Уладзімір МУЛЯВІН: “Тое, што Бог табе дае, Ён можа і адабраць...”

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Гэты артыкул — лагічнае завяршэнне юбілейнага праекта, як бы пастскрыптум да размоў вядучага цыкла інтэрв'ю “Песнярам” — 50!” Алега Клімава з музыкантамі вялікага ансамбля, апублікаванымі ў нашай газеце цягам года. У аснове сваёй ён складаецца са словаў самага галоўнага “песняра”, прамоўленых ім у розныя гады (з 1994-га па 2002-гі) падчас шматлікіх гутарак са сваім сябрам Барысам Крэпакам. Яны ўвайшлі ў яго матэрыял “Сэрца самотнага “аленя”, або Стужка жыцця, абарваная на ветры” апублікаваны ў кнізе Людмілы Крушынскай “Уладзімір Мулявін. Нота лёсу” (2004), а затым у яе дапоўненым перавыданні “Уладзімір Мулявін. Сэрцам i думамi...” (2015).

/i/content/pi/cult/760/16437/pages-6-7-copy-3-S.jpg

Барыс Крэпак — пра гісторыю матэрыялу

— Разам з Людмілай Крушынскай я збіраўся напісаць манаграфічную кнігу-эсэ пра Валодзю Мулявіна. Муля — так яго называлі прыяцелі — да гэтай задумы паставіўся неяк індыферэнтна: маўляў, паспеецца... Ад той нашай задумы ў маіх архівах засталіся куча аркушыкаў з запісамі, аўдыёкасеты, фрагменты ўзрушвальных споведзяў, россыпы неспадзяваных думак, нейкія словы, урыўкі фраз, хуткапісы каментарыяў па ходзе справы... Усё не было калі. Не да кніжкі... Дый мы не настаялі: сапраўды, куды спяшацца? Усё ж яшчэ наперадзе...

Праўда, пры жыцці Валодзі я сёе-тое надрукаваў… Ну, а частка матэрыялаў, у тым ліку і нерасшыфраваныя магнітафонныя запісы нашых гутарак, невядомых чытачу, ужо пасля сыходу Песняра ў Вечнасць прывёў у парадак і прадстаўляю ў гэтай кнізе...

Уладзімір Мулявін — пра тое, як ён ставіцца да таго, што яго называюць “Галоўным песняром”

...слова “Пясняр” для мяне не толькі і нават не столькі назва. Я не хацеў, каб яно калі-небудзь стала гандлёвай маркай. Пясняр — гэта... лад жыцця, лад мыслення. Пясняр — гэта Янка Купала. Пясняр — гэта Якуб Колас. І Максім Багдановіч. І я стараюся ва ўсім браць прыклад з такіх асобаў, каб потым не было сорамна за тое, што я зрабіў у сваім жыцці і ў сваёй творчасці...

/i/content/pi/cult/760/16437/pages-6-7-copy-SSS.jpg…пра тое, як з’явіліся “Песняры”

...сам я па натуры фалькларыст. Люблю народную музыку, асабліва славянскую. На першым часе ў сваіх праграмах спрабаваў звязаць у адзін вузельчык фальклорныя мелодыі Беларусі, Расіі, Украіны. Але гэта была неймаверная задача. Здавалася б, яны падобныя па чыста славянскім духу. Але, па вялікім рахунку, яны ўсё ж адрозніваюцца адна ад адной. І гэтыя адрозненні трэба было выявіць, паказаць. У прыватнасці, знайсці тыя музычныя скарбы, ні на чые не падобныя, якія ў памяці народнай захоўвала беларуская зямля.

Я ўжо тады выношваў план пераўтварэння “Лявонаў” у самастойны вакальна-інструментальны ансамбль. І пасля таго як мы, “Лявоны”, усталі на ногі і назваліся “Песнярамі”, справа крута памянялася. Асабліва шмат далі мне творчыя паездкі па беларускай глыбінцы, дзе ў найбольш чыстым выглядзе захаваўся наш нацыянальны мелас.

Само высакароднае, сакавітае, прыгожае, самабытнае паняцце “пясняр” — народны спявак-прамоўца — ужо шмат да чаго абавязвала. Не тое што жартаўнік Лявон — блазнаваты герой і балака. Меў рацыю тагачасны міністр культуры Міхаіл Мінковіч, калі пасля гастроляў па Украіне філарманічнага эстраднага рэвю “Лявоніха” выклікаў нас, “Лявонаў”, да сябе і мякка так прапанаваў памяняць назву: “Ну што за “Лявоны”? Неяк не вельмі сур’ёзна. Вы вельмі таленавітыя хлопцы, але з такой візітоўкай далёка не паедзеце. Думайце...”

Мы падумалі — і пагадзіліся з Міхаілам Аляксандравічам: назву трэба мяняць. Варыянты былі розныя... Нарэшце наш бас-гітарыст Лёня Тышко — па сумяшчальніцтве паэт і вялікі гуманітарый, — пасядзеўшы пару дзён у бібліятэцы, дзесьці ці то ў энцыклапедычным слоўніку ці то ў паэтычным зборніку адшукаў слова “пясняр”. Тады яно было мала каму знаёмым, хаця знаўцы Янкі Купалы маглі яго сустрэць яшчэ ў ранніх вершах паэта...

Так ці інакш, спачатку многія нават здзіўляліся дый пасмейваліся: што гэта за цуда-юда такое — “Песняры”. Але нам гэтае слова чымсьці прыйшлося да душы. Карацей, калектыў, памеркаваўшы ды ўзважыўшы ўсе за і супраць, прыйшоў да аднадушнай высновы: быць нам “Песнярамі”!

/i/content/pi/cult/760/16437/pages-6-7-SSSS.jpg

...пра тое, што змянілася ў “Песнярах” у параўнанні з “Лявонамі”

...галоўнае, змянілася стаўленне да творчасці. Калі раней нам маглі дараваць нейкія памылкі, то адгэтуль, стаўшы “Песнярамі”, мы проста не мелі права іх дапускаць. І працавалі як праклятыя.

...пра тое, з чаго пачыналі “Песняры”

Зразумела, з фальклору. Потым паступова наш ансамбль стаў “падцягваць” за сабой публіку: гармоніі, рытмы, кампазіцыі, аранжыроўкі станавіліся ўсё больш складанымі... Калі б “Бітлз” дэбютавалі, напрыклад, з альбома “Клуб самотных сэрцаў”, то магу гарантаваць: іх бы не прынялі як належыць — калі б не было да гэтага “Учора”, “Каханне не купіш” і гэтак далей. Спачатку — і гэта галоўнае — трэба знайсці кантакт з аўдыторыяй. А каб уступіць у гэты дыялог са слухачом, варта пачынаць з даступных, зразумелых, душэўна блізкіх для чалавека тэмаў і музычных вобразаў.

...пра крытыку ў адрас “Песняроў”

...фальклор заўсёды быў крыніцай узбагачэння прафесійнага мастацтва. І хто можа вырашыць, каму дазволена, а каму забараняецца з яе чэрпаць? Наш калектыў — фольк-біт-ансамбль. Аднак яго праціўнікі чамусьці не ўлічваюць законы гэтага стылю. Бо ніхто не крытыкуе, напрыклад, народны хор з пазіцыі “біта”.

Зрэшты, не гэта галоўнае. Асабіста мяне хвалюе толькі адно: ра-бо-та. Новыя песні. Новыя праграмы, не падобныя да папярэдніх. Людзі, якія нас будуць слухаць. Вядома, можна заваяваць аўдыторыю моднымі песенькамі, але ці надоўга? Мы хочам весці гледача за сабой, а не плесціся ў яго ў хвасце.

Песня сучасная тады, калі яна хвалюе сёння, а па ўзросце гэта можа быць і вельмі старая песня. Песня стане “для ўсіх”, калі ў яе аснове думка, якая хвалюе людзей, вечная праблема, вялікае пачуццё. Каханне, расстанне, гора, радасць, тысячы адценняў чалавечых пачуццяў і адносін, адлітыя ў народных песнях словы-формулы, “хадзячыя” ісціны. Трывіяльна? Ды не. Хутчэй, гэта як у паэзіі. Вялікія паэты, напрыклад, не баяцца “сцёртых” вобразаў, таму што ведаюць: у іх закладзены нерастрачаныя запасы эмацыйнасці.

Меў рацыю Уладзімір Караткевіч, калі аднойчы, яшчэ на золку нашага шляху, напісаў такія вось радкі: “Песняры” або фальклорна-этнаграфічныя калектывы? Сама пастаноўка пытання здаецца мне неправамернай. Чаму абавязкова выбіраць? Можна любіць і Тонежскі хор, і “Песняроў”. Дапускаю, што можна і не любіць. Толькі не трэба рабіць выгляд, быццам беларуская песня так проста, сама сабой, вырвалася на абшары Радзімы, загучала ў Чэхаславакіі, Балгарыі, Польшчы. Гэта зрабілі “Песняры”...”

...пра тое, што адрознівае “Песняроў” ад іншых ВІА

Перш за ўсё, індывідуальнасць. Тэмбравае спалучэнне галасоў. Салісты падбіраліся так, што іх галасы, розныя па дыяпазоне, амаль не адрозніваліся па тэмбры. Аднолькавая ў вакалістаў і манера спеваў: падача гуку, арганізацыя дыхання, інтанаванне, артыкуляцыя. Калі ў адной песні яны саліруюць па чарзе, цяжка іх адрозніць. Таму ў ансамблі галасы гучаць як акорд, узяты на струнах аднаго інструмента, зліваюцца не толькі адзін з адным, але і з інструментам, што акурат і ўласціва для народнай музыкі. Да таго ж, мы стараліся выкарыстоўваць сапраўдныя народныя інструменты (дудачка, цымбалы, ліра, скрыпка) у сінтэзе з электрагітарамі, трубой і ўдарнымі — што стварала нейкую новую акустычную рэальнасць.

...пра тое, хто ж сапраўдныя “Песняры”

Лёня Тышко, Валера Яшкін... мой брат Валерка... Лёня Барткевіч, Саня Дзямешка, Валодзя Ткачэнка, Ігар Палівода, Толя Кашапараў, Валя Бадзьяраў, Валодзя Нікалаеў, Віця Малчанаў, Алежка Молчан... Вялікія надзеі падаваў Юра Дзянісаў. Ну, яшчэ мог бы назваць некалькі чалавек, не болей...

...пра тое, як з ім працуецца

Не думаю, што са мной лёгка. Нават, напэўна, цяжка. Мая галоўная задача заключаецца ў тым, каб хлопцы не спыняліся ў сваім развіцці, не спачывалі на лаўрах, а ўвесь час рухаліся наперад і толькі наперад. Вядома, раз-пораз здараліся прыкрыя выпадкі, калі даводзілася развітвацца з людзьмі зусім не па прафесійна-творчых прычынах. Бывала так, што мяне не задавальнялі нават адораныя вакалісты і музыканты — бо яны працавалі хутчэй як добрыя імітатары, а не як творцы.

Скажу болей: я ствараў толькі тыя праграмы, якія сам выпакутаваў, якія прыйшлі да мяне аднекуль “з гары” або кімсьці “зверху” былі падказаныя. І не заўсёды мае планы і праекты, звязаныя з пошукамі новых сучасных формаў, новых музычных фарбаў і рытмаў, новых жанраў эстраднага выканальніцтва ўспрымаліся адэкватна нават некаторымі маімі аднадумцамі. Як гэта было, напрыклад, з “Купалiнкай”, “Ой, рана на Івана...”, з праграмай “Песня пра долю”, якая нараджалася вельмі цяжка. Аднак я стараўся “ўлюбляць” у беларускую музыку і добрую паэзію не толькі слухачоў, але і сваіх музыкаў.

Я зрабіў некалькі праграм на вершы Янкі Купалы, не лічачы маёй аранжыроўкі кантаты Ігара Лучанка “Курган” па купалаўскай паэме, якая ўвайшла ў праграму “Песняроў” пад назвай “Гусляр”. Да Купалы ў мяне стаўленне асаблівае — не толькі таму, што ён мой любімы паэт, у чыіх радках я знаходжу адказы на многія з тых пытанняў, якія мяне хвалююць... Акрамя ўсяго іншага, паэзія беларускага Песняра вельмі музычная, яго вершы арганічна і гарманічна кладуцца на музыку.

Сам я гляджу на ўсе свае праграмы з двух бакоў: перш за ўсё, бачу тое, што не атрымалася, а ўжо потым — тое, што здзейснілася. Думаю, усе мае “купалаўскія” рэчы больш-менш (не мне меркаваць, вядома) атрымаліся.

…аб тым, як памыляўся ў людзях

Неяк прачытаў у дзённіках братоў Ганкур, што вялікі знаўца чалавечай псіхалогіі Бальзак вельмі часта памыляўся ў людзях, з якімі сустракаўся ў жыцці. Адпаведна, седзячы за пісьмовым сталом, Бальзаку было лягчэй засяродзіцца, разабрацца, зразумець. І яшчэ лягчэй было памыліцца пры сустрэчы з чалавекам, паддаўшыся першаму ўражанню пра яго.

Мінулы год (1998) быў цяжкім для мяне — хвароба, аперацыя, “развод” “Песняроў” “па-беларуску”, прэса, якая аблівала мяне і маю сям’ю брудам... Гэты “развод” я ўспрыняў як Божае наканаванне. Мы вельмі шмат атрымалі ў маладосці: размаітыя радасці, славу, пашану, любоў гледачоў… Але не маглі імі па-сапраўднаму скарыстацца. І тады Бог сказаў: Я вам даў настолькі шмат, вы не скарысталіся гэтым, і Я вас трошкі пакараю. І Ён пакараў. Тое, што Бог табе дае, Ён можа адабраць: гэта ісціна.

Я не ведаю, колькі мне засталося жыць, але я хацеў бы завяршыць сваю місію годна. І для гэтага мне трэба адно-адзінае: каб мне ў бліжэйшыя гады не перашкаджалі...

...пра настальгічнасць музыкі “Песняроў”

Цяпер людзі, асабліва пажылыя, маюць патрэбу менавіта ў настальгічных песнях. І я ведаю, што якую б шыкоўную праграму ні стварыў, яны будуць патрабаваць і “Александрыну”, і “Касiў Ясь...”, і “Ой, рана...”, і “Купалiнку”, і “Завушнiцы”, і “Чырвоную ружу”...

Я ўдзячны лёсу, што звязаў мяне з выдатнай паэзіяй Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Валянціна Тараса, Валянціна Лукшы, Уладзіміра Някляева, Веры Вярбы, Уладзіміра Скарынкіна, здружыў з кампазітарамі Ігарам Лучанком і Юрыем Семянякам. Я сардэчна ўдзячны Беларусі, якая так цёпла прыняла мяне, зрабіла тым, кім я сёння ёсць, і стала назаўжды маёй другой Радзімай...

...пра тое, дзе хацеў бы жыць

Дзе-небудзь на Віцебшчыне. Там шмат дзівосных азёр і рэк, там хвоі і цудоўнае паветра, выдатныя людзі. Неверагодныя і ля Нёмана мясціны — скажам, Мікалаеўшчына, радзіма Якуба Коласа. Зрэшты, прыгожых, казачных куткоў на Беларусі не злічыць.

...пра ўлюбёны спосаб перасоўвання

...аўтамабіль на добрай хуткасці.

...пра тое, як хацеў бы правесці свой апошні дзень у жыцці

На канцэрце, з гітарай у руках.

Выкарыстаны ілюстрацыі з кнігі “Уладзімір Мулявін. Сэрцам i думамi...” Мінск, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2015 г.