Скульптурны камбінат Беларускага саюза мастакоў існуе больш як паўстагоддзя. Бадай, усё што мы сёння называем беларускай манументальнай школай, выйшла з ягоных цэхаў. Не будзе памылкай сказаць, што гэтая вытворчасць — адзін з чыннікаў нашага культурнага суверэнітэту. Бо, пры яе наяўнасці нам не трэба звяртацца да паслуг замежжа пры аздабленні нашых гарадоў і паселішчаў, пры стварэнні помнікаў нашым героям.
Карыстаючыся выпадкам, мы пагутарыли з дырэктарам камбіната Таццянай Івановай. Яна паведаміла, што камбінат ведаюць і за межамі Беларусі. Не так даўно тут выконвалі заказ для Малдовы — помнік ахвярам рэпрэсій. Па яе словах, для краіны-замоўцы гэты аб’ект вельмі важны, знакавы. А паколькі ў Малдове няма вытворчасці, каб адліць 12-метровую скульптурную кампазіцыю, звярнуліся да Беларусі. Замоўцы нашай працай задаволеныя.
Зараз на камбінаце робіцца помнік для Абхазіі. Ён ужо адліты ў бронзе. Сам скульптар адтуль родам, але жыве ў Беларусі. Гэта яго другая радзіма. Зараз камбінат працуе з Масквой. Выйграны тэндар на стварэнне комплексу воінскіх пахаванняў у Мыцішчах. У Мінску зробяць гранітныя пастаменты і бронзавыя выявы. Высокая якасць работ і прымальны кошт робяць наш камбінат прывабным для замежных заказчыкаў.
Варта згадаць, што ў Беларусі ў адрозненне ад шэрагу іншых колішніх савецкіх рэспублік збольшага захавана матэрыяльная база для рэалізацыі буйнамаштабных творчых праектаў. Гэта відаць і на прыкладзе нашага камбіната. У іншых краінах буйныя вытворчасці падзяліся на дробныя, а мастакі маюць хіба маленькія ліцейкі пры творчых майстэрнях. Так што гэта яшчэ адна з прычын рынкавай прывабнасці Скульптурнага камбіната БСМ.
Задалі мы Таццяне Мікалаеўне і пытанне пра якасць бронзы. Рэч у тым, што ад майстроў старэйшага пакалення можна пачуць, што “няма таго, што раньш было”. Маўляў, за савецкім часам выкарыстоўвалася сапраўдная мастацкая бронза, а цяпер… На што тая адказала, што мастак, які ўсё жыццё працуе з металам, можа адчуваць пэўныя нюансы. Але ўвогуле, колькі існуе камбінат, бронза на ім аднаго ДАСТу. Зразумела, пры неабходнасці можна дадаць у асноўны сплаў нейкія кампаненты, каб, напрыклад, павялічыць цякучасць. Гэта нармальная рэч і істотна на структуру бронзы не ўплывае.
Было да спадарыні Таццяны і дылетанцкае пытанне пра функцыю паціны на бронзе. Паціна на бронзе ўтвараецца ў любым выпадку, адказала яна. Але колер паціны можна карэкціраваць у адпаведнасці з аўтарскай задумай.
Ці ёсць у працы пры жорсткіх тэхналагічных рамках месца эмацыйнасці? Ці бывае так, што робіць тэхнічны спецыяліст сваю звыклую справу, але пры гэтым адчувае, што спрыяе з’яўленню шэдэўра?
— Ведаеце, — адказвае спадарыня Таццяна, — у нас на прадпрыемстве тыражу няма. У нас уся прадукцыя аўтарская. Кожны выраб — твор, па-свойму цікавы, па-свойму складаны. Мы кожную рэч прапускаем праз сябе, за кожную перажываем, кожнай ганарымся. Так што тут цяжка нешта вылучыць. Адзінае, калі трапляюць аб’екты вельмі вялікага памеру. Тады паўстаюць тэхнічныя цяжкасці. А так тое, што тычыцца самой работы, дык мы самі захапляемся і натхняемся тым, што робім.
І апошняе пытанне — пра кадры…
— Нашы супрацоўнікі — творчыя людзі. Кожная скульптура, да стварэння якой яны маюць дачыненне, падвышае іх уласны рэйтынг. Яны маюць ўсе падставы спадзявацца, што іх імёны застануцца ў гісторыі мастацкай вытворчасці.
Дарэчы, майстры, што працуюць на камбінаце — гэта яшчэ савецкая школа.
Асобнай установы, дзе б рыхтавалі ліцейшчыкаў, увогуле няма. Людзі прыходзяць да нас на працу і навучаюцца ўсяму ў працэсе работы. Зразумела, лепей прыдбаць гатовага майстра, чым рупіцца пра ягонае навучанне. Мы гэта разумеем, і робім так, каб унікальныя спецыялісты мелі працу на радзіме, а не шукалі яе за мяжой. І там іх, дарэчы, мала.
Да слова, аўтары помніка Гедыміну Сяргей Аганаў і Вольга Нячай ужо думаюць пра ўшанаванне памяці яшчэ аднаго героя нашай нацыянальнай гісторыі — Вітаўта. Найлепшым месцам для помніка ўладару, пры якім наша сярэднявечная дзяржава дасягнула найвышэйшай магутнасці, на іх думку мусіць быць Гродна.