіты, самы пладавіты, самы рознабаковы, самы эрудыраваны, самы папулярны. Не люблю выразаў “адзін з самых” — проста “самы”. Такім недасягальным у прафесіі застаецца й па сёння.

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр

Фота з уласнага архіва аўтара