Гісторыя культуры: ад першабытнага часу да Кодэкса

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Варта шчыра прызнаць, што вучэбныя дапаможнікі па гісторыі культуры Беларусі выходзяць даволі рэдка. Перад намі — чацвёртае выданне амаль за апошнія тры дзесяцігоддзі. Між тым, гады, якія прайшлі пасля ўтварэння нашай незалежнай і суверэннай Рэспублікі, азнаменаваліся ростам цікавасці чытачоў да гісторыі не толькі беларускага народа, але і яго культуры. Таму з’яўленне на паліцах кнігарняў вучэбнага дапаможніка прафесара Віктара Пілецкага “Гісторыя культуры Беларусі” выклікала заканамерную ўвагу.

/i/content/pi/cult/759/16425/23.JPGШто ж у ім новага і каштоўнага ў параўнанні з папярэднімі выданнямі? У чым яго асноўныя вартасці?

Па-першае, мэта дапаможніка, тэкст якога скампанаваны ў дзевяць тэм — даць агульнае ўяўленне аб культуры беларускіх зямель на працягу ўсёй іх гісторыі, сфарміраваць устойлівае разуменне спецыфікі культурных здабыткаў, назапашаных жыхарамі Беларусі пачынаючы ад першабытнага перыяду і літаральна да апошніх дзён.

Па-другое, асаблівасцю дапаможніка з’яўляецца абавязковы разгляд умоў развіцця культуры на тых ці іншых этапах грамадства.

Па-трэцяе, у тэксце выкарыстоўваецца такі дыдактычны прыём, як даведка, з дапамогай якога студэнты і іншыя чытачы маюць магчымасць засвоіць (альбо ўзгадаць) значэнне тых ці іншых тэрмінаў і з’яваў, якія сустракаюцца ў вучэбным матэрыяле і на першы погляд падаюцца незразумелымі.

З пазіцый сённяшняга дня

Ацэньваючы ролю і месца айчыннай культуры ў Вялікім Княстве Літоўскім, аўтар дапаможніка правамерна адзначае: “Да 90-х гг. ХХ ст. беларусы практычна не ведалі сваёй велічнай гісторыі эпохі ВКЛ, а ў школьных падручніках па гісторыі паўтараліся міфы, распрацаваныя ў царска-расійскай і савецкай гістарыяграфіі аб “літоўскім” заваяванні паўночна-заходніх зямель Кіеўскай Русі (г.зн. беларускіх зямель)”.

Аналізуючы ўмовы развіцця беларускай культуры ў складзе Расійскай імперыі (1795 — 1917), Віктар Пілецкі акцэнтуе ўвагу чытачоў на жорсткім ідэалагічным прыгнёце з боку царскай улады. Апраўдваючы свае дзеянні па далучэнні беларускіх зямель, яна імкнулася даказаць, што насельніцтва Беларусі не мае сваёй этнічнай адметнасці. Для гэтага была распрацавана і актыўна насаджалася ідэалогія “заходнерусізма” — у тым ліку, і праз адукацыю ды навуку.

“Горкай праўдай” можна назваць тэкст старонак, прысвечаных рэпрэсіям у БССР. Прывядзём толькі некаторыя радкі: “Па няпоўных дадзеных, у 1930-я гады было асуджана каля 230 членаў Саюза пісьменнікаў (больш за палову яго склада)… Больш за 130 вучоных страціла ў тыя гады Акадэмія навук Беларусі…”

У тэатральным мастацтве Беларусі былі забаронены амаль усе лепшыя тэатральныя пастаноўкі 20-х гадоў… “Пачалася “чыстка” беларускай мастацкай спадчыны. Шэраг мастакоў былі абвінавачаны ў паследаванні буржуазнаму заходнееўрапейскаму мастацтву, арыштаваны і кінуты за турэмныя краты”.

Услед за Статутам

Некаторыя чытачы могуць падумаць, што аўтар дапаможніка акцэнтуе ўвагу толькі на негатыўных з’явах. Але гэта не так. У сваёй лекцыі “Беларуская культура на сучасным этапе” Віктар Пілецкі заўважае: “Паказчыкам пільнай увагі (і павагі) дзеючай улады да сферы культуры было аб’яўленне 2016 года “Годам культуры”. Гэта значна ажывіла культурныя працэсы ў краіне і прыцягнула ўвагу грамадскасці да праблем культуры. Летам 2016 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падпісаў “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры”, прыняты Беларускім парламентам. Новы дакумент быў напісаны на беларускай мове і тым самым, па меркаванні міністра культуры, прадоўжыў праватворчыя традыцыі ВКЛ. У яго тэкст увайшлі ўсе дзеючыя прававыя акты. Было забяспечана іх узаемадзеянне. Гэта адкрыла перспектыву сістэмнага рэгулявання праваадносін у азначанай галіне, што можа паспрыяць далейшаму развіццю беларускай культуры”.

Эвалюцыя Кнорына

Нягледзячы на ўсе пералічаныя вартасці дадзенага выдання, нельга не выказаць яе аўтару і некаторыя заўвагі ды пажаданні.

На старонцы 204, характарызуючы культуру ў Савецкай Беларусі ў 1921 годзе, Віктар Пілецкі адзначае: “Цяжкасць сітуацыі заключалася ў тым, што адказныя пасады ў кіраўніцтве Савецкай Беларусі займалі прысланыя з Масквы расійскія бальшавікі, якія стаялі на руска-шавіністычных (вялікадзяржаўніцкіх) пазіцыях... Сярод іх пасаду сакратара Цэнтральнага бюро (ЦБ) КП(б)Б займаў Вільгельм Кнорын. Яго аднадумцамі былі іншыя партыйныя чыноўнікі. Кіраўнік арганізацыйнага аддзела ЦБ КП(б)Б Вацлаў Багуцкі, агітацыйна-прапагандысцкага — якаў Быкін і старшыня Саўнаргаса Арон Ванштэйн (на самой справе Вайнштэйн — Э.І.). В.Кнорын дапускаў існаванне БССР толькі ў выглядзе “…тэрытарыяльнага ўтварэння. І ні ў якім разе не ў якасці нацыянальнага…”

Недахоп тут у тым, што аўтар дапаможніка не улічыў эвалюцыі поглядаў Вільгельма Георгіевіча Кнорына, які кіраваў камуністычнай партыяй Беларусі тройчы: 13 верасня — 10 лістапада 1920 года, у лютым 1921-га — маі 1922 гадоў і з 5 мая 1927 года па 9 кастрычніка 1928 года.

І калі ў кастрычніку 1918 года ён разам з Аляксандрам Фёдаравічам Мясніковым лічыў, што “беларусы не з’яўляюцца нацыяй, што тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх аддзяляюць ад рускіх, павінны быць выкараненыя”, то ў 1920-я гады погляды Кнорына значна змяніліся.

Месца і роля Кнорына ў найноўшай гісторыі Беларусі аб’ектыўна залежылі ад агульнай палітыкі партыі і ўладаў РСФСР і пазней СССР адносна беларускага пытання. У беларускай справе ён прайшоў прыкметную эвалюцыю: ад адмаўлення беларусаў як самастойнай этнічнай супольнасці і супрацьдзеяння спробам адраджэння беларускай дзяржаўнасці з боку не толькі нацыянальна-дэмакратычнай, але і бальшавіцкай плыні ў беларускім руху — да паступовага разумення гістарычнай непазбежнасці развіцця Беларусі як асобнай дзяржавы, хай сабе і выключна ў форме савецкай рэспублікі.

Пра гэтую эвалюцыю сведчаць самі дзеянні палітычнага лідара БССР. Ён спрыяў умацаванню дзяржаўных асноў, аднаўленню і развіццю эканомікі, народнай асветы, навукі і культуры рэспублікі, правядзенню беларусізацыі. І нямала сіл прыклаў для нейтралізацыі антыбеларускіх, асімілятарскіх сіл і настрояў.

Калі ацэньваць яго дзейнасць у цэлым, варта прызнаць, што Кнорын зрабіў годны ўнёсак у развіццё беларускай нацыянальнай культуры. З яго імем звязаны адкрыццё першай паўнацэннай вышэйшай навучальнай установы рэспублікі — Беларускага дзяржаўнага ўніверстэта, Інстытута беларускай культуры, першыя крокі ў нацыянальным кіно (летам 1922 года пачало працаваць Упраўленне па справах кінематаграфіі), стварэнне выдавецтваў “Адраджэнне” і “Савецкая Беларусь”.

Што да іншых хібаў… На жаль, аўтар дапаможніка не раскрывае такую асаблівасць беларускай культуры, як яе цесная сувязь з польскай, і такую з’яву, як “беларуска-польскія” або “польска-беларускія” дзеячы культуры. А ў іх ліку — цэлы шэраг бліскучых пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў.

Шостая лекцыя мае назву “Асаблівасці развіцця культуры Беларусі ў складзе царскай Расіі” і ахоплівае перыяд ад 1795 да 1917 гадоў. Аднак было б больш дакладна яго пашырыць — як вядома, першы падзел Рэчы Паспалітай, пасля якога ў складзе Расіі апынуліся ўсходнія беларускія землі, адбыўся ў 1772 годзе.

Кніга носіць назву “Гісторыя культуры Беларусі”, а не “Гісторыя беларускай культуры”. Таму, лічу, было б мэтазгодна даць кароценькія звесткі аб польскай, рускай і яўрэйскай культуры на беларускіх землях — хаця б улічваючы чатыры дзяржаўныя мовы ў БССР у 1920 — 1930-я гады. Праўда, у некаторых фрагментах лекцый Віктар Пілецкі адлюстроўвае гэтую тэму.

На некаторых старонках дапаможніка сустракаюцца і чыста фактычныя недакладнасці. Так, аўтар сцвярджае: “У 1945 — 1947 гг. быў пабудаваны “будынак КДБ”… Насупраць гэтага комплексу быў разбіты сквер, у якім устаноўлены бюст… заснавальніку мінскай міліцыі і органаў дзяржбяспекі Ф. Дзяржынскаму”. Насамрэч Фелікс Дзяржынскі ніколі не быў заснавальнікам мінскай міліцыі. Аўтар пераблытаў яго з Міхаілам Фрунзе.

Дзіўна, што ў спісах асноўнай і дадатковай літаратуры адсутнічае каштоўная кніга вядомага беларускага вучонага-этнографа, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Міхаіла Фёдаравіча Піліпенкі “Возникновение Белоруссии. Новая концепция” (Мн., 1991).

Нягледзячы на гэтыя заўвагі, трэба адзначыць, што Віктар Пілецкі стварыў патрэбную, цікавую і каштоўную кнігу, якая абавязкова знойдзе свайго чытача. Прафесар Пілецкі ўмела падводзіць яго да высновы, што сучасная культура Беларусі — гэта сплаў мясцовых традыцый, якія назапашваліся насельніцтвам нашага краю з даўніх часоў, і тых набыткаў, што трапілі да нас звонку ды былі перапрацаваны продкамі сучасных беларусаў зыходзячы са свайго менталітэту, сваіх падыходаў у эканамічным, палітычным і сацыяльна-культурным развіцці.

Без сумневу, кніга здатная зацікавіць моладзь у вывучэнні і даследаванні айчыннай культуры. Болей за тое, яна не толькі падае факталагічную базу, але і выхоўвае, спрыяючы фарміраванню ў студэнтаў устойлівага разумення неабходнасці ашчаднага захавання і памнажэння нашых культурных здабыткаў. І, што вельмі важна, — дазваляе адчуць гонар за свой народ.

Эмануіл ІОФЕ,
прафесар БДПУ імя М.Танка,
доктар гістарычных навук