Адкрывальнікі “брамаў мінуўшчыны”

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

З тых соцень допісаў, якія за апошнія колькі месяцаў прыйшлі на нашу рэдакцыйную скрыню, мяне бадай найбольш уразіў артыкул краязнаўцы з Глуска Васіля Балейкі (гл. № 20 за гэты год). Гэты сапраўдны патрыёт сваёй малой радзімы звярнуў увагу на стары зламаны помнік, аснова якога ледзь-ледзь вытыркаецца з зямлі на мясцовых могілках. Расчытаў надпісы, рупліва папрацаваў з гістарычнымі крыніцамі… І ў выніку мы даведаліся ашаламляльную паводле свайго драматызму гісторыю, якую здатны выдумаць далёка не кожны сцэнарыст.

Ёсць месцы, дзе голас гісторыі не пачуць немагчыма: гэта адноўленыя замкі, цудам ацалелыя велічныя храмы, выбітныя па мастацкім узроўні мемарыялы... На жаль, такіх заўважных няўзброеным вокам “брамаў у мінуўшчыну” ў нас не тое каб надта шмат. І наў-
рад ці варта спадзявацца, што ў бліжэйшы час іх колькасць істотна паболее.

Але ёсць мясціны, дзе той голас яшчэ трэба пачуць — сярод тлуму сучаснага горада або вясковай цішы. І калі гэта ўдаецца, то нярэдка менавіта дзякуючы старанням краязнаўцаў. Тых малапрыкметных і мала каму вядомых у нас рупліўцаў, якія даткліва вывучаюць усё, што звязана з гісторыяй іх родных мясцінаў. Прычым робяць гэта часцяком у вольны ад асноўнай працы час.

Краязнаўцы сёння маюць сваю газету (хай сабе, і невялічкую — праз брак фінансавання), але дасюль не займелі нават грамадскай арганізацыі, здатнай задзіночыць (і нават проста банальна перазнаёміць паміж сабою) мноства энтузіястаў з розных куткоў краіны. Не кажучы ўжо пра метадычную і, тым больш, фінансавую падтрымку сваіх даследванняў.

На жаль, краязнаўства ў сённяшняй медыяпрасторы здаецца “пройгрышнай тэмай”. Маўляў, каму цікава, што там адбывалася ў той ці іншай вёсачцы — за выключэнем хіба яе жыхароў, лік якіх у большасці выпадкаў падае, паступова набліжаючыся да нуля. Але вось вам парадокс: менавіта гэтая “глухая” тэма спарадзіла бадай самы пазнавальны і доўгайгральны айчынны тэлепраект — “Падарожжы дылетанта”. Пра тое, што ён стаў сапраўды народным, я ўпэўніваўся неаднойчы — калі чуў кампліменты на адрас “дзядзькі ў капелюшы” ад тых людзей, якія да вузкага кола аматараў гісторыі ніяк не далучаныя. Скажам, ад кіраўніка цепласетак аднаго невялічкага раёна.

Але яшчэ больш я быў здзіўлены, калі пачуў пра таго дзядзьку па той бок беларуска-літоўскай мяжы, дзе мы здымалі фільм пра ўтапічную мікрадзяржаву XVIII стагоддзя Рэспубліка Паўлава. Беларускі тэлесігнал датуль дабівае, мову ўсе ведаюць, бо яна для іх родная, нягледзячы на афіцыйную статыстыку… І пакуль Жыгамонт быў у “скрыні” (сёння праект выходзіць выключна ў Сеціве), глядзелі яго не толькі ў нас.

Адсюль выснова: добрая падача (якая ў дадзеным выпадку трымаецца найперш на харызматычным вядоўцы) здатная прымусіць загучаць нават гэтую “пройгрышную тэму”. Мо таму згаданы ўжо начальнік ЖКГ падчас размовы прапанаваў: “Слухай, а ты ведаеш “таго ў капелюшы”? Спытай у яго, колькі ён возьме, каб распавесці пра маю родную вёску. Мы з хлопцамі скінемся”.

Аазісамі краязнаўства ў нас цягам апошніх дзесяцігоддзяў з’яўляюцца сельскія ўстановы культуры і школы. Руплівы настаўнік або бібліятэкар гуртуе вакол сябе энтузіястаў і ўласнаручна піша гісторыю свайго паселішча. Прычым слова “ўласнаручна” ўжытае тут у наўпроставым значэнні. Напрацоўкі, якія ўтрымліваюць унікальныя звесткі, нярэдка захоўваюцца ў рукапісным выглядзе. Сам не раз бачыў гэтыя старанна выведзеныя каліграфічным почыркам альбомы. Камп’ютар у нас, як вядома, ёсць не ў кожнай кніжніцы, ды і старэйшае пакаленне не заўсёды ўмее ім карыстацца.

У звязку з гэтым, мяне турбуе адно пытанне. Што здарылася з тымі альбомамі пасля таго, як аптымізацыя істотна зменшыла колькасць сельскіх установаў культуры? Ці парупіліся пра іх захаванне мясцовыя метадычныя цэнтры, музеі, ЦБС? Тыя ўстановы, дзе камп’ютары, натуральна, маюцца.

А калі яшчэ не, то, можа, яшчэ не позна гэта зрабіць? Пэўна, гэта адзін з найлепшых пачынаў, якім можна адзначыць Год малой радзімы.