“Мяне праследуюць! Што рабіць?"

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

На мінулым тыдні тэатральную супольнасць узрушыў пост актрысы ў сацыяльных сетках. Яна скардзілася, што яе тэрарызуе нейкі чалавек, піша пагрозы, настойліва абрывае тэлефон і закідвае паведамленнямі. З-за моцнага эмацыянальнага напружання ёй нават давялося звярнуцца да дактароў. Сярод спачувальных каментарыяў і прапаноў дапамогі сустракаліся і згадкі іншых актрыс пра такі ж жахлівы досвед. У падобную пастку можа трапіць любы публічны чалавек ў незалежнасці ад полу. Аглядальнік “К” звярнулася да псіхолага, гештальт-тэрапеўта Веранікі СЯРОГІНАЙ, каб высветліць, што рабіць, калі цябе пераследуюць.

“Хачу, і ўсё тут!”

З вопыту сваёй працы Вераніка Сярогіна пацвярджае: сітуацыя, калі актрысе дапякае глядач-агрэсар, ня рэдкасць. Творца — асоба публічная. Здаровы чалавек разумее, што той вобраз, у якім выходзіць акцёр, можа не мець нічога агульнага з асобай, якая выходзіць на сцэну. Глядач з праблемнай псіхікай гэтую мяжу паміж прафесійным і асабістым не адчувае.

— Агрэсар не хоча бачыць за прывабным для яго вобразам чалавека, — тлумачыць псіхолаг. — Тут можна правесці аналогію з віртуальнай прасторай: агрэсар цягнецца да прывабнай карцінкі, малюе ў сваіх фантазіях адносіны са створаным па сутнасці ім самім фантомам. У гэтым выпадку мы маем справу з нарцыстычным разладжваннем асобы: чалавек у сваіх думках узносіць актрысу да ўзроўню багіні і імкнецца заваяваць яе, лічачы, што ў такім выпадку ён — адзін з натоўпу — атрымае ўладу над недасягальным. Запускаецца працэс, у якім агрэсар хутчэй за ўсё адчувае сабе ўсемагутным.

Псіхолаг дапускае, што ў такіх пераследвальнікаў хутчэй за ўсё праблемы з рэальнай камунікацыяй: ім балюча выходзіць у сапраўдны свет, выбудоўваць зносіны з людзьмі, ёсць страх расчаравацца ва ўзаемаадносінах. Дабівацца міфічнага вобразу куды прасцей. Вось тут пачынаюцца званкі, што вымотваюць душу, бясконцыя пасланні ва ўсіх даступных мэсэнджарах, чаканне ля службовага ўваходу.

— Ён можа прыносіць на кожны спектакль кветкі. Збягаць са сцэны, як толькі бачыш гэтага чалавека, не трэба: любыя рэзкія рухі падліваюць масла ў агонь хваравітай псіхікі. У публічнай прасторы нічога не адбудзецца, таму баяцца няма чаго. Уручыць кветкі — гэта рашэнне канкрэтнага чалавека, таму за прыняты букет акцёр нічога не павінны дарыльшчыку. Я параю толькі не браць кветкі дадому, каб не даваць агрэсару повад лічыць, што яны маюць значэнне.

Вераніка Сярогіна падкрэслівае: агрэсар не чуе нічога, акрамя сваіх жаданняў. Ён узаемадзейнічае з вобразам, а актрыса ці акцёр імкнуцца нешта растлумачыць чалавеку. Як бачыце, імкненне быць пачутым не мае шансаў на поспех.

— На што разлічвае пераследвальнік, дзень за днём эмацыйна прыціскаючы абраную ахвяру? На тое, што публічная асоба пабаіцца пагалоскі, таму не будзе выносіць смецце з хаты, — зазначае псіхолаг. — Ён ўпэўнены: пра яго тэлефанаванні ніхто не даведаецца. Адчуванне беспакаранасці развязвае яму рукі.

Не маўчы!

Нашы жанчыны, калі трапляюць пад эмацыянальны ціск, часта думаюць: “Верагодна я нешта не тое зрабіла”, “У гэтай сітуацыі вінавата я”, “Калі прызнаюся, то што людзі скажуць?”. У гэты момант уключаецца махавік, які зацягвае ахвяру ў поле ўздзеяння агрэсара. Чым больш вы трымаеце ў сабе страх, тым мацней падрываецца псіхіка.

— Мы можам гаварыць адно, аднак страх вельмі моцна перадаецца на невярбальным узроўні. Тут як з сабакам: калі агрэсіўная жывёліна адчула паніку, яна кінецца на цябе. Агрэсар паступае так жа: чым больш трасецца ахвяра, тым мацней на яе націскаюць, — тлумачыць спадарыня Вераніка.

Таму ў першую чаргу пра пераследванне неабходна распавесці блізкім людзям. У надзейным атачэнні можна паплакаць, пажаліцца, папрасіць дапамогі. Падзяліўшыся перажываннем, чалавек пазбаўляецца часткі псіхічнага напружання. Гэта як мінімум абараняе ад нервовага зрыву, дазваляе выйсці з сітуацыі без трапляння ў бальніцу. Знаходзячыся ўнутры непрыемнай сітуацыі, не заўсёды ёсць магчымасць цвяроза ацаніць абстаноўку. А вось разам з тым чалавекам, якому давяраеш, лягчэй сабраць свае думкі і знайсці выйсце.

Рашэнне можа быць розным. Хтосьці схаваецца на некалькі дзён на лецішчы, абсекшы ўсе кантакты з навакольным асяроддзем, каб перавесці дух і сабрацца з думкамі. Хтосьці некалькі дзён будзе хадзіць з працы і на працу ў суправаджэнні мужа / сяброў / калег, каб пераследвальнік не меў магчымасці падысці на вуліцы. Магчыма, неабходным крокам стане зварот у адпаведныя структуры, міліцыю.

Да ўсяго легалізацыя сітуацыі пазбаўляе агрэсара козыраў. Ён больш не можа шантажыраваць тым, што нешта распавядзе вашым блізкім, бо родзічы ўжо ўсё ведаюць ад вас. Пераследвальнік можа пабаяцца публічнага ганьбавання — і адмовіцца ад сваёй хваравітай мэты.

Намацаць асабістыя межы

Дык што рабіць, калі любое ажыўленне мабільніка міжволі выклікае прыступ панікі?

— У дзяцінстве нас усіх вучылі, што не адказваць на зварот няветліва. Аднак не ў гэтай сітуацыі. Зразумейце, чалавек з парушанай псіхікай любое вашае слова інтэрпрэтуе так, як яму выгадна. Ды яшчэ пачне чапляцца да кожнага выразу і яшчэ больш уцягваць вас у эмацыйную прорву. Ніколі канструктыўных размоў з агрэсарам не будзе. Таму вучыцеся адразу перасякаць усялякія стасункі з ім.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць заносіць непажаданы званок у “чорны” спіс тэлефона. Такая функцыя існуе не толькі на сучасных смартфонах, але і на хатніх тэлефонах. Тое ж самае датычыцца перапіскі: ва ўсіх сацсетках можна забаніць непажаданы акаунт, выдаліць чат, паскардзіцца на ўдзельніка групы адміністратарам.

— Чаму я прапаную менавіта выдаляць чат? Па-першае, вы пазбаўляецеся спакусы прачытаць паведамленне. Па-другое, у любым месэнджары бачна, прагледжана паведамленне ці не. Аднойчы я працавала з чалавекам як раз з іншага боку барыкад: мужчына не мог пазбавіцца ад былога кахання, шукаў яе ва ўсіх магчымых сацсетках. З гэтага прафесійнага вопыту магу дакладна сказаць: пераследвальнік адсочвае стан сваіх паведамленняў.

Каб захаваць свой псіха-эмацыйны стан, не ўступайце ў перапіску, не апраўдвайцеся. Можна адзін раз паспрабаваць вярнуць чалавека ў рэальнасць. Аднак адразу выставіць межы: “Пасля гэтага паведамлення я спыняю размову”, “Калі вы ізноў мне патэлефануеце, я звярнуся ў міліцыю”. І абавязкова выконвайце абяцанае.

Калі пераследвальнік не спыняецца, пачынайце фіксаваць яго званкі, зрабіце аўдыязапіс яго пагроз (сённяшняя тэхніка дазваляе здзейсніць гэта простым націскам адпаведнай кнопкі на смартфоне), захоўвайце скрыншоты паведамленняў. Пры звароце ў міліцыю вы зможаце далучыць да сваёй заявы гэтыя доказы пераследвання.

Шантаж на ўзбраенне

Пераследванню падвяргаюцца не толькі жанчыны. Сярод прыхільніц таго ці іншага беларускага акцёра часам узнікае дзяўчына, якая пачынае ўспрымаць сцэнічны вобраз за ідэал мужчыны ці бачыць у ім так неабходнага ёй заступніка.

— Безумоўна, эмацыянальная лэдзі скарыстаецца ўсімі спосабамі, каб акцёр на яе адрэагаваў. Яна нават можа паспрабаваць шантажыраваць, маўляў, жыць без цябе не магу, таму, калі ты са мной не сустрэнешся, я накладу на сябе рукі. Як толькі мужчына яе мары на такі ўльтыматум вядзецца, дзяўчына разумее, што вось гэтым і можна маніпуляваць, — распавядае псіхолаг. — Трэба разумець, што за гучнымі словамі хутчэй за ўсё стаіць толькі жаданне дабіцца пастаўленай мэты. Можна ўвогуле не рэагаваць, ці, калі ўсё ж хвалюецеся, пры магчымасці выйсці на яе бацькоў ці вучэбную ўстанову, каб тыя звярнулі на словы дзяўчыны ўвагу. Гэта будзе сапраўдны клопат дарослага чалавека пра дзіця, якое не зусім разумее, куды яе нясе.

Празмерна мэтанакіраваная глядачка можа патрабаваць сустрэчы, інакш штосьці агіднае распавядзе, напрыклад, жонцы акцёра. Калі артыст не бачыць іншага выйсця, як пагадзіцца на вочную размову, то неабходна адразу вызначыць межы, напрыклад, я буду ў такі час і ў мяне роўна 10 хвілін. Пажадана сустрэчы ладзіць у людных месцах, каб не даваць падставы для абвінавачванняў у дамаганнях, мець алібі на выпадак заяў кшталту “ён хацеў мяне згвалціць”.

— Аднак лепшае ў такой сітуацыі — самому расказаць жонцы пра патрабаванні незнаёмкі. Тут адразу паўстае пытанне шчырасці ў сямейнай пары. Чым празрысцей ўзаемаадносіны, чым менш сакрэтаў, тым менш зачэпак для шантажыста. Ізноў жа — здымаецца частка эмацыянальнага ціску, бо праблема, якой падзяліўся, перастае палохаць.

У краіне нямала пастановак, дзе мужчынам даводзіцца агаляцца. У адным са сталічных тэатраў увесь мужчынскі склад паводле п’есы гуляе ў стрыптыз. Запытваюся ў псіхолага, што рабіць акцёру, калі якая-небудзь жанчына празмерна ўключыцца ў дзеянне і прыйдзе пасля спектаклю на службовы ўваход з патрабаваннем “працягу”.

— Навучыцца расстаўляць межы, — тлумачыць яна. — Аддзячыць за ўвагу, але растлумачыць, што сцэна — гэта праца. Яна скончана. Далей пачынаюцца межы маёй асабістай тэрыторыі, прашу іх паважаць. Важна свой адказ укласці ў некалькі фраз і адразу пакінуць субяседніцу. У развагі ўдавацца не трэба, бо доўгія размовы становяцца сігналам для супрацьлеглага боку, што чалавек сам яшчэ вагаецца.

85 працэнтаў зносін паміж людзьмі адбываецца на невярбальным узроўні. Можна гаварыць коратка, калі ж чалавек выглядае няўпэўнена, то агрэсар пойдзе далей.

— Людзі мастацтва выраслі з устаноўкай, што творцу неабходна быць мяккім, далікатным. Маўляў, можна усё растлумачыць, мы ж інтэлігентныя людзі. Не падмяняйце паняцці: адстойванне асабістых межаў не пазбаўляе інтэлігенцыі, — просіць Вераніка Сярогіна. — Бываюць выпадкі, калі проста неабходна жорстка адказаць: “Дзякуй. Аднак канчаткова і беспаваротна “не”.

Да тэмы

Назаляюць — тэлефануйце ў міліцыю

Антон ГАШЫНСКІ, адвакат:

— Публічныя людзі прыцягваюць да сабе псіхічна неўраўнаважаных людзей. Распаўсюдзілася такая з’ява, як сталкінг — калі адзін чалавек праяўляе непажаданую назойлівую ўвагу да другога, сочыць за ім, пераследуе.

Калі акцёру пачынаюць тэлефанаваць, дасылаць паведамленні, у першую чаргу яму трэба занесці гэты нумар у “чорны” спіс, блакаваць чат, акаунт непажаданага суразмоўцы ў сацсетках. Калі плынь званкоў і тэкстаў не заканчваецца, у тэкстах прасочваецца абраза, то лепш звярнуцца ў бліжэйшы міліцэйскі пункт з заявай. Да заявы лепш прыкласці скрыншоты паведамленняў, аўдыязапісы тэлефонных пагроз.

Нярэдка сустракаюцца выпадкі, калі прыхільнікі абражаюць публічных асоб, якія не адказваюць на іх паведамленні, не пагаджаюцца сустрэцца. Абраза (наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асоб, выражанае ў непрыстойнай форме), паклёп (распаўсюджванне свядома ілжывых звестак, што знеслаўляюць іншую асобу) цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць. Калі такія звесткі будуць апублікаваныя ў сацсетках (нават, калі пост дазволены для чытання “толькі сябрам”), то гэтае дзеянне можа выклікаць крымінальную адказнасць.

У нашым заканадаўстве няма крымінальнай адказнасці за праследаванне асобы. Наш суд не можа ўстанавіць, як у заходніх краінах, абмежаванне на адлегласць, на якую пераследнік не мае права падыходзіць да пэўнага чалавека. Аднак за любыя супрацьпраўныя дзеянні, якія робяцца супраць вашай волі, наступае пэўная адказнасць. Напрыклад, назойлівыя паводзіны фаната — спроба загаварыць, схапіць за руку, утрымліваць чалавека — лічацца хуліганствам, за іх наступае адміністрацыйная адказнасць. Калі чалавек пачынае пагражаць жыццю, здароўю, маёмасці і падмацоўвае свае пагрозы пэўнымі крокамі (пераследуе, нападае, дэманструе зброю і гэтак далей), то ўчынкі агрэсара ўжо падпадаюць пад крымінальную адказнасць.

Прыхільнікі часам пераходзяць усе межы, імкнучыся дамагчыся сустрэчы з акцёрам. Яны спрабуюць памацаць, абняць, пацалаваць свайго героя. Многія публічныя людзі не вытрымліваюць гэтага і вельмі рэзка рэагуюць на такіх людзей. Хачу падкрэсліць, што за рэакцыю, якую праяўляе знакамітасць да надакучлівага прыхільніка, таксама можа наступіць адказнасць. Мы існуём у соцыуме і павінны дзейнічаць у рамках не толькі сваіх, але і чужых асабістых правоў. Таму нельга абражаць фаната, распачынаць бойку, адбіраць ці разбіваць смартфон, калі нехта хоча з вамі сфатаграфавацца. Вам назаляюць? Тэлефануйце ў міліцыю ці праваахоўныя органы.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"