Вертыкаль Дантэ і Беатрычэ

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

Рэжысёр Ірына Кадзюкова стварае свае фільмы нібыта ювелірныя творы. Высакародны матэрыял, карпатлівае яго вывучэнне, творчая агранка — і перад гледачом паўстае адметная анімацыйная карціна, што скарае гледачоў на многіх кантынентах. “Дантэ, Беатрычэ” — такую назву мае новы фільм славутай аўтаркі, прысвечаны каханню сусветна вядомага паэта і яго дамы сэрца. “Аніякіх доўгіх светлых завіткоў. Мы ўбачылі Беатрычэ такой — з тонкім профілем і прыбранай прычоскай. З залатымі валасамі, у чырвонай сукенцы”, — паказвае малюнак умілаванай Дантэ Ірына Кадзюкова. Напярэдадні вялікай анімацыйнай прэм’еры, што адбудзецца ўжо ў верасні, мы завіталі ў майстэрню рэжысёра, каб распытаць пра яе новы фільм ды каханне, што не ведае часу.

/i/content/pi/cult/758/16396/11.jpgСустрэча ў Фларэнцыі

— Ірына, віншую вас з новай карцінай. Пачну з глабальнага пытання. Амаль усе вашы стужкі пра каханне. Вы заўжды знаходзіце пэўную гісторыю, што вяртае гэтаму пачуццю яго высакародны сэнс. Ці можна казаць пра тое, што фільм пра каханне Дантэ і Беатрычэ — новая для вас прыступка да тэмы?

— Дзякуй, Дар’я, за пытанне. Сапраўды, пасля серыі “Калядныя апавяданні”, я распачала ўмоўны цыкл “Казкі і неказкі пра каханне”. У яго ўвашло каля пяці — шасці стужак, і вось апошняя работа патрабавала, я бы так сказала, духоўнай кульмінацыі. Пры ўсёй любові да Шэкспіра кранаць “Рамэа і Джульету” не хацелася. Ды і па-сутнасці: а што можа быць больш абсалютным за Дантэ? Вось зараз мы загаварылі пра каханне, і я магу ўзгадаць фразу Чэстэртана, якую можна лічыць эпіграфам да фільма, ды і майго цыкла. “Мы ўсе любім казкі пра каханне, таму што з маленства чуем яго кліч”. Паглядзіце, не з маладосці, малалецтва, а як толькі чалавек нарадзіўся. На мой погляд, гэта вычарпальна.

— Ведаю, што вы творца, які заўжды прыслухоўваецца да знакаў, вобразаў. Штосьці падштурхнула вас да такой няпростай работы?

— Вы маеце рацыю, усё пачалося з Фларэнцыі. Мы падарожнічалі с сынам па горадзе, і выпадкова
зайшлі ў Царкву Святой Маргарыты. Я не ведала, што гэта той самы знакаміты храм Дантэ Аліг’еры і Беатрычэ Парцінары. Там цалкам выпадкова мой позірк трапіў на магілу Беатрычэ. Побач стаяў такі вазончык з чэзлымі кветкамі і скрыня з лістамі да яе. І пліта ў сцяне з імем знакамітай каханай. І ўсё. Але ўбачанае ўразіла мяне надзвычайна. Далёкая гісторыя раптам стала для мяне рэальнасцю. Я была кранута да слёз. З гэтага моманту ўсё і пачалося. Потым мы гулялі па тых мясцінах, дзе яны сустракаліся — у Фларэнцыі яны вядомыя. Калі можна назваць галоўны знак, што натхніў мяне ўзяцца за матэрыял, то, вядома, гэта ён.

Сірата, воін і паэт

— Гісторыя Дантэ і Беатрычэ ўнікальная тым, што героі бачыліся ўсяго два разы. Не зусім, як гаворыцца, шмат матэрыялу. Вас гэта не палохала?

— Версіі ёсць розныя, але, сапраўды, яны бачыліся не больш за некалькі разоў. І на пачатку ў маім сцэнарыі толькі гэтыя дзве сустрэчы і былі. Ды яшчэ я трымала ў галаве раманс Эльміры Галеевай, — ён задаваў настрой будучай карціны. Канешне, было хвалююча, нават страшна — каб стварыць гісторыю, вядомую і не вядомую кожнаму. Аднак потым я пачала вывучаць біяграфію Дантэ, Беатрычэ, і матэрыял мне падказаў.

Увогуле, я зрабіла шмат адкрыццяў. Што Дантэ застаўся сіратой — яго маці памерла, калі ён быў яшчэ хлопчыкам. Яго выхоўвала мачыха. Што першы раз ён убачыў Беатрычэ, калі яму было дзевяць гадоў. Гэта вядомы факт, але толькі задумайцеся! Другі раз ён сустрэўся з ёй — у васямнаццаць... Дантэ быў не толькі паэтам, мысліцелем, а і воінам, кавалерыстам. Мы прызвычаіліся мець ва ўяўленні такое аблічча сусветнавядомага філосафа ў лаўровым вянку, якім выявіў яго Сандра Бацічэлі, але гэта быў жывы чалавек са сваімі страсцямі і стратамі. Прычым, яго каханне ўзышло ў юнацтве. І вось калі асоба раскрываецца ў такіх катэгорыях як “мама”, (дарэчы ў “Боскай камедыі” прысутнічае гэта слова, — ці тое не дзіва?), “мачыха”, “брат”, “дзяўчынка па імені Беатрычэ”, многае бачыцца ў іншым ключы.

— А Беатрычэ? Здаецца, яна, у цэлым, тая Дама сэрца, якая яшчэ пры жыцці стала вобразам.

— Для мяне адкрыццё, што Беатрычэ не была цалкам безініцыятыўнай у іх стасунках. Яна першая з ім павіталася на трэцяй сустэчы. У той час яе вітанне значыла згоду на стасункі, прыязнасць. На мой погляд, гэта быў даволі смелы ўчынак.

— Калі вы зразумелі, што гісторыя пачынае складвацца?

— Калі ў кіно з’явіўся Джота. Я адчувала, што Дантэ неабходны хтосьці — пэўны суразмоўца, якому ён мусіў выказаць свае пакуты, перажыванні — так і ўзнік Джота. Розніца паміж паэтам і мастаком чатыры гады, яны абодва — фларэнтыйцы. І ёсць версія, якой, у прыватнасці, прытрымліваецца італьянскі мастак і архітэктар Вазары, што яны ведалі адзін аднаго, нават сябравалі. Чаму не абыграць гэта? Да ўсяго, я ўводжу ў фільм і сцэну, калі Джота выяўляе Дантэ на фрэсцы ў Палацо Барджэла. Гэта выява за аўтарствам Джота — вядомы факт. Так вось, калі юнакі паміж сабой у маім сцэнарыі разгаварыліся, структура карціны канчаткова склалася.

Парушылі ўсе каноны

— Ірына, наколькі ўвогуле для вас важна, каб фільм адпавядаў дакументальнай праўдзе?

— Усё ж імкнуся трымацца сярэдзіны. З аднога боку, разумею, што матэрыял варта ведаць, даследаваць — і я кансультавалася з многімі экспертамі. Аднак, у той жа час, усёй праўды ўсё роўна не адкрыеш, і важна пакідаць прастору для ўласнай творчасці, так званай мастацкай праўды. Насамрэч, у “Дантэ, Беатрычэ” мы вельмі шмат рызыкавалі. Але на пэўным этапе фільм пачынае дыктаваць сваю волю, і табе застаецца ёй следаваць.

— Якая з рызыкаў для вас была найбольшай?

— Пачну па парадку. Па-першае, фільм не захацеў буйных планаў — толькі сярэднія і агульныя. Нагадаю, што мы рабілі стужку ў тэхніцы ручной перакладкі — а гэта значыць, што пэўныя сцэны ў выніку такога ходу аказаліся надзвычай працаёмкімі.

Па-другое, спалучэнне розных стыляў. Напрыклад, прататып вобраза Беатрычэ ў нашым кіно — выява французскага мастака-сімваліста Адылона Радона. З Сярэднявечча ў нас толькі фонавыя гравюры, — усё астатняе больш сучаснае. Мы парушылі ўсе каноны, якія маглі. Аднак я адмыслова запрасіла на стужку Алу Мацюшэўскую, мастака вельмі вольнага, своеасаблівага, — і чакала ад яе падобнага свавольства, пошуку. Візуальныя рашэнні, калі прыгледзецца, у нас даволі разнастайныя, але ўсё разам глядзіцца як класіка з класікі.

Па-трэцяе, музычная прастора. Галоўнай песняй фільма ў нас становіцца раманс Эльміры Галеевай на вершы Андрэя Белага. Таксама нейкае вар’яцтва. Аднак іншай кампазіцыі мне і не бачылася, яна гучала ўва мне, як толькі я распачынала працу над гісторыяй. Хачу падзякаваць і Віктару Капыцько, які адмыслова напісаў музыку для нашай карціны. Я прасіла ў Віктара толькі кавалачак са “Струн Францыска”, але ён захапіўся стужкай і прапанаваў яшчэ музычныя варыянты да пэўных сцэн.

Не ігра, а пражыванне

— Не магу не заўважыць, што Дантэ ў вашай карціне агучвае не акцёр, а паэт Дзмітрый Строцаў. Гэта таксама быў свядомы ход?

— Цалкам. Прыадкрыю вам і мае першапачатковыя задумкі. Прызнацца, мела такую фантазію, каб Дантэ ў стужцы агучыў Міхаіл Барышнікаў. Калі ўбачыла знакамітага танцора на монаспекталі “Бродскі-Барышнікаў”, дзе ён чытаў вершы, — для мяне супалі многія рэчы. Шкада, што ідэя напаткала мяне позна. Творчыя людзі, ведаеце, звычайна шчодрыя. Хто ведае, як зрэагаваў бы на прапанову Міхаіл?

— Ды тым не менш…

— …канчаткова саспела ў тым, што гэта павінен быць хтосьці не зусім акцёрскі. Каб гэта была не ігра ў паэта, а ягонае жыццё, пражыванне. У нейкім сэнсе, каб гэтыя людзі былі адной прафесіі, светаўспрымання. Імя паэта Дзімы Строцава вось у гэтым кантэксце мне ўзгадалася адразу. На шчасце, ён з цікавасцю пагадзіўся на маю прапанову. У тытрах я так і пазначыла: паэт Дзімітрый Строцаў.

— На мой погляд, яго голас гучыць вельмі арганічна. Цікава, а вы давалі Дзмітрыю пэўныя ўстаноўкі падчас чытання таго ж “Новага жыцця”?

— “Новае жыццё” — вельмі няпросты твор, які лічыцца першай аўтабіяграфіяй пачуцця. Там ёсць і вершы, і проза. Прызнацца, шмат думала над тым, як зрабіць так, каб сучасны глядач не стаміўся ад яго празмернага цытавання. Аднак, каб ён абавязкова пачуў радкі Дантэ. “Затрымцеў, збялеў, лёг у ложак і пачаў думаць аб Найцудоўнейшай”, — калі разумееш, што Дантэ быў юнак з плоці і крыві, то можна ўявіць, што ён не толькі трымцеў, а хутчэй за ўсё скакаў ад шчасця, калі Беатрычэ адказала на яго вітанне. Таму ў дзеяннях героя я хутчэй дазваляла сабе такія вольнасці. А вось у агучцы Дзмітрый справіўся з усім выдатна.

Яны нязменныя

— Ірына, мы з вамі пагутарылі пра ўсе вольнасці і навацыі. Аднак для мяне самым нечаканым і моцным пунктам у вашай стужцы стаўся дзвюххвілінны план, калі гучыць раманс “Да яе”, і мы глядзім на фрэску сярэднявечнага горада, што рухаецца. Дантэ ўжо ў выгнанні, жыве ў адной з камяніц у адным з італьянскіх гарадоў. Ваша карціна заканчваецца на гэтым моманце, літаральна абрываючы далейшае жыццё паэта. Усё, што здарыцца з ім потым — не важна, бо самае галоўнае ўжо адбылося.

— Дар’я, дзякуй за водгук, усё прыблізна так і ёсць. Калі занурваешся ў лёс паэта, становіцца зразумелым, што ўсё яго жыццё — гэта ланцужок стратаў. Ён згубіў маму, потым Беатрычэ, потым Фларэнцыю. Вы правільна кажаце пра ўмоўны сярэднявечны горад, — Равена, Балонья, Венецыя — не важна, дзе ён жыў і блукаў, усё роўна гэта ўжо не яго родны горад. Яго знешняе жыццё завяршылася — ён распачынае ўнутраную працу, працу розуму і душы — “Боскую камедыю”.

— Тады атрымоўваецца, што ваш фільм пра першае каханне?

— Менавіта. І яно можа быць такой сілы, што зменіць чыёсьці жыццё. А калі закаханы чалавек Дантэ — ён у сваю чаргу зменіць жыццё ўсяго свету. Я не памятаю хто гэта сказаў, але словы вельмі трапныя: “Мы ўсе жывем у свеце, адфарматаваным Дантэ. Проста пра гэта не думаем”.

— На вашу думку, у сучасным стагоддзі каханне змянілася?

— Мне падаецца, што не. Можа быць таму, што мяне заўжды цікавіла вертыкаль… Так, у гарызанталі штосьці змяняецца, а вось такія рэчы, на маю думку, нязменныя. І ў сучасным веку мне даводзілася сустракаць гісторыі вечнага кахання. Дантэ і Беатрычэ — не адзіныя.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"