Формула сусветнай скрухі Вадзіма Сідура

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Успамін пра адну сустрэчу са скульптарам
“Нецукровае” жыццё Сідура пачыналася ва Украіне. Да вайны ён паспеў “пабатрачыць” у калгасе на Кубані, потым папрацаваць токарам ажно ў Сталінабадзе. Ну а пасля франтавога ранення стаў інвалідам 2-й групы. Выйшаўшы са шпіталю, вярнуўся на радзіму. Але ад роднага дома засталася адна печкавая труба — “помнік майму дзяцінству і маладосці”, як ён сам казаў.

/i/content/pi/cult/754/16335/21.JPG“Да гэтага не прывыкаюць”

— На вайне я цудам застаўся жывы, — працягваў свой расповед скульптар. — Часам мне здаецца, што гэта было наканавана звыш — для таго, каб я змог, у рэшце рэшт, зрабіць нешта правільнае ў мастацтве. Ведаеце, у дзяцінстве я марыў стаць лекарам, хоць вельмі любіў маляваць і ляпіць. Але хто ў дзяцінстве не любіць маляваць? А тут — лекар, паважаная і патрэбная ўсім прафесія. І паступіў у медінстытут. Аднак правучыўся ўсяго які год: прызвычаіцца да пакут хворых было не ў маіх сілах. Хаця я і не такое бачыў на вайне. Але да гэтага, напэўна, наогул не прывыкаюць. Прынамсі, я не змог...

Што з Сідурам было далей? Як толькі яму стукнуў 21 год, ён прыехаў у Маскву. І, прышрубаваўшы на старую гімнасцёрку два ордэны Айчыннай вайны абедзвюх ступеняў, прыйшоў паступаць у Строганаўку. Паступіў. Але ўладкавацца ў інтэрнат не паспеў, і першым часам яму даводзілася туляцца дзе давядзецца — ён нават спаў у аўдыторыях на сталах. Потым усё ж займеў інтэрнацкі ложак — праў-
да, у склепе. Там у адным пакоі пражывала — ні многа ні мала — восем душ ды яшчэ сям’я з дзіцём!

/i/content/pi/cult/754/16335/20.JPG— Жыў у тых сутарэннях я да 1957 года — пакуль не ўступіў у Саюз мастакоў. Вось такая карусель жыцця: у студэнцтве — склеп, а цяпер вось ужо цягам 30 гадоў — ізноў жа сыры склеп. Але, праўда, тут я адчуваю сябе чалавекам: ніхто не перашкаджае, раблю што хачу, як хачу і дапамогі ні ад каго не чакаю. Здаецца, планіда навечна зрабіла мяне “падвальным мастаком”… Як там сёння кажуць — андэграўнд?

У 1964 годзе рэпрадукцыі работ Сідура ўпершыню публікуюцца ў Еўропе. У 1970-я — прыходзіць еўрапейская вядомасць. Але на радзіме — немата. Як быццам гэтага мастака наогул не існуе! Яго незвычайнае, непадсправаздачнае мастацтва энергетычна выклікае непрыняццё ў тых, хто сваю ўсярэдненасць і пампезную мерцвячыну выдаваў за “вернасць сацрэалізму”, за “творчасць, свабодную ад буржуазных уплываў”.

Словам, ён быў... чужым. Хоць, па вялікім рахунку, чужым каму? Якому чалавечаму досведу, якім пакутам, якой традыцыі, якому стылявому кірунку, у рэшце рэшт — якой праўдзе быў ён чужы? Хіба Сідур выдумаў кашмары вайны або Хірасіму, радыёактыўныя ліўні або хімічныя эксперыменты над людзьмі? Ці гэта Сідур выдумаў бедствы, знявагі, адчай, адзіноту, бесчалавечнае стаўленне да прыроды, абжорства адных і голад іншых, тыранію і рабства, гвалт і страх?

“Свет майго склепа так разросся…”

Дык адкуль усё гэта? У адказ Вадзім Абрамавіч адно паціскаў плячыма:

— Нічога гэткага я не выдумляў. Усё з жыцця, з уласнага досведу, з асацыяцый, гэтым досведам народжаных. Але калі казаць пра падмуркі... Самым першым і незабыўным уражаннем дзяцінства былі архаічныя скульптуры, вялізныя ідалы, высечаныя скіфамі з шэрага граніту і ўсталяваныя на курганах ва ўкраінскіх стэпах. Такія статуі я ўпершыню ўбачыў у Днепрапятроўску перад будынкам гістарычнага музея. Памятаю, вельмі доўга разглядаў гэтых скіфскіх баб, дзівячыся іх грандыёзнасці і спакою, быццам ад самага пачатку разлічанаму на вечнасць. Праз шмат гадоў такое ж уражанне непрамінальнага я атрымаў пры наведванні залы старажытнай скульптуры ў Пушкінскім музеі, дзе праводзіў многія гадзіны цягам некалькіх гадоў. Уздзеянне на мяне егіпецкага, асіра-вавілонскага мастацтва, грэцкай архаікі было настолькі магутным і даўгавечным, што трывае ажно дагэтуль. Усе тыя вытокі я і спрабую ўвасобіць у сваіх работах.

Так, ледзь не забыўся. Будучы калісьці ў Піцеры, яшчэ да Строганаўкі, убачыў надмагіллі Мартаса і старажытныя іконы ў Рускім музеі, і яны моцна мяне ўразілі. Зразумела, у той час я не ведаў імёнаў вялікіх скульптараў Мура, Архіпенкі, Ліпшыца, Джакамеці, Цадкіна. Не ведаў і мастацтва Кандзінскага, Малевіча...

Бачыце, у мяне ўсё атрымалася паводле прымаўкі: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Гэта я да таго, што менавіта адсутнасць інфармацыі паспрыяла многім маім самастойным фармальным пошукам у пластыцы, якія потым сталі маімі крэўнымі. То бок, у натуры з сучаснай заходняй скульптуры я нічога не бачыў — бо ні разу са сваёй краіны не выязджаў. А чым старэйшым раблюся, тым меней становіцца і патрэба бачыць. Свет майго склепа так разросся, што паглынае мяне цалкам і напоўніцу...

Унутраная прастора

Вадзім Сідур лічыў, што вялікую перавагу яму дае праца з выкарыстаннем не толькі знешняй, але і ўнутранай прасторы — яна яшчэ больш збліжае скульптуру з архітэктурай. Гэты пасыл у нашай гутарцы быў горача падтрыманы Анатолем Анікейчыкам. Ён тут жа распавёў пра сваю працу над серыяй кампазіцый, прысвечаных Пушкіну, дзе рашэнне ўнутранай прасторы для яго мела такое ж асноватворнае значэнне, як, уласна, вобразная пластыка.

Затым уступіў у гутарку Лен Карпінскі. Прамовіўшы да нас з Анатолем, ён звярнуў увагу на адзін красамоўны парадокс:

— Дзіўная справа: нашы газеты пісалі, што Вадзім адурняе савецкіх людзей, будаўнікоў камунізму. Але ж гэтыя людзі і наогул не бачылі яго твораў — ні на выставах, ні ў манументах. Зрэшты, тут я хлушу. Адзін “савецкі чалавек” — просты слесар — неяк зайшоў у падвал, каб зварыць трубу, з якой сутарэнні залівала вадой. І тут ён убачыў работы Вадзіма: “І гэта ўсё вы зрабілі? Адзін чалавек?” — і зняў перад мастаком шапку. Але гэта як бы выключэнне з правілаў. Нават у галіне графікі, у якой Вадзім шмат працаваў, былі праблемы. Аднойчы яму перакрылі кісларод у выдавецтве, адмовіўшы нават у афармляльніцкай працы.

— Ды гэта ўсё глупства, — перапыніў яго Сідур. — Вось шкада толькі ілюстрацый, якія я зрабіў для кнігі Юны Морыц “Суровай ніткай”. Працаваў доўга, і цыкл, па-мойму, атрымаўся. Прынамсі, Юне ён спадабаўся. Але ў выдавецтве паэтцы цвёрда сказалі: “Сідур у нас но пасаран — не пройдзе, значыць! Шукайце іншага мастака, або, у адваротным выпадку, кніжка выйдзе без ілюстрацый...” Ну, і кніжка выйшла без ілюстрацый...

На маё пытанне, колькі ж у яго агулам твораў, скульптар адказаў:

— Нешта каля 500 скульптур і больш за тысячу графічных малюнкаў. У Еўропе і ЗША ўстаноўлена дзесяць помнікаў, у асноўным, антываеннага зместу.

Потым майстар паказаў нам каталог сваёй персанальнай выставы 1975 года ў нямецкім Констанцы. У прадмове ён напісаў: “Мастак можа быць свабодным і несвабодным у любых вонкавых варунках. Мне даводзілася чуць ад многіх сваіх калегаў: “Калі б мне дазволілі…” і нават: “Калі б я дазволіў сабе... ” Смешна і страшна чакаць дазволу, бо, калі ён наступіць, мастак ужо не будзе мастаком, а стане, як і кожны, хто чакае і атрымаў дазвол, проста чалавекам, які робіць ды кажа тое, што яму дазволілі...

Мастак заўсёды спрабуе выявіць свае пачуцці найбольш моцна, а для гэтага яму даводзіцца агаляць сваю душу. І ён заўсёды рызыкуе, што знойдуцца ахвотныя плюнуць у гэтую аголеную душу. Мастак не павінен баяцца ці саромецца гэтага. Асабіста для мяне фармальнае наватарства ніколі не было галоўнай мэтай. Але я заўсёды стараўся гаварыць на мове свайго веку…”

***

А сёмай гадзіне вечара ў майстэрню прыйшлі жонка Вадзіма Юлія Львоўна і сын Міхаіл. Мы з імі пазнаёміліся — і тут жа развіталіся. Час быў сыходзіць. Узялі таксоўку і паехалі ў гатэль. Так скончыўся для нас з Анікейчыкам дзень 20 красавіка 1986 года.

Толькі годам пазней выпадкова даведаліся, што прыкладна праз два месяцы пасля нашага візіту Вадзім Сідур памёр ад трэцяга інфаркту. Але пра гэта цэнтральныя газеты не пісалі... А неўзабаве, 3 лютага 1989-га, пайшоў з жыцця і Анатоль Аляксандравіч Анікейчык...

Свае ўспаміны пра тую даўнюю сустрэчу з Вадзімам Сідурам хачу скончыць мудрым афарызмам знакамітага мастака і літаратара Міхаіла Туроўскага: “У наш час ролю Моцарта па-ранейшаму выконваюць паасобныя індывідуумы. У ролі Сальеры — цэлыя арганізацыі”. І яшчэ дадам, што сапраўднае мастацтва заўсёды ўмоўнае, але толькі вось ахвяры яго — сапраўдныя, рэальныя...

Барыс КРЭПАК

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"