Народжаны ля Вострай Брамы

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

У публікацыях, прысвечаных Францішку Аляхновічу, спектаклі па п’есах якога сёння з поспехам ідуць у айчынных тэатрах, вельмі падрабязна і цікава апісваецца ягонае доўгае і поўнае трагічных эпізодаў жыццё. Ды і сам творца яшчэ пры жыцці смела распавядаў пра свой багаты досвед у кнізе і артыкулах. Але што тычыцца генеалогіі роду Аляхновічаў, то ў гэтым гародзе пануе суцэльнае запусценне. Што ж, паспрабуем навесці там хаця б сякі-такі парадак…

/i/content/pi/cult/758/16406/22.JPGЦана памылкі

Пішучы пра продкаў “па мячы” — у сэнсе, па мужчынскай лініі — даследчыкі нават не заўсёды згадваюць дзеда Івана (Яна), абмяжоўваючыся звесткамі пра бацьку Францішка — “скрыпача” Карла Аляхновіча. Што ж датычыцца сям’і яго маці, то тут — суцэльнае немаведама што. Вікіпедыя, з апірышчам на багаты спіс літаратуры, смела сцвярджае “Пра яго маці, Марыю з Наркевічаў (падкрэслена мной — З.Ю.)., звестак не засталося”. Але ці так гэта? Вядома, не. Дастаткова хаця б зазірнуць у выдадзены ў 2005 годзе том “Беларускага кнігазбора”, дзе змешчаныя і творы Францішка Аляхновіча, і некаторыя дакументы, датычныя ягонай асобы.

10 лістапада 1927 года ў межах кампаніі беларускіх літаратараў за вызваленне Францішка Аляхновіча (які быў адной з першых у нас ахвяраў сталінскіх рэпрэсій) ужо тады бадай класік Максім Гарэцкі (ён і сам быў арыштаваны трыма гадамі пазней) напісаў біяграфію сябра. Вось як яна пачынаецца “Франц Карлович Олехнович (по-белорусски Францішак Аляхновіч) родился 9 марта 1883 г. в Вильне в семье музыканта театрального оркестра. Отец был разбит параличом и умер. Мать вышла замуж вторично и сейчас живет в Минске (Первомайская ул., 27). Муж ее — маленький советский служащий, гражданин Клим”. Згадваў Гарэцкі і пра тое, што вярнуўшыся ў 1908 годзе ў Вільню з Варшавы, дзе ён атрымліваў тэатральную адукацыю, Аляхновіч ажаніўся.

Адпаведна, ужо гэты дакумент трошкі пралівае святло на лёс маці класіка. Праўда, не называецца яе дзявочае прозвішча. Але гэта і не было таямніцай для людзей, якія асабіста ведалі пісьменніка. Я лёгка знайшоў яго і ў некралогу Францішка Аляхновіча, які быў надрукаваны адразу пасля паховінаў — Марыя з Марковічаў (падкрэслена мной — З.Ю.).

І тым не менш… У 2015 годзе ў падляшскім беларускім выданні Czasopis быў змешчаны вельмі цікавы артыкул Лены Глагоўскай “70 гадоў таму назад загінуў Францішак Аляхновіч”. Аўтарка піша: “Месца спачынку Францішка Аляхновіча на эвангеліцкіх могілках у Вільні было знішчана разам з імі ў 1989 г. Добра, што знайшліся рупныя беларусы, якія сімбалічна перанеслі яго магілу на Росы — на “літаратурную горку”. Відаць, на той час ніхто не ведаў, што на Росах пахавана яго маці Марыя з Наркевічаў (падкрэслена мной — З.Ю.) Клімава, якая памерла 6 кастрычніка 1938 года, маючы 75 гадоў. Пра пахаванне яе ў Kurjery Wilenskim паведамлялі муж і сын Францішак”.

Дык Марковічаў ці Нарковічаў? Я вырашыў гэта спраўдзіць. Неўзабаве ў маіх руках былі метрыка шлюбу бацькоў Францішка і метрыка ягонага хросту. Выснова мяне здзівіла: спадарыня Глагоўская самавольна (ці праз нядбайнасць) змяніла прозвішча маці класіка.

Але пры гэтым яна дала мне добрую наводку. Згаданая публікацыя ў Kurjery Wilenskim неўзабаве была адшуканая. З яе даведаўся, што маці драматурга (Markowicz!!!) памерла ў даволі паважным веку — у 75 гадоў. А на ейныя хаўтуры “сяброў і крэўных” запрашаў не толькі сын, але і муж.

Другім яе мужам, як вядома, быў дробны савецкі службоўца з прозвішчам Клім. Якім чынам яны апынуліся па той бок савецка-польскай мяжы — у Вільні? Пытанне не самае простае. Пагатоў, дакладна вядома, што яшчэ падчас арышту Францішка ў Менску (пачатак 1927 года) маці і айчым жылі ў сталіцы БССР. Болей за тое — незадоўга да таго, як па сына прыйшлі, бацькі выказвалі спадзеў убачыць ягоную сям’ю аб’яднанай — калі да Францішка з Вільні прыедзе ягоная жонка з двума малымі сынамі. Як мы ўжо ведаем, усё выйшла па-іншаму…

Але я тут не пра гэта. А пра цану памылкі. Цалкам магчыма, што менавіта няўважлівасць у напісанні прозвішча (пара-тройка “не тых” літараў) і прывяла да безапеляцыйнага вердыкту біёграфаў: пра маці драматурга звестак не засталося. Яно і сапраўды так: калі спрабаваць нешта даведацца пра Марыю Наркевіч, ніякіх звестак не знойдзецца. Вось такі ўрок!

Ля віленскіх муроў

Славутая Вострая брама, апетая Уладзімірам Караткевічам у рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”… Сотні гадоў сустракала ты беларусаў-ліцьвінаў, якія рушылі па сваіх справах у сталіцу ВКЛ: Радзівілаў і Хадкевічаў, Сапегаў і Рэйтанаў, Храптовічаў і Міцкевічаў. А сёння сустракаеш нас, турыстаў.

А вось Аляхновічам (прынамсі, пэўнай іх частцы) пашчасціла ля яе жыць. Менавіта тут, на вуліцы Вастрабрамскай, у касцёле святой Тэрэзы, у 1882 годзе быў пакладзены пачатак гісторыі жыцця Францішка Аляхновіча. Вось як аб гэтым напісана ў шлюбнай метрыцы, якую мне пашанцавала знайсці ў архіве.

18 красавіка ксёндз Раман Казлоўскі злучыў шлюбам “дворянина Карла Олехновича, юношу 29 лет с Дворянкою Мариею Морковичевною 18 лет девицею, обоих Остробрамскаго костела прихожан”. Далей невядомы пісар старанна запісаў імёны бацькоў маладых і пералічыў сведкаў шлюбу.

Такім чынам, ад моманту гэтай публікацыі бурлівая стыхія, якая панавала сярод даследчыкаў радаводных сувязяў Францішка Аляхновіча, укладаецца ў капітальна пабудаванае рэчышча. Спадзяюся, у далейшым тыя, хто возьмецца пісаць пра Францішка Аляхновіча, не абмінуць ўвагай майго сціплага даробку.

Прычына — у дзірцы

Працягваючы пошукі далей, я знайшоў магчымую прычыну памылкі, датычнай прозвішча маці класіка. Вы не паверыце, наколькі яна смешная! Акурат у духу драматургіі Аляхновіча.

9 сакавіка наступнага года ў шчаслівых бацькоў нарадзіўся першынец. На вялікі жаль, гісторыя не захавала звестак пра тое, што ў гэтай сям’і былі іншыя дзеці, таму яго выпадае лічыць адзіным. 21 красавіка, як сведчыць метрыка, адбыўся хрост немаўляці, імя якому далі Францішак.

Метрыка мае нязначныя пашкоджанні, якія, магчыма, і сталі прычынай з’яўлення на свет памылковага прозвішча маці — “Наркевіч”. Менавіта праз пачатак яе прозвішча кніга была прабітая і прашнураваная нейкім дбайным ураднікам. Хаця, калі прыгледзецца, “Наркевіч” усё адно атрымліваецца там з вельмі вялікай нацяжкай…

Кумамі будучага мэтра беларускага тэатра сталі Рафаіл Ягела і Людвіка Марковіч (удава). Асіставалі на хросце Юльян Бурбекл і Юзэфа Аляхновіч — дзеўка, як пазначана ў дакуменце.

Сын “прапаў”!

Жыццё Францішка Аляхновіча, якое пачалося так традыцыйна для яго часу, неўзабаве панеслася бы невыязджаны мустанг. Магчыма, віной таму стала тое, што ва ўзросце пяці гадоў бацька, які быў скрыпачом у тэатральным аркестры, узяў сынка на спектакль. І… сын “прапаў”!

Кажуць, што ёсць такі праклён: “Каб твой сын адчуў смак у віне”. У выпадку з Францішкам адбылося тое самае — але смак ён адчуў у тэатры. Менавіта той дзень назаўжды змяніў лёс малога — і прынёс яму шмат як радасці, так і пакутаў. А таксама і тытул “бацькі найноўшай беларускай драмы”.

Гэтая прага да тэатра кідала Францішка Аляхновіча ў розныя гісторыі, якія няблага апісаныя біёграфамі. Мы ж звернемся да наступнай лакуны ў біяграфіі. Ці можаце вы дзе прачытаць, калі адбыўся ягоны першы шлюб?

Спярша я знайшоў на гэты конт толькі ўскосныя звесткі. З іх вынікала, што ажаніўся ён пасля вяртання ў Вільню, у 1909 — 1910 гг. А потым, у выніку архіўных пошукаў, пераканаўся: так і было!

Як мне ўдалося даведацца, 17 мая 1909 года ў бернардынскім касцёле святых Францыска і Бернарда пасля трохразовых заручынаў (3,7,10 траўня) “перед собравшимся народом” адбыўся шлюб “мещанина Франциска Олехновича холостого 26 лет прихожанина св. Иоанна костела с крестьянкою Стефаниею Наумович девицею 18 лет прихожанкою сего костела Карла и Марии из Марковичей Олехновичей законных супругов сына и Осипа и Марии из Опалчинских Наумовичей законных супругов дочеръю (…) в присутствии веры достойных свидетелей: Адольфа Наркевича и Ивана Кевлича”.

Я недарэмна дазволіў сабе такую доўгую цытату. У дадзеным выпадку, “веры годнымі” аказаліся вельмі цікавыя і важныя для беларускай гісторыі персанажы…

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар