Васілёк у жыце

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

У мінулую суботу я і мой старэйшы сын Сцяпан адправіліся з вудамі на вадасховішча ля вёскі Пятровічы (ад Соснаў у бок Гомеля). Назіранне за паплаўком на азёрнай роўнядзі — цудоўны сродак антыстрэсавай тэрапіі. Вялізнае возера ў атачэнні хмызняку і з утульнымі “кішэнямі” (якраз для дваіх), каб без перашкод закідваць снасць, прывабіла не адзін дзясятак аматараў рыбацкага адпачынку. Але я не пра тое, як добра бярэцца рыба на ўсходзе сонца. Я пра надзвычайную засмечанасць гэтых “кішэняў” пластыкавымі пакетамі, бутэлькамі, паперай і кардонам, харчовымі адходамі і іншымі непрыемнымі сведчаннямі актыўнай жыццядзейнасці. На такое здольны толькі чалавек. Як ні стараліся, а прыбраць усё не змаглі. Згадаў сітуацыю невыпадкова.

/i/content/pi/cult/758/16401/16.JPGСправа ў тым, што Кацярына Крылова — метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Палаца культуры Бабруйска — напісала, што 6 жніўня для выхаванцаў школьнага лагера Бабруйскай сярэдняй школы № 10 праведзена пазнавальна-гульнявая праграма “Беражыце прыроду”. Дзеці, па словах аўтара, вельмі актыўна абмяркоўвалі гісторыі, звязаныя са шкодай, якую наносіць чалавек прыродзе. Гэтак жа актыўна яны бралі ўдзел у віктарынах і конкурсах. Справа, безумоўна, добрая. Але карысці было б больш удвая, калі б тэорыя дапаўнялася практыкай. Спадзяюся, што ў наступны раз дзеці разам з дарослымі праінспектуюць рачны ці азёрны бераг на прадмет ачысткі яго ад слядоў “адпачынку” несумленных рыбакоў.

Экалогія шчыльна знітавана з краязнаўствам. Без ведання краю не бывае любові да яго. Пра гэта піша наш актыўны пазаштатны карэспандэнт Тамара Круталевіч — загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Акцыя “Краязнаўчы маяк Бярэзіншчыны”, распавядае яна, якая стартавала 7 жніўня, прысвечана краязнаўцу, настаўніку і археолагу Пятру Прыбыткіну. У аграгарадок Багушэвічы, дзе 50 гадоў жыў і працаваў Пётр Аўрамавіч, адправілася творчая дэлегацыя. Госці пабывалі ў хаце краязнаўцы і ў музеі мясцовай школы, які стварыў Прыбыткін. Вечар у Багушэвіцкай бібліятэцы-клубе называўся “Васілёк на жытняй ніве памяці”. Вырашана ўсталяваць на хаце Пятра Аўрамавіча мемарыяльны знак, а школьнаму музею надаць імя Прыбыткіна.

Малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Наталля Білімава паведамляе: “9 — 11 жніўня ў Ганцавічах ладзіўся VI Музычны злёт бардаў і караванераў “Жураўліны край — 2019!” У традыцыйным конкурсе гучалі песні на ваенную тэматыку. Прайшоў і конкурс паэзіі на лепшае выкананне аўтарскага верша. Працавала выстава работ, якія прэзентавалі майстры мясцовага дома рамёстваў. Маленькім удзельнікам мерапрыемства прапаноўваўся спектакль лялечнага тэатра “Батлейка”.

15 жніўня распачаўся і сёння завяршаецца IX штогадовы рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”. Хто не ведае, фэст — адмысловы ды арыгінальны. Гэткі эканамічна-гандлёвы форум у антуражы мясцовай народнай самабытнасці. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама Марына Сакалова распавядае “К”, што сёлета свята ўпершыню павялічыла маштаб і доўжылася тры дні. Першы быў прысвечаны дзецям. Дзейнічалі міні-крамніцы, якія прэзентавалі тавары мясцовых промыслаў. Упершыню ладзіліся вакальны конкурс і конкурс малюнкаў на асфальце. Усё працавала на тое, каб падлеткі адчулі сябе не толькі творцамі, але і прадаўжальнікамі слаўных мясцовых рамесніцкіх традыцый. Другі дзень фэсту — маладзёжны. Рэй вяла не толькі мастацкая творчасць, але і спартыўны імпэт. А квэсты былі накіраваны на тое, каб юнакі і дзяўчаты ўсвядомілі прыналежнасць да культурнай спадчыны, назапашанай продкамі… Трэці дзень аб’яднаў усе крамніцы на галоўнай плошчы раённага цэнтра. Кожная з мясцовых арганізацый Дрыбіншчыны пастаралася годна прарэкламаваць сваю прадукцыю. Старадаўняя традыцыя “…таржкоў” вярнулася і ўпэўнена замацоўваецца.

У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці сямейны адпачынак узведзены ў ранг нематэрыяльнай каштоўнасці. Дні такога адпачынку ладзяцца пад дэвізам “Сям’я — тэрыторыя шчасця”. І праграма заўжды ўтрымлівае арт-пікнік (можна памаляваць, выбраць сабе сувенір), тэатралізаванае шоу (флэшмобы з удзелам роставых лялек, лазерная анімацыя).

Яшчэ адно нетрадыцыйнае свята. Гэтым разам у вёсцы Фарынава Полацкага раёна. Напярэдадні Дня будаўнікоў паселішча адзначае дзень нараджэння. Вось і сёлета 10 жніўня ў пяты раз прайшло імідж-шоу “Фарынаўская марка”. Гэта не проста свята вёскі. Гэта мерапрыемства, здольнае прыцягнуць жыхароў і гасцей усіх узростаў. Апрача канцэртных праграм ёсць бега-вела-кампот “Фарынаўскі двіж”, конкурсы “Тая самая бабуля” і “Залаты голас Фарыно”, а таксама маладзёжныя стрыт-гульні..

Мядовы фэст адсвяткавалі ў аграгарадку Цырын Карэліцкага раёна, а мядовы кірмаш ладзілі ў Граўжышках, што на Ашмяншчыне.

Столінская цэнтральная бібліятэка правяла 7 жніўня пасяджэнне клуба “Вытокі” пад назвай “Яблычны Спас сабраў сёння нас”. Удзельнікі клуба не толькі згадвалі радавод круглай садавіны і частаваліся чаем з яблыкамі, але і танцавалі “Яблычак”. Пра гэта паведаміла бібліятэкар Ірына Навумчык.

Галоўны бібліёграф Навагрудскай раённай бібліятэкі Святлана Чубрык напісала пра тое, як у іх установе спалучылі геаграфію і геральдыку. Для гэтага ў бібліятэцы была створана інтэрактыўная карта “Гродзеншчына гістарычная”. Атрымаўся візуальны рэсурс, які прапаноўвае падлеткам інтэрактыўную вандроўку “Геральдычны вянок Гродзеншчыны”. Сучасныя гербы вобласці адрозніваюцца ярка выражаным імкненнем адлюстраваць гістарычнае мінулае населенага пункта, яго традыцыі і спадчыну. Навагрудку герб дараваў у 1595 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт III. Цягам стагоддзяў выява Святога Арханёла Міхаіла мяняла выгляд. З мінулага года яго выява выкарыстоўваецца і ў якасці гарадскога брэнда. Невялікія бетонныя і каваныя скульптуры Арханёла Міхаіла ўпрыгожваюць знакавыя месцы Навагрудка… Кожны з 17 раёнаў Гродзеншчыны прадстаўлены індывідуальным гербам свайго адміністрацыйна-тэрытарыяльнага цэнтра.

І яшчэ адна інфармацыя з Бабруйска. Дырэктар палаца мастацтваў гэтага горада Ірына Новікава распавядае пра міжнародную выставу мастацкага рамяства ў італьянскім горадзе Магора аўтаномнага рэгіёна Сардзінія. Мерапрыемства ладзіцца ў 58-мы раз. У выставачнай зале плошчай 2500 квадратных метраў прэзентуюць свае работы сто майстроў народных промыслаў. Традыцыйна запрашаюцца прадстаўнікі адной з краін. Упершыню ўдзел у такім форуме прынялі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Беларусі. Сярод іх — бабруйскія творцы: выцінаншчыца Луцыя Рудакоўская, лялечніца Гульнара Качан, разьбяр па дрэве Сяргей Сіліч, вязальшчыца Наталля Кулікова. Нашы рамеснікі адзначылі, што ў традыцыйным рамястве беларусаў і сардзінцаў ёсць шмат агульнага.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"