Калекцыянер чалавечых лёсаў

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

Альманаху “Маналог” 23 гады, адпаведна і 23 нумары — новы выйшаў нядаўна. Рэдкае літаратурна-мастацкае выданне , якое з гонарам называе сябе аўтарскім, і якое насуперак сваёй некамерцыйнасці выдаецца у выглядзе шыкоўнай каляровай кніжкі. Галоўныя ў ім маналогі людзей — творцаў, якія шмат у чым і вызначаюць тое, што мы называем беларускай культурай і мастацтвам: ад будучага Нобелеўскага лаўрэата да знакамітых музыкантаў, ад ушанаваных мастакоў да забытага паэта, ад бардаў да самых актуальных пісьменнікаў… Ужо сабралася паважная калекцыя. Аўтар, стваральнік “Маналога” Аляксей АНДРЭЕЎ распавёў “К” пра творчыя прынцыпы, гісторыю любві і новы нумар альманаха.

/i/content/pi/cult/755/16349/20.JPGСродак масавай кансервацыі

— Ці можна вашае выданне з чым-небудзь параўнаць у Беларусі, паставіць у адзін шэраг?

— Магчыма, можна параўнаць з тымі альманахамі і часопісамі, у якіх ёсць літаратура, мастацтва, публіцыстыка — але менавіта з аўтарскімі праектамі. Усе яны, дзякаваць Богу, са сваім тварам і вельмі адрозныя адзін ад аднаго. Праблема ў тым, што іх вельмі мала. У чым асаблівасць “Маналога”? Напаўжартам называю яго антрапалагічным праектам, а сябе — калекцыянерам чалавечых лёсаў. Таму што мяне ў першую чаргу цікавяць канкрэтныя людзі, якія яскрава выяўляюць сябе ў творчасці і жыцці — літаратары, мастакі, музыканты, фатографы, тэатральныя дзеячы… У апошніх двух нумарах раптам з’явіліся і прадстаўнікі беларускага бізнесу, бо я зразумеў, што ў дзейнасці тых людзей, з якімі мяне звёў лёс, творчасці не меней, чым у нашай працы. Так што ў гэтым сэнсе “Маналог” ні на што непадобны.

На кожны нумар звычайна мы выбіраем аднаго героя-мастака: гэта і яго маналог, і яскравыя рэпрадукцыі карцін. Такім чынам, за гады было 23 мастакі, і ніводзін з іх не выпадковы — Зоя Літвінава, Сяргей Грыневіч, Уладзімір Цэслер… У гэтым нумары Андрусь Такінданг. Нячастая перыядычнасць дае час на спакойнае асэнсаванне, нам не трэба пісаць, што ў музыканта, напрыклад, учора выйшаў альбом, а ў пісьменніка кніга — пра гэта напішуць СМІ. У нашым выпадку можна сказаць, што мы не “сродак масавай інфармацыі”, а “сродак масавай кансервацыі”. Мне важна дастаць з чалавека тое, што застанецца ад яго ў часе, пра што будзе цікава чытаць і праз год, і праз дзесяць, і праз 50. Гэта энцыклапедыя нашага часу ў 23 тамах.

— Многія творцы, з якімі можна сустрэцца на старонках вашага альманаха, вядомыя і нават славутыя, і ў сваім жыцці інтэрв’ю давалі неаднойчы. У чым тады адметнасць “Маналога”?

— Маналогі — а па сутнасці інтэрв’ю, з якіх я прыбіраю свае пытанні, — гэта базавы жанр альманаха, але ў нас нямала і аўтарскіх тэкстаў: эсэ, публіцыстыкі, нават мастацкіх твораў малых фарматаў. І ніяк нельга сказаць, што гэта мы адкрылі таго ці іншага чалавека, што толькі ў нас можна пачытаць таго ці іншага аўтара. Тут істотна, што мы ствараем такі ідэальны казачны свет, у якім жывуць усе гэтыя цудоўныя, разумныя і таленавітыя людзі. Па вялікім рахунку, немасавая, высокая культура паўсюль расце ў асобных своеасаблівых парнічках. Калі не высплюся, магу назваць гэта “культурным гета”, але “казачны свет” мне падабаецца болей. І ў яго мы свядома не пускаем нейкія надзённыя праблемы — як бы каму яны ні балелі, як бы востра ні стаялі, а я ўсё адно люблю стары анекдот пра Леаніда Ільіча і эпоху Алы Пугачовай, я ўсё адно ўпэўнены, што калі будуць згадваць Англію XVII стагоддзя, то спачатку будзе Шэкспір, а толькі потым Марыя Сцюарт. Няхай наш казачны свет выглядае ілюзорным, няхай зусім нязначным камусьці падаецца тое, што робяць любімыя мной аўтары і героі, але я ўпэўнены — ад нашага часу застанецца менавіта гэта. А ўсё астатняе, што зараз баліць, раздражняе ці радуе, сыдзе як вада скрозь пясок. Уся гісторыя таму прыклад.

Кожны тэкст, карцінка і чалавек — часткі мазаікі

— Давайце пагартаем старонкі сёлетняга “Маналога”.

— Яго значная частка прысвечаная памяці мастака і паэта Міхала Анемпадыстава, адыход якога для многіх, у тым ліку і для мяне, стаў асабістай драмай. У нумары многа фотаздымкаў, а яшчэ ёсць тэксты, напісаныя Адамам Глобусам, Феліксам Аксёнцавым і Валянцінам Акудовічам. Вось чым гэты нумар адрозніваецца ад астатніх. Бо канцэпцый спецыяльна мы не ствараем, проста кожны раз складваем з кавалачкаў прыгожай смальты новую незвычайную мазаіку. Кожны тэкст, карцінка і чалавек — гэта яшчэ адна частка вялікай мазаікі.

Літоўскія аўтары нумара — Сігітас Парульскіс, вельмі цікавы празаік, і Гінтарас Граяускас, наш даўні сябра, паэт, драматург, што працуе ў клайпедскім тэатры. Наша так званая “французская рэдкалегія” падарыла нам знаёмства з цікавым фатографам Клаўдзіем Слюбанам. Можна пачытаць Адама Глобуса, Альгерда Бахарэвіча, Юлію Чарняўскую, Элеанору Ляхновіч і гэтак далей. Зразумела, ёсць вершы Веніяміна Блажэннага — гэта той камертон, па якім мы з першага выпуску звяраем нашы дзеянні, тэксты і герояў, па якім мы, так бы мовіць, настройваем музыку выдання.

Адкрыццём нумара назваў бы музыканта і мастака Андруся Такінданга. Я раней пра яго ведаў, чуў песні, але як мастака і чалавека адкрыў толькі зараз. На мой суб’ектыўны погляд, тое, што ён робіць у жывапісе, проста цудоўна. Постаць Такінданга вельмі каштоўная яшчэ і таму, што ён параўнальна малады чалавек. Бо, калі я пачынаў гэтую справу, мне было гадоў 27, і ўсе астатнія героі былі яшчэ нестарыя. А вось цяпер па аб’ектыўных прычынах большасць з іх майго ўзросту — каля 50 гадоў і больш. І калі з’яўляюцца людзі маладой генерацыі, але з падобнымі этычнымі і эстэтычнымі прыхільнасцямі, для мяне гэта як падарунак лёсу. Увогуле, з моладдзю на нашых старонках ёсць некаторая праблема. Мой вопыт назірання за біяграфіямі і лёсамі пераканаў мяне ў тым, што творца павінны настаяцца, бы добрае віно, набыць з часам і смак, і каштоўнасць. З пэўнага ўзросту ты ў чалавеку ўжо не памыляешся. Калісьці ў нас была рубрыка “Новыя імёны”, і ўсе яе маладыя героі былі яскравымі і перспектыўнымі. Але мінае час, ты адкрываеш “Маналог” і разумееш, што нікому ўжо не зможаш растлумачыць, чаму пісаў пра гэтага чалавека — той ці заняўся нечым іншым, ці не апраўдаў спадзяванняў. А такому “манументальнаму” выданню як “Маналог” важна не памыліцца ў героі. У гэтым выпуску, дарэчы, ёсць маналог літаратара Андрэя Дзічэнкі — яму 30 гадоў, але гэта ўжо вельмі сталы малады чалавек.

— Вы падкрэсліваеце суб’ектыўнасць погляду. У чым яна праяўляецца?

— Сапраўды, мы ніколі не прэтэндавалі на права вяшчаць “ад імя і па даручэнні”. Існуе рэдкалегія, і па вялікім рахунку гэта нашы агульныя прыхільнасці — эстэтычныя, этычныя, стылістычныя. Зараз у рэдкалегіі Адам Глобус, Ганна Балаш, Саша Марчанка, Валодзя Парфянок. Сваім маленькім калектывам аднадумцаў мы выбіраем герояў і аўтараў, вырашаем, што такое прыгожа і што такое добра. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але ёсць цэлы шэраг усім вядомых імёнаў, якія нам проста нецікавыя. І я нават веру, што той ці іншы мастак, паэт, фатограф вельмі таленавіты — проста “не наш”. “Маналог” — гэта гісторыя любові да канкрэтных людзей. Мы можам сабе дазволіць быць суб’ектыўнымі — ніхто ж не можа прымусіць мяне палюбіць.

Двухмоўнае выданне — антыкультурная з’ява

— Я памятаю, як “Маналог” пачынаўся і як найперш ён быў скіраваны на рускамоўную культуру Беларусі і такое ж культурнае асяроддзе. Відавочна, што з таго часу адбылася сур’ёзная трансфармацыя, і цяпер многія героі твораць па-беларуску.

— Думаю, што на той час я і сам добра не ведаў беларускамоўны свет, а гісторыя “Маналога” ў тым ліку гісторыя асабістага пошуку. Але ж і сітуацыя з культурай змяняецца. Нягледзячы на тое, што на вуліцах па-ранейшаму гавораць па-руску, але на тэмы, якія мяне цікавяць, усё часцей размаўляюць па-беларуску. Людзей з такім тыпам мыслення, як у Сяргея Харэўскага, Альгерда Бахарэвіча, Ігара Бабкова і іншых нашых аўтараў, на рускай мове зараз меней. І гэта добра, і гэта правільна. Бо сітуацыя, калі большая частка культуры існуе на беларускай мове, пры гэтым існуе асобна ад сваіх грамадзян, дзіўная.

— Але трохі нязвыкла, што ў беларускім часопісе беларускія аўтары перакладаюцца на рускую мову…

— Калісьці даўно ў маім жыцці з’явіўся Адам Глобус. Я зачараваўся яго кнігай “Койданава” і захацеў фрагменты з яе надрукаваць у “Маналогу”. Канешне ж, думаў зрабіць гэта на беларускай мове. Але Глобус сказаў, што так не будзе, і сфармуляваў для мяне тэзіс, які я ацаніў крыху пазней. Ён сказаў, што двухмоўнае выданне — гэта антыкультурная з’ява, таму тэкст трэба перакласці на рускую мову. І гэта стала прынцыпам для “Маналога”. Так, акрамя раней згаданых, па-руску ў нас можна прачытаць Валянціна Акудовіча, Андрэя Хадановіча, Паў-
ла Касцюкевіча, неўзабаве Таццяну Нядбай, Марыйку Мартысевіч і гэтак далей. У рэшце рэшт, для мяне важна не на якой мове гавораць, а што гавораць. Да таго ж, “Маналог” не механічна сабраны зборнік — гэта сінтэтычная канструкцыя, якая выбудоўваецца па нейкіх музычных законах, калі тэксты, ілюстрацыі, здымкі і рэпрадукцыі знаходзяцца ў складаных узаемаадносінах. І мне, аўтару і стваральніку, рэдагаваць праект на той мове, на якой я не думаю, падаецца несумленным і няшчырым.

Эфект адкладзенай каштоўнасці

— У тым, што альманах выходзіць на паперы, прычым на вельмі якаснай, ёсць нейкі момант эстэцтва?

— Канешне. Мне падабаецца, што ў “Маналога” ёсць такое дарагое паліграфічнае ўвасабленне. Але калі я толькі пачынаў, у папяровых выданнях яшчэ не было нічога дзіўнага — інтэрнэт тады быў рэдкасцю. Зараз жа кожны нумар ёсць у сеціве, можна адкрываць сайт, чытаць і глядзець. Але кожная нашая кніжачка — матэрыяльная каштоўнасць, як твор мастацтва, як прадмет для калекцыянераў і бібліятэк. Перад прэзентацыяй кожнага нумару мне заўсёды тэлефануюць з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, каб я не забыўся аддаць ім нумароў 30 —там нашае выданне шануюць нароўні з іншымі значнымі творамі. Адтуль “Маналог” трапляе і ў бібліятэку Кангрэса ЗША, і ў Нобелеўскую бібліятэку, і ў іншыя еўрапейскія.

— Як вы думаеце, ці ўплывае ён зараз на культуру, на грамадскую думку?

— Не ведаю, як зараз, але ўпэўнены, што будзе ўплываць потым. Ёсць такі эфект адкладзенай каштоўнасці, і ў культуры ён існуе аб’ектыўна. Для мяне калісьці ўсё пачыналася з маёй зачараванасці часопісамі рускага Сярэбранага веку. Я вучыўся на журфаку, хадзіў у Ленінку ў аддзел рэдкай кнігі і там чытаў — “Мир искусства”, “Золотое руно”, дзе пісалі Бенуа, Бальмонт, Розанаў… Што гэта азначала ў тыя часы, а што зараз? Аказваецца, усё і прыгожае і жахлівае з той эпохі было прагаворана, сфармулявана гэтымі часопісамі. Ведаю, прагучыць нясціпла, але для мяне відавочна, што тое, як мы жылі ў сваім часе, будуць хутчэй вывучаць не па штодзённай прэсе, а па “Маналогу” і падобных яму выданнях.