Намалюй мне райскі сад

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Лета — час чытання. Прынамсі, для мяне ў школьны гады, асветленыя бясконцымі вакацыямі, гэта было так. Днём я знікаў на рэчцы, азёрах ці ў лесе, а ўвечары надыходзіў час вандровак кніжных (паміж старонак знікаў таксама з галавой). Метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі і наша сталая пазаштатная аўтарка Наталля Казарэз упэўнена, што сучасныя падлеткі таксама могуць прабавіць лета весела, цікава нават і без сучасных гаджэтаў. Гульнявая праграма мясцовай дзіцячай бібліятэкі называецца “Чытайце, гартайце — свет пазнавайце”.

/i/content/pi/cult/756/16365/14.jpgУ Карэліцкім раёне, працягвае спадарыня Наталля, распрацавана праграма “Лета і кніга”. У адпаведнасці з ёй праведзена звыш 60 гульнявых, пазнавальных, інтэлектуальных праграм. Мерапрыемствы гэтыя збольшага ладзяцца па аўторках, бо кожны аўторак ва ўсіх бібліятэчных установах раёна дзейнічаюць дзіцячыя пляцоўкі. Да гэтага прызвычаіліся і чытачы, і супрацоўнікі бібліятэк. Што ж адбылося ў мінулы аўторак? Вось пра што распавядае Наталля Казарэз: “У Аюцавіцкай СБ ладзілася тэатралізаваная вандроўка па беларускіх казках. Суправаджалі дзяцей ліса, зайка, мядзведзь, вожык, дружалюбны воўк… Палужская сельская бібліятэка арганізавала праграму гульняў, якімі бавіліся ў свой час бацькі маленькіх чытачоў. Без дапамогі старэйшых, натуральна, не абышлося. Кактэйль з літаратурных віктарын прапанавала Варанчанская СБ. Баранавіцкая ладзіла для сваёй малечы зоркапад пушкінскай казачнай рыфмы”.

Яшчэ адна інфармацыя ад Наталлі Казарэз. Ва ўсіх бібліятэках Карэліцкага раёна працуюць кніжныя выставы, выставы-інсталяцыі, фотазоны, краязнаўчыя куткі (матэрыялы пастаянна папаўняюцца і абнаўляюцца), прысвечаныя 75-годдзю Гродзеншчыны, якое святкуецца 20 верасня. “К” пісала ўжо пра акцыю “Равеснікі вобласці”. Спадарыня Наталля паведамляе пра чарговае мерапрыемства доўгатэрміновага праекта. У Цырынскай сельскай бібліятэцы чытачы сустрэліся з 75-гадовай Ірынай Алексяевіч. У Ірыны Юльянаўны, якая ўсё жыццё працавала ў калгасе, пяцёра дзяцей, дзевяць унукаў і восем праўнукаў. Жанчына вырошчвае кветкі, спявае ў клубе і царкоўным хоры, шые і вяжа…

І яшчэ пра культурныя падзеі на Карэліччыне. 28 ліпеня ў вёсцы Турэц прайшоў “Лён-фэст — 2019”. Згадваліся гісторыя льну і песні пра яго, дэманстраваліся вырабы з гэтай расліны, нават ежа.

20 ліпеня на Навагрудчыне ладзіўся рэгіянальны фестываль-конкурс бардаўскай песні “Музыка сэрцаў” памяці Уладзіміра Высоцкага.

Пастаянна цікаўлюся творчым лёсам народнага ансамбля народнай музыкі “Радуніца” Козенкаўскага дома культуры Мазырскага раёна. З кіраўніком установы і згаданага творчага калектыву Міколам Тураўцом мы сябруем, напэўна, гадоў 15. Узрост “Радуніцы” — удвая большы. У рэпертуары — песні, прыпеўкі, танцы, жарты, прымаўкі… Больш сінтэтычнага калектыву, у аркестры якога — баян, гармонік, скрыпка, цымбалы, кантрабас, флейта, дудка, нават і не прыгадаю. Сыны спадара Міколы — таксама артысты. Павел кіруе аўтарытэтным на Мазыршчыне рок-гуртом. А Юрый грае ў Беларускім дзяржаўным ансамблі “Песняры”. Старэйшы Туравец у чаканні ўнукаў марыць пра далейшае пашырэнне артыстычнага ўплыву ўласнай сям’і. Дай Бог, каб ягоныя мары здзейсніліся.

Намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка піша: “У Глыбокім у межах VII Міжнароднага свята “Вішнёвы фестываль” праведзены абласны пленэр майстроў дэкаратыўнага жывапісу “Райскі сад-2019”. Арганізатарамі пленэру выступілі Віцебскі АМЦНТ і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама. Пленэр ладзіўся ўпершыню. Мэта — стымуляванне творчасці носьбітаў традыцый маляванага дывана Віцебскага Паазер’я (элемента, унесенага ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь) і далучэнне да развіцця згаданай традыцыі маладых творцаў. Усё гэта паспрыяе ўшанаванню памяці жывапісца, скульптара, фалькларыста, этнографа, археолага, ураджэнца Глыбоччыны Язэпа Драздовіча”. Андрэй Струнчанка распавядае далей, што цягам некалькіх дзён 20 майстроў з розных куткоў Віцебшчыны займаліся стварэннем маляванак, якія падчас выставы ўпрыгожылі цэнтральную плошчу горада. Пасля гэтыя творы папоўнілі фонды абласнога метадычнага цэнтра і Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.

І яшчэ адна інфармацыя ад Андрэя Струнчанкі. 27 ліпеня ў вёсках Мазалаўскага сельскага савета прайшлі мерапрыемствы ў межах творчага марафону “Тут радзімы маёй пачатак”. Ініцыявалі яго мясцовыя культработнікі. Спачатку было добраўпарадкавана Мазалава. Потым прайшлі канцэрты ў вёсках Сакольнікі, Хайсы і Буяны. Выступілі народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка”, народны жаночы клуб “Залаты ўзрост” і тэатральны калектыў “Вобраз”.

24 ліпеня ўборачную кампанію ў Полацкім раёне распачалі “Зажынкамі”. Абрад сумеснымі сіламі арганізавалі творчыя калектывы Полацкага раённага цэнтра культуры, Багатырскага і Астроўшчынскага СДК. Галоўная “дзейная асоба” абраду — лялька-зернавушка — абярэг, што спрыяе добрым намалотам. Пра гэта паведаміла рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч. Яна стала аўтарам і наступнай навіны.

У аграгарадку Зялёнка Полацкага раёна ўпершыню зладзілі абрадавае свята “Кузьмінкі”. Адрадзіла яго кіраўнік мясцовага СДК Алена Фурс. Менавіта на Кузьму і Дзям’яна прыпадаў пачатак касавіцы траў.

Лідскі раённы цэнтр культуры прадставіў Лідскі раён на рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” ў горадзе Свіслач. Ад Лідскага раёна на мерапрыемства прыехалі фальклорны гурт “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, народны тэатр “Бераг” Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра, аматарскае аб’яднанне “Вяртанне да вытокаў” Беліцкага ДК, творчыя работнікі Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра, Бярозаўскага гарадскога дома культуры, аддзела метадычнай і культурна-масавай работы. Лідскі падворак стаў найлепшым і ўзнагароджаны дыпломам І ступені.

Аграгарадок Раклевічы, што ў Дзятлаўскім раёне, стаў месцам правядзення мядовага свята. Тут прайшоў не толькі канцэрт. На выставе-продажы можна было набыць мёд на самы розны густ.

Яшчэ адно брэндавае мерапрыемства Дзятлаўшчыны. Свята вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў адзначылі ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына. Быў ушанаваны адзіны жывы ветэран апошняй вайны Фёдар Шалесны.

А вось аграгарадок Гнезна, што на Ваўкавышчыне, вырашыў праславіцца святам кветак. Жаданне цалкам зразумелае, бо ў вёсцы ці не кожная гаспадыня — кветкавод. 21 ліпеня свята пачалося з адкрыцця малой архітэктурнай формы “Голуб — сімвал міру, дабра і надзеі”. Акцыя была прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. У Зялёнай аптэцы рэцэптамі дзялілася траўніца Марыя Блюднік, а Кветкавая пошта злучала сэрцы закаханых. А яшчэ ў святочнай праграме былі дэфіле модніц, выстава рамесніцкіх твораў. Сёлета да свята далучыліся і жыхары вёсак Галынка і Раднікі, якія актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе на найлепшы падворак. Канцэртную праграму прапанаваў народны ансамбль песні “Згода” Вярэйкаўскага дома культуры.

Мерапрыемства ў аграгарадку Жупраны (Ашмянскі раён) прайшло пад назвай “Душа запаветны куток”. Лірычнасць назвы адпавядала зместу музычна-віншавальнай акцыі, якая пераўтварыла звычайную нядзелю ў адмысловае свята.

Спіс брэндавых святаў працягвае Асіповіцкі раён. На месцы маёнтка Завішаў ля вёскі Жорнаўка прайшлі чарговыя, трэція па ліку, Магдаленаўскія чытанні. Прысвячаюцца яны Магдалене Завішы-Радзівіл, якая выступала фундатарам выданняў Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, Ядвігіна Ш. На свята сабраліся аматары нацыянальнай літаратуры з навакольных вёсак, аграгарадкоў, з Асіповічаў і Бабруйска. Выступалі мясцовыя літаратары, школьная творчая моладзь, народны ансамбль песні і музыкі “Люлечка”. Напісаў пра гэта Юрый Клеванец.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"