Вядучай тэатральнага клуба выступіла дырэктар Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ карпарэйшн” і міжнароднага тэатральнага форума “ТЭАРТ” Анжаліка Крашэўская. Менавіта дзякуючы яе высілкам Беларусь далучылася да сусветнай практыкі і атрымала магчымасць глядзець лепшыя пастаноўкі тэатраў Старога і Новага Светаў на вялікім экране. Спецыяльныя госці таксама добра вядомыя ў айчынным тэатральным асяродку: на першай сустрэчы ў якасці экспертаў выступалі крытыкі Алена Мальчэўская і Дзяніс Марціновіч.
У першы вечар абмяркоўвалі спектакль Royal Shakespeare Company “Утаймаванне свавольнага”. Рэжысёр Джасцін Адынберт узяў класічную п’есу Шэкспіра і… памяняў месцамі мужчын і жанчын. Ключавыя жаночыя персанажы сталі мужчынамі, аднак сюжэт не змяніўся: у гэтым царстве матрыярхату братам нікуды не падзецца ад неабходнасці абавязкова “правільна” жаніцца. Аднак ці змог рэжысёр з дапамогай такога гендарнага фокуса дабіцца сваёй мэты і паказаць заганы нераўнапраўя палоў? Гутарка пачалася з пошуку адказу на гэтае пытанне. І хутка выйшла за межы тэатразнаўчых размоў.
Крытыкі і публіка падкрэслівалі значнасць самога праекта відэатрансляцый тэатральных пастановак. Сапраўды, далёка не ўсе прыхільнікі мастацтва могуць дазволіць сабе планаваць замежныя вандроўкі, кіруючыся тэатральнай афішай сусветнавядомых тэатраў. Ды і білеты ў той жа Metropolitan Opera у Нью-Ёрку ці “Глобус” у Лондане яўна не будуць каштаваць больш дзесяці долараў, як білет на відэаверсію спектакля ў беларускай кіназале. Як заўважыла спадарыня Крашэўская, TheatreHD — гэта магчымасць убачыць, як мысляць замежныя рэжысёры, і параўнаць іх памкненні і дасягненні з тым, што адбываецца ў нас. “Праект прапаноўвае лепшае з сусветнага досведу, тым самым дапамагае выхоўваць густ. А яшчэ становіцца сапраўдным выратаваннем для тых, хто расчараваўся ў беларускіх рэпертуарных тэатрах”, — дадаў Дзяніс Марціновіч.
Падчас размовы гледачы выказвалі свае заўвагі да складання афішы трансляцый. Напрыклад, слушна заўважалі нязручнасць паказаў пасярод працоўнага тыдню: спектаклі часта пачынаюцца пазней за 19 гадзін, з улікам антрактаў могуць заканчвацца апоўначы. Было б варта працяглыя па часе відэатрансляцыі ставіць на пятніцу-суботу. Хтосьці разважаў пра высокі парог уваходжання ў праект, бо не ўсім лёгка даецца чытанне субтытраў у спектаклях на мове арыгіналу. Іншыя прасілі на наступнай сустрэчы пакінуць больш часу на абмеркавання ўласна пастаноўкі, каб мець магчымасць супаставіць свае адчуванні пасля спектакля з прафесійным меркаваннем крытыкаў. Разам з заснавальнікамі праекта публіка імкнулася адшукаць адказ на пытанне, чаму нават знакамітыя прозвішчы сучасных рэжысёраў ці акцёраў не дапамагаюць сабраць поўную кіназалу.
Пасля завяршэння мерапрыемства Алена Мальчэўская адзначыла: “У Мінску для мяне вельмі адчувальны запыт на “пагаварыць пра тэатр”. Гэтыя памкненні ўзнікаюць і ў гледачоў, і ў прафесійнай суполкі. І я неверагодна радуюся, калі з’яўляецца новая кропка для гэтай камунікацыі”.
Ужо вядома, што наступная сустрэча ў тэатральным клубе адбудзецца ў жніўні.