Рака часу, рака жыцця
Паводле слоў спадара Паўла, візуальны вобраз будучага будынка ў 3D фармаце ўжо ёсць. У наяўнасці і вельмі добры дызайн экспазіцыі, распрацаваная Мастацкім камбінатам Беларускага саюза мастакоў. Менавіта ён выйграў тэндар на распрацоўку і ўжо падрыхтаваў архітэктурна-мастацкае рашэнне. Гісторыя Беларусі паказана праз рэкі. Яны пранізваюць усю экспазіцыю. Уздоўж рэк нараджаюцца і развіваюцца цывілізацыі. Рэкі — гэта камунікацыі, шляхі зносін. Мы гаворым “рака жыцця”, “рака часу”, “рака памяці” — гэтыя сэнсы таксама прысутнічаюць у вобразным рашэнні экспазіцыі, якая адлюстроўвае гісторыю і культуру нашай краіны ад першабытнага ладу, ад з’яўлення першых людзей на нашым абшары да сённяшняга дня.
Галоўны архітэктар будынка Алег Арсеньевіч Вараб’ёў, заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, ад пачатку быў у шчыльным кантакце з калектывам музея, прыслухаўся да прапаноў і пажаданняў. Праз гэта, як мяркуе Павел Сапоцька, атрымаўся сінтэз выдатнага архітэктурнага аб’екта і ўнікальнай экспазіцыі. Так бы мовіць, не два маналогі, а плённы дыялог. Недзе, па просьбе музейшчыкаў, мяняліся калоны, пераносіліся перагародкі, недзе “ўразаліся”, недзе пашыраліся.
У цэнтры — артэфакт
Больш як 5000 квадратных метраў будзе задзейнічана толькі пад пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага гістарычнага. Зараз у будынку на Карла Маркса, 12 немагчыма размясціць паўнавартасную экспазіцыю, прысвечаную гісторыі нашай краіны. Тут выстаўлена меней аднаго адсотка таго, што музей мае. А ў новым будынку экспазіцыя прыме недзе 15 — 20 адсоткаў усіх збораў, якія знаходзяцца ў фондасховішчах музея. У Нацыянальнага гістарычнага самы вялікі музейны фонд у Беларусі: больш 470 тысяч адзінак захоўвання. Складаецца ён з 58 калекцый.
-- Мы зможам паказаць гісторыю праз музейны прадмет, і што для нас вельмі важна, безумоўна трымаць баланс унікальных гістарычных артэфактаў і розных мультымедыйных тэхналогій, дадатковай рэальнасці, віртуальных сродкаў і гэтак далей, — кажа Павел Сапоцька. — Усе гэтыя тэхнічныя навацыі дадатковымі і будуць. Цэнтрам увагі стане музейны прадмет, артэфакт гісторыі і культуры.
Да распрацоўкі канцэпцыі экспазіцыі прыцягнулі экспертаў, якія прадстаўлялі Нацыянальную акадэмію навук, Беларускі дзяржаўны і Педагагічны ўніверсітэты, Універсітэт культуры і мастацтваў. Музейшчыкі кантактавалі са спецыялістамі ідэалагічных структур, з гісторыкамі, археолагамі, музейнымі мастакамі, дызайнерамі, зразумела — з архітэктарамі. На базе Нацыянальнага гістарычнага музея спецыяльна быў створаны Экспертны савет, які разглядаў экспазіцыю цалкам, а таксама яе чыннікі. Адбылося пяць пасяджэнняў савета. У яго ўвайшлі вядомыя ў краіне людзі, заўвагі і прапановы якіх аказаліся вельмі дарэчнымі.
Акрамя таго актыўна вывучаўся замежны досвед. Супрацоўнікі за апошнія гады пабывалі ў вядучых музеях Расіі, Польшчы, Казахстана, Арменіі, Амана, наведалі Кітай, іншыя краіны. Там вывучалі вопыт не толькі стварэння экспазіцый, але і сістэмы фондазахоўвання, у прыватнасці, тэхналогіі менавіта адкрытага захоўвання экспанатаў, што зараз актыўна практыкуюцца за мяжой. Такую ж сістэму плануюць уводзіць і ў нашым музеі. Вельмі цікавым уяўляецца досвед працы з рознымі катэгорыямі наведвальнікаў, арганізацыі музейнай прасторы для інтэрактыўных праграм, практыка работы з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.
Наша гісторыя, нам яе і трактаваць
— Вельмі цікавыя былі стажыроўкі нашых музейшчыкаў у Польшчы, музеях Варшавы і Гданьска. Мы раіліся з замежнікамі па цікавых для нас тэхнічных пытаннях, — кажа спадар Павел. — Але што тычыцца трактоўкі нашай нацыянальнай гісторыі, дык тут нам замежныя эксперты не патрэбныя. Наша гісторыя — нам яе і трактаваць.
Пры стварэнні канцэпцыі, структуры, тэматыка-экспазіцыйнага плана музей супрацоўнічаў з навукоўцамі з Нацынальнай акадэміі навук Беларусі.
— Наведвальніку найперш павінна быць цікава. Ён мусіць атрымаць агульнае ўражанне аб краіне і выйсці з музея з думкай, што гэта моцная, дынамічная дзяржава са сваёй культурай, багацейшай гісторыяй, з уласнай нацыянальнай ідэяй, унікальнымі асобамі і героямі. Са сваім і пантэонам, шляхам і курсам, -- падкрэслівае Павел Сапоцька, і дадае, што музей мае вялікае ідэалагічнае значэнне. -- Таму пільная ўвага надаецца перыяду абвяшчэння незалежнасці і станаўлення найноўшай дзяржаўнасці. І праз розныя артэфакты, прадметы і праз экспазіцыю ўвогуле хочам паказаць чаго мы дасягнулі як Рэспубліка Беларусь за нядоўгі час, што прайшоў з 1991 года.
Вымалёўваецца цікавая нацыянальная экспазіцыя, заснаваная на нацыянальным матэрыяле і абгрунтаваная нацыянальнай ідэяй.
Ужо ў наступным годзе
Будоўля музея мусіць распачацца ўвесну будучага года і завяршыцца праз два — два з паловай гады.
Увогуле супрацай з архітэктарамі музейшчыкі задаволены. Архітэктар прыносіў у музей планы, і розныя структурныя падраздзяленні — проста пісалі на іх свае каментарыі, рабілі нейкія ўмоўныя абазначэнні, якія надалей улічваліся ў праектаванні.
— Цяпер увогуле ўяўляем, якім будзе кожнае з памяшканняў. Інфармацыйныя тэхналогіі ў нас будуць, але ў балансе. Зараз людзі хочуць усё ж такі дакрануцца да гісторыі, да артэфакта. Таму зноў паўтару: у цэнтры — музейны прадмет.
Музей шчыльна працуе з рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, з калегамі з краін Садружнасці. У экспазіцыі шмат інсталяцый — Першая Сусветная, Напалеонаўскія войны, Краснасельскія шахты і іншае. Плануецца стварэнне дзвюх музейных прастораў. Адна з іх прысвечана этнаграфіі, другая — нумізматыцы. Нумізматычны кабінет якраз па сістэме адкрытага фондазахоўвання. Паўстануць залы для часовых выстаў, дэпазітарый, канферэнц-зала, лекцыйная зала са сцяной-трансформерам. Будзе магчымасць праводзіць і навуковыя канферэнцыі, і канцэрты, і літаратурныя вечарыны, прэзентацыі. Асобны пакой прызначаны для заняткаў з дзецьмі.
І абавязкова будуць створаны ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
І яшчэ плануецца прэзентацыйная зала з вялікім экранам для дэманстрацыі кароткага фільма пра Беларусь. Зараз музейшчыкі працуюць над ягоным зместам. З гэтага фільма і распачнецца экскурсія па музею.